Вайна

«Страты неаднаўляльныя». Вайна ва Украіне паставіла расійскую армію на мяжу банкруцтва

Расія працягвае масавыя ракетныя абстрэлы ўкраінскіх тэрыторый. Па ацэнцы экспертаў, яе ваенны патэнцыял няўхільна скарачаецца. Але як доўга яна яшчэ можа знішчаць мірныя гарады і весці баявыя дзеянні? Меркаванні заходніх вайсковых экспертаў сабрала выданне The Moscow Times.

Фота Генеральнага штаба УСУ

Заканчваецца ўсё?

Заходнія вайскоўцы і эксперты з лета адзначалі, што расійскія войскі сталі выкарыстоўваць кіраваныя ракеты не па прызначэнні — у прыватнасці, супрацькарабельныя і супрацьпаветраныя для ўдараў па наземных цэлях. На думку экспертаў, гэта сведчыла пра вычарпанне запасаў высокадакладных ракет.

Аднак паўтара месяца таму Расія пачала кампанію масіраваных абстрэлаў грамадзянскіх аб'ектаў і ў тым ліку энергетычнай інфраструктуры. 10-11 кастрычніка па Украіне было выпушчана больш за 100 ракет, 15 лістапада — яшчэ амаль 100, абстрэлы, хай і менш маштабныя, вяліся і ў іншыя дні. Яшчэ адзін масавы абстрэл з выкарыстаннем 67 ракет адбыўся 23 лістапада. І гэта не кажучы пра сотні іранскіх дронаў-камікадзэ, якія Расія пачала выкарыстоўваць з сярэдзіны верасня.

Тым не менш Эліёт Коэн, дырэктар па стратэгіі вашынгтонскага Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў, упэўнены: «У іх заканчваецца ўсё». Колькасць узбраенняў на складах — гэта адно, а на лініі фронту — іншае: значная частка расійскага арсенала аказалася непрыдатная для выкарыстання з-за карупцыі, безгаспадарчасці, дрэннага абслугоўвання, сказаў ён The Wall Street Journal.

Некаторыя запасы ўзбраенняў, падобна, сапраўды вычэрпваюцца. За ўвесь кастрычнік расійскія войскі выпусцілі толькі 15 ракет «Калібр», сказаў на мінулым тыдні прадстаўнік паветраных сіл Украіны Юрый Ігнат. Тады як у першыя месяцы вайны выкарыстоўвалася больш за два дзясяткі такіх ракет штодня.

Запасы некаторых мадэляў «Калібра» (бываюць ракеты супраць караблёў і наземных цэляў) «вельмі нізкія», лічаць эксперты лонданскага Каралеўскага аб'яднанага інстытута абаронных даследаванняў (RUSI) Джасцін Бронк і Джэк Уотлінг, якія прадметна аналізуюць магчымасці расійскіх паветрана-касмічных і ракетных сіл.

Расія сапраўды ў апошнія месяцы часта выкарыстоўвае боепрыпасы не для тых цэляў, для якіх яны прызначаныя, напрыклад, супрацькарабельныя ракеты — для ўдараў па наземных аб'ектах, адзначылі Уотлінг і Бронк у падкасце «Адфільтраваная геапалітыка» вашынгтонскага аналітычнага цэнтра Silverado. «Гэта моцна парушае нашы разлікі адносна таго, як доўга Расія можа працягваць абстрэлы».

З іх слоў, супрацькарабельныя ракеты прызначаныя для паражэння буйнога кавалка металу, і таму ўдары па грамадзянскіх аб'ектах атрымліваюцца непрыцэльнымі, бессістэмнымі, але праз гэта моцна пакутуе мірнае насельніцтва.

Такое прымяненне ракет неэфектыўнае з ваеннага пункту гледжання, аднак «Калібры», уключаючы супрацькарабельную мадэль, вельмі эфектыўныя супраць энергетычнай інфраструктуры, якую зараз спрабуе знішчыць Расія. Яна разбураная прыкладна на 50%, паведаміў 19 лістапада прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. Двума днямі раней без святла засталіся 10 мільёнаў украінцаў. Праз яшчэ чатыры дні адключэнні электрычнасці адбываліся ва ўсіх рэгіёнах краіны, ад энергасістэмы былі адключаныя ўсе АЭС.

Што тычыцца ракет «Іскандэр», то, «па найбольш дакладнай ацэнцы, на пачатак вайны ў Расіі быў запас з 900 ракет, і яна выкарыстала каля паловы», кажуць эксперты RUSI. «Іскандэры» прызначаныя для паразы сістэм СПА, камандных пунктаў, аэрадромаў, аб'ектаў інфраструктуры, ракетных і артылерыйскіх комплексаў, скапленняў войскаў і тэхнікі і іншага, гэта значыць, неабходныя на полі бою. Але далёка не ўсе астатнія ракеты могуць быць ужытыя ва Украіне, бо частка знаходзіцца на баявым дзяжурстве ў іншых рэгіёнах (у прыватнасці, у Калінінградскай вобласці) і з іншымі мэтамі, напрыклад для стрымлівання сіл НАТА. Акрамя таго, некаторыя здольныя несці ядзерны боезарад.

Такім чынам, калі за дзевяць месяцаў вайны Расія вытраціла каля 450 «Іскандэраў» (у сярэднім па 50 у месяц), можна меркаваць, што рэшты пры такой жа частаце выкарыстання ёй хопіць на некалькі месяцаў. Кампенсаваць расход боекамплекта за кошт вытворчасці новых ракет хутка не атрымаецца: па словах экспертаў RUSI, Расія магла вырабляць шэсць ракет «Іскандэр» у месяц.

Іншая сітуацыя складваецца з зенітнымі ракетамі С-300. Па ацэнцы ўкраінскіх вайскоўцаў, Расія выкарыстала 10% запасу, распавялі Уотлінг і Бронк, якія былі з імі ў кантакце. Хоць гэтыя ракеты прызначаныя для паразы паветраных цэляў, яны часта выкарыстоўваюцца для ўдараў па наземных аб'ектах — фактычна як звычайная артылерыя.

Па звестках украінскай і заходніх разведак, Іран пагадзіўся паставіць Расіі два тыпы ракет далёкасцю да 290 і 690 км. Ды і іранскія дроны спатрэбіліся расійскай арміі, каб кампенсаваць «востры недахоп крылатых ракет», паведаміла 23 лістапада Міністэрства абароны Вялікабрытаніі.

Да таго моманту Расія ўжо пяць дзён не запускала іранскія беспілотнікі, бо «магла вычарпаць наяўныя запасы іранскіх дронаў Shahed-136 і найбліжэйшым часам будзе шукаць папаўнення». «Расія можа закупляць за мяжой беспілотнікі хутчэй, чым вырабляць новыя крылатыя ракеты самастойна», — заявіла брытанскае Мінабароны.

Неаднаўляльныя страты

Праз санкцыі Расія пазбавілася доступу да тэхналогій і камплектуючых, якія выкарыстоўваюцца ў ракетах і іншых тыпах узбраенняў. «Залежнасць ад заходніх кампанентаў не спыніць расійскую вайсковую машыну, але значна знізіць тэмпы абнаўлення баявых магутнасцяў», — пісаў у кастрычніку навуковы супрацоўнік RUSI Сідхарт Каўшал.

Супрацоўнікі Інстытута прааналізавалі 27 расійскіх баявых комплексаў, атрыманых з палёў бітваў ва Украіне, і выявілі не менш за 450 унікальных кампанентаў мікраэлектронікі, выпушчаных кампаніямі з ЗША, краін Еўропы і Усходняй Азіі.

Расійскія чыноўнікі цяпер аб'язджаюць абаронныя заводы, імкнучыся развязаць шматлікія вытворчыя праблемы, звяртае ўвагу вайсковы эксперт Павел Лузін, старшы навуковы супрацоўнік Jamestown Foundation:

«Галоўная задача — падтрымаць прадукцыйнасць; любыя надзеі на яе павышэнне выглядаюць практычна нязбытнымі».

І справа ў адсутнасці не толькі кампанентаў і абсталявання, але і кваліфікаваных работнікаў. Дэфіцыт кадраў на прадпрыемствах ВПК у найбліжэйшы час будзе складаць каля 400 000 чалавек, 120 000 з іх — з вышэйшай адукацыяй, казаў у канцы чэрвеня намеснік старшыні ўрада Юрый Барысаў. Пасля абвешчанай у верасні мабілізацыі, якая суправаджалася масавымі ўцёкамі мужчын за мяжу, гэты дэфіцыт стаў яшчэ больш сур'ёзным.

Адзіны спосаб падтрымліваць прадукцыйнасць — спрашчаць вытворчасць і аддаваць прыярытэт састарэлым відам узбраення, мяркуе Лузін. Так, Расія збіраецца ў найбліжэйшыя тры гады мадыфікаваць 800 танкаў Т-62, якія ўпершыню былі прадстаўленыя ў 1961 годзе, — «у год, калі пачалося будаўніцтва Берлінскай сцяны».

Па падліках экспертаў праекта Oryx, на 23 лістапада Расія страціла ў агульным ліку 8047 адзінак вайсковай тэхнікі, у тым ліку 1503 танкі, 1754 баявыя машыны пяхоты, 718 бронемашын, 270 бронетранспарцёраў і інш. Рэальныя лічбы павінны быць большыя, бо Oryx улічвае толькі дакументальна пацверджаныя страты. Пры гэтым 521 танк украінцы захапілі непашкоджаным. Сярод стратаў — 31 танк самай сучаснай мадэлі, Т-90, у тым ліку 13 захопленых.

Пацверджаныя страты ўкраінскай арміі (якая першапачаткова была забяспечаная значна горш) — меншыя: 2293 адзінкі тэхнікі, у тым ліку 370 танкаў. 

Спрошчаны падыход гіпатэтычна магчымы толькі ў выпадку з танкамі і бронемашынамі, але не баявымі самалётамі, верталётамі, ракетамі, артылерыйскімі і іншымі сістэмамі, адзначае Лузін. Напрыклад, Расія можа выпускаць толькі 15 верталётаў Ка-52 у год; гэта значыць, папаўняць страты (27 верталётаў гэтай мадэлі, па звестках Oryx) ёй давядзецца амаль два гады. І пры гэтым Расія па-ранейшаму залежыць ад пастаўкі ўкраінскіх верталётных рухавікоў, дадае Лузін.

І робіць выснову: страты расійскай арміі падчас уварвання ва Украіну неаднаўляльныя.

Прамая і відавочная пагроза

У больш глабальным кантэксце неабходнасць замены знішчанай тэхнікі і ўдзел у новай гонцы ўзбраенняў з Захадам немінуча прывядзе да банкруцтва расійскай эканомікі, лічыць Цімаці Эш, старшы стратэг па рынках, якія развіваюцца, RBC BlueBay Asset Management і навуковы супрацоўнік расійскай і еўразійскай праграм Chatham House.

«Як Расія можа выйграць у гэтай гонцы, калі сукупны ВУП Захаду роўны $40 трлн, а вайсковыя выдаткі <…> перавышаюць $1 трлн? Сукупны ВУП Расіі — усяго $1,8 трлн», — піша ён у калонцы для Цэнтра еўрапейскага палітычнага аналізу. — Уладзіміру Пуціну давядзецца перанакіроўваць выдаткі са спажывання на абарону, рызыкуючы справакаваць у сярэднетэрміновай перспектыве грамадскія і палітычныя хваляванні, а таксама прамую і відавочную (у хуткім часе) пагрозу яго рэжыму».

ЗША і іншыя заходнія краіны павінны працягваць ваенную падтрымку Украіны, упэўнены Эш. Паводле ацэнкі Пентагона, Расія страціла забітымі і параненымі больш за 100 000 вайскоўцаў. Гэта больш за палову падрыхтаванай для ўварвання групоўкі, звяртае ўвагу Эш. А яшчэ Расія страціла больш за 8000 адзінак тэхнікі.

Пры гэтым на падтрымку Украіны ЗША выдаткавалі толькі 5,6% свайго абароннага бюджэту.

«Выдаткаваць ўсяго 5,6%, каб знішчыць практычна палову вайсковага патэнцыялу звычайных узброеных сіл Расіі, галоўнага суперніка ЗША, які ішоў адразу за Кітаем, — абсалютна неверагодная інвестыцыя», — лічыць Эш.

Каментары

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?9

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?

Усе навіны →
Усе навіны

Мінчанка перавяла гадалцы-таролагу ў тыктоку больш за 70 тысяч рублёў за зняцце сурокаў і іншыя абрады

Сёння католікі, пратэстанты і частка праваслаўных святкуюць Раство4

Колькі ў Беларусі каштуюць табі — модны абутак, які шмат у каго асацыюецца з капытамі4

Сотні хрысціян выйшлі на акцыю пратэсту ў цэнтры Дамаска5

Зяленскі рэзка раскрытыкаваў паездку прэм’ера Славакіі да Пуціна6

Халезін: Рашэнне Бабарыкі пайсці ў прэзідэнты — гэта пошук сэнсу жыцця пасля смерці жонкі56

Экс-прэзідэнта ЗША Біла Клінтана шпіталізавалі ў Вашынгтоне

Прэзідэнцкая кампанія — 2025 стане самай сумнай. Згадваем, хто былі кандыдатамі ў мінулыя гады1

Беларусь адкрывае пасольства ў Ватыкане3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?9

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?

Галоўнае
Усе навіны →