Гісторыя44

Колькі ўласных дыпламатаў знішчылі ў СССР, палюючы на ведзьмаў

Масавыя сталінскія рэпрэсіі закранулі ўсе пласты савецкага грамадства і, вядома, найперш партыйных і дзяржаўных службоўцаў. Не абмінулі яны і дыпламатаў, чыя дзейнасць у непадкантрольным замежжы заўсёды застаецца прадметам асаблівай увагі спецслужбаў таталітарных дзяржаў.

Уручэнне даверчых грамат савецкімі дыпламатамі каралю Італіі ў 1924 годзе. Злева направа: Якаў Янсан, пасол Мікалай Іарданскі, новы палітычны прадстаўнік Канстанцін Юранёў, гандлёвы прадстаўнік Сяргей Гарчакоў. Іарданскі і Гарчакоў памерлі да 1937 года, астатніх расстралялі. Фота: Wikimedia Commons

Калі хваля рэпрэсій пачатку 1930-х гадоў закранула нямногіх дыпламатаў, то да канца дзесяцігоддзя яны набылі масавы характар. 

На працягу 1937-1938 гг. былі арыштаваныя, асуджаныя і расстраляныя многія вядучыя савецкія дыпламаты, у тым ліку тыя, хто меў велізарны досвед працы.

За гады сталінскага тэрору было рэпрэсавана не менш за 150 высокапастаўленых савецкіх дыпламатаў, з якіх больш за сотню былі расстраляныя. Траціну, а дакладней больш за 50 рэпрэсаваных склалі дыпламаты найвышэйшага рангу — паслы і іншыя кіраўнікі дыпламатычных місій. Каля 40 з іх былі расстраляныя, некалькі загінулі ў лагерах ГУЛАГа і толькі адзінкам удалося выжыць. 

Улічваючы, што ў той час падтрымліваліся дыпламатычныя адносіны з 30 краінамі, а агульная колькасць камісарыята налічвала менш за 500 кадравых дыпламатаў, размах рэпрэсій уражвае.

Для многіх з гэтых рэпрэсаваных выкананне абавязкаў пасла СССР было толькі эпізодам іхняй палітычнай кар’еры, «чорны варанок» прыязджаў да іх, калі яны займалі зусім іншыя пасады, часам не звязаныя з дыпламатычнай дзейнасцю. Але не менш часта дыпламата адклікалі ў Маскву, каб адразу арыштаваць, асудзіць і расстраляць. 

Савецкімі органамі была знішчана большасць паслоў і часовых павераных, які працавалі ў суседніх краінах, на падпарадкаванне якіх сабе разлічваў СССР.

Былі расстраляныя 10 з 16 дыппрадстаўнікоў у Літве (яшчэ пра аднаго нічога невядома), 9 з 13 дыппрадстаўнікоў у Латвіі, 8 з 12 дыппрадстаўнікоў у Эстоніі, 6 з 10 дыппрадстаўнікоў у Польшчы — усе па абвінавачванні ў шпіянажы ці контррэвалюцыйнай дзейнасці. 

Масавымі расстрэламі адзначыўся іншы фронт «сусветнай пралетарскай рэвалюцыі». У сярэдзіне 1936 года ў выніку палітычнага крызісу ў Іспаніі вайскоўцы паднялі паўстанне супраць «чырвонай пагрозы», якая вылілася ў крывавую грамадзянскую вайну. На баку рэспубліканскіх сіл у барацьбу ўмяшаўся Савецкі Саюз. 

У гэты ж час, пасля трохгадовага перапынку, паўнамоцным прадстаўніком СССР у Іспаніі быў прызначаны Марсель Розенберг. Ён арганізаваў аперацыю па вывазе ў Савецкі Саюз залатога запасу Іспаніі. Праз паўгода яго паставілі на пасаду ў Грузінскай ССР, а ў канцы 1937 года гэты дзеяч быў арыштаваны па абвінавачанні ў шпіянажы і расстраляны за подпісамі Сталіна, Молатава, Варашылава і Жданава ў красавіку 1938 года. 

Паўгода ў Іспаніі папрацаваў і ягоны наступнік Леанід Гайкіс. У чэрвені 1937 года яго адклікалі ў Маскву «для кансультацый», а пасля ён быў арыштаваны за ўдзел у контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі і расстраляны. 

