Свет1919

Дэталі таго, што адбывалася ў Крамлі і Растове 23—24 чэрвеня, праліваюць святло на ролю Лукашэнкі і аслабленне Пуціна

Інфармаванае расійскае выданне «Медуза» высветліла, як Крэмль спрабаваў дамовіцца з Прыгожыным падчас бунту і навошта для гэтага спатрэбіўся Аляксандр Лукашэнка.

Яўген Прыгожын (справа) ад'язджае са штаба Паўднёвай вайсковай акругі ў Растове-на-Доне пасля дасягнення мірнай дамоўленасці з Масквой, 24 чэрвеня 2023 года. Фота: AP Photo

Увечары 24 чэрвеня Яўген Прыгожын заявіў, што яго найміты, якія спыніліся за пару соцень кіламетраў ад Масквы, «павяртаюць свае калоны і адыходзяць назад у палявыя лагеры згодна з планам». Прычыну свайго рашэння стваральнік ПВК «Вагнер» патлумачыў так: «Цяпер надышоў той момант, калі кроў можа праліцца». Гэта была не толькі расплывістая, але і хлуслівая фармулёўка: за суткі бунту загінулі [як мінімум] 13 расійскіх лётчыкаў.

Акрамя таго, яшчэ напярэдадні Прыгожын абвінаваціў кіраўніцтва Міністэрства абароны РФ у абстрэле наймітаў (але не паказаў ніякіх пераканаўчых довадаў) і заявіў, што ПВК разбярэцца з «паскудамі», якія «знішчаюць расійскіх жаўнераў». У першую чаргу — з міністрам абароны Сяргеем Шайгу, якога Прыгожын назваў «бабай» і «стварэннем».

Проста перад тым, як Прыгожын згарнуў сваё паўстанне, нечакана высветлілася, што перамовы з ім вёў Аляксандр Лукашэнка і нібыта Прыгожын менавіта ад яго прыняў прапанову спыніць калоны наймітаў; пра гэта паведамілі прадстаўнікі афіцыйнага Мінска. Сам заснавальнік ПВК нічога пра гэта не казаў (хоць падчас свайго бунту ён быў надзвычай гаварлівы). Але неўзабаве версію Мінска пацвердзіў прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў. Больш за тое, са слоў Пяскова, Прыгожын «выедзе ў Беларусь», а крымінальную справу аб мяцяжы, распачатую супраць яго, спыняць. Чым менавіта Прыгожын будзе займацца ў Беларусі, невядома.

Са слоў суразмоўца «Медузы», блізкага да Крамля, у тым ці іншым выглядзе ўлады вялі перамовы з Прыгожыным з вечара 23 чэрвеня, калі той абвясціў пра пачатак свайго «маршу справядлівасці».

«З ім спрабавала камунікаваць кіраўніцтва арміі, супрацоўнікі Адміністрацыі прэзідэнта, кіраўніцтва Расгвардыі і блізкія да яго чыноўнікі. Але самі яго дзеянні былі такімі, што не вельмі зразумела, пра што наогул перамаўляцца. Патрабаванні таксама былі туманнымі і дзіўнымі: прыбраць Шайгу, не лезці ў справы «Вагнера», больш фінансаваць. Але пасля такіх дзеянняў у сістэме [Прыгожыну] месца не было. У любым выпадку ён [бы нешта] губляў, нават калі атрымліваў гарантыі жыцця і захавання бізнэсу ў нейкім выглядзе. Губляць ён не хацеў», — сказаў суразмовец «Медузы».

Як раней пісала «Медуза», спярша Крэмль спадзяваўся вырашыць сітуацыю «больш-менш мірным шляхам», але дамовіцца з лідарам наймітаў не ўдалося. Пасля гэтага Крэмль распарадзіўся, каб расійскія губернатары і палітыкі публічна выступілі з асуджэннем дзеянняў Прыгожына і абвясцілі яго «здраднікам». Каля 10 раніцы па Маскве Пуцін сам выступіў з тэлезваротам, у якім абвінаваціў Прыгожына, не называючы яго прозвішча, у «здрадзе» і «ўдары ў спіну», такім чынам быццам бы цалкам выключыўшы магчымасць мірнага вырашэння сітуацыі.

Прыгожын на гэта адказаў, што «прэзідэнт глыбока памыліўся»: «Ніхто не збіраецца на патрабаванне прэзідэнта, ФСБ ці яшчэ каго-небудзь прыйсці з пакаяннем». Да гэтага часу вагнераўцы ўжо кантралявалі Растоў-на-Доне; на працягу наступных гадзін яны зусім бесперашкодна прасоўваліся да Масквы.

