Вайна33

«Панічна баялася ехаць у Беларусь». Сястра ўкраінскага падлетка, якога вывезлі ў Расію, расказала, як вярнула брата на радзіму

Багдан Ярмохін — украінскі падлетак-сірата, якога расійскія вайскоўцы вывезлі з Марыупаля. Хлопца аддалі ў прыёмную сям’ю ў Маскве, а перад 18-годдзем уручылі позву ў ваенкамат. Праваабаронцы баяліся, што хлопца адправяць на фронт. Цудам Багдана ўдалося вярнуць ва Украіну. Праз Беларусь яго вывозіла стрыечная сястра Валерыя Ярмохіна. Пра тое, як усё адбывалася, дзяўчына распавяла «Нашай Ніве».

Багдан і Валерыя пасля перасячэння беларуска-ўкраінскай мяжы. Фота: інстаграм адвакаткі Кацярыны Баброўскай

Багдан стаў сіратой, яшчэ калі яму было восем гадоў. Яго стрыечная сястра Валерыя (таты дзяцей — родныя браты) у той час таксама была занадта юнай для таго, каб аформіць апеку. Дзяўчыне было 16 гадоў. Потым Валерыя з’ехала з роднага Марыупаля вучыцца ў Адэсу.

«Спачатку Багдан жыў у прыёмнай сям’і, потым — у дзіцячым доме сямейнага тыпу, — распавяла Валерыя. — Якраз перад пачаткам вайны брат хацеў прыехаць да мяне ў Адэсу, але не выйшла. Дзесьці ў красавіку 2022 года — Багдан кажа, што гэта адбылося каля Вялікадня — яго разам з тымі бацькамі і іншымі дзецьмі з таго дзіцячага дома сямейнага тыпу расійскія вайскоўцы вывезлі ў акупаваны Данецк. Ім абяцалі, што яны змогуць вярнуцца ў Марыупаль, калі там скончыцца «зачыстка» — так вайскоўцы казалі пра тое, што адбывалася з горадам».

Валерыя разам са сваім маленькім дзіцём пасля трох тыдняў вайны эвакуіравалася ў Турцыю.

Час ішоў, і расійскія ўлады прапанавалі вывезеным дзецям адпачыць у падмаскоўным санаторыі «Паляны» для псіхалагічнай рэабілітацыі. І дзеці паехалі — бо шчыра верылі, што потым ім удасца вярнуцца ў Марыупаль. А эмацыйнае становішча сапраўды было цяжкім. Валерыя кажа, што ніякіх дакументаў у Багдана з сабой не было.

«Мы з братам маглі толькі перапісвацца ў інстаграме, — адзначае Валерыя. — Ён адказваў заўсёды аднаскладова. Таму я ўсім казала, што ў мяне такое ўражанне, што Багдан знаходзіцца ў небяспецы. Імкнуліся не гаварыць на нейкія цяжкія тэмы. Мне было вельмі цяжка стрымліваць сябе і не пісаць пра ўсё тое, што я адчуваю з-за расійскай агрэсіі. Але ж, што было рабіць».

Пасля адпачынку ў санаторыі высветлілася, што вяртаць дзяцей ва Украіну ніхто не спяшаецца.

«Шчыра кажучы, я не ведаю ўсіх падрабязнасцей таго, што адбывалася. Я так зразумела, што Марыя Львова-Бялова, упаўнаважаная па абароне правоў дзяцей у Расійскай Федэрацыі, пачала размяркоўваць дзяцей па прыёмных сем’ях».

У 2023 годзе міжнародны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт Львовай-Бяловай — яе абвінавачваюць у незаконным перамяшчэнні дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расію. Сабе ў сям’ю Львова-Бялова таксама забрала падлетка-сірату з Марыупаля, якога завуць Філіп Галаўня — яго цяпер часта выкарыстоўваюць у прапагандысцкіх сюжэтах, каб паказаць, як украінскія дзеці любяць Расію.

