Грамадства33

Яшчэ аднаго бізнэсоўца асудзілі за «агентурную дзейнасць» і «шпіянаж». На карысць Францыі ці Літвы?

Суд адбыўся 10 месяцаў таму, але асобу асуджанага «Наша Ніва» даведалася толькі цяпер.

Сяргей Ботвіч. Фота: belsmi.by

Памятаеце матэрыял пра чалавека, на якога наляцелі некалькі ўзброеных сілавікоў і паклалі тварам у асфальт? Гэта быў 32-гадовы Сяргей Ботвіч з Гродна, які працаваў кухарам у піцэрыі. «Наша Ніва» спрабавала адсачыць яго лёс і наткнулася на інфармацыю пра суд над нейкім Сяргеем Ботвічам, які праходзіў у Гродзенскім абласным судзе. Артыкулы — «шпіянаж» і «агентурная дзейнасць». Той самы Ботвіч?

Не, выявілася, што гаворка пра іншага, 59-гадовага мужчыну, які, хоць і не мае беларускага грамадзянства, але вырас і жыў у Беларусі. Гэты Ботвіч Сяргей Іванавіч валодаў кампаніямі, агульны абарот якіх складаў сотні тысячаў даляраў, а частка іх была зарэгістраваная ў ЕС. Вось што пра яго вядома.

Хто такі Сяргей Ботвіч?

Сяргей Ботвіч нарадзіўся ў аграрадку Новы Двор, які ў Свіслацкім раёне Гарадзенскай вобласці. Ëн скончыў Мінскі інстытут замежных моваў — цяпер гэта Лінгвістычны ўніверсітэт. На чацвёртым курсе, яшчэ ў часы СССР, мужчына з'ездзіў у Францыю на стажыроўку.

Адметна, што мужчына мае расійскае, а не беларускае грамадзянства, якое ён атрымаў у 1994 годзе.

Сяргей займаўся бізнэсам у Беларусі, Расіі, Францыі і Літве — у асноўным, гэта быў турызм і аптовы экспарт вугалю з Усходняй Еўропы ў краіны Балтыі і Заходняй Еўропы. 

Агульны абарот кампаній Ботвіча ў «тлустыя» гады складаў некалькі соцень тысяч даляраў у год. Гэта не вельмі вялікі бізнэс, але і не малы.

У 2014-м Ботвіч паўдзельнічаў у праекце будаўніцтва завода па вытворчасці драўнянага вугалю пад Свіслаччу. Дзяржаўная газета паведамляла, што на завод «прыцягнулі інвестыцыяў на 967 тысяч даляраў». Завод мусіла будаваць ААТ «БСПэнерджы», фірма з літоўскімі каранямі. Адным з ключавых інвестараў стала фірма са Свіслацкага раёна «Эрабль Груп», якая таксама экспартавала вугаль з Беларусі ў Францыю і Літву.

Яшчэ адзін ягоны буйны праект — купля маёнтка Багудзенкі каля Свіслачы за 30 тысячаў даляраў. Гэта драўляная сядзіба, якая была пабудаваная на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў і некалі належала Тадэвушу Бутаўт-Андрайковічу, мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Ботвіч дэклараваў амбітныя планы: стварыць там цэлы комплекс з дзвюма гасцініцамі і стайняй, а маёнтак адрэстаўраваць. Маўляў, там будуць цэлыя сафары-туры для багатых турыстаў, якія прынясуць раёну сотні тысячаў даляраў. Для турыстаў «папрасцей» меркавалася прапанаваць эка-забавы кшталту пешых вандровак. Ботвіч абяцаў навезці туды «сусветных зорак і прадстаўнікоў сусветных медыя», называў, у прыватнасці, імя футбаліста Златана Ібрагімавіча.

Маёнтак Багудзенкі. Фота: holiday.by

Праўда, нічога гэтага не ажыццявілася: Ботвіч звазіў туды толькі пару невялікіх груп замежных турыстаў, а абяцаныя рэстаўрацыйныя работы так і не пачаў. Гасцініца таксама не адкрылася.

У нейкі момант бізнэс пачаў сыпацца. Невядома, што менавіта адбылося, але вугальны завод так і не пабудаваўся, а на Ботвіча ў чэрвені 2018-га завялі крымінальную справу. Згодна са звесткамі з базаў «Кіберпартызанаў», фабула крымінальнай справы супраць мужчыны гучыць так:

«Ботвіч Сяргей… наўмысна, з карыслівых намераў, не збіраючыся выконваць узятыя на сябе абавязацельствы, шляхам падману і злоўжывання даверам, на падставе ўдзелу ў інвестыцыйным праекце па будаўніцтве завода па вытворчасці вугалю, завалодаў грашовымі сродкамі ТАА «Эрабль груп» у суме 734 тысячаў еўра».