Пры гэтым, як сцвярджаюць крыніцы «Медузы», блізкія да Адміністрацыі прэзідэнта Расіі, прыкладна ў сярэдзіне дня 24 чэрвеня Прыгожын пачаў спрабаваць сам выйсці на сувязь з Крамлём і нібыта нават «спрабаваў датэлефанавацца да Пуціна, але прэзідэнт не хацеў з ім гаварыць».

Паводле ацэнкі суразмоўцаў «Медузы», блізкіх да Крамля і ўрада РФ, хутчэй за ўсё, Прыгожын зразумеў, што «перабраў меру», а «перспектывы руху яго калон туманныя». Да таго моманту найміты знаходзіліся ўжо не так далёка ад ракі Акі — менавіта там расійскае войска і Расгвардыя вырашылі выбудаваць першую лінію абароны ад вагнераўцаў. Пры гэтым, нягледзячы на заявы Прыгожына аб тым, што з ім гатова пайсці «паўарміі» (і нягледзячы на тое, што ў рэгіёнах ён не атрымаў ніякага адпору з боку сілавікоў), дадатковай падтрымкі за першыя гадзіны паўстання ў ПВК не з'явілася.

Пабачыўшы, як змяніўся настрой Прыгожына, Крэмль нібыта вырашыў не ісці на «крывавае сутыкненне», сцвярджаюць суразмоўцы «Медузы». Паводле іх меркавання, фінальнымі перамовамі займалася вялікая група чыноўнікаў, у якую сярод іншых уваходзілі кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Антон Вайна, сакратар Рады бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў і пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў.

Франтменам гэтай групы выступіў Аляксандр Лукашэнка. Па словах крыніцы, блізкай да Крамля, Прыгожын настойваў, каб у перамовах удзельнічалі «першыя асобы»; улічваючы нежаданне Пуціна кантактаваць з заснавальнікам ПВК, у перамоўнікаў аказалася не так ужо шмат варыянтаў.

«Прыгожыну патрэбны быў годны канфідэнт, каб выйсці з гульні, [захаваўшы твар]. Такім выступіў Лукашэнка. Ён любіць піяр і разумее выгаду — таму і пагадзіўся», — сцвярджае суразмовец «Медузы». На ягоную думку, «выгада» для Лукашэнкі відавочная: публічна менавіта ён стаў чалавекам, які «выратаваў Расію як максімум ад грамадзянскай вайны, а як мінімум — ад вялікай крыві».

Крыніцы «Медузы», блізкія да Крамля і ўрада Расіі, сыходзяцца ў меркаванні, што па выніках свайго радыкальнага выступу Прыгожын прайграў, бо «ён выцеснены з Расіі. Прэзідэнт такога не даруе». З іх слоў, бакі яшчэ будуць «абмяркоўваць» падрабязнасці пагаднення, якое тычыцца новага становішча Прыгожына, але «ранейшага ўплыву і рэсурсаў у яго не будзе».

У той жа час суразмовец, блізкі да Крамля, не выключыў, што па выніках бунту могуць быць кадравыя змены ў кіраўніцтве Міністэрства абароны, «але не па патрабаванні Прыгожына, а з-за самаўхілення Міністэрства абароны».

У самым пачатку бунту генерал Сяргей Суравікін (камандаваў групоўкай расійскіх войскаў ва Украіне з пачатку кастрычніка 2022-га да пачатку студзеня 2023-га) выступіў з відэазваротам, у якім заклікаў вагнераўцаў спыніцца і «развязаць пытанні мірным шляхам». Дакладна такое ж відэа і ў тым жа месцы запісаў генерал-лейтэнант арміі Уладзімір Аляксееў: ён назваў дзеянні Прыгожына «ўдарам у спіну прэзідэнту» і «спробай дзяржаўнага перавароту».

Праз некалькі гадзін Прыгожын у штабе Паўднёвай вайсковай акругі ў Растове-на-Доне сустрэўся з Аляксеевым і намеснікам міністра абароны РФ Юнус-Бекам Яўкуравым. Бізнэсовец заявіў ім, што збіраецца ісці на Маскву і хоча «атрымаць начальніка Генштаба [Валерыя Герасімава] і [міністра абароны Сяргея] Шайгу» (на што Аляксееў з усмешкай адказаў: «Забірайце»). Прыгожын таксама паведаміў вайсковым перамоўнікам, што яны «састарэлыя клоўны».

