Грамадства77

«Прадам ягады, змагу аплаціць камуналку і лекі». Што прадаюць і колькі зарабляюць у падземных пераходах

Спантанныя рынкі ў пераходах і ля ўваходаў у метро летам поўныя разнастайнай прадукцыі. Рызыкуючы нарвацца на штраф за незаконны гандаль, бабулі нясуць сюды з лесу вядзерцы грыбоў і ягад, кветкі, саленні, ураджай з уласных агародаў. Выданне Myfin.by даведалася, што прымушае пенсіянераў гандляваць ягадамі і гароднінай у пераходах метро і наколькі прыбытковы гэта «бізнэс».

«Стаю ад 7-й раніцы і яшчэ ніводнага букета не прадала»

У пераходзе на станцыі метро «Пушкінская» размясціліся рады прадаўцоў, часцей за ўсё пенсійнага ўзросту. Зразумела, што пенсіянеры выходзяць гандляваць на вуліцы не ад камфортнага жыцця.

Купіць тут можна рознае, але больш за ўсё ў гэтым пераходзе кветак. Букеты з мілых простых раслін з беларускіх палёў і гародаў. Васількі, рамонкі, лілеі — цяпер, у ліпені, збольшага менавіта гэтыя кветкі прапануюць купіць мінчукам вулічныя гандляры.

Лілеі можна купіць па 7-9 руб., васількі прадаюць па 5 руб.

«Стаю ад 7-й раніцы, і нічога. Вось учора з букетамі лілей сядзела, і сёння з імі ж сяджу — не бяруць, ніхто не падыходзіць, — дзеліцца адна з бабуль і клапатліва тармосіць букеты. — На мінулым тыдні гандлявала рамонкамі, адзін раз удалося прадаць 4 букеты, іншы раз — два. А бываюць дні, што не ўдаецца прадаць ніводнага. У людзей няма грошай сёння, таму кожны імкнецца купіць у першую чаргу нешта з ежы, а не кветкі».

Яна і жанчына па суседстве растлумачылі, што прыходзяць сюды гандляваць, каб зарабіць нешта да пенсіі, бо ў крамах, з іх слоў, цэны кусаюцца.

«Сходзіш у краму адзін раз — і ўсё, 50 рублёў няма», — адзначае пенсіянерка і кажа, што пара збірацца дадому, дзе яе чакае яшчэ шмат працы на ўчастку каля дома.

«За сёння зарабіла 5 рублёў, а сяджу тут ужо тры гадзіны»

Каля яшчэ аднаго пераходу метро, размешчанага на «чырвонай» лініі, ужо даўно існуе стыхійны рынак. Тут шматлюдна, прадаўцы сядзяць проста на прыступках.

У пераходзе, акрамя кветак, шмат рознага, прывезенага са сваіх садоў і гародаў. Цэны такія: вішня — за 2 літры просяць 5 руб., смародзіна — 1 л каштуе 10 руб., маліны — 1 л па 8 руб., агрэст — 1 л па за 4 руб., чарніцы — 1 л па 10 руб., парэчкі — 2 л па 3 руб.

Ганна, якая прадае вішню і смародзіну, прыязджае ў сталіцу з Ратамкі два разы на тыдзень. «За сёння зарабіла 5 руб., а сяджу тут ужо тры гадзіны. Звычайна я прадаю маліны, смародзіну, вішню і агрэст. Гэта сезонная падпрацоўка: скончыцца ягада, і ўжо няма чаго будзе прадаваць. Калі прадам сваё, купляю сабе буякі, я іх вельмі люблю», — адзначыла жанчына.

«У мяне працоўны стаж 43 гады, цяпер на пенсіі. Нас ганяе міліцыя, а што дрэннага мы робім? — задаецца пытаннем Ганна. — Мы ж самі вырасцілі тое, што прадаем, гэта наш ураджай, і ні ў кога нічога не просім: ані ў дзяцей, ані ў дзяржавы».

Да размовы далучаецца іншая жанчына, таксама прадае ягады. Яна заўважае, што вырасціць ураджай — гэта цяжкая праца, у вырошчванне гародніны, садавіны, ягад укладаецца шмат сіл.

«Аднойчы за дзень удалося зарабіць 70 рублёў»

Каля яшчэ аднаго выхаду з падземнага пераходу метро па той жа лініі стаяць дзве жанчыны. На імправізаваным прылаўку стаяць вядзерцы з малінамі, тут жа побач — кітайскія агуркі, базілік, пятрушка.

«Я прыехала з вёскі, жыву недалёка ад Мінска. Прадаю лішкі, не выкідаць жа», — расказвае жанчына. У гэты час падыходзяць пакупнікі, і яна пачынае нахвальваць свой тавар: «Глядзіце, якія прыгожыя маліны, толькі што сама сабрала!»

Прадаўшы вядзерца малінаў, жанчына зноў паварочваецца да журналістаў і ўспамінае, якія былі ўмовы надвор'я ў траўні і пачатку лета.

«У гэтым годзе многае загінула, самі бачылі, якая была сухмень. Шчыра скажу, гандляваць тым, што вырасціў на ўчастку, нявыгадна. Калі палічыць і скласці ўсе выдаткі — насенне, плёнка і г.д., — атрымліваецца, усё гэта не акупляецца. Але я жыву на вёсцы, таму прывыкла штодня працаваць. Гэта гарадскія пенсіянеры інакш жывуць, а мы на вёсцы рана ўстаем і працуем цэлы дзень. Устанеш, бывала, раніцай, быццам і там баліць, і там, а потым выйшаў у свой агарод і забыўся пра боль ды хваробы», — дзеліцца яна.

