Грамадства2323

«Мяне знайшлі на дарозе без курткі, з рассунутымі нагамі». Беларуска, якая пакутавала ад нарказалежнасці, расказала, як яе пераадолела

Мілана (імя змененае) ужывала наркотыкі 11 гадоў. «Была нейкая дзірка ў сярэдзіне душы, якую вельмі хацелася запоўніць». Тады дзяўчына не бачыла ніякіх перадумоў, якія б маглі зрабіць з яе нарказалежную. Цяпер Мілане 25, дзяўчына не ўжывае больш чым два гады. Яна расказала «Нашай Ніве», як наркотыкі ператварылі яе жыццё ў пекла і што ёй дапамагло перамагчы залежнасць.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«У школе глядзела на астатніх дзяўчат і думала, што я недастаткова класная»

Пачынала дзяўчына з алкоголю, пасля паспрабавала таблеткі — простае абязбольвальнае, якое пры пэўных умовах ужывання мае наркатычны эфект. 

«Для мяне гэта было вельмі цікава — новыя ўражанні. На наступны дзень увогуле не памятала, што адбывалася.

Мне было нецікава камунікаваць з аднагодкамі, заўсёды кантактавала з тымі, хто старэйшы. З гэтымі сябрамі я пачала ўжываць. Праблем, каб гэта ўсё купіць, ніколі не было, таму што мама, бабуля, айчым заўсёды мне давалі грошы, не шкадавалі, яны мяне вельмі любілі і давяралі, я была адзіным дзіцём у сям’і», — кажа яна. 

У 12 гадоў Мілана паспрабавала спайс. 

«Мне катэгарычна не спадабалася, — успамінае яна. — Спалохалася тады. Падумала, што ніколі спайс не буду ўжываць, толькі таблеткі ды алкаголь. Была нейкая панічная атака, памятаю, стаю ў пад'ездзе, у якім мы пакурылі, і не магу выйсці, не ведаю, як гэта зрабіць».

Але праз паўтара года дзяўчына падсела на спайс. Яе падкупіла адчуванне знаходжання ў іншым свеце, дзе яна сабе спадабалася. 

Мілану гадавалі матуля і бабуля. 

«Мама мяне заўсёды вельмі любіла, да 11 гадоў я нават спала з ёй разам. Пры гэтым я заўсёды адчувала сябе самотным дзіцем.

У школе глядзела на астатніх дзяўчат і думала, што я недастаткова класная. Я лічыла сябе непрыгожай і ўбогай. Была нейкая дзірка ў сярэдзіне душы, якую вельмі хацелася запоўніць. І вось калі я ўжывала алкаголь, я станавілася больш упэўненай у сабе, разняволенай. Адразу ўсім расказвала, што вось, пакаштавала алкаголь, гэта ж так крута.

Мне падабалася выходзіць са школы на перапынках, браць у старшакласнікаў цыгарэты і паліць. Хацелася быць нейкім аўтарытэтам, каб мяне паважалі і любілі — гэта самае галоўнае», — расказвае яна.

«Мама і бабуля настолькі мне давяралі, што ў іх не было думкі аб тым, што магчымае нешта падобнае»

З першага па чацвёрты клас Мілана вучылася ў звычайнай школе, пасля — у гімназіі. У пачатковай школе яна сутыкнулася з булінгам з боку адной з настаўніц.

«Яна моцна паўплывала на маю самаацэнку. Настаўніца з-за чагосьці не любіла маёй мамы, праз мяне яна ёй помсціла. Добра памятаю момант, як аднойчы на ўроку ў мяне пайшла кроў носам (займалася сінхронным плаваннем, часта былі з-за гэтага праблемы з ціскам), гэтая настаўніца мне стала ў твар ліць ваду.

Я адчувала сябе вельмі вінаватай, што ў мяне пайшла кроў носам. Потым быў выпадак, калі гэтая настаўніца забрала ў мяне маю любімую цацку. Сказала, што аддасць у канцы года. Калі мы прыйшлі з мамай здаваць кнігі, аказалася, што яна яе аддала камусьці іншаму. Яна мяне на ўроках не выклікала, калі я цягнула руку, проста ігнаравала. Пра гэта ўсё я маме не казала, яна толькі здагадвалася. Але ведаеце, заўсёды было такое, што настаўніца — гэта аўтарытэт. Калі так кажа, то значыць, так і павінна быць», — расказвае яна. 

Ці заўважалі бацькі, якія праблемы былі ў Міланы?

«Мама і бабуля настолькі мне давяралі, што ў іх не было думкі аб тым, што магчымае нешта падобнае. Я проста прыходзіла дадому і клалася спаць. Калі не прыходзіла, то казала, што застаюся ў сяброўкі, якая была старэйшай, яны яе ведалі. А насамрэч, я з ёй ужо не кантактавала, бо тая з’ехала. Тусавалася з хлопцамі ў цэнтры горада», — кажа Мілана.

«Адбывалася нешта нерэальнае, і мне падабалася гэтае адчуванне»

У дзявятым класе пачаліся экзамены. Іх дзяўчына здала на самыя высокія адзнакі. 

«На выпускны прынесла ў школу спайс, дала паспрабаваць дзяўчынцы, — успамінае яна. — Кампанія, у якой я ўжывала, тады развалілася.

Мы сталі ўжываць удзвюх з сяброўкай. Але звычайны спайс нас ужо не браў. А тады ж быў час, калі трава бралася ў асноўным проста з рук». 

«Я брала наркотыкі ў школу, ужывала на перапынках. Пасля захацелася яшчэ нешта мацнейшае паспрабаваць. Прапанавалі кіслату. Пасля яе я не тое што забывалася пра сваю ўнутраную дзірку, гэты наркотык цалкам мяняў для мяне свет вакол.

Мы з сяброўкай маглі маўчаць, але кожная разумела, хто і пра што думае. Бачылі адны і тыя ж галюцынацыі. Адбывалася нешта нерэальнае, і мне падабалася гэтае адчуванне. Хлопцы, з якімі я тады гуляла, былі старэйшыя за мяне, яны толькі пачыналі знаёміцца з кіслатой, так дзівіліся, казалі якая я крутая, што ўжо ў сваім узросце сяджу на ёй», — кажа яна. 

«Пражыла цэлае жыццё, адносіны з хлопцам, якога, насамрэч, не існавала, ён жыў у маёй галаве»

Мілане максімальна не падабалася яе цвярозае жыццё, бо ў ім яна сутыкалася з адчуваннем вялікай самотнасці, наркотыкі пазбаўлялі яе ад адзіноты. 

Дзяўчына згадвае, як аднойчы накурылася з сяброўкай на даху дома. 

«Спусціліся ў пад'езд, здарыўся поўны п****ец, рэальнасці ўвогуле не было. Гляджу на сяброўку, а яна б'ецца галавой аб сценку, а ў мяне ў галаве як быццам гэты грукат.

З’явілася міліцыя, нас перадалі бацькам. Заплацілі тады міліцыянерам, і яны не сталі нічога на нас заводзіць. Наступным днём пасля гэтага мы сустрэліся з сяброўкай і вырашылі выкурыць усё, што ў нас было, цэлы пакет, на вуліцы. Памятаю толькі тое, што гэта ўжо былі не проста галюцынацыі, а адчуванне, што я пражыла цэлае жыццё, адносіны з хлопцам, якога, насамрэч, не існавала, ён жыў у маёй галаве, у маім выдуманым свеце». 

Апрытомнела пасля гэтага Мілана ў рэанімацыі. 

«Доктар расказваў, як нас знайшлі: сяброўка была на адным баку дарогі, а я на другім. Я сядзела без курткі, з рассунутымі нагамі, з апушчанай галавой. Да нас падыходзілі людзі, піхалі, але мы ніяк не рэагавалі.

Мне прызначылі псіхіятра, які павінен быў дапамагчы мне з залежнасцю. Гэта ніяк не дапамагло. Бо была сяброўка, з якой мы разам тырчалі. Яе, праўда, радзей выпускалі з дому. А са мной нічога не маглі зрабіць, мяне было немагчыма замкнуць дома. Ужо ў той момант я ў бабулі стала красці рэчы: залатыя пярсцёнкі, грошы», — дзеліцца яна. 

Тады ў дзяўчыны пачаліся першыя сур’ёзныя сваркі з маці. Даходзіла да боек. 

«І гэта было вельмі страшна. Але мяне немагчыма было спыніць. Я была як ураган, які знішчае ўсё, што ёсць. Мая мама не разумела, што рабіць, яна была бяссільная», — тлумачыць яна. 

«Псіхіятр сказаў, што ўжо нічога не зробім, я памру»

Пасля рэанімацыі Мілане прыйшлося перайсці вучыцца ў іншую школу, якая была побач з яе домам. Але літаральна праз два тыдні яе прымусова перавялі на хатняе навучанне. 