Пры гэтым ні Сяргей Шайгу, ні Валерый Герасімаў дагэтуль ні слова не сказалі пра паўстанне Прыгожына. Таксама невядома, дзе яны ўвесь гэты час знаходзіліся.

Суразмоўцы, блізкія да Крамля, у той жа час прызнаюць, што мяцеж аслабіў пазіцыі Пуціна: «ён не мог апусціцца да Прыгожына, але яго ўчора [пасля тэлезвароту] не было нідзе. Ён «цар», «першы», але, бляха-муха, калі трэба — умяшайся, а не прымушай за сябе свяціць фасадам Лукашэнкі і перагаворвацца сілавікоў».

У дзень, калі Прыгожын рушыў сваё войска на Маскву, Пуцін працаваў з дакументамі ў Крамлі, як сцвярджае яго прэс-сакратар Пяскоў. Пры гэтым самалёт Пуціна з абсталяваннем для кіравання войскам удзень 24 чэрвеня вылецеў з Масквы і знік з радараў у раёне Цвяры, паведамлялі «Важныя гісторыі» са спасылкай на звесткі сэрвісу Flightradar.

Паводле ацэнкі адной з крыніц «Медузы», блізкіх да Адміністрацыі прэзідэнта, зараз Пуціну будзе складаней «збіраць вертыкаль улады», а спробаў «перабудаваць сістэму» з боку расійскіх эліт стане толькі больш.

Каментары19

  • clay
    25.06.2023
    какая по сути разница, кто кого в том зоопарке пиарит?

    тут другое тревожит - орки видимо будут взрывать Запорожскую АЭС -
    заминировали несколько блоков

    они посмотрели, что их никто за геноцид Мариуполя, взрыв Каховской ГЭС не наказал, а ведь аппетит приходит во время еды

    у орков заканчиваются боеприпасы и сами орки, а ВСУ вотвремя контрнаступа по другому не остановишь
  • Ёсік
    25.06.2023
    Думкі, думкі, думкі. Не ведаем, што і як там адбылося, але нешта пішам. Ды хай яны ўсе там пазабіваюцца ды патрапяць у пекла. Беларусь з беларусамі знікае, вось аб чым трэба клапаціцца. Амаль 30 гадоў кіраваньня краінай адным вар'ятам, і яна можа зьнікнуць, а ён, як і казаў, будзе жыць у Расеі і займацца агародам.
  • Справядлiвы
    25.06.2023
    Куда катимся ?, гэта, напэўна, беларусаў прымусілі на выбарах выбраць Лукашэнку, а потым цярпець ягонае кіраванне 30 гадоў) Якія мы бедныя і невінаватыя)

Браты-блізняты прыйшлі працаваць у міліцыю. Адзін з іх пераплыў раку і ўцёк з Беларусі, каб не займацца палітычнымі справамі. Пагутарылі з ім6

Браты-блізняты прыйшлі працаваць у міліцыю. Адзін з іх пераплыў раку і ўцёк з Беларусі, каб не займацца палітычнымі справамі. Пагутарылі з ім

Усе навіны →
Усе навіны

Аршанскага святара, які вазіў дзяцей на расійскія вайсковыя зборы, будуць судзіць за парнаграфію10

Кіраўніка кантрольнага ўпраўлення Міністэрства па падатках і зборах злавілі на атрыманні хабараў6

«Мінімум 30 рублёў, а максімум баюся ўявіць». Якімі будуць цэны на таксі ў навагоднюю ноч1

Кампанія сяброў з Вялікабрытаніі паставіла рэкорд па наведванні пабаў за 40 гадоў

18-гадовы беларус Дзяніс Лазавік перамог Магнуса Карлсэна на чэмпіянаце свету па рапідзе2

У Расіі знялі ролік, як Санта-Клауса над Крамлём на просьбу Дзеда Мароза збівае СПА. Відэа рэпоснуў і Азаронак24

Белчыгунка абвясціла зніжкі да 40%. Але трэба купіць квіток у апошні момант

Як аўтакаміс падманвае пры продажы машыны са Штатаў2

Жанчына крала адзенне ў мінскім ГЦ і прадавала ў іншай краіне2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Браты-блізняты прыйшлі працаваць у міліцыю. Адзін з іх пераплыў раку і ўцёк з Беларусі, каб не займацца палітычнымі справамі. Пагутарылі з ім6

Браты-блізняты прыйшлі працаваць у міліцыю. Адзін з іх пераплыў раку і ўцёк з Беларусі, каб не займацца палітычнымі справамі. Пагутарылі з ім

Галоўнае
Усе навіны →