Культура22

На беларускім Падляшшы ў Польшчы выяўлены ўнікальны іканастас

Польскімі даследчыкамі ў царкве ў Новаберазове былі выяўлены раней невядомыя вялікія фрагменты іканастаса XVII стагоддзя з храма, які стаяў на месцы сённяшняй царквы. Гэтае адкрыццё мае вялікае значэнне не толькі для Падляшша і беларускай праваслаўнай меншасці ў Польшчы, але і для Беларусі, бо іншыя іканастасы таго часу не зберагліся.

На тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, якая ўвайшла ў склад Расійскай імперыі, захавалася адносна мала прыкладаў царкоўнага аздаблення, у тым ліку іканастасаў. З аднаго боку гэта тлумачыцца тым, што ў XVIII стагоддзі ва ўніяцкай царкве паступова адыходзілі ад усходняй традыцыі, з іншага — ацалелыя іканастасы пасля ліквідацыі ўніі актыўна замяняліся ў 1830-1840-я гады і апошняй трэці XIX стагоддзя.

Прарокі Ерамія, Якаў, Авакум, фрагмент прароцкага рада. Фота: Пётр Ямскі.

Адкрыццё ў філіяльнай царкве Святога Іаана Багаслова ў Новаберазове было зроблена ў красавіку 2023 года падчас інвентарызацыі ў Гайнаўскім павеце Падляшскага ваяводства, якая праводзілася камандай Каталога помнікаў мастацтва ў Польшчы, у якую ўваходзілі супрацоўнікі Інстытута мастацтва Польскай акадэміі навук Пётр Ямскі, Збігнеў Міхальчык, Ян Навіцкі. Папярэднія вынікі свайго адкрыцця яны апублікавалі ў вялікім артыкуле.

«Знойдзены іканастас у Новаберазове ўнікальны з розных пунктаў гледжання. Па-першае, гэта захаваная на 60% структура. Мы атрымалі аб'ект шырынёй 8,5-9 метраў і вышынёй больш за 7 метраў, і гэта ўжо гаворыць пра яго памеры. Па-другое, ён не быў вядомы даследчыкам, знаўцам нават мясцовай гісторыі на працягу 150 гадоў, з таго моманту калі яго разабралі і схавалі на гарышчы гэтай жа царквы.

І трэці момант, які сведчыць пра важнасць гэтай знаходкі, — час стварэння. Гэта аб'ект XVII стагоддзя, які, верагодна, не мае аналагаў на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага. А ў дадатак, месцамі вельмі добра напісаны, насамрэч высакакласна, кімсьці з мастацкага кола, якое мы пакуль не вызначылі, таму што няма аналагаў», — адзначыў мастацтвазнавец Пётр Ямскі. 

Царква Святога Іаана Багаслова ў Новаберазове, на гарышчы якой былі выяўлены фрагменты іканастаса. Фота: Wikimedia Commons

Парафія ў вёсцы Новаберазова была заснавана каралём Жыгімонтам III Вазам і ягонай жонкай Канстанцыяй Габсбург у снежні 1617 года, а ў студзені 1618 года менскі ваявода Мікалай Сапега дараваў парафіі дзве валокі зямлі. У той жа час «шмат» зямлі, на якой была пабудавана царква, быў ахвяраваны Іванам Марозам. Відаць, неўзабаве пасля гэтага быў пабудаваны першы храм у гонар Св. Іаана Багаслова. У 1771 г. Ізабэла Браніцкая з Панятоўскіх, заснавала побач новы драўляны храм, у які было перанесена старое ўбранне (ці прынамсі яго частка). Відаць у гэты час, каб прыстасаваць пад новы інтэр’ер, адбылася частковая перабудова іканастаса, асабліва ніжняга, так званага мясцовага рада, пра што сведчыць мноства дэталяў. 

Апосталы, абразы з апостальскага рада. Фота: Пётр Ямскі.

На момант ліквідацыі уніі і прыняцця праваслаўя мясцовая царква была адзінай у Беластоцкім павеце, у якой захоўваўся іканастас. 

Найстарэйшы ж храм быў знесены ў пачатку 1870-х гадоў, а на яго месцы ў 1873—1876 гадах была пабудавана царква Ушэсця Гасподняга ў так званым «мураўёўскім стылі». Але менавіта на гарышчы драўлянай царквы Святога Іаана Багаслова польскія даследчыкі і зрабілі сваё нечаканае адкрыццё.

Цікавы ўжо сам той факт, што дэталі старой перагародкі і абразы, многія з якіх ужо ў той час былі ў дрэнным стане, не былі выкінуты, а пакінуты на захоўванне ў новым храме.

