Саюзная дзяржава: ад крамлёўскага палаца да разбітага карыта
8 снежня 1999 года, паціскаючы руку Лукашэнку ў Георгіеўскай зале Вялікага Крамлёўскага палаца, змучаны Ельцын хрыплавата сказаў: «Навекі». Піша Аляксандр Класкоўскі.
8 снежня 1999 года, паціскаючы руку Лукашэнку ў Георгіеўскай зале Вялікага Крамлёўскага палаца, змучаны Ельцын хрыплавата сказаў: «Навекі». Інкарпарацыя сінявокай рэспублікі ўяўлялася тады крамлёўскім стратэгам толькі справай тэхнікі.
Таму і прапісалі ў дамове аб стварэнні саюзнай дзяржавы фармальную роўнасць бакоў. Шкада, ці што, пагуляць у бірулькі, калі праз некалькі гадоў малодшая славянская сястра ўсё адно вернецца пад расійскі дах?
Пазней, дарэчы, беларускі прэзідэнт не аднойчы будзе ўтыкаць Маскву носам у гэтыя радкі дамовы: самі ж прапісалі раўнапраўе і самі ж парушаеце!
Хто ведаў, што партнёр па «братняй інтэграцыі» акажацца такім моцным арэшкам! Што ён стане, як разынкі з булкі, выкалупваць адны толькі прэферэнцыі.
І, як уюн, вылузвацца з пастак кшталту адзінай валюты (якая, дарэчы, згодна з падпісанымі тады ў Крамлі паперамі, павінна была запрацаваць яшчэ з 1 студзеня 2004 года).
Сёння, праз дзесяць гадоў, размаўляць пра саюзную дзяржаву — амаль тое ж, што казаць пра вяроўку ў доме павешанага. Праекту быў наканаваны няслаўны канец пад гром чарады войнаў — газавай, цукровай, малочнай, інфармацыйнай (якая суправаджала ўсе астатнія).
Галоўныя чыны Расіі наслухаліся ад найбліжэйшага саюзніка такога, чаго не чулі ад заклятых ворагаў. Масква, зрэшты, таксама не грэбавала піяраўскім «мачылавам». Увогуле, аблілі адзін аднаго, мякка кажучы, нядобрымі эпітэтамі з галавы да ног.
Навошта ж дзесяць гадоў таму задумалі гарадзіць гэты бязглузды, як высветлілася, агарод?
Аналітыкі кажуць: у Ельцына быў комплекс віны за развал СССР, і ён хацеў рэабілітавацца. Дадамо: у расійскіх элітах (за нязначным выключэннем) на беларускую незалежнасць глядзелі (ды чаго ўжо там: многія і сёння глядзяць) як на гістарычнае непаразуменне. «Вяртанне ва ўлонне» разглядалася як натуральны працэс. Увогуле, калі наўпрост, з таго боку спрацаваў звычайны вялікадзяржаўны рэфлекс.
Ну, а што кіравала другім бокам? Зноў‑такі, для аналітыкаў стала агульным месцам згадваць два Лукашэнкавы матывы.
Па‑першае, уладныя амбіцыі. Трыумф на
Світа нашэптвала: дык ці ж хворы Ельцын вам канкурэнт на расійскай палітычнай арэне? Ды вы ж яго адной левай!
Вось толькі юрыдычную базу трэба падвесці пад паход на Крэмль! Так і падмахваліся ў азарце паперы наконт «славянскага яднання».
Другім быў эканамічны матыў: на фоне постсавецкага гаспадарчага развалу атрымаць прэферэнцыі, і найперш танныя газ ды нафту. Ашчаслівіць электарат вяртаннем у светлае мінулае.
Эканоміка Беларусі, гэтага зборачнага цэха СССР, асабліва моцна была закальцаваная на Расію. Дый ментальна гэта была самая саветызаваная рэспубліка. «І сярод дырэктарату, і сярод работнікаў буйных прамысловых прадпрыемстваў лічылася аксіёмай, што без Масквы мы не выжывем», — нагадвае эксперт мінскага аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Валер Карбалевіч.
«Так, настроі ў беларускім соцыуме на пачатку 90‑х былі зусім не такія, як у краінах Балтыі, — пагаджаецца беларускі аналітык Андрэй Фёдараў. — І Лукашэнка гэта адчуваў, ён на гэтым граў. Пераважна за кошт расійскіх прэферэнцый ён сапраўды забяспечыў электарату некалькі гадоў устойлівага росту дабрабыту. Стварыў „беларускую мадэль“.
Іншая рэч — цана, якую краіна мусіць за гэта ў выніку плаціць».
Крах надзей на крамлёўскі трон стаў відавочным адразу, як толькі месца Ельцына заняў цвярозы, па‑нямецку рацыянальны Пуцін. Мінскаму партнёру быў вылучаны ультыматум: або ўваходзь шасцю абласцямі, або — не будзь ласы на чужыя каўбасы.
Але на практыцы агонія «саюзнага будаўніцтва» зацягнулася на гады. Нядаўна Дзмітрый Мядзведзеў абвясціў рахунак: расійскі энергетычны грант Беларусі за гэты перыяд склаў 50 мільярдаў долараў. «Каб так „разводзіць на бабкі“, трэба сапраўды мець не абы які палітычны талент», — рэзюмуе Валер Карбалевіч.
Вядома, Масква не такая наіўная і рамантычная, каб аплачваць толькі салодкую рыторыку кшталту: рускія і беларусы — адзін народ. Дэ‑факта расійскае кіраўніцтва выкладвала грошы на бочку за антызаходні палітычны курс Мінска (спынім экспансію НАТО і ўсё такое!), за свае транзітныя, вайсковыя, у рэшце рэшт — геапалітычныя інтарэсы.
Але і тут пасля леташняй вайны з Грузіяй усё трэснула. Пытанне аб прызнанні Абхазіі з Паўднёвай Асеціяй стала фатальным: Мінск «саскочыў».
Гульні ў вайну кшталту манеўраў «Захад‑2009» — слабае суцяшэнне для Крамля. Выводзіць, выводзіць ЕС са стойла Беларусь, накінуўшы вуздэчку свайго «Усходняга партнёрства»!
Беларускія ж незалежныя аналітыкі кажуць пра эпоху страчаных магчымасцей. Некалі ў нашай краіны стартавыя эканамічныя параметры былі не горшыя, чым у Польшчы або Чэхіі. Але перыяд энергетычнай дурніцы разбэсціў. Ён закансерваваў тэхналагічнае адставанне. І цяпер, калі Масква, адкінуўшы апошнія ілюзіі, уразае пайку, перад Беларуссю ва ўсёй вастрыні паўстае выклік мадэрнізацыі.
«Тое, што Крэмль у „саюзным будаўніцтве“ зведаў фіяска, відавочна, — кажа Карбалевіч. — План аб’яднання дзвюх краін у адну праваліўся. Для Беларусі ж галоўны мінус — тое, што яна моцна спазнілася з рэформамі».
Не будзем нагрувашчваць маралітэ, а проста раскрыем віртуальна старую падшыўку. Вось што пісаў пра цырымонію 8 снежня 1999 года ў Георгіеўскай зале «КоммерсантЪ», які заўсёды тонка падмячае дэталі вялікай палітыкі з блізкай адлегласці.
«Перайшлі да прамоў. Ельцын добрасумленна зачытаў сваю з паперкі.
Дачытаўшы фразу аб тым, што дамову яшчэ ацэняць нашчадкі, прэзідэнт здзівіўся, што прамова так хутка закончылася,
і стаў шукаць працяг, старанна перабіраючы два аркушы ў руках. Пошукі працягваліся прыкладна хвіліну. „Канец, ці што?“ — запытаўся Ельцын. І, атрымаўшы сцвярджальны адказ, на ўсялякі выпадак зачытаў апошнюю фразу пра нашчадкаў яшчэ раз».
Праз дзесяць гадоў гэтая сцэна напаўняецца змрочнай сімволікай. Куртатым аказаўся не толькі спехам напісаны памочнікамі спіч. Такім жа сырым, скамечаным, абарваным стаўся і сам праект, ад самага пачатку двухсэнсоўны, няшчыры з абодвух бакоў. Хаця не‑не дый гучаць па інерцыі фальшыва‑патэтычныя рэфрэны.
Вось вам, дарэчы, і цана гучных фраз пра «адзін народ».
Як у прытчы пра Вавілонскую вежу, саюзнае будаўніцтва закончылася вялікім абломам, калі кіроўныя эліты ў Маскве і Мінску загаварылі на абсалютна розных мовах сваіх палітычных і эканамічных інтарэсаў.
Каментары