Беларусь і Расія наклалі вета на абранне Эстоніі старшынёй АБСЕ. Эстонцы заклікаюць не папускаць
У аўторак, 21 лістапада, на пасяджэнні Пастаяннай рады арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), якое прайшло ў Вене, Расія з Беларуссю наклалі вета на зацвярджэнне Эстоніі ў якасці наступнага старшыні АБСЕ ў 2024 годзе, піша ERR на падставе слоў афіцыйнай прадстаўніцы эстонскага МЗС Брэці Сарапуу.
Паколькі рашэнні ў АБСЕ прымаюцца кансэнсусам, абраць Эстонію старшынёй арганізацыі не ўдалося. Адказваючы на пытанне, што будзе далей, Сарапуу прызнала, што сітуацыя няясная.
«Паколькі Эстонія таксама з'яўляецца адзіным кандыдатам ад краін Еўрасаюза, мы абавязкова абмяркуем гэта з іншымі краінамі ЕС», — адзначыла яна.
Чыноўніца таксама паведаміла, што на наступным тыдні ў Скоп'е, сталіцы цяперашняга старшыні АБСЕ Паўночнай Македоніі, адбудзецца сустрэча міністраў замежных спраў АБСЕ, дзе гэтае пытанне, як чакаецца, зноў будзе ўключана ў парадак дня.
Міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна і старшыня камісіі Рыйгікогу (парламента Эстоніі) па замежных справах Марка Міхкельсан у сваіх каментарах падкрэслілі, што АБСЕ не павінна паддавацца ціску Расіі.
«Расія сваімі дзеяннямі блакуе працу ўсёй арганізацыі, паколькі ўжо некалькі гадоў Масква не дазваляе зацвердзіць бюджэт арганізацыі, арганізоўваць афіцыйныя мерапрыемствы АБСЕ, падаўжаць палявыя місіі, а таксама паклала канец усім місіям АБСЕ ва Украіне, якая стала ахвярай расійскай агрэсіі», — заявіў Цахкна ў сваім пісьмовым каментары, у якім назваў дзеянні Расіі вартымі шкадавання.
«Цяпер праз Расію і Беларусь мы знаходзімся ў сітуацыі, калі за паўтара месяца да Новага года АБСЕ не мае пацверджанага старшыні, хоць з 2020 года Эстонія была адзіным кандыдатам Еўрасаюза на гэтую пасаду», — сказаў Цахкна.
«У сітуацыі, калі Расія парушае ўсе асноўныя прынцыпы АБСЕ, ведучы кровапралітную агрэсіўную вайну, недапушчальна падпарадкоўвацца патрабаванням Масквы, у тым ліку жаданню, каб наступны старшыня АБСЕ не быў сябрам НАТА.
Цяпер мы павінны ўсяляк ізаляваць Расію на міжнароднай арэне, а не шукаць пастаноў, якія задавальняюць Маскву», — падкрэсліў кіраўнік эстонскага МЗС.
У сваю чаргу, Марка Мікхельсан адзначыў, што Расія свядома выкарыстоўвае АБСЕ як платформу для разбурэння адзінства Захаду, што з'яўляецца часткай шырэйшай стратэгіі Масквы.
«Яны адчуваюць, што ЗША не могуць адмовіцца ад АБСЕ, і таму аказваюць ціск, блакуючы бюджэт і накладваючы вета на кандыдатуру Эстоніі», — заявіў старшыня знешнепалітычнай камісіі Рыйгікогу.
Тэхнічна магчыма, што Паўночная Македонія працягне выконваць абавязкі старшыні ў наступным годзе, і сама краіна ў прынцыпе пагадзілася на гэта, аднак, калі краіны ЕС і НАТА паддадуцца ціску Расіі, то Масква даможацца вялікай дыпламатычнай перамогі, адзначыў Міхкельсан.
АБСЕ — арганізацыя, створаная пасля Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (СБСЕ), якая пачалася ў 1973 годзе і завяршылася прыняццем Хельсінкскага заключнага акта ў 1975 годзе. Сябрамі арганізацыі з'яўляюцца дэмакратычныя краіны Еўропы, ЗША і Канада, а таксама краіны былога савецкага блока і Савецкага Саюза. Арганізацыя ў асноўным займаецца пытаннямі бяспекі.
Каментары
АБСЕ, як і рэдакцыя НН, не разумее, што гэта не прадстаўнік Беларусі паралізуе працу і накладвае вета (як напісана ў загалоўку), а прадстаўнік рэжыму лукашэнкі. Які з'яўляецца акупантам для нашай краіны. Калі ж ставіцца да ворагу адпаведна, то краіне-агрэсару расіі ўвогуле не месца ў арганізацыі бяспекі - бо гэта агрэсар, які будзе імкнуцца гэтую бяспеку разбурыць, а таму - не мае нічога агульнага з профілем і назвай АБСЕ. А лукашэнкаўскі прадстаўнік - увогуле нікога, акрамя дыктатара, не прадстаўляе. У нас ёсьць абраная Прэзідэнтка і менавіта ейны прадстаўнік мусіць месьціцца пад шыльдай "Беларусь". І данясеньне гэтай думкі, падаецца, павінна быць прыярытэтнай задачай для нашай нацыянальнай медыяпрасторы. Падаецца, пасля усіх падзей падобныя загалоўкі мусяць быць непрымальныя, бо легітымізуюць рэжым і робяць з акупанта "Афіцыйную Беларусь". Але ж чамусьці не...
Жыве Беларусь!
Слава Ўкраіне!