Грамадства44

Ціснуць на бацькоў, бяруць наяўнымі і пайшлі па другім крузе. Як з беларусаў працягваюць трэсці «кампенсацыю» за данаты

Першыя спісы тых, хто данаціў у фонды дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій, зʼявіліся на пачатку 2023 года. Дагэтуль на гутаркі ў КДБ выклікаюць нават тых, хто даўно ўжо не ў Беларусі. Супрацоўнікі спецслужбаў на такіх сустрэчах прапаноўваюць пералічыць дзяржаўным арганізацыям сумы, якія шматкроць перавышаюць памер данату. Паводле апошніх паведамленняў праваабаронцаў, цяпер сілавікі сталі ціснуць на сваякоў тых, хто выехаў. А таксама патрабуюць заплаціць гатоўкай. Зʼявіліся паведамленні і аб тым, што КДБ пачаў затрымліваць людзей па другім коле, піша «Свабода». 

Пагрозы бацькам, што застаюцца ў Беларусі

У размове са «Свабодай» Антон папрасіў не называць ягонага поўнага імя. У Беларусі ён працаваў у невялікай аўтсорсінгавай кампаніі. Расказвае, што ў 2020-м актыўна і шчодра ахвяраваў на патрэбы рэпрэсаваных праз Facebook Pay. Пасля рэлакаваўся ў Літву, звольніўся з ранейшай кампаніі. Цяпер працуе ў іншай. Былы кіраўнік прыкладна паўгода таму напісаў Антону і паведаміў, што з ім звязаліся супрацоўнікі КДБ.

«Расказаў, што з КДБ на фірму прыйшлі спісы тых, хто данаціў, папрасіў прыехаць у Беларусь. Каб пайсці на размову, пакаяцца, аплаціць кампенсацыю. Маўляў, тады ніякай крыміналкі не будзе і я спакойна змагу прыязджаць у Беларусь да бацькоў. Я, натуральна, адмовіўся, бо чуў ужо шмат сумных гісторый. Тым больш я не працую ўжо ў той кампаніі і мне не пагражае звальненне за непадпарадкаванне», — кажа суразмоўца.

У Беларусі ў Антона застаюцца бацькі. Маці працуе ў школе псіхолагам, ёй год да пенсіі. Бацька на дзяржаўнай службе.

«Нядаўна (супрацоўнікі спецслужбаў. — РС) прыйшлі да іх. Пыталіся, дзе я, і пагражалі, што калі не аплачу кампенсацыю за данаты, непрыемнасці будуць у бацькоў. Натуральна, я ў шоку», — кажа Антон.

Група рызыкі

Жанна таксама працуе ў ІТ і таксама просіць не называць свайго поўнага імя. Дзяўчына жыве на дзве краіны. Большую частку часу знаходзіцца ў Польшчы, але перыядычна прыязджае і ў Беларусь: там у яе бацькі, кватэра і хутар. У 2021-м дапамагала сям’і калегі, якога пасадзілі, данаціла ў фонды. Кажа, што чула шмат гісторый пра калег, якіх прымусілі сплаціць за данаты ў 10-разовым памеры.

«Я на святы была ў Беларусі. Звычайна вельмі асцярожна паводжу сябе, не падымаю, калі тэлефануюць з незнаёмых нумароў. Паехала на хутар — і неяк на аўтамаце падняла слухаўку, бо яшчэ не прачнулася. Пытаюцца, ці ў Беларусі я, і запрашаюць на размову ў КДБ, пагаварыць пра данаты. Маўляў, калі дамовімся і я заплачу, мне нічога не будзе. Намякалі, што ведаюць пра бацькоў, якія ў Беларусі. Я спалохалася, сказала, што я за мяжой. Выключыла тэлефон, выняла сімку. З чужога нумару пазваніла сваякам, каб прывезлі мае рэчы на вакзал», — расказвае Жанна.

Па словах дзяўчыны, з Беларусі яна выбіралася праз Расею. Даехала да Пецярбурга, а адтуль з перасадкамі ў кірунку адной з краін Балтыі.

«Мяне дагэтуль трасе ад таго падарожжа. Ясная справа, у Беларусь я больш ні нагой», — эмацыйна апавядае суразмоўца.

«Аплата азначае прызнанне віны»

Ганна (імя змененае дзеля бяспекі. — РС) працуе не ў сферы ІТ, а ў дзяржаўнай установе юрыстам. Неўзабаве мусіць прайсці пераатэстацыю ў Міністэрстве юстыцыі. Расказвае, што яе нядаўна выклікалі на размову ў КДБ і дапытвалі цягам 5 гадзін. Таксама пра данаты.

«Я сапраўды пераводзіла грошы на дапамогу хворым дзецям, на коцікаў-сабачак. Але гэта ж не злачынства. Па маіх адчуваннях, канкрэтных дакументаў, што я аплочвала штрафы ці данаціла ў фонды падтрымкі, у іх не было. Мне сказалі, што ў іх дакладна ёсць спісы, што я зрабіла данат у канкрэтную дату ў жніўні 2020 году, але паказаць тых спісаў не могуць, бо там шмат прозвішчаў», — кажа Ганна.

Па яе словах, размова з супрацоўнікамі спецслужбаў была цяжкай, доўгай і непрыемнай.

«Я паабяцала падумаць, мяне адпусцілі. Пайшла ў банк, узяла выпіску. У тую дату ніякіх пераводаў я дакладна не рабіла. Цяпер я ў роспачы. Наперадзе атэстацыя. Страціць працу я не магу. Заплаціць, каб адчапіліся? Але тады я прызнаю віну», — вагаецца Ганна.

«Не трэба тут шукаць чагосьці рацыянальнага»

Пракаментаваць гэты ды іншыя кейсы Свабода папрасіла заснавальніка фонду ByHelp Аляксея Лявончыка.

«Калі Ганна заплаціць, яе могуць не пераатэставаць, бо аплата азначае прызнанне віны і робіць цябе аб’ектам для наступнай атакі. Потым могуць зноў вымагаць грошы, могуць пасадзіць. Калі яна не заплаціць, ад яе могуць адчапіцца. Няма добрай універсальнай парады. Ёй вырашаць самой», — кажа Лявончык.

Па яго словах, калі чалавек не данаціў сістэмна і спецслужбы не могуць пацвердзіць гэта нічым, акрамя сваіх уласных надрукаваных дакументаў, лепш не паддавацца і не плаціць. Заснавальнік фонду By_Help таксама паўтарае, што калі чалавек і выплаціў кампенсацыю, усё адно няма гарантыі праблемаў у будучыні.

«Мы ведаем пра выпадкі, калі людзі пераводзяць суму, у 10 разоў большую за данат. Да іх прыходзяць паўторна і патрабуюць яшчэ раз зрабіць плацеж. Ага, калі заплаціў, значыць вінаваты, можна да яго зноў прыйсці. Можна і пасадзіць — ён жа вінаваты! Яны хочуць выцыганіць у вас грошы, прымусіць пакаяцца, а потым зноў вымагаць грошы. Былі сітуацыі, калі чалавеку раілі адкупіцца, ён адкупіўся, а яго пасадзілі. Былі сітуацыі, калі чалавека пасадзілі, потым сказалі адкупіцца, ён заплаціў, а яго не выпусцілі», — расказвае Лявончык.

Суразмоўца раіць не шукаць у дзеяннях спецслужбаў нечага рацыянальнага і называе іх дзеянні «гульнёй з шулерам».

Заснавальнік фонду ByHelp расказвае, што з нядаўняга часу да яго пачалі даходзіць звесткі пра новую тактыку сілавікоў. Калі раней яны прымушалі перавесці буйныя сумы на рахункі дзяржаўных установаў, то не так даўно пачалі вымагаць наяўныя грошы. Не даючы ніякіх дакументаў аб выплаце гэтак званай кампенсацыі.

«Калі вы заплацілі гатоўкай, гэта верагоднасць таго, што яны прыйдуць да вас зноў. Маўляў, у нас няма дакументаў, што вы перавялі, якія такія наяўныя? Нашы супрацоўнікі хабару не бяруць». Зноў паўтаруся: гэта гульня з шулерам», — перакананы Аляксей Лявончык.

За данаты 60 чалавек асудзілі на 186 гадоў калоніі

Паводле інфармацыі «Вясны», за данаты паводле артыкула 361-2 Крымінальнага кодэкса («Фінансаванне экстрэмісцкага фармавання») у Беларусі ўжо асудзілі больш за 60 чалавек. Іх агульны тэрмін пакарання сягае 186 гадоў калоніі, і гэтыя звесткі могуць быць далёка не поўнымі.

Пакаранне ў большасці выпадкаў выносіцца ў памеры некалькіх гадоў пазбаўлення волі. Аднак бываюць і больш сур’ёзныя тэрміны. Трэнера-масажыста з Мінска Мікалая Васілевіча асудзілі на 9 з паловай гадоў. Дзяржаўныя СМІ пісалі пра 54 данаты. Бабруйчанін Дзмітры Слука атрымаў 8,5 года. Мінчуку Паўлу Харытонаву прысудзілі 5 гадоў за данат у 20 даляраў.

Каментары4

  • Ёсік
    15.02.2024
    Я казаў раней, што як толькі аплоціш, ты пагаджаешся, што вінаваты, і даўшы аднойчы, рыхтуйся ізноў. Падобна, што кадэбэ, мусаўцы перайшлі на самаўтрыманьне.
  • Глеб Жэглоў
    15.02.2024
    Калі аплаціш, то гэта яшчэ не азначае аўтаматам прызнаньне віны. Ведаю людзей якія плацілі толькі каб адчапіліся. Іх не цікавіць доказная база, проста бачаць нейкі данат кудысьці праз ФБ ці чшчэ якой пляцоўкі ідзе не бачны палучацел і доя іх гэта ўжо "фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнастці": на лячэньне, на кармленьне бяздомных, на цяжкія аперацыі хворым дзецям іх не хвалюе, плаціў кудысьці -плаці зараз нам.... Беларусь у 2020 годзе поўнасьцю выйшла з прававога поля, з Законнасьці. Зараз правяць паняція злачынцаў, якія захапілі ўладу ў краіне. Канстытуцыі ў краіне няма, гэта проста папяровая брашура з тэкстам і ўсё, аніякай юрыдычнай сілы.
  • Вясёлыя Кажаны
    16.02.2024
    Глеб Жэглоў, яна адтуль выйшла яшчэ 25 гадоў таму (а дакладней яна там і не была з часоў падзелаў ВКЛ калі яна патрапіла ў лапы мышэбряццяў з намасковіі), проста прыгоннаму насельніцтву Паўночна-Заходняй Губерніі зрабілі часовы спектакль з "судамі", "выбарамі", "прэзідэнтам" і "суверэнітэтам" каб не рыпаліся (і не дай бог сваю нацыянальную армію не стварылі і не накапалі ірвоў ды бункераў з кулямётамі ды міннымі палямі на мяжы з расеяй) пакуль масква трохі аслабела.

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Усе навіны →
Усе навіны

Цягнік Мінск — Гомель прыбыў на канцавую станцыю са спазненнем на чатыры з паловай гадзіны

У Мінску з'явіліся дзве новыя вуліцы. Вось якія назвы1

Пасля нападу на калону ў Малі загінулі як мінімум шэсць вагнераўцаў1

Як помнікі русіфікуюць Беларусь? Падлікі пра тое, колькі помнікаў прысвечаныя савецкай гісторыі, а колькі — нацыянальнай1

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»39

«У Жодзіне подпісы выпрошваюць нават у царкве». Беларусы расказалі, ці падпісваюцца яны за Лукашэнку2

«Стаіць больш за тры гадзіны без святла і ацяплення». Цягнік Мінск — Гомель спыніўся пасярод свайго шляху

Пуцін заявіў пра пачатак серыйнай вытворчасці «Арэшнікаў»5

ЗША рассакрэцілі даклад аб палітычных забойствах і замахах, якія адбываліся на загад Пуціна2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Галоўнае
Усе навіны →