«Бо сядзела на ўроках абдзяўбаная, настаўнікі гэта бачылі. Класная кіраўніца тады шмат сілаў прыклала, каб мяне не адлічвалі, а адправілі на хатняе навучанне. І гэта ўжо пры тым, калі ў мяне было шмат прывадаў у міліцыю, калі я стаяла на ўліку», — кажа яна. 

Мілана памятае тры разы, калі яна трапляла ў рэанімацыю. Яе маці пасля расказвала ёй, што такіх выпадкаў было каля сямі. 

«Тады ўжо пачаліся сапраўдныя наркатычныя комы: мінімальна можаш рухаць пальцамі, але не валодаеш сваім целам абсалютна. Ужо тады мне было без розніцы, што ўжываць, на наркотыкі ўжо не было грошай, таму я стала ўжываць алкаголь у шалёнай колькасці.

Я паўнавартасна разбурала сваё жыццё і жыццё маёй сям'і. Не ўсведамляла, што ёсць праблема. Калі адпускала, да мяне даходзіла, што так быць не павінна, але я не магла спыніцца. Невыносна стала знаходзіцца ў гэтай рэальнасці без наркотыкаў. Я была самотная, у мяне ўжо не засталося сяброў. Ад мяне ўсе адвярнуліся. Сяброўку, з якой мы ўжывалі, са мной не адпускалі, яна таксама пакутавала.

Спрабавала патрапіць у рэабілітацыйны цэнтр, але мяне не ўзялі, бо я была непаўналетняя. Калі мне адмаўлялі, псіхіятр сказаў, што ўжо нічога не зробім, я памру. У нейкі момант мама перастала мяне трымаць: кожны раз, калі я сыходзіла з дому, яна мне казала «бывай». Яна ведала, што я магу ўжо не вярнуцца. У наркатычным стане са мной на вуліцы магло адбыцца ўсё што заўгодна. Памятаю, як аднойчы я ўзімку заснула на вуліцы без вопраткі», — дзеліцца яна. 

«Ішла па калідоры, і на мяне ўсе глядзелі, тыцкалі пальцамі»

Пасля дзясятага класа ў дзяўчыны атрымалася ненадоўга завязаць з наркотыкамі, але ёй толькі падавалася, што яе залежнасць раптам знікла. 

«Мама тады мне ў крэдыт купіла планшэт і адправіла адпачываць на мора ў Балгарыю. Я з задавальненнем туды паехала, піла там шмат, але наркотыкі не ўжывала. Вярнулася і напілася вельмі моцна на нейкай тусоўцы.

Нават не хачу расказваць, да якога стану, злавіла алкагольную «белку». Потым у мяне рэзка змянілася кола зносін. Я стала цікавіцца ролікамі і скейтамі. З’явіліся нейкія новыя інтарэсы. І тады я падумала, што я не маю гэтай залежнасці», — кажа яна. 

Пасля заканчэння школы дзяўчына паступіла вучыцца ў педагагічны ўніверсітэт. 

«Калі была на першым курсе, мела неасцярожнасць у размове сказаць, што я ўжывала наркотыкі. Гэта потым разляцелася на ўвесь курс. Ішла па калідоры, і на мяне ўсё глядзелі, тыцкалі пальцамі. Тут ужо ў твар нічога не казалі, а абмяркоўвалі за спінай. Гэтыя маўклівыя позіркі проста знішчалі.

Тады я моцна піла, але наркотыкі не ўжывала. Аднойчы ў кампаніі я напілася і спрабавала скончыць жыццё самагубствам. Спрабавала скокнуць пад машыну, мяне выратавалі хлопцы з кампаніі, якія мяне першы раз у жыцці бачылі. Ад іх мяне забрала маці, і я ўжо ёй сказала, што я не магу без наркотыкаў», — расказвае яна. 

Але трапіць у рэабілітайцыйны цэнтр у Міланы зноў не ўдалося: ёй не далі акадэмічны адпачынак ва ўніверсітэце. 

«На другім курсе ў мяне з'явіўся хлопец, першае каханне, першы сэкс. І маім наркотыкам стаў ён. Я поўнасцю залежала ад чалавека, не ўяўляла жыцця без яго. Тады ў мяне зноў была спроба суіцыду. Мы рассталіся, я яго ў нейкі момант разлюбіла, таму што ў яго абсалютна не было эмпатыі. У мяне тады памерла кацяня, яно было аддушынай, усім для мяне ў той момант. Я яму патэлефанавала, каб расказаць пра гэта, ён адказаў, што гэта толькі кот, і паклаў трубку. Разам з гэтым кацянём памерла маё каханне да гэтага чалавека», — дзеліцца яна. 