Вытворчасць па ёй была спыненая згодна п. 5 ч. 1 ст. 246 УПК — хутчэй за ўсё, мужчына выехаў за мяжу.

Сяргей Ботвіч у 2017-м, акурат тады дзяржаўныя органы пачалі яму дакучаць за тое, што на сядзібе не вядуцца работы. Фота: Беларусь сегодня

Штосьці дзіўнае адбывалася і з усімі іншымі фірмамі Ботвіча, якія мы адшукалі. Літоўскія амаль усе збанкрутавалі, французская і расійская дзейнасці не вядуць. Сядзібу Багудзенкі ў яго забралі і яна дагэтуль безнадзейна прадаецца.

Мужчына ў апошні раз абнаўляў свой фэйсбук у ліпені 2021-га — гэта была аб'ява аб продажы машыны. За год да гэтага ён пісаў, што «беларусы маюць тысячагадовую гісторыю» ў адказ на нейкую рускамірскую публікацыю.

Тое, што адбылося пасля — загадка. Выглядае так, што мужчыну затрымалі. Ботвіча абвінавацілі па двух артыкулах — «шпіянаж» і «агентурная дзейнасць». Суд адбыўся ў кастрычніку 2022-га, судзіў яго Гродзенскі абласны суд.

Невядомы як прысуд мужчыне, гэтак і фабула справы, але ён дакладна цяпер у калоніі, бо іншыя формы пакарання па гэтых артыкулах не прадугледжаныя.

На якія дзяржавы ён шпіёніў? На Літву, Францыю, у якіх у яго быў бізнэс? Мы таксама пакуль гэтага не ведаем.

Што датычыць яго 32-гадовага цёзкі-кухара, то яго ў выніку асудзілі па артыкуле за ўдзел у масавых беспарадках. Тое, што ў турму папалі два чалавекі з аднолькавым рэдкім прозвішчам, нагадвае нам пра масавы характар рэпрэсій. А справы аб «здрадзе радзіме» і «шпіянажы» множацца.

Калі вы ведаеце болей пра Сяргея Ботвіча або пра тое, што з ім здарылася, то дасылайце інфармацыю рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ ці на [email protected].

Альбо пішыце асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары3

  • mikola
    03.09.2023
    zabili voragi...
  • Common sense
    03.09.2023
    Во времена СССР студенту(!) поехать во Францию на стажировку и не быть завербованным по линии КГБ? Не верю. Работал этот чувак скорее всего на Россию, поэтому и гражданство российское.
  • Сяргей Пашкоўскі
    04.09.2023
    Common sense , многія кадэбэшнікі пасля развалу Саўка паз'язджалі ў Амерыку, Англію, Францыю. А потым іх пуцен атруціў. Так што можа і неблагі быў чалавек, у сэнсе працы на расею.

Цяпер чытаюць

Зніклы 14‑гадовы Максім Зяньковіч знойдзены мёртвым

Усе навіны →
Усе навіны

Нашто блогеркі практыкуюцца ў «славянскім позірку»? Усё пачалося з Меланіі Трамп11

«Пачынаў з чатырох рублёў». Беларус за сем месяцаў страціў амаль паўмільёна ў анлайн-казіно4

Трамп падпісаў часовы бюджэт. Самы доўгі ў гісторыі ЗША шатдаўн завершаны1

Расійская блогерка пафарбавала балкон у чырвона-зялёны. У каментарыі прыбеглі жартаваць беларусы8

На Тайвані валанцёр музея знішчыў твор сучаснага мастацтва, працёршы люстэрка ад пылу9

Святлана Ціханоўская сазванілася з Джонам Коўлам14

У Беларусі хочуць стварыць тэлеканал «Беларусьфільм»10

Украінскія войскі працягваюць адступаць на гуляйпольскім кірунку4

У ЗША апублікавалі новыя лісты па справе Джэфры Эпштэйна, якія дыскрэдытуюць Трампа9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зніклы 14‑гадовы Максім Зяньковіч знойдзены мёртвым22

Зніклы 14‑гадовы Максім Зяньковіч знойдзены мёртвым

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць