Свет77

Маск падаў «тэрмаядзерны пазоў» на Media Matters за абвінавачванні ў антысемітызме

Сацыяльная сетка X (былы Twitter) падала ў суд на грамадзянскую групу левага кірунку, якая абвінаваціла платформу ў тым, што яна дазваляе размяшчаць антысеміцкія допісы побач з рэкламай. У пазове Х сцвярджаецца, што арганізацыя Media Matters for America маніпулявала данымі, спрабуючы разбурыць платформу, раней вядомую як Twitter, піша Бі-бі-сі.

Ілан Маск. Фота: Dimitrios Kambouris / Getty Images

Пасля таго як арганізацыя апублікавала свой аналіз, некалькі буйных рэкламадаўцаў часова спынілі размяшчаць рэкламу ў сацсетцы.

У чацвер IBM стала першай кампаніяй, якая вырашыла прыбраць сваю рэкламу з сайта X пасля публікацыі Media Matters, заявіўшы, што з'яўленне яе рэкламы побач з нацысцкім кантэнтам цалкам непрымальнае.

За ёй такое рашэнне прынялі Еўрапейская камісія, Comcast, Apple, Disney, тэлекампанія Paramount і кінастудыя Lionsgate.

Маск прыгразіў судовым пазовам, Media Matters у адказ назвала яго хуліганам.

На мінулым тыдні праваабарончая група заявіла, што рэклама на сайце X з'яўлялася побач з допісамі, якія падтрымліваюць нацызм, напрыклад, з цытатамі Гітлера і адмаўленнем Халакосту.

Акрамя таго, на мінулым тыдні самога Маска абвінавацілі ў тым, што ён спрыяе росту антысемітызму на платформе.

У пазове, пададзеным у панядзелак у Тэхасе, сцвярджаецца: «Media Matters свядома і зламысна спрадукавала выявы, якія паказваюць допісы рэкламадаўцаў у сацыяльнай сетцы X Corp побач з маргінальнымі неанацысцкімі і нацыяналістычнымі матэрыяламі, а затым прадставіла гэтыя вырабленыя выявы так, як быццам гэта менавіта тое, што бачаць на платформе тыповыя карыстальнікі X».

«Media Matters распрацавала як гэтыя выявы, так і сваю медыястратэгію з мэтай адштурхнуць рэкламадаўцаў ад платформы і знішчыць X Corp», — гаворыцца ў пазове.

Кампанія X заявіла ў пазове, што рэклама кампаній Comcast, Oracle і IBM з'яўлялася толькі побач з матэрыяламі Media Matters, і ні з якімі іншымі.

Лінда Якарына, выканаўчая дырэктарка кампаніі X, напісала ў панядзелак: «Ніводны сапраўдны карыстальнік X не бачыў рэкламы IBM, Comcast або Oracle побач са змесцівам, пра які гаворыцца ў артыкуле Media Matters».

У мінулую суботу Маск паабяцаў падаць «тэрмаядзерны пазоў» супраць Media Matters і ўсіх, хто ўдзельнічаў у гэтай «ашуканскай атацы» на кампанію.

У адказ прэзідэнт Media Matters Анджэла Карузоне заявіў, што яны выйграюць любы судовы працэс.

«Маск — далёка не той абаронца свабоды слова, за якога сябе выдае, а хуліган, які пагражае неабгрунтаванымі судовымі пазовамі ў спробе прымусіць замаўчаць звесткі, якія ён нават асабіста назваў дакладнымі», — гаворыцца ў заяве Карузоне.

Заснаваная ў 2004 годзе арганізацыя вядомая сваім крытычным стаўленнем да кансерватыўных медыя.

Media Matters называе сябе некамерцыйным прагрэсіўным даследчым і інфармацыйным цэнтрам, які займаецца ўсебаковым маніторынгам, аналізам і карэкцыяй кансерватыўнай дэзынфармацыі ў амерыканскіх СМІ.

Сутнасць абвінавачванняў

Скандал разгарэўся пасля таго, як Маск публічна падтрымаў допіс аднаго з карыстальнікаў X, які заявіў, у адпаведнасці з вядомай тэорыяй змовы, што габрэйскія супольнасці «распальваюць нянавісць да белых людзей». У сваім каментары пад допісам Маск напісаў: «Наогул ты сказаў праўду».

Маск адказаў твітам, які тлумачыць яго пазіцыю, і абяцаў судзіцца. Ён заявіў, што хоць і горача адстойвае свабоду слова, але антысемітызму не можа быць месца ў яго сацсетцы, і сам абвінаваціў некаторых сваіх крытыкаў у распальванні антысеміцкіх настрояў.

Маск таксама адмаўляе падазрэнні ў тым, што ён прытрымліваецца антысеміцкіх поглядаў, і настойвае, што яго адказ пад скандальным допісам меў іншы сэнс.

У суботу ўвечары Маск апублікаваў твіт, у якім заявіў: «Як я ўжо казаў раней на гэтым тыдні, лозунгі «дэкаланізацыя», «ад ракі да мора» і таму падобныя эўфемізмы абавязкова маюць на ўвазе генацыд».

«Відавочныя заклікі да экстрэмальнага гвалту супярэчаць правілам карыстання нашым сэрвісам і цягнуць за сабой выдаленне», — дадаў ён.

Тым часам генеральны пракурор Тэхаса Кен Пакстан заявіў у панядзелак, што ён пачаў расследаванне ў дачыненні да Media Matters у сувязі з магчымымі ашуканскімі дзеяннямі пасля нападак гэтай арганізацыі на сацсетку X.

Яго офіс апублікаваў заяву, у якой ліберальная група названая радыкальнай арганізацыяй, якая выступае супраць свабоды слова.

Кен Пакстан запэўніў, што грамадскасць не атрымаецца падмануць, як ён сказаў, «інтрыгамі радыкальных левых арганізацый, якія не жадаюць нічога іншага, як абмежаваць свабоду шляхам скарачэння ўдзелу ў грамадскім жыцці».

Каментары7

  • Владислав
    21.11.2023
    Влад,  Лепш бы Ілан Маск абараняў свабоду слова ў Беларусі. За лайкі ў сацыяльных сетках амерыканцаў не кідаюць за краты. 
  • ром
    21.11.2023
    Влад, эх и заминусовали тебя… НН пристанище- лево-правых🤣 это как лукашенка)) они за тех кто им тупо сейчас выгоден)) идейных нет
  • Влад
    21.11.2023
    Владислав, а почему Маск должен делать то что белорусы сами не делают? Кто-то бастует? Как белорусы вредят режиму? Налоги исправно платят? 

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з 4 загінулымі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з 4 загінулымі пад Лідай

Усе навіны →
Усе навіны

Пасля нападу на калону ў Малі загінулі як мінімум шэсць вагнераўцаў1

Як помнікі русіфікуюць Беларусь? Падлікі пра тое, колькі помнікаў прысвечаныя савецкай гісторыі, а колькі — нацыянальнай1

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»35

«У Жодзіне подпісы выпрошваюць нават у царкве». Беларусы расказалі, ці падпісваюцца яны за Лукашэнку2

«Стаіць больш за тры гадзіны без святла і ацяплення». Цягнік Мінск — Гомель спыніўся пасярод свайго шляху

Пуцін заявіў пра пачатак серыйнай вытворчасці «Арэшнікаў»5

ЗША рассакрэцілі даклад аб палітычных забойствах і замахах, якія адбываліся на загад Пуціна2

Іспанія моцна аштрафавала бюджэтныя авіякампаніі за патрабаванні даплачваць за ручную паклажу і выбар месца2

Стась Карпаў пра Каржа: Слухайце: ну, смела!14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з 4 загінулымі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з 4 загінулымі пад Лідай

Галоўнае
Усе навіны →