Апошнім савецкім прадстаўніком быў Сяргей Марчанка. Ужо ў пачатку 1939 года рэспубліканскія сілы былі разгромленыя, у Іспаніі ўсталявалася дыктатура Франка. Ні пра якія дыпламатычныя зносіны новых уладаў з СССР не магло быць і гаворкі. Адразу па вяртанні Марчанка быў арыштаваны, таксама абвінавачаны ва ўдзеле ў контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі. Праўда, прысуд і расстрэл адбыліся толькі ў ліпені 1941 года.

Генеральны консул СССР Уладзімір Антонаў-Аўсеенка ў Барселоне. 1936 год

У значнай ступені пад чысткі і рэпрэсіі трапілі так званыя дыпламаты ленінскай школы, большая частка якіх загінула.

У гісторыі з іспанскай авантурай паказальны прыклад дыпламата Уладзіміра Антонава-Аўсеенкі, які ў 1917 годзе рыхтаваў штурм Зімняга палаца і арыштаваў міністраў Часовага ўрада.

З 1936 года ён быў прызначаным генеральным консулам у Барселоне, апірышчы рэспубліканцаў і буйным порце, праз які праходзіла большасць вайсковых грузаў для іспанскіх камуністаў. Ён таксама дапамагаў рэспубліканскім войскам як вайсковы дарадца, маючы за плячыма досвед Грамадзянскай вайны ў Расіі. Але ў канцы 1937 года Антонаў-Аўсеенка быў выкліканы ў СССР, дзе арыштаваны і расстраляны як член трацкісцкай тэрарыстычнай і шпіёнскай арганізацыі.

Такім чынам былі знішчаны ўсе савецкія паслы, якія бралі ўдзел у барацьбе за захаванне лева-сацыялістычнай рэспублікі ў Іспаніі і за замацаванне савецкага ўплыву на рэгіён.

Тое ж сама адбывалася і з пасламі на іншым важным кірунку еўрапейскай барацьбы — у Германіі. Першы савецкі пасол Мікалай Красцінскі пасля 1930 года працаваў у Наркамаце замежных спраў і нават прымаў на захаванне тое самае іспанскае золата. У 1937 годзе арыштаваны за сувязі з германскай разведкай і падрыхтоўку тэрарыстычных актаў супраць кіраўніцтва партыі і расстраляны.

Ягоны наступнік у 1930-1934 гады Леў Хінчук расстраляны на год пазней за контррэвалюцыйную і тэрарыстычную дзейнасць. Некалькі месяцаў у 1937 годзе прабыў паслом у Германіі прафесійны дыпламат Канстанцін Юранёў перад арыштам і расстрэлам за шпіянаж.

Падпісанне дагавора аб ненападзе паміж Германіяй і Савецкім Саюзам. 1939 год. Фота: Wikimedia Commons

Цікава, што пасла Аляксея Меракалава, які паведаміў пра тое, што Германія рана ці позна нападзе і на СССР, звольнілі 2 верасня 1939 года, на другі дзень Другой сусветнай вайны, але не рэпрэсавалі.

Не рэпрэсавалі і апошняга перадваеннага пасла ў Германіі Уладзіміра Дзеканозава, які заспеў напад на СССР у Берліне. Але сваю кулю ў патыліцу ён усё ж атрымаў пасля смерці Сталіна як «член банды Берыі».

Апошні перадваенны пасол СССР у Германіі Уладзімір Дзеканозаў выходзіць у Двор Гонару з Рэхсканцылярыі. У сталінскія часы пасла не рэпрэсавалі, але забілі пасля смерці Сталіна. Фота: feldgrau.info

Некаторыя дыпламаты, якія знаходзіліся за мяжой, асцерагаючыся немінучага арышту, сталі невяртанцамі. Цікавы лёс першага савецкага дыпламатычнага прадстаўніка ў Латвіі Адама Сямашкі. Ён паходзіў з беларускага шляхецкага роду, які жыў у Віленскай губерні. Само паходжанне пагражала ягонаму жыццю. Тым не менш ён пабудаваў кар’еру ў савецкай сістэме і з пачатку 1923 года прадстаўляў інтарэсы СССР у Рызе.

Праз паўгода яго выклікалі ў Маскву, але ён адмовіўся вярнуцца і выехаў у Бразілію. Там хутка засумаваў ад мяшчанскага жыцця і ўжо ў 1927 годзе вярнуўся ў СССР — адразу ў турму АДПУ, пасля на Салаўкі, а адтуль у расстрэльную яму. 

Пасол Сяргей Александроўскі (за Сталіным) перажыў рэпрэсіі, але стаў «шпіёнам» у час вайны. Фота: Радыё Свабода

Яшчэ адзін былы пасол у Літве, Сяргей Александроўскі, змагаўся з нацыстамі ў апалчэнні пад Масквой, дзе трапіў у палон, але здолеў уцячы. Апошнія гады вайны прабыў пад арыштам і быў расстраляны ў жніўні 1945 года за нібыта шпіянаж на карысць Германіі.

Найдаўжэй жылі савецкія дыпламатычныя прадстаўнікі пры вялікіх дзяржавах. Тут ролю адыгрывала і тое, што туды прызначаліся спецыялісты найвышэйшага гатунку, колькасць якіх была абмежаваная, і тое, што савецкае кіраўніцтва хацела захоўваць твар перад гэтымі дзяржавамі і мець падтрымку сярод мясцовых левых палітычных сіл.

У гэтым плане паказальна, што з паслоў у ЗША на расстрэльны палігон трапіў толькі Барыс Сквірскі. Відаць, становішча на тым ідэалагічным фронце ў савецкай дзяржавы заставалася вельмі хісткім, а кавалак занадта спакуслівы і сімвалічны, каб падрываць свой аўтарытэт гучным скандалам з гібеллю паслоў. 

23 ліпеня 1939 года сход Наркамата замежных спраў прыняў рэзалюцыю, у якой адзначалася, што за кароткі прамежак часу была праведзена велізарная праца па ачышчэнні ведамства ад «непрыдатных, сумнеўных і варожых элементаў».

Пасол Барыс Сквірскі з наркамам Максімам Літвінавым. Фота: Military Review

Асабліва цяжкія страты панеслі пасольствы ў Кітаі, Манголіі, Фінляндыі, Латвіі, Літве, Польшчы, Чэхаславакіі, Балгарыі. Агулам за 1930-я гады расстралялі 31 дыпламатычнага прадстаўніка СССР, яшчэ 10 — у 1940-я. 

Вакансіі ў Цэнтральным апараце і замежных прадстаўніцтвах не запаўняліся на працягу доўгага часу. Да пачатку 1939 года без паслоў заставаліся прадстаўніцтвы ў ЗША, Японіі, Польшчы, Румыніі, Іспаніі, Літве, Даніі, Венгрыі, Балгарыі.

Наркам замежных спраў Максім Літвінаў адкрыта пісаў Сталіну, прадчуваючы хуткі пачатак сусветнай вайны, што перад абліччам грозных падзей савецкая дзяржава рызыкуе застацца без замежнага апарата, пасля чаго страціў сваю пасаду. 

Даследчыкі лічаць, што многія няўдачы савецкай знешняй палітыкі былі абумоўленыя «абяскроўленасцю» дыпламатычнага ведамства праз рэпрэсіі. Сёння ў Беларусі вырашылі прайсці тым жа шляхам, спадзеючыся атрымаць нейкі іншы вынік для сябе. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары4

  • Шклярский
    28.06.2024
    Дело журнала Огонёк продолжается… Ни ума, ни фантазии.
  • Рахметов
    28.06.2024
    Шклярский, тоже заметил этот облыжный антисоветский с русофобской прокладкой пафос. Горбатого только могила исправит.
  • Крокодилова слеза
    29.06.2024
    Плакаль за Сидоренко за Макея

    Бедные дипломаты

    Проданные души

    В аду корчатся наверное. А что все так за дипломатов переживают? Одним больше одним меньше

Байдэн выходзіць з прэзідэнцкай гонкі46

Байдэн выходзіць з прэзідэнцкай гонкі

Усе навіны →
Усе навіны

Прарасійская актывістка абурылася, што не можа апублікаваць фота з бел-чырвона-белым сцягам5

На Растоўскай АЭС адбыўся выбух і Расію накрыла хваля радыяцыі? Паспрабавалі разабрацца1

Іван Краўцоў трэці раз запар стаў сакратаром Каардынацыйнай рады40

Следам за краснадарцамі выйшлі патрабаваць электрычнасці і жыхары Анапы1

«25 літраў за 2 гадзіны». Грыбныя трафеі з лясоў сталі больш разнастайнымі3

«Мінскія Патрыкі? Не, Бікіні Ботам». Найлепшыя твіты тыдня4

З'явілася ФОТА з суда над Рыка Крыгерам

Замест СМС — выццё сірэн. МНС хоча памяняць сістэму апавяшчэння падчас непагадзі2

Олаф Шольц дагэтуль глядзіць лямпавы тэлевізар6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Байдэн выходзіць з прэзідэнцкай гонкі46

Байдэн выходзіць з прэзідэнцкай гонкі

Галоўнае
Усе навіны →