Фота тут і далей: av.by

Фота тут і далей: av.by

Аўтамабіль з незабыўнымі эмоцыямі

Каля 160 аўто з больш чым 57 тысяч, выстаўленых на продаж у Беларусі, маюць адкідны верх. Самы танны з кабрыялетаў прадаецца ў Крупках. 

За Ford Escort 1989 года выпуску просяць 2000 даляраў. 

Гаспадар апісвае, што гэта выдатны аўтамабіль з незабыўнымі эмоцыямі. Зыходзячы з апісання, апошні раз Ford фарбавалі ў мінулым годзе. 

Ferrari па цане 147,5 Ford Escort

Самы дарагі кабрыялет, з выстаўленых на продаж у Беларусі, каштуе амаль у 150 разоў даражэй, чым самы даступны па цане. 

Чырвоны Ferrari Portofino I прадаецца ў Мінску. Просяць за аўтамабіль 2019 года выпуску $295 000, у цане аўтамабіля — 20% ПДВ. 

Пад капотам у італьянскага спорткара бензінавы рухавік аб'ёмам 3,9 літра і магутнасцю 600 конскіх сіл. Разгон да «сотні» ў Portofino складае 3,5 секунды, адзнаку 200 км/г спорткар дасягае за 10,8 секунды. Заяўлены прабег — усяго 26 451 км.

У апісанні да Ferrari пазначана, што аўтамабіль увесь час знаходзіўся ў аднаго ўласніка, які набываў яго новым у афіцыйнага дылера, дзе пасля праходзіў сэрвіснае абслугоўванне.

Беларускі «народны» кабрыялет

Цікава, што каля паловы з выстаўленых на продаж кабрыялетаў маладзейшыя за пяць гадоў. Большасць з іх нядаўна прывезена ў Беларусь са Штатаў і радзей з Еўропы для перапродажу.

Самы папулярны са «свежых» кабрыялетаў — Ford Mystang. Аўтамабілі ад 2018 года прадаюць па цэнах ад 28 да 68 тысяч даляраў.

Самы дарагі «конь» у кузаве кабрыялет з'яўляецца адзіным з рухавіком аб'ёмам 5 літраў. Усе астатнія варыянты аснашчаны маторам аб'ёмам 2,3 літра.

Lamborghini Mustang

Сярод двух дзясяткаў Mustang ёсць варыянт з дзверцамі, якія адчыняюцца так, як у Lamborghini. 

Просяць за такі аўтамабіль 39 900 даляраў. Год выпуску — 2019, заяўлены прабег — 85 000 км.

«Унікальны аўтамабіль! Максімальна моцна прыцягвае ўвагу. Не патрабуе ўкладанняў», — апісвае аўтамабіль прадавец, які просіць аўтасалоны не турбаваць яго.

«У блізкім да ідэальнага стане»

Самы ўзроставы кабрыялет у продажы — Cadillac Eldorado 1971 года выпуску.

У апісанні пазначана, што аўтамабіль знаходзіцца ў стане, блізкім да ідэальнага. Рэстаўрацыйныя работы былі праведзены летась. 

Таксама прадавец адзначае, што гэты Cadillac не культурна-гістарычная каштоўнасць, цалкам размытнены на ЕАЭС і не мае ніякіх абмежаванняў. Мяркуючы па фота ў аб'яве, выглядае, што рэтракабрыялет выкарыстоўваецца ў вясельным бізнэсе.

«Легендарная мадэль Cadillac з культавага фільма «Страх і нянавісць у Лас-Вегасе», — гаворыцца ў апісанні. Прадавец таксама прапануе паглядзець відэа з урыўкам таго самага фільма.

Кабрыялет ад збанкрутаванага вытворцы

На гэтым спіс эксклюзіўных для нашых дарог кабрыялетаў не завяршаецца. Так, напрыклад, за 16 200 даляраў у Мінску прадаецца Pontiac Solstice 2006 года выпуску.

Ярка-жоўты кабрыялет мае пад капотам бензінавы рухавік аб'ёмам 2 літры, магутнасць — 264 к.с., працуе ў пары з механічнай каробкай перадач. 

«Аўтамабіль з ЗША. Два ўласнікі ў Беларусі. У апошняга ў карыстанні адзін год. Абслугоўваўся на спецыялізаваным СТА. Апошняе ТА 1000 км таму. Аўтамабіль не патрабуе ўкладанняў і цалкам гатовы да далейшай эксплуатацыі», — гаворыцца ў апісанні.

Эксклюзіўнасці гэтаму аўто дадае і той факт, што брэнд Pontiac, які бярэ пачатак з 1926 года, спыніў сваё існаванне яшчэ ў 2010 годзе. 

Bentley для бедных

За 13 700 прадаецца яшчэ адзін амерыканскі кабрыялет 2006 года выпуску. Chrysler Crossfire знаходзіцца ў продажы са жніўня 2021 года. 

Пад капотам у яго бензінавы рухавік аб'ёмам 3,2 літра, які працуе ў пары з аўтаматычнай каробкай перадач. Заяўлены прабег — 60 тысяч кіламетраў.

Праз вонкавае падабенства з аўтамабілямі маркі Bentley Chrysler Crossfire часам называюць Bentley для бедных. Для большага падабенства з аўтамабілямі прэміяльнага брэнда ў продажы нават можна знайсці радыятарныя рашоткі, стылізаваныя пад Bentley.

Golf з «блатным» нумарам

Сярод варыянтаў па больш дэмакратычных цэнах прадаецца VW Golf 1999 года выпуску. За 24-гадовы «народны» аўтамабіль просяць 4000 даляраў, што ў прынцыпе супастаўляльна з цэнамі на звычайныя аўтамабілі «Гольф» чацвёртага пакалення.

Пад капотам у Golf бензінавы рухавік 1,6 і МКПП, заяўлены прабег — 250 тысяч кіламетраў.

Аўтамабіль мае «блатны» нумар, але ці дастанецца ён новаму ўласніку, калі той будзе мець сталічную прапіску, — невядома.

У апісанні да аўто пазнача толькі адна фраза: «Пачні лета ярка».

Агулам для аматараў язды без даху над галавою ў бюджэце да 5000 тысяч даляраў выбіраць асабліва няма з чаго. 

За такія грошы можна разлічваць толькі на куплю Peugeot 206, Renault Megane або Chrysler Sebring. Усё гэта будуць аўтамабілі, якія сышлі з канвеера на рубяжы канца 90-х — пачатку «нулявых».

Чытайце таксама:

Па цане дзвюх кватэр у Мінску. Якія кемперы прадаюць у Беларусі

Жыхары якой вобласці маюць больш аўтамабіляў ва ўласнасці

У Беларусі расце колькасць аўто ў продажы. Чаму так адбываецца? Тлумачаць гульцы рынку

Клас
3
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
1