Прыкінуўшы, колькі зможа сёння зарабіць, пенсіянерка называе суму 50 рублёў. Іншая пенсіянерка распавяла, што пазаўчора ёй удалося за дзень зарабіць нават 70 рублёў.

«Самі ведаеце, якія цяпер пенсіі ў старых, на іх не пражывеш. У мяне пенсія 560 рублёў. Вось прадам ягады — змагу аплаціць камуналку, купіць лекаў хоць бы на два месяцы. Цяпер, летам, камуналка крыху меншая, а зімой зусім іншы кошт. Пазаўчора была тут, сёння зноў прыехала. А больш і не паеду. Маліны і парэчкі адыдуць, і больш няма з чым ехаць. Вішня сёлета не ўрадзіла з-за надвор'я, дробная зусім», — паскардзілася жанчына.

«Усё вырашчана з любоўю, з уласнага гарода, а людзі не моцна бяруць»

Яшчэ адзін міні-рынак размясціўся ў пераходзе на станцыі метро «Інстытут культуры». Тут прадаюць ягады, агуркі, зеляніну, цыбулю, часнык, кветкі.

Ніна Паўлаўна, якая пагадзілася пагутарыць, прадае агуркі па 5 руб. за 1 кг, базілік — 1,5 руб., набор зеляніны для засолкі — 1,5 руб., часнык — 1 руб., букет лаванды — 5 руб.

«Так, агуркі ў мяне даражэйшыя, чым у краме, — не спрачаецца жанчына. — Але ж і якасць у іх іншая — яны хатнія, у такіх агуркоў і смак зусім іншы. У крамных агуркоў — гэта самі пакупнікі кажуць — ніякага смаку, яны «гумовыя».

Вось лаванду вырошчваю сама. І кветка прыгожая, і мае масу карысных якасцяў: можна выкарыстоўваць як заварку для гатавання гарбаты».

Ніна Паўлаўна распавяла, што ў пераходзе ў асноўным стаяць усе прыезджыя, не мінчукі.

«Вось падраслі гуркі, зеляніна, вішня саспела, і я прыехала на электрычцы, зручна. Прадаем, каб і дзецям дапамагчы, і ўнукам нешта купіць. Як бы ўсё сваё прадаеш, вырашчанае з любоўю, але, скажу шчыра, не моцна людзі бяруць, пакупная здольнасць нізкая. Калі атрымліваецца ў дзень 20 руб. зарабіць, думаеш: «Вось і добра». Зразумела, што калі ездзіць кожны дзень прадаваць, магчыма, гэта і было б выгадна, а так, як я, раз на тыдзень, — не. А ўсё велізарная праца, вось яны, нашы рукі», — уздыхнула жанчына і паказала свае натруджаныя рукі. 

Каментары7

  • Праўдаруб
    21.07.2023
    Сумна ўсё гэта. Але ўсё адно цікава, ці падтрымліваюць гэтыя пенсіянеркі, якія вымушаныя гэтым займацца на песіі Лукашэнку?
  • Acab
    21.07.2023
    Праўдаруб, малаімаверна, каб яны вам адказалі. Занятыя працай, няма часу бюджэтную прэсу чытаць.
    А вось вы скажыце, вы напэўна прачытаеце маё пытаньне, ці падтрымліваеце вы інстытут салідарнае пэнсыі?
    Дзякуй
  • Acab
    21.07.2023
    Адчуваецца зьверхне-спачувальнае стаўленьне аўтараў артыкулу да гандлярак, імпліцытнае бачаньне пра спантанныя рынкі, як азнаку беднасьці, якой ў лепшым сусьвеце ня мае быць.
    А насамрэч спантанныя рынкі – боскі цуд, рухавік жыцьця і разьвіцьця. Калі і дзе ўзьнікаюць, там маюць быць.
    Але ганяюць. Ў Беларусі ганяюць, ў Нямеччыне ганяюць, а ўрбаністы-карбюзьеўцы ролікі здымаюць, як такія рынкі выкараніць.

Барабаншчыку, які вярнуўся з Грузіі, пагражае да 12 гадоў калоніі1

Барабаншчыку, які вярнуўся з Грузіі, пагражае да 12 гадоў калоніі

Усе навіны →
Усе навіны

У Варшаве хлопец пагражаў нажом беларусу і ўкраінцы. Яму не спадабалася мова, на якой яны размаўлялі10

«Мне не далі жыцця — увесь час правяралі, трэціравалі». Былы палітвязень расказаў, чаму праз тры гады пасля вызвалення ўсё ж выехаў з Беларусі1

Расійскі блогер сыграў у S.T.A.L.K.E.R.2 і выразаў літару Z на забітым персанажы. Ён жыве ў ЗША7

Лукашэнка даў прытулак суддзі Шміту, які ўцёк з Польшчы2

Справай Васіля Верамейчыка зацікавіўся ГУР Украіны7

«Атрута для нашых дзяцей». У ЗША разгарнуліся вялізныя спрэчкі пра штучныя фарбавальнікі ў прадуктах

Стала вядома, дзе цяпер працуе былы начальнік наваполацкай калоніі3

Дзе знаходзіцца самая дарагая гандлёвая вуліца ў свеце2

Лаўроў у Брэсце расказаў моладзі, што «ад Украіны застанецца нейкая частка»16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Барабаншчыку, які вярнуўся з Грузіі, пагражае да 12 гадоў калоніі1

Барабаншчыку, які вярнуўся з Грузіі, пагражае да 12 гадоў калоніі

Галоўнае
Усе навіны →