«У рэабілітацыі сказалі, што мяне там увогуле не павінна было быць» 

Дзяўчына скончыла ўніверсітэт і пайшла адпрацоўваць размеркаванне ў адной са сталічных школ. 

Яе алказалежнасць ніякім чынам не ўплывала на працаздольнасць. 

У 2020-м Мілана сарвалася і паспрабавала экстазі і іншыя больш моцныя наркотыкі.

«Я вельмі шчыльна зноў пачала сядзець, страціла дзвюх самых блізкіх сябровак: яны тады не ведалі што са мной робіцца, я проста змянілася, — кажа яна. — Перыядычна спрабавала кідаць, але стабільна раз на тыдзень піла і курыла траву, цяжкія наркотыкі — раз на месяц. Але было і такое, што «марафоны» ў мяне былі і тры дні запар. 

Аднойчы мяне запрасілі на дзень нараджэння. Думала, вып'ю кактэйль — і ўсё. Але, вядома, не змагла спыніцца. Калі ўсе раз'ехаліся, я пайшла ў бар, узяла шмат тэкілы. Хацела весяліцца, але ўсе разышліся. Мне падавалася, што я хачу памерці. 

Наогул не памятаю тую ноч. Прачнулася я дома. Адкрываю тэлефон, а там відэа, у якім я стане была. Адчула нейкае агіднае пачуццё. Зайшла ў нататкі, а там перадсмяротная запіска. Патэлефанавала адразу ў рэабілітацыйны цэнтр. Папрасіла мяне пакласці, бо проста памірала».

Для таго, каб туды легчы, трэба было не ўжываць ні алкаголь, ні наркотыкі 10 дзён. Для Міланы зрабілі выключэнне — 8 дзён. 

«Я вытрымала іх. Мяне паклалі, і там я ўжо ўбачыла, наколькі разбуранае маё жыццё, — прызнаецца яна. —

У рэабілітацыі мне сказалі, што мяне там увогуле не павінна было быць. Людзі, якія там былі, рабілі нешта адно: нехта калоўся, нехта піў, нехта нюхаў і піў, іншыя мелі гульнявую залежнасць. А ў мяне, атрымліваецца, была і алказалежнасць, і наркатычная.

Я шмат вагі набрала, каля 10 кілаграм, калі была залежнай. Мала ела, вельмі шмат піла, але я набірала ўвесь час. 

У рэабілітацыі панічныя атакі і сонныя паралюшы наадварот мінулі, але яны пераследавалі мяне ўвесь апошні год ужывання», — кажа яна. 

Пасля рэбілітацыйнага цэнтра, дзе дзяўчына правяла 28 дзён, Мілана стала хадзіць на групы ананімных наркаманаў. 

«Хадзіла туды кожны дзень, а магла нават за адзін дзень на тры групы. Першыя паўгода яны мяне вельмі добра трымалі, там я сустрэла сяброў, людзі адтуль сталі маёй другой сям’ёй. Кантакты з тымі, хто ўжывае, я цалкам разарвала», — дзеліцца яна. 

«Каб чалавек пачаў хацець вылечыцца, ён павінен дайсці да дна, ён павінен акунуцца ў яго»

З 21 сакавіка 2021-га Мілана не ўжывае ні алкаголю, ні наркотыкаў. 

«У мяне стала ўсё наладжвацца, унутраная дзірка запоўнілася, яна перастала турбаваць і мець нада мной уладу. Я шчаслівая быць цвярозай і не хачу цяпер паміраць», — тлумачыць яна. 

На пытанне, што ёй дапамагала змагацца з залежнасцямі, Мілана адказвае, што яна вельмі моцна хацела паправіцца. 

«У мяне з’явілася вера ў нейкую вышэйшую сілу. Столькі разоў я магла памерці за сваё жыццё, а чамусьці заставалася жывая. Каб чалавек пачаў хацець вылечыцца, ён павінен дайсці да дна, ён павінен акунуцца ў яго. Вось проста з галавой. Але праблема ў тым, што дна няма, дна ў гэтым ужыванні ніколі не будзе, таму што нашмат горш у рэальнасці. Кожны раз, калі заканчваецца дзеянне наркотыку, дзеянне алкаголю, ты вяртаешся ў рэальнасць, дзе табе нашмат горш.

Яшчэ адзін момант, які, магчыма, хоць неяк дапамагаў трымацца: з чацвёртага курса я пачала здаваць кроў як донар. Часцей за ўсё, бясплатна, таму што мне здавалася, што раз маё жыццё такое бескарыснае, няхай хоць бы мая кроў выратуе кагосьці. Канешне, перад гэтым у мяне бралі аналізы, глядзелі на вынікі», — расказвае яна. 