Сярод розных каштоўных рэчаў, такіх як фератроны або літургічнае адзенне, былі выяўлены 17 стылістычна аднастайных вялікіх фрагментаў іканастаса з абразамі, напісаных тэмпернымі фарбамі на дошках, чатыры невялікія арнаментальныя канструктыўныя элементы іканастаса (часткі пілястраў) і спарахнелая царская брама, якая, верагодна, таксама ўваходзіла ў канструкцыю перагародкі, хоць, верагодна, была ўсталяваная пазней, пра што сведчыць вышэйшы ўзровень выканання і стыль, адрозны ад іншых разьбяных элементаў. 

Апостал Павел і евангелісты (?), фрагмент апостальскага рада. Фота: Пётр Ямскі.

Стан асобных элементаў іканастаса розны — ад амаль поўнага разбурэння да надзіва добра захаваных трохчасткавых сегментаў з размалёўкамі і пазалотай. У адным з такіх сегментаў з прароцкага рада іканастаса захаваліся абразы Ераміі, Якава і Авакума, падпісаныя на фрызе стылізаванай архітэктурнай аркады. Абразы другога сегмента, якія адлюстроўваюць Елісея, Данііла і Гедэона апазнаныя па характэрных атрыбутах і рэштках надпісаў. На падобным трохчасткавым сегменце з апостальскага раду — абразы, верагодна Святога Паўла, які трымае кнігу і меч, і двух іншых евангелістаў з бародамі.

Надпісы і арнаментальная аздоба, фундатарскія подпісы і партрэты. Фота: Пётр Ямскі.

Ля ног апостала Паўла захаваўся надпіс, напісаны жоўтай фарбай на чорным фоне: «СЕЙ ОБРАЗЪ / ПО[С]ТАВИЛЪ СТЄФАН / МОРОЗОВИЧЪ ЗАѾПѴЩЄНИЇ Є ГРѢХО[В]». А ў ніжняй частцы выявы прарока Ераміі намаляваныя дзве маленькія ўкленчаныя фігуркі іншых фундатараў храма.. Надпіс каля іх, на жаль, амаль сцёрся, прачытваецца толькі «[…]ХЪ ИЗЪ / ЖЕНОЮ СВОЕЮ НАД[…]».

Святы Фама (?) і Святы Філіп (?), фрагмент апостальскага рада. Фота: Пётр Ямскі.

У іншых сегментах захаваліся адзінкавыя абразы, але захаваліся вялікія фрагменты архітэктурнай аздобы іканастаса — пілястраў і карнізаў. На адным з гэтых абразоў намаляваны Давід у царскім адзенні і з Каўчэгам Запавету ў руках, а на двух іншых — пакуль не ідэнтыфікаваныя апосталы, якія не маюць ніякіх пазнавальных атрыбутаў акрамя пергаментных скруткаў, даследчыкі мяркуюць, што гэта могуць быць Святыя Фама і Філіп.

Захаваўся таксама шэраг асобных абразоў з апостальскага, у тым ліку дрэнна захаваны Дэісус, і прароцкага радоў. Абразы з другога, святочнага рада, дзе звычайна адлюстроўваліся асноўныя падзеі евангельскай гісторыі, то-бок дванадзясятыя святы, а таксама Тайная вячэра, выяўлены не былі. 

З вялікімі стратамі дайшлі абразы Святога Уладзіміра і Святых Барыса і Глеба, Дабравешчання і Святога Іаанам Багасловам, якія належалі да ніжняга, мясцовага рада іканастаса. Абраз Маці Божай з дзіцяткам, які таксама належаў да гэтага рада, захаваўся значна лепш, хоць і быў пазней паноўлены, бо ўвесь гэты час знаходзіўся ў самім храме, на сцяне аднаго з нефаў.

Царскія і дыяканскія вароты XVII стагоддзя. Фота: Пётр Ямскі

Адсюль жа паходзяць дыяканскія і царскія вароты. Разьбяныя царскія вароты ў выглядзе складанага расліннага ўзору, у які ўплецены разеткі з абразамі, былі заменены паміж 1727 і 1759 гадамі на новыя.

На дыяканскіх варотах, якія добра захаваліся, адлюстраваная стройная постаць арханёла Міхаіла з мячом у руках. Менавіта выявай ягонага вытанчанага твару даследчыкі прэзентавалі вынікі сваіх даследаванняў. 

Познебарочныя царскія вароты са старога іканастаса былі паўторна выкарыстаны ў новым іканастасе. Фота: Wikimedia Commons

Новыя, познебарочныя царскія вароты сярэдзіны XVIII стагоддзя складзены з дзвюх ажурных разьбяных створак у выглядзе пераплеценага лісця аканта. Яны былі перанесены ў іканастас новай царквы, пабудаванай у канцы XIX ст. Новаберазоўскія царскія вароты, відаць, створаны ў той жа майстэрні, што працавала ў прыходзе ў суседніх Чыжах. Царква ў Чыжах згарэла ў 1984 г., але на мясцовых могілках захаваліся вароты XVIII ст., амаль ідэнтычныя новаберазоўскім.

Прарокі Елісей, Данііл, Гедэон, фрагмент прароцкага рада. Фота: Пётр Ямскі.

Даследчыкі звяртаюць увагу на адносна высокі ўзровень выканання асобных абразоў, хаця тут можна вылучыць як мінімум тры манеры. Святыя на абразах мясцовага і апостальскага радоў маюць аднолькавы тып аблічча і, несумненна, выкананы адной рукой, у той час як у прароцкім радзе фігуры досыць каржакаватыя, напісаныя значна больш абагульнена, з выкарыстаннем тоўстага контуру. Аднак, даследчыкі не сумняваюцца, што ўсе яны выкананы адначасова, але калі — дакладна вызначыць пакуль не могуць.

Аналіз жывапісу і арнаменту, на думку спецыялістаў, дазваляе асцярожна выказаць здагадку, што нават калі іканастас не быў створаны адначасова з царквой, то быў створаны ў хуткім часе, у другой-трэцяй чвэрці XVII стагоддзя. Але царскія вароты маглі быць выраблены ўжо ў канцы стагоддзя, каб замяніць старыя, якія, магчыма, прыйшлі ў неналежны стан. Больш дакладна вызначыць час з'яўлення іканастаса дазволяць толькі далейшыя даследаванні. 

«Калі шукаць мастакоў, якія маглі стварыць гэты твор, то праз тое, што бракуе аналагаў, можна меркаваць, што гэты люблінскі кірунак, і кірунак брэст-літоўскі, выключна загадкавы для нас, як і кірунак віленскі. Мы таксама не выключаем, што існавала школа і дзесьці на Падляшшы, майстэрня, якая магла пісаць такога роду абразы ці выконваць драўляны арнамент.

Мы як гісторыкі мастацтва, якія займаюцца гэтай вобласцю, спадзяёмся паступова гэта высветліць. І праз некалькі гадоў, пасля стараннага даследавання кожнага элемента іканастаса мы напэўна будзем ведаць больш. Але ці ўдасца высветліць, хто яго стварыў? Падазраю, што не», — удакладняе Ямскі.

Спроба польскіх навукоўцаў рэканструяваць гістарычнае размяшчэнне частак іканастаса. 

Навукоўцы прызнаюць, што праз свой стан іканастас патрабуе вельмі сур'ёзнай працы па рэстаўрацыі і кансервацыі, на што спатрэбяцца вялікія фінансавыя сродкі. Але яны таксама перакананыя, што гэтыя выдаткі цалкам апраўданыя, улічваючы тое значэнне, якое гэты аб’ект мае для вывучэння гісторыі мастацтва нашага рэгіёна.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • Волат
    25.10.2023
    Калі беларускіх папоў патрэсці, то можа таксама што адшукаецца 
  • ИВАН
    25.10.2023
    Волат,Не знойдзiце вы нiчога, усё яны знiшчылi тыя маскоўскiя папы

Прапагандысты заявілі пра разгром сеткі салідарнасці і арышт яе ўдзельнікаў8

Прапагандысты заявілі пра разгром сеткі салідарнасці і арышт яе ўдзельнікаў

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскі вайсковец, які атрымаў тыдзень адпачынку, сустрэўся з сям'ёй, зарэзаў дачку і пакончыў з сабой8

Муж палітзняволенай журналісткі Слаўнікавай дзякуе Лукашэнку і крытыкуе Ціханоўскую22

Памёр шматгадовы намеснік начальніка міліцыі Салігорска. Яму было 49 гадоў4

22 беларускіх спецыялістаў эвакуявалі з Сірыі2

Расія атакавала Украіну ракетамі: у Кіеве прагрымелі выбухі1

Усіх салдат Асада, якія ўцяклі ў Ірак, аддалі назад новым уладам Сірыі1

Стала вядома пра арышт стэндапера і радыёвядучага Сцяпана Манкевіча3

У Мінску паставілі «чаравікаматы» — што гэта такое і як яны працуюць? 

У Якуцку гарэў ізалятар з вайскоўцамі-дэзерцірамі. Згарэлі пяць чалавек

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапагандысты заявілі пра разгром сеткі салідарнасці і арышт яе ўдзельнікаў8

Прапагандысты заявілі пра разгром сеткі салідарнасці і арышт яе ўдзельнікаў

Галоўнае
Усе навіны →