Усяго патроху77

«Апавядаць пра Беларусь — частка нашага сэрвісу». Сёстры-беларускі жывуць у Бразіліі і робяць тату з нацыянальным арнаментам

Блізняты Даша і Дзіна ў 2020 годзе паехалі вучыцца ў Варшаву на праграмістак. У 2023-м яны вандруюць па краінах Паўднёвай Амерыкі і зарабляюць на жыццё зусім не ў ІТ. «Радыё Свабода» распавядае пра шлях з беларускім кодам.

Сёстры Даша і Дзіна. Фота з асабістага архіва гераінь артыкула

Блізняты Дзіна і Даша нарадзіліся ў Мінску. Але прызнаюцца, што іх заўсёды цягнула ў вёску ў Нараўлянскім раёне, дзе яны бавілі лета. Калі бацькі забіралі малых з вакацыяў, сёстры былі проста ў шоку і не хацелі вяртацца ў горад! А маці казала ім, што пасля вёскі абедзве пачынаюць размаўляць на трасянцы.

Шаптуха з Палесся

Прабабуля блізнят таксама жыла на Палессі і была шаптухай. Дзяўчаты расказваюць, што іх адначасова і вабіла прабабуля, і трохі палохала.

«Яна любіла самотнасць і самастойнасць. Збірала і варыла нейкія зёлкі, шаптала людзей», — згадвае Даша.

Сёстры кажуць, што іхнія бабуля і дзядуля былі больш зямнымі — конь, свінні, куры, гарод, пчолы.

Жыць у вёсцы Дзіна і Даша марылі і тады, калі падраслі. Зараз іхная мара спраўдзілася, блізняты насамрэч пасяліліся ў вёсцы. Але не на Палессі, а за акіянам, у Бразіліі.

Варшава, Лісабон і пералёт за акіян

З Мінска замест Палесся беларускі пераехалі ў Польшчу. Дар’і і Дзіне тады было па 18.

«Паступілі вучыцца ў Варшаву. Гэта быў 2019 год. У 2020-м здарылася пандэмія. Мы, як і многія, мусілі вярнуцца ў Беларусь. Але пасля працягнулі вучобу», — згадвае Даша.

У сталіцы Польшчы беларускі жылі «нармальным жыццём». Але, як кажуць сёстры, адчувалі, што не пасуюць да такой рэальнасці. Што такога ладу жыцця, які ім паказваюць і навязваюць з дзяцінства, не адчуваюць сэрцам.

У выніку сёстры забралі дакументы з універсітэта і вырашылі падарожнічаць. Спачатку паехалі ў Гданьск. Згадваюць, што на халодным моры іх здзімала з пляжа, а па шчоках беглі слёзы.

«Мора, вазьмі нас да вялікай вады! — крычалі мы са скалы. Мы сядзелі і плакалі ў снег, казалі: Сусвет, дапамажы, што нам рабіць далей?», — кажа Даша.

Пазней беларускі апынуліся ў Лісабоне, адкуль паляцелі ў Бразілію, дзе жыў іхні сябра. Ён вывучаў мясцовыя плямёны, арганізоўваў туры для расейскамоўных турыстаў. Сёстры «адчулі моцны душэўны водгук» і вырашылі далучыцца да яго ў якасці валанцёрак.

«Мы прыляцелі — і пачалася магія. Калі мы толькі ступілі на бразільскую зямлю, то адчулі, што перамясціліся праз партал у іншы свет. І няма шляху назад. Ты нібыта стаіш на краі прорвы і дазваляеш сабе зваліцца, хоць і не ведаеш — дзе прызямлішся. Але ты ведаеш, што робіш правільна, бо пайшоў за сваім сэрцам», — тлумачыць Даша.

З аэрапорта да «месца прызначэння» беларускі ехалі на аўтобусе 52 гадзіны. Іх чакалі сябры, якія абяцалі сюрпрыз.

«Мы думалі, што гэта будзе душ і гатэль. Але нас адвезлі да акіяна, які мы бачылі ўпершыню. Потым — у лес, дзе нам далі дыванкі і мы ўпершыню ўдзельнічалі ў старадаўняй шаманскай цырымоніі аяваска, звязанай з ужываннем адвару з «чароўных траваў». Мы былі ў стане поўнай унутранай цішыні. Проста прымаеш усё, што адбываецца, і плывеш за вадой», — кажа Даша.

«Мы хочам застацца ў Бразіліі»

У кампаніі сяброў блізняты працавалі шэсць месяцаў. Правялі шмат цырымоній для турыстаў, якіх вазілі ў джунглі. Часам, каб дабрацца да пэўнага месца, турыстаў везлі на чоўне некалькі дзён. Наведвалі розныя плямёны, удзельнічалі ў цырымоніі з мясцовымі шаманамі.

