Монстр, выгадаваны Пуцінштэйнам, аказаўся тонкім гульцом. Прычым карты ў Пуціна горшыя
Здаць Шайгу і Герасімава для Пуціна азначала дэмаралізаваць генералітэт і апынуцца ў закладніках у свайго ж кухара, але цяпер, здаецца, у яго ўжо няма выбару, як піша Васіль Гарбацюк.
Уладзімір Пуцін сам выбраў былога крымінальніка Яўгена Прыгожына чалавекам, якому дазволіў разбудаваць прыватную вайсковую кампанію. У 2022 годзе Пуцін сам дазволіў Прыгожыну ператварыць кампанію ў магутную армію з найлепшым узбраеннем. Калі спроба захопу Украіны забуксавала і спатрэбіліся дадатковыя сілы, Пуцін, імаверна, баяўся, што масавая мабілізацыя можа выклікаць сацыяльны выбух. І спадзяваўся з дапамогай «Вагнера» выкруціцца.
«Вагнер» набіраў і набіраў наймітаў, у тым ліку ў турмах, ніхто іх не спыняў. Калі 23 чэрвеня выявілася, што ў Яўгена Прыгожына ёсць амбіцыйныя планы, стала зразумела, што «кухара» няма чым спыніць.
Тое, што Прыгожын рыхтуе глебу для чагосьці, было заўважна даўно. Аб'ектам для ўдару кухар Пуціна выбраў міністра абароны і кіраўніка Генштаба — натуральныя цэлі ў час правальнай вайны. Кампанія па іх дыскрэдытацыі пачалася яшчэ ўзімку.
Многім думалася, што рукамі Прыгожына Пуцін хоча павесіць ваенна-стратэгічныя правалы на генерала і маршала (маршала, праўда, у Расіі за вочы называюць фанерным). Але 23 чэрвеня ўсё пайшло не туды, а нашмат далей.
Прыгожын абвінаваціў кіраўніцтва Міністэрства абароны РФ у абстрэле наймітаў (хоць і не паказаў ніякіх пераканаўчых довадаў) і заявіў, што ПВК разбярэцца з «паскудамі», якія «знішчаюць расійскіх жаўнераў». Сяргея Шайгу Прыгожын назваў «бабай» і «стварэннем». І абвясціў пра пачатак «маршу справядлівасці» — на Маскву.
«З ім спрабавала камунікаваць кіраўніцтва арміі, супрацоўнікі Адміністрацыі прэзідэнта, кіраўніцтва Расгвардыі і блізкія да яго чыноўнікі. Але самі яго дзеянні былі такімі, што не вельмі зразумела, пра што наогул перамаўляцца. Патрабаванні таксама былі туманнымі і дзіўнымі», — расказвае інфармаваная расійская «Медуза».
Здаць Шайгу і Герасімава для Пуціна азначала дэмаралізаваць генералітэт і апынуцца ў закладніках у свайго ж кухара.
А абараняць Маскву было рызыкоўнай задачай: на Златаглавую рухаліся чатыры калоны вагнераўцаў на тысячы адзінак тэхнікі з комплексамі СПА. Каб прадэманстраваць сур'ёзнасць сваіх намераў, яны на хаду збілі шэсць верталётаў і самалёт і з маршу ахапілі мільённы Растоў без аніводнага стрэлу.
У гэтай сітуацыі атачэнне Пуціна ці ён сам палічылі за лепшае пайсці на прыніжальны кампраміс, для дасягнення яго давялося прыцягваць Аляксандра Лукашэнку.
Монстр, выгадаваны Пуцінштэйнам, аказаўся тонкім гульцом. За тыдні напярэдадні мяцяжу Прыгожын паспеў паслаць выразныя сігналы Захаду і Кіеву, што ён катэгарычна супраць махання ядзернай дубінкай і лічыць напад на Украіну злачыннай памылкай.
«Вайна патрэбная была, каб купка жывёлін папіярылася». Прыгожын даў рэзананснае інтэрв’ю, у якім падвёў грунт пад спыненне вайны
Украінскія спецслужбы тонка адчулі сітуацыю, і 24 чэрвеня ўвесь махавік украінскай прапаганды ў інтэрнэце працаваў на Прыгожына, а ЗША адклалі імплементацыю санкцый супраць «Вагнера».
Яшчэ няясна, што ўваходзіць у пакетнае рашэнне, на якое пагадзіўся Прыгожын, і, адпаведна, у чым будзе роля Лукашэнкі ў наступных падзеях (усю нядзелю і панядзелак Лукашэнка нетыпова для сябе прамаўчаў).
Але вагнераўцы застаюцца нераззброеныя з усімі сваімі «Панцырамі», пагроза ўкраінскага наступу працягвае скоўваць расійскія войскі, рэзерваў жывой сілы і тэхнікі ў Пуціна няма, і ўзяцца ім няма адкуль. Нават калі Прыгожын выканае абяцанне і ўкрыецца ў Беларусі, калі ягоная армія не перастане яму падпарадкоўвацца, ён не знікае як гулец.
Што змянілася — гэта свет і народ Расіі. Свет нема здзівіўся, наколькі хісткія пазіцыі Пуціна. Пасля такога і Кім можа перастаць снарады пастаўляць. Расійскае насельніцтва збітае з панталыку, народ маўчыць, нават праплачаныя ваенкары прыціхлі, акрамя Сіманьян, Салаўёва і Кісялёва, якім і губляць няма чаго, акрамя палаца на возеры Кома.
Пуцін стаіць перад тымі ж гульцамі і дылемамі, перад якімі стаяў і ўранку 23 чэрвеня, толькі карты ў яго яшчэ горшыя.
Атачыць вагнераўцаў у Луганскай вобласці і знішчыць? Гэта можна зрабіць, толькі калі зняць войскі з фронту. Але і ваяваць тыя войскі не хочуць, яны хочуць дамоў, гэта як у 1916-м, нават самых фанатычных з іх дастала гэтая імперыялістычная вайна да пераможнага канца.
Тое, што ўкраінская вайна можа стаць для Пуціна «японскай», было ясна ад моманту першага жэсту добрай волі.
Шайгу і Герасімаў могуць стаць ахвярнымі казламі, але наколькі далёка пойдзе іх ахвярнасць? Замена Шайгу на былога ахоўніка Пуціна Аляксея Дзюміна, якога той правёў па самых прэстыжных пасадах, не дапаможа выйграць вайну, але прынамсі дазволіць выйграць час.
Аляксандр Лукашэнка так ангажаваўся ў прымірэнне варожых бакоў, бо ведае, што для яго самае страшнае пачнецца, калі фронт у прычарнаморскіх стэпах пасыплецца — у адрозненне ад Прыгожына і многіх іншых, для каго абвал фронту будзе часам магчымасцяў.
Каментары
І цікава, дзе тыя транспартныя ІЛы, што напярэдадні пустымі прыляцелі ў Беларусь? Што за лайно-майно вывозіць павінны?
Для соблюдения статус кво --ТЯО.
Для прикрытия брестские учения .
Сделать провокацию-- дело техники.
По другому эту склоку не выиграть,да и поляки должны понять ,что не бессмертные.Аминь