Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»3636

Крэмль праплаціць выбары, а Еўропа з'есць тэхнічную пену

Цана «элегантных перамог» — спаўзанне ў трэці свет.

Ладзь сані летам, а калёсы зімой. На цнатлівым фоне першага снегу ўлада без лішняга шуму, дзелавіта рыхтуе свае грубыя, але моцна збітыя калёсы да новых выбараў — мясцовых, а затым прэзідэнцкіх.

Што да другіх, то нядаўна ў Вільні Лукашэнка шчыра сказаў, што адмаўляцца ад удзелу ў іх не бачыць прычын. Сапраўды, пакуль карта ідзе такая, што грэх наракаць.

На гэтым тыдні тутэйшае начальства даволі ўдала з`ездзіла ў Маскву. Крэмль бралі на змор.

Восем гадзін перамоў на саюзным дзяржсавеце — адвал мазгаўні! Як паскардзіўся «Коммерсанту» адзін з крамлёўцаў, «беларускія чыноўнікі павялі дыскусію паводле загадзя напісанага сцэнару — яны ўзрывалі прадметную размову бясконцымі патрабаваннямі наконт крэдытаў, ільгот, паслабленняў ды выключэнняў. Гэтыя просьбы паўтараліся дзясяткі разоў, з-за чаго размова набыла друзлы характар».

Канечне, дыпламатыя не самая вытанчаная, аднак заезджаная кружэлка, здаецца, зноў спрацавала. Назаўтра першы віцэ-прэм`ер Уладзімір Сямашка абвясціў цяжкія заваяванні.

Налета мы атрымаем бяспошлінна 8–9 мільёнаў тон расійскай нафты.

Таксама, са слоў Сямашкі, бакі дамовіліся перайсці да роўнадаходных цэнаў на газ з 2014–2015 года. Прасцей кажучы,

пакуль што газ будзе каштаваць па-братэрску, а не як для праклятых буржуінаў. Магчыма, у 2010-м яго наогул будуць адпускаць па цяперашнім цэнніку.

Беларуская наменклатура з савецкіх часоў налаўчылася «выбіваць у Маскве фонды». Тады для змазкі пытанняў у белакаменную прыхоплівалі партфелі з «Белавежскай»: вось, пакаштуйце нашай знакамітай! Цяпер, канечне, запыты іншыя.

Давялося прадаць расійцам «БПС-Банк» ды паабяцаць уваход у «нафтанку».

Той самы Сямашка анансаваў хуткі продаж комплексу «Нафтан-Палімір»: «Мы знаходзімся ў стане нізкага старту». Прычым «расійскія нафтавыя кампаніі нас задавальняюць найлепшым чынам».

Так што Масква праплачвае сваю ж фінансава-эканамічную экспансію. А таксама — згоду Мінска ўвайсці ў траісты (плюс Казахстан) мытны звяз, гэты шмат у чым палітычны праект Крамля.

Вядома ж, Лукашэнка цудоўна адчувае небяспеку паўзучай экспансіі расійскіх інтарэсаў. Але, па-першае, Мінск ніколі не вызначаўся букваедствам што да выканання падпісанага. Кілатоны саюзных папераў так і засталіся макулатурай. Па-другое, нам бы дзень прастаяць ды ноч пратрымацца. Дарагое яечка да Вялікадня, то бок пакет расійскіх прэферэнцый да чарговых выбараў.

А там — бог не папусціць, Масква не ўкусіць! Зноў рэанімавана тэма адзінай валюты і канстытуцыйнага акта. Калі Мядзведзеў павядзецца на гэту старую прынаду, то, чым чорт не жартуе, атрымаецца яшчэ і рымейк «братняй інтэграцыі». Як мае быць: са сваяцкім разводам на бабкі.

Але ў гэтай азартнай гульні з Крамлём бабка надвое варажыла. У любы момант могуць пачаць аддзяленне мух ад катлет! Таму ў плане падрыхтоўкі да выбараў

не забыты і еўрапейскі вектар. 11 снежня Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні праект зменаў выбарчага заканадаўства. Каля 130 карэктываў — два вазы і цэбар ліберальнай бутафорыі для Еўразвязу. Хаця на 90% гэта тэхнічная пена.

На думку незалежных экспертаў, апазіцыі дадуць пагуляць у цацкі на прамежкавых стадыях кампаній, але ў святое святых — да падліку галасоў — па вялікім рахунку не дапусцяць. Па-першае, паўнамоцтвы назіральнікаў захоўваюцца ў ранейшым каструбаватым выглядзе. Па-другое, квоты для партый і арганізацый у складзе выбаркамаў як двойчы два запаўняюцца сваімі для вертыкалі людзьмі з праўладных структур, што косяць пад грамадскія.

Разлік — на тое, што Еўропа ахвотна ашукаецца: 130 ліберальных паправак — колоссале, брависсимо, ви ест кароший ученик в школа демократии!