Багдан жа апынуўся ў сям’і даволі вядомай у Расіі актывісткі Ірыны Рудніцкай, пра якую СМІ часта пішуць, што яна — паплечніца Львовай-Бяловай. Але Валерыя з павагай называе жанчыну Ірынай Львоўнай і кажа, што тая заўсёды была на баку Багдана і выступала за тое, каб хлопцу дазволілі вярнуцца на радзіму.

«Для мяне было ўвогуле дзіўна, што Ірына Рудніцкая падтрымлівала нас у гэтай сітуацыі. Я памятаю, яна арганізавала для мяне анлайн-дыялог з Таццянай Мікалаеўнай Маскальковай, упаўнаважанай па правах чалавека ў Расійскай Федэрацыі (Маскалькова нарадзілася ў Віцебску. — НН). Ірына Львоўна набрала мяне па відэасувязі, калі была ў кабінеце ў Маскальковай. Тая спытала ў мяне, ці сапраўды я хачу забраць брата. Я адказала: «Так». Тады Таццяна Мікалаеўна сказала, што зробіць усё магчымае для таго, каб вярнуць Багдана».

Валерыя кажа, што ёй было складана аформіць апеку над братам з-за былога мужа.

«Ва Украіне — я думаю, што і ў Беларусі прыкладна такая ж сітуацыя, — каб узяць дзіця пад апеку, трэба пісьмовая згода мужа і жонкі. А мы з мужам на той момант ужо некалькі гадоў не бачылі адно аднаго — з 2020 года ніяк не камунікавалі. Таму аформіць апеку над Багданам я змагла толькі пасля цяжкага працэсу разводу. У нас жа яшчэ маленькае дзіця — з-за гэтага ўсё адбывалася не вельмі хутка».

Але і пасля таго, як Валерыя афіцыйна стала апекуном стрыечнага брата, забраць яго з Расіі не атрымлівалася. Дапамагаць ім вырашыць пытанне стала ўкраінская адвакатка Кацярына Баброўская. Яна займалася справай Багдана і іншых дзяцей з так званага «спісу 31» — сірот, якіх вывезлі з Марыупаля ў Расію.

Багдан двойчы спрабаваў збегчы ва Украіну, але яго кожны раз лавілі — адбывалася гэта недзе каля беларускай мяжы.

«Разумееце, ён жа дзіця, яму хацелася як мага хутчэй апынуцца на радзіме, — кажа Валерыя. — У брата быў цяжкі эмацыйны стан. У каледжы яго цкавалі іншыя падлеткі — за тое, што ён сірата, што ён «хахол». Але ж ён не мог суткамі знаходзіцца дома побач з прыёмнай мамай. А соцыум вельмі ціснуў на Багдана».

Першая спроба адбылася ў сакавіку 2023 года. Пра гэта адвакатка Кацярына Баброўская распавядала ў інтэрв’ю «Новай газеце»:

«Ён увесь час мне казаў, што хоча дадому, ва Украіну. У сярэдзіне сакавіка мы абмяркоўвалі, як будзем гэта рабіць. Але ў нейкі момант ён мне патэлефанаваў ужо ў дарозе і сказаў: «Каць, я еду. Без дакументаў». Я ўскочыла ў машыну і панеслася да яго з боку Нямеччыны. Усе яго дакументы былі ў мяне на руках, пашпарт, даверанасці — усё, што патрабуецца для перамяшчэння дзіцяці…»

Як сцвярджае «Новая газета», Багдана і Кацярыну затрымалі ў Беларусі прыкладна адначасова: яе ў заходняй частцы Беларусі, яго — ва ўсходняй. Пра дэталі таго затрымання Кацярына не стала распавядаць журналістам. Валерыя кажа, што адвакатку вельмі доўга дапытвалі і прыём быў даволі нядобры, але на суткі адпраўляць не сталі і дазволілі вярнуцца ў Еўрасаюз.

Расійскія прапагандысты ў гэты час расказвалі, быццам бы хлопец стаў ахвярай украінскіх спецслужбаў, якія падманам і шантажом паспрабавалі выманіць яго на радзіму. Багдан жа запісваў відэазвароты да прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага з просьбай дапамагчы вярнуцца ва Украіну.

Амаль за два тыдні да свайго васямнаццатага дня нараджэння Багдан атрымаў позву ў ваенкамат на 19 лістапада 2023 года. У сацсетках адвакатка пісала, што Багдана сапраўды могуць адправіць у расійскую армію.

10 лістапада Львова-Бялова ўсё ж такі афіцыйна паведаміла пра тое, што Багдана вернуць. Хлопец напісаў адмову ад таго, каб яму здалі на спецыяльных умовах кватэру ў Маскоўскай вобласці.

Але яшчэ 13 лістапада Багдан казаў у сацсетках, што не ведае нічога пра свой ад’езд і патрабаваў паведаміць яму дэталі. Валерыя кажа, што таксама мала што ведала:

«Для мяне ўсё было максімальна незразумела. Казалі толькі, што сустрэча з Багданам адбудзецца недзе на тэрыторыі трэцяй краіны. Літаральна за некалькі дзён мне сказалі, што трэба будзе ехаць у Мінск. Я вельмі баялася ехаць у Беларусь. Ведаеце… У мяне адзін дзядуля пахаваны ў Беларусі: і ўвогуле я добра стаўлюся да гэтай краіны, але ў той сітуацыі, якая склалася цяпер… Для мяне Беларусь была такой самай краінай-агрэсарам, як і Расія.

Вось шчыра: для мяне яна не з’яўлялася «трэцяй краінай». Вобразна кажучы, Беларусь за руку з Расіяй ходзіць». 

У Беларусь з тэрыторыі Украіны Валерыя трапіла праз наземную мяжу. Дзяўчыне падалося, што памежны кантроль быў больш жорсткім, чым звычайна. Але яна дадае: «Можа, для Беларусі гэта звычайная працэдура».

На беларускім баку дзяўчыну сустракалі жанчына з Чырвонага Крыжа, украінскі консул і прадстаўнікі Дзіцячага фонду ААН. Далей яна паехала ў беларускую сталіцу, дзе некалькі гадзін чакала брата ў гатэлі.

«Мы засталіся пераначаваць у Мінску. Але горада я не бачыла. Не, не падумайце, што мне забаранялі кудысьці хадзіць. Але я сама вельмі хвалявалася і баялася, мяне ўсю трэсла. Ніяк не магла паверыць у тое, што сапраўды пабачу Багдана. Столькі ж усяго было да гэтага моманту — і позва гэтая ў ваенкамат, і ў бальніцу яго раптоўна хацелі пакласці невядома навошта. Цягнулі час як толькі магчыма».

Багдана суправаджалі прадстаўнікі Расіі. Яны непрыемна ўразілі Валерыю.

«Калі мы стаялі ў гатэлі на рэсэпшыне, яны павіншавалі брата з днём нараджэння і папрасілі зрабіць з ім фота. Казалі, быццам бы гэта патрэбна толькі для нейкай іх унутранай справаздачы і абяцалі, што фота нікуды не пойдуць далей. Але, вядома, здымак апублікавалі розныя расійскія СМІ з аповедам пра тое, як быццам бы Расія дапамагае ўкраінскім дзецям вярнуцца на радзіму. Цяпер я нават не крыўджуся на тое, што тыя людзі так сябе павялі. Дзякуй ім за тое, што вярнулі ўсё ж Багдана».

Ніхто з беларускіх уладаў з Ярмохінымі не сустракаўся, беларускія прапагандысты таксама не сталі распавядаць пра гэту гісторыю.

Багдан Ярмохін са стрыечнай сястрою Валерыяй ва Украіне. Фота: ermaka2022 / Telegram

У дзень свайго васямнаццацігоддзя — 19 лістапада — Багдан нарэшце перасек мяжу Украіны.

Ëн займаецца музыкай — слухачам хлопец вядомы пад псеўданімам Dispo. Нядаўна прэзентаваў свой трэк «Батьківщина в мережі». У сторыс хлопец распавядае пра збор грошай для ЗСУ.

Валерыя кажа, што ўсе імкнуцца не турбаваць Багдана, каб даць яму магчымасць ачуцца.

 Чытайце таксама:

Падлетак з Марыупаля, якога вывезлі з Расіі і хацелі забраць у расійскае войска, вярнуўся дадому

Украінскі падлетак, якога вывезлі з Марыупаля і хацелі прызваць у расійскае войска, знаходзіцца ў Беларусі

Падлетка, вывезенага ў Расію з Марыупаля, спынілі на мяжы з Беларуссю. Ён спрабаваў вярнуцца ва Украіну

Каментары3

  • Чаркашкварка
    28.11.2023
    Беларусь нажаль пад расейскай лукафашысцкай акупацыяй.
  • барадзед
    28.11.2023
    там беларускі сцяг на фотцы? прыемна бачыць, тым больш у фінале такой гісторыі на канале афіцыйнай асобы
  • ;)
    28.11.2023
    Цікава пра які тама Швед распавядае генацыд? Можыт іво атправіць у каторы Ізраіль распавядаць пра Халакост на нямецкай мове перад ЦАХАЛ? Ну а беларусам і так сайдзе, падумаеш Сталін замардаваў суседа, зато ціпер хітразачосаны анафемы міняіць ат Гітлера да Сталіна і смотрыць дзе дзенег больш садраць можна. Вот напрымер васямнадцаты дзікрэт, шо думаеце калі быўшая на алікі не падала і вас пранясло? ))) чытайце ўнімацельна, так як на дзіцей ў Сонцападобнай даўно похер, за жонку выступіць судовы выканаўца і падасьць за іё на алікі і будзеце ці пад Магілёвам на Слаўгарадскім шассе адпрацоўваць ці Колянькі на новы сіместр на пякінскую вутку заплаціце. І ента ішчо лутшэ чым з аўтаматам бегаць. Січас та не да законаў, ента беларус ні можэт пасля развода з дзіцём сустрэцца, а Усявідзячы Сонцападабны па хер яго ведае якой традыцыі жывець дзе матка Коляньку ня бачыць ))) ну а калабаранцікі зьлёзкі льлюць ды на аліменцікі за Колю зьбіраюць, така сэля ві ў дупалізаў.

Трамп пажартаваў, што гатовы балатавацца на трэці прэзідэнцкі тэрмін, калі амерыканцы скажуць «Нада!»8

Трамп пажартаваў, што гатовы балатавацца на трэці прэзідэнцкі тэрмін, калі амерыканцы скажуць «Нада!»

Усе навіны →
Усе навіны

Алексіевіч пра маршы пратэсту: Цяпер было б больш жорстка, была б кроў. А тады мы думалі, што гэта свята24

Трамп абвясціў імя свайго дарадцы па нацбяспецы11

Атрад беларускіх добраахвотнікаў «Тэрор» заявіў пра самароспуск9

У Абхазіі пасля пратэстаў і перакрыцця мастоў адпусцілі з-пад варты апазіцыянераў

Слюнькін: Адным толькі вызваленнем палітвязняў Лукашэнка Трампа не зацікавіць3

Сын Трампа многае вырашае. Вось як тлумачаць нявыбар Пампеа21

«Мы — надзейны тыл». Кандыдат-спойлер Чамаданава знялася з выбараў30

Прастуда без тэмпературы — добра ці дрэнна?2

Прэс-сакратарка партыі Трампа мае беларускія карані ФОТЫ21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп пажартаваў, што гатовы балатавацца на трэці прэзідэнцкі тэрмін, калі амерыканцы скажуць «Нада!»8

Трамп пажартаваў, што гатовы балатавацца на трэці прэзідэнцкі тэрмін, калі амерыканцы скажуць «Нада!»

Галоўнае
Усе навіны →