Пасля завяршэння турыстычнага сезона і даследніцкага праекта сяброў у беларусак скончыўся шасцімесячны тэрмін легальнага знаходжання ў краіне. Іншыя ўдзельнікі праекта вярнуліся ў Еўропу.

«А нам не было куды вяртацца. Мы паехалі ў Перу. Але яшчэ да паездкі туды пачалі займацца татуяваннем. Прычым набівалі не проста «карцінкі з інтэрнэту» — мы рабілі тату з беларускай сімволікай», — кажа Даша.

Пасля Перу беларускі вярнуліся ў Бразілію, дзе вырашылі застацца на сталае жыхарства. Для гэтага прыйшлося прасіць прытулак і ісці ў паліцыю.

«Мы ходзім босыя, у такіх самаробных сукенках, падобных да манаскага адзення. І ў такім выглядзе і заваліліся ў паліцыю. Кажам: «Як нам застацца ў вас, мы не хочам назад!». Трохі расказалі, што робіцца і ў нашай Беларусі, і наогул на кантыненце», — згадвае беларуска.

Сёстрам дазволілі застацца ў Бразіліі на два гады. Цяпер беларускі жывуць у вёсцы ў гарах, у нацыянальным парку Chapada Diamantina.

Практыкаванні на бананах

Са словаў Дзіны і Дашы, Бразілія — адна з самых «татуяваных» краін у свеце. На адной шаманскай цырымоніі сёстры ўбачылі жанчыну, цела якой было пакрыта малюнкамі. А назаўтра сустрэлі ў гатэлі хлопца-бразільца, які займаўся тату і меў пры сабе неабходнае абсталяванне. Беларускі пазычылі ў яго некалькі іголак.

«І пачалі татуяваць бананы. Але наш новы сябар сказаў: «Для чаго вам татуяваць бананы? Вось я маю вольную, чыстую нагу. І хачу мець татуіроўку ад блізнят з Беларусі», — кажа Даша.

Яна дадае, што на той час сёстры жылі ў рыбацкай вёсцы на беразе акіяна, дзе бялявых дзяўчат з блакітнымі вачамі мясцовыя ўспрымалі як іншапланетных істот, якія прыносяць шчасце.

«Яны думалі, што мы нерэальныя, прасілі дакрануцца да нас. Мы пачалі іх татуяваць, гэта як пазначаць кодамі племя», — кажа Даша.

Адначасова з навукай татуявання беларускі вывучалі свае нацыянальныя беларускія сімвалы, вышыванкі, узоры слуцкіх паясоў, казкі, легенды і міфы.

«Шмат нам не давялося вучыцца. Мы проста згадалі тое, што было «ўжыўлена» ў нашым ДНК. Калі ты ідзеш за сэрцам, то Сусвет дапамагае табе», — упэўненыя беларускі.

Беларускія коды

Даша кажа, што тату — гэта не толькі прыгожыя карцінкі на целе, а старадаўняе мастацтва, глыбокі рытуал, які цяпер страчаны.

«Мы не робім дызайну сваіх тату. Мы праводзім рытуал, на цэлы дзень. Людзі нам апавядаюць гісторыю свайго жыцця і тое, чаго яны хочуць ад жыцця. Мы вядзём іх у медытацыю, каб яны злучыліся са сваім сэрцам і запрасілі тыя энергіі, якія ім патрэбныя. Мы пачынаем маляваць на целе і ўжо ведаем, што трэба гэтаму чалавеку. Калі мы з Дзінай малюем удваіх, у нас атрымліваецца больш гарманічна. Напрыклад, адначасова маляваць на дзвюх руках ці нагах», — кажа беларуска.

Са словаў блізнятаў, разам з татуіроўкай яны даюць людзям своеасаблівую «інструкцыю» — як ёю карыстацца. Там змешчаныя значэнні пэўных сімвалаў.

«Мы просім перачытваць гэта раз на месяц. Татуіроўка як інструмент не працуе аўтаматычна і назаўсёды, сама па сабе. Трэба навучыцца ёю карыстацца. Гэта як кожная практыка. Напрыклад, аднойчы сфармаваў прэс — і больш можна да яго не вяртацца, але гэта ж не так», — кажа беларуска.

Дзіна і Даша кажуць, што спачатку на іх працавалі пагалоскі, потым — Іnstagram. Хоць Даша прызнаецца, што сёстры не любяць трымаць у руках тэлефон, тым больш у атачэнні неймаверна прыгожых краявідаў.

«Мы «пазначаем» людзей з нашага племені. Мы з розных народаў і расаў, але ў нашым ДНК ёсць веды і коды кожнай чалавечай расы. Бразільцы больш агністыя, беларусы — больш зямля і вада. І гэтае спалучэнне, гэты энергетычны баланс дазваляе «агністым» бразільцам зазямліцца. Раней татуяванне было такім рытуалам, які варта было заслужыць, і кожны сімвал меў значэнне. Напрыклад, паляўнічы атрымліваў татуіроўку за першую здабычу. І таму калі ты набіваеш татуіроўку, ты нібыта зараджаеш акумулятар, энергія з якога вернецца табе, калі ты яе паклічаш», — тлумачыць Даша.

Яна кажа, што яшчэ тры гады таму думкі пра жыццё ў бразільскай вёсцы на беразе акіяна гучалі б для сёстраў як прыгожая казка. Цяпер жа гэта для іх рэальнасць.

Заробкаў з тату сёстрам хапае на жыццё. Раней яны падпрацоўвалі ў розных сферах, цяпер жа прынцыпова адмовіліся ад гэтага.

«Гэта пытанне ўвагі і энергіі. Калі ты распыляешся на розныя бакі і мазгі кажуць: «трэба падстрахоўка», то ты не там і не там, ты «сяк-так». Няма канкрэтыкі і спакою. Мы займаемся толькі татуяваннем. І людзі аднекуль увесь час прыходзяць да нас, матэрыялізуюцца», — кажа Даша.

Аповеды пра Беларусь як частка сэрвісу

Даша кажа, што бразільцам, дый іншым іх кліентам, цікава чуць пра Беларусь. Хаця 99% адразу кажуць: «Гэта ж Расія?». Дзяўчаты тлумачаць: не, іншая краіна.

«Апавядаць пра Беларусь — частка нашага сэрвісу, інфармаванне людзей пра нашу краіну. Мы расказваем самае добрае і лепшае з нашых успамінаў пра Радзіму. Пра наш беларускі лес, па якім я вельмі сумую. Сумую на нашым моху, на якім можна ляжаць. Тут прыгожыя лясы, але яны не такія, як у Беларусі. Тут шмат калючак, кустоў, тут ліяны і атрутныя змеі. Тут дзікаватая і небяспечная прырода», — кажа Даша.

Сёстры прызнаюцца, што, жывучы ў горадзе, зараблялі б нашмат больш грошай.

«Але мы расставілі свае прыярытэты. Для нас важнейшая якасць нашага жыцця. І, папраўдзе, ёсць шмат людзей, якія хочуць намаляваць татуіроўкі менавіта ў нас, дзвюх сёстраў з русымі валасамі і блакітнымі вачыма», — кажуць беларускі.

Чытайце таксама:

«Кайфова, калі прачынаешся кожны дзень у новай краіне». Беларус расказаў, ці цяжка працаваць на круізным лайнеры

Чаму беларускі едуць нараджаць у Аргенціну і колькі гэта каштуе

«Дрэвы аказаліся больш трывалымі за дамы». Беларуская перакладчыца прайшлася па ўругвайскай сталіцы сцежкамі старых успамінаў

Каментары7

  • Жвір
    14.12.2023
    Далёка пойдуць...
  • любитель приключений
    14.12.2023
    і як там негры.
  • Маша
    15.12.2023
    Оў! Негры гут!
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Трамп прыгразіў Расіі санкцыямі, «пакуль не будзе дасягнутае спыненне агню»14

Трамп прыгразіў Расіі санкцыямі, «пакуль не будзе дасягнутае спыненне агню»

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома пра гібель «Бульбаша», які ваяваў за Расію22

У Еўропе склалі план па абароне неба Украіны ад ракетных нападаў4

Па ўсёй Беларусі дзень 6 сакавіка быў рэкордна цёплым. Пад Мінскам — +19.7!

Спецпасланнік Трампа пацвердзіў, што на наступным тыдні адбудуцца перамовы Украіны і ЗША7

Рэдактар беларускай Вікіпедыі: Будучыня праекта — за штучным інтэлектам18

«Гэта не я абрала Бабу Нюру, а яна мяне». Блогерка расказала, чаму стала тыкток-зоркай у вобразе вясковай жанчыны13

Беларусцы, якая ўжо сем год жыве ў ЗША, патэлефанавалі з гродзенскага КДБ11

Сёння ў Мінску быў вельмі прыгожы захад сонца ФОТЫ

Z-блогеры паведамляюць пра няўдачы расійскіх войскаў на Данбасе1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп прыгразіў Расіі санкцыямі, «пакуль не будзе дасягнутае спыненне агню»14

Трамп прыгразіў Расіі санкцыямі, «пакуль не будзе дасягнутае спыненне агню»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць