Здарэнне на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах стала галоўнай падзеяй апошніх дзён. Адзіны афіцыйны каментар дыверсіі быў з вуснаў МЗС. «Чарговы фэйк», — заявіў намеснік кіраўніка ведамства Юрый Амбразевіч. Чаму рэжым Лукашэнкі маўчыць? Якія наступствы можа пацягнуць за сабой гэты інцыдэнт? «Наша Ніва» абмеркавала гэта з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам і палітолагам Валерыем Карбалевічам.
«Галоўны мэсэдж Лукашэнку: ён кантралюе сітуацыю ў Беларусі куды горш, чым жадае»
Аляксандр Фрыдман лічыць, што сам факт таго, што паведамленне пра інцыдэнт у Мачулішчах уключылі ў свае справаздачы і Міністэрства абароны Вялікабрытаніі, і амерыканскі Інстытут вывучэння вайны, што пра гэта піша заходняя прэса, сведчыць пра тое, што нешта ўсё-такі адбылося.
А ў маўчанні беларускіх улад ёсць свая логіка. «Калі ўсе версіі для цябе дрэнныя, дык лепш маўчаць. Такое працяглае маўчанне паказвае, што нешта непрыемнае адбылося», — заўважае аглядальнік.
«Калі ацэньваць інцыдэнт як частку прапагандысцкай вайны, то гэты акт за беларускімі дэмакратычнымі сіламі. У іх атрымалася прапанаваць сваю версію, якая на гэты момант застаецца адзінай, бо ўкраінскі бок на сябе адказнасць не бярэ і відавочна не возьме, — дадае ён. — Дэмакратычныя сілы падвысілі сваю вагу, яны паказалі, што здольныя прапанаваць Украіне не толькі маральную падтрымку, але і канкрэтныя дзеянні».
Чым рэжым Лукашэнкі можа адказаць?
«Калі мы ўявім, што дыверсію здзейснілі ўкраінцы, то гэта можна разглядаць як пэўны мэсэдж Лукашэнку: ты нам пагражаеш, а мы зрабілі гэта на тваёй тэрыторыі, ты нам збіраўся «жэстачайшэ адказаць», а адказваць няма чым — вайны ён не жадае. Ягоныя пагрозы — толькі вербальная эквілібрыстыка. Хіба пойдзе войскам ва Украіну? Дык гэта самагубства. Адкажу ўкраінцам тым, што сам сябе заб’ю? Дурасць. Прызнаць, што ён на 100 працэнтаў не кантралюе сітуацыю ў Беларусі?
Калі ўявіць, што за здарэннем стаяць беларускія партызаны, то сітуацыя для Лукашэнкі яшчэ горшая: трэба прызнаць, што ў краіне дзейнічаюць людзі, якія здольныя атакаваць вайсковы аэрадром. Ізноў-такі гэта прызнанне, што ты сітуацыю не кантралюеш, а твае ўласныя спецслужбы не працуюць.
Пакуль нармальнага працоўнага выхаду няма, то ён вымушаны маўчаць».
Гэты кейс пагражае больш актыўным уцягваннем Беларусі ў вайну, лічыць Фрыдман.
Дыверсія ў Мачулішчах можа змяніць і адносіны да Ціханоўскай і яе атачэння. Але галоўны мэсэдж, які Лукашэнка атрымаў: ён кантралюе сітуацыю ў Беларусі куды горш, чым жадае.
«Ёсць версія, што перад візітам у Кітай Лукашэнку паказалі рэальную сітуацыю ў Беларусі, ці можа, гэта акцыя пераследавала мэту сарваць яго паездку ў Кітай. Не бяруся гадаць. Для Лукашэнкі гэта надзвычай важная паездка, не ведаю, што павінна было б адбыцца ў Беларусі, каб ён не паехаў.
Дарэчы, заходняя прэса звязвае і паездку ў Кітай, і здарэнне ў Мачулішчах. Але тут ідуць абсалютна розныя ацэнкі кітайскага візіту, часта — памылковыя, з майго пункту гледжання: калі Лукашэнку паказваюць толькі ў ролі васала, які накіроўваецца ў Кітай, каб правесці перамовы ад імя Пуціна, то гэта выглядае досыць смешна. Калі б Расія жадала правесці перамовы з Кітаем, то Лукашэнка, напэўна, апошні чалавек, якога накіравалі б на перамовы. Гэта для яго асабісты праект і яму вельмі важна заручыцца кітайскай падтрымкай. Таму і вырашылі спачатку правесці візіт у Кітай, а там ужо нейкім чынам рэагаваць на Мачулішчы», — лічыць Аляксандр Фрыдман.
«Гэты інцыдэнт не вырашае лёс вайны, але гэта моцны сімвалічны крок», — дадае аглядальнік.
«Рэжым можа адказаць узмацненнем палітычных рэпрэсій»
Валерый Карбалевіч адзначае: інцыдэнт у Мачулішчах разбурае ўвесь ідэалагічны канцэпт астраўка стабільнасці і спакою.
«Уладам цяжка прызнаць, што вайна прыйшла ў беларускі дом. Проста ў сэрцы краіны, за 20 кіламетраў ад сталіцы здзейснены напад на вайсковы аэрадром. На фоне пастаяннай мілітарысцкай ліхаманкі: цэлы год вяліся мабілізацыйныя мерапрыемствы. Цэлы год на тэрыторыі краіны праводзілі разнастайныя вайсковыя вучэнні. І што ў сухім выніку? Вораг пранік у самае сэрца краіны.
А дзе знакамітая супрацьпаветраная абарона, якая, дарэчы, сумесная, беларуска-расійская? Сур’ёзныя пытанні могуць узнікнуць у расійскага боку, якому абяцаныя надзейныя тылы».
Рэжым Лукашэнкі можа адказаць на падзеі ў Мачулішчах узмацненнем палітычных рэпрэсій, лічыць палітолаг.
«Гэта ўжо адбываецца. Затрымліваюць людзей у населеных пунктах непадалёк ад Мачулішчаў, сілавікі пачалі паляваць на каментатараў у сацсетках. Інцыдэнт, натуральна, прывядзе да ўзмацнення мілітарысцкай ліхаманкі».
«Дасюль вайна не закранала краіну непасрэдна, — мяркуе Карбалевіч. — Канечне, былі інцыдэнты на беларуска-ўкраінскай мяжы, асколкі ракеты падалі на беларускай тэрыторыі, штосьці здарылася на аэрадроме ў Зябраўцы, але ўсё можна было спісаць на выпадковасць. А тут напад на вайсковы аэрадром — гэта сведчанне таго, што вайна прыйшла ў Беларусь. А калі напады працягнуцца? Вельмі сур’ёзны паварот як мінімум для беларускай улады».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Жэстачайшай дысцыпліны!» Лукашэнка адчытаў кіраўніцтва сілавога блоку. Хрэнін сядзеў як мыла з'еўшы
Расійскі самалёт А-50 у Мачулішчах можа быць сур'ёзна пашкоджаны — пра гэта сведчыць адна дэталь
У Крамлі адмовіліся каментаваць атаку на расійскі самалёт у Беларусі
«Самым складаным была эвакуацыя». Азараў пра падрабязнасці падрыву расійскага самалёта ў Мачулішчах
Красамоўна. Што лукашэнкаўскія каналы напісалі пра выбухі ў Мачулішчах
-
ГУБАЗіК перастаў выкладаць відэа з затрыманымі. З дня, калі да гэтага заклікаў канал, блізкі да Маркава
-
Калі Украіна захавае суверэнітэт узамен за нейтральнасць, што гэта будзе значыць для Беларусі?
-
Ці здасць Трамп Украіну Расіі? Чаму дэмакраты разгромленыя? Да чаго прывядзе кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова?
Каментары