Першы крок на шляху да пераадолення залежнасці — прыняцце таго, што яна ў цябе ёсць. 

«Трэба пайсці на групы, хай нават праз сілу, абрэзаць кантакты з людзьмі, якія ўжываюць. Павінна быць шчырае жаданне жыць. Калі самому чалавеку гэтая цвярозасць не патрэбная, ён з гэтага ўсяго не вылезе. Але ў цвярозасці трэба вучыцца жыць, знаёміцца з сабой. Так шмат наркаманаў памірае для таго, каб мы акрыялі.

Першы месяц было вельмі цяжка, другі і трэці таксама. Хацелася ўжываць, а потым гэта ўсё сышло. Бывалі, вядома, абвастрэнні з-за нейкіх падзей, якія мяне выбівалі.

Былых наркаманаў не бывае. Чалавек можа не ўжываць наркотыкі, але будзе паводзіць сябе як наркаман. Ён можа тырчаць на гульнявых аўтаматах, ежы, спорце. Застаецца як бы дакучлівая думка.

Ад чаго я цяпер залежная? Вельмі люблю траціць грошы, есці салодкае, фатаграфавацца, шмат бавіць часу ў тэлефоне.

Залежны чалавек абсалютна не ведае, як жыць у цвярозасці. Ведаеце, гэта як людзі, якія 10 год правялі ў турме, ім у турме лепш, чым на волі, бо яны на гэтай свабодзе не ўмеюць жыць», — расказвае яна. 

«Гляджу на залежных людзей, і ў мяне нічога не ёкае»

Дзяўчына кажа, што далёка не ва ўсіх атрымліваецца справіцца з такімі залежнасцямі. 

«У цэнтры пазнаёмілася з хлопцам, ён там правёў тры месяцы. Хоць і ў яго было на два месяцы цвярозасці больш, чым у мяне, але ён не змог, пачаў калоцца і памёр ад перадазіроўкі. У яго засталіся дачка і жонка», — расказвае яна. 

Першыя дзевяць месяцаў без залежнасцяў Мілана спраўлялася без антыдэпрэсантаў. Але пасля ў іх з’явілася патрэба.

«Пайшла да псіхатэрапеўта, калі стала заўважаць, што цвярозасць мне цяжка даецца, хаця я працую дакладна па праграме. Мне паставілі такія дыягназы: памежнае расстройства асобы, дэпрэсіўнае расстройства і расстройства прыстасавальных рэакцый. Псіхіятр сказала, што мне патрэбныя антыдэпрэсанты. Два тыдні я пажыла з гэтай думкай, узважвала, а потым зразумела, што трэба. Не ведаю, як будзе потым без лекаў, але я вось іх працягваю піць. Хачу пагаварыць з урачом, каб пачаць паступова ад іх адмаўляцца», — кажа яна. 

Якія б жыццёвыя сітуацыі далей ні здараліся з дзяўчынай, у яе ніколі больш не ўзнікала думкі дакрануцца да алкаголю ці наркотыкаў. 

«Гляджу на залежных людзей, і ў мяне нічога не ёкае», — кажа яна. 

Каментары23

  • mikola
    31.05.2023
    Byla hvora i zastalasja hvora ! Geta ni leczyca.
  • да ну
    31.05.2023
    mikola, то что Вы написали -  не лечится 
  • Эннот
    31.05.2023
    Фарш недомыслей в пустой голове от безделья.

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў1

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў

Усе навіны →
Усе навіны

У ДТЗ у Талачынскім раёне загінулі два чалавекі

Крэмль стаў выдаляць метаданыя з усіх відэа з удзелам Пуціна2

Экс-прэзідэнт Польшчы: Замарожаны канфлікт будзе трагічнай весткай для Украіны4

Упершыню за палову месяца даляр патаннеў

«Калі набыў $20 па курсе 3,3 — і цяпер ты паспяховы інвестар»: як беларусы рэагуюць на скачкі валют7

У 53 гады загінуў былы турэмны начальнік з Оршы5

У Брэсце мужчына падумаў, што яму атруцілі каву, і ўдарыў афіцыянтку лыжкай. Завялі крымінальную справу3

Паліцыя разагнала пратэст у цэнтры Тбілісі3

Улады Малдовы вырашылі не плаціць «Газпраму» доўг памерам 709 млн даляраў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў1

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў

Галоўнае
Усе навіны →