Акрамя таго, як лічыць Віталь Сіліцкі, дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS), «улада можа адносна прыстойна правесці мясцовыя выбары, каб вырашыць пытанне з Еўропай, ну а прэзідэнцкія правядзе, як звычайна».

Добра, а потым? Створаная ў краіне сістэма — усё ж не перпетуум-мобіле. Крызіс ды ўразанне расійскіх датацый ужо пахіснулі «беларускую мадэль». Наверсе загаварылі пра мадэрнізацыю.

Эксперты не схільны пераацэньваць гэтыя намеры. Што да эканомікі, то пакуль

улада, згодна з прагнозамі Сіліцкага, будзе, хутчэй за ўсё, прытрымлівацца схемы «адаптацыйнага рэфармавання».

«Гэты крызіс яна яшчэ перажыве. Вось наступны можа ўжо падштурхнуць да сістэмных рэформаў», — гаворыць палітолаг. Ну а што да палітыкі? Захад усё ж мякка цісне, і рэліктавую аўтарытарную сістэму таксама неяк трэба злёгку паднаўляць. Рабіць гэтакі касметычны еўрарамонт. Хоць бы дзеля заходніх грошай. Урэшце, ёсць і яшчэ адзін момант.

«Чым далей, тым больш актуальным будзе пытанне перадачы ўлады, — адзначае кіраўнік BISS. — Таму імаверны дрэйф да мадэлі кіраванай дэмакратыі».
У прыватнасці, лічыць эксперт, праўладны паўфабрыкат пад брэндам «Белая Русь» урэшце могуць давесці да кандыцыі партыі ўлады.

Але ўся гэтая змена дэкарацый — потым, потым! А пакуль кіраўнік прэзідэнцкай Адміністрацыі Уладзімір Макей даслаў вертыкалі выразны сігнал: размовы пра лібералізацыю — гэта не для вашых вушэй. Плюньце і разатрыце. Электаральныя кампаніі трэба забяспечыць кроў з носу. Выступаючы перад чальцамі Цэнтрвыбаркама,

архітэктар «прагматычнага дыялогу» з Еўразвязам у стылі савецкага агітпрапа даў адлуп заходнікам, якія «часам ультыматыўна патрабуюць, каб мы літаральна з заўтрашняга дня сталі жыць у дэмакратычнай дзяржаве, як яны яе разумеюць».

А як жа, разгонімся! Зрэшты, тутэйшае начальства нібыта і не супраць дэмакратыі ў прынцыпе, але ж «грамадства павінна ўнутрана выспець да зменаў».

Тут няма чаго было б пярэчыць, калі б тутэйшыя дзяржаўныя мужы выглядалі гэтакімі клапатлівымі садоўнікамі, што цярпліва песцяць саджанцы дэмакратыі ды акучваюць парасткі грамадзянскай супольнасці. Але ж самі ведаеце, як у нас «песцяць» ды «акучваюць».
Палітычнае поле выпалена, а народ «выспявае» зусім у іншы бок. Сацыёлагі гавораць пра рост апатыі, «пафігізму», арыентацыю на прымітыўныя стратэгіі выжывання праз «механізм паніжальнай адаптацыі». Прасцей кажучы, калі моўчкі згаджаюцца на ўрэзаную пайку.

І наўрад ці гэта можна цалкам спісаць на крызіс. Звычка не рыпацца, сядзець як мыш пад мятлой ды выжываць, як інфузорыя-туфлік, убіваецца і заахвочваеца самой Сістэмай. У выніку вярхоўка забяспечвае сабе статус-кво, але грамадства не развіваецца, а дэградуе.

Гэта і ёсць сумная цана «элегантных перамог» — спаўзанне ў трэці свет.

Перад Беларуссю маячыць перспектыва — нават пры выгаднай перапрацоўцы таннай расійскай нафты — застацца ўсяго толькі «бензінавым шлангам для Еўропы».

Аляксандр Класкоўскі, БелаПАН.

Каментары36

У Беларусі з'явіўся народны паэт5

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння — чарговы суд над палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем. Некалькі месяцаў яго трымаюць у памяшканні камернага тыпу1

Колькі беларусам трэба для камфортнага жыцця?3

Як у Мінску запалілі галоўную ёлку ФОТЫ3

Ва Украіне паспяхова выпрабаваная новая ракета «Рута»3

Запісацца на візу хутчэй можна праз «радары». Пра што размова?7

Былы міністр абароны Паўднёвай Карэі спрабаваў скончыць жыццё самагубствам

Расійскія Таганрог і Бранск падвергнуліся атацы2

Марафон рэпрэсій не спыняецца. Паказваем жахлівыя лічбы8

Спікер парламента Наталля Качанава разбіралася з ляхавіцкай маршруткай4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі з'явіўся народны паэт5

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Галоўнае
Усе навіны →