Грамадства22

Галюцынацыі, думкі пра суіцыд. Эксперты расказалі, што адбываецца з беларускімі палітвязнямі ў ШІЗА

«Турмой у турме» праваабаронцы называюць штрафныя ізалятары (ШІЗА), карцары і памяшканні камернага тыпу (ПКТ), якія сталі часткай турэмнай сістэмы Беларусі. Ці магчыма выправіць становішча, абмеркавалі праваабаронцы і эксперты з аб’яднання «Лекары за праўду і справядлівасць», піша «Свабода». 

 Разбурэньне псыхікі

Псыхоляг Вольга Вялічка на падставе вывучэньня 120 справаў палітвязьняў і асабістых размоў з 37 былымі вязьнямі прааналізавала ўплыў ШІЗА на псыхіку і стан здароўя чалавека. Паводле дасьледчыцы, 91% арыштантаў адчувалі трывожнасьць і нэрвовасьць, 41% бачылі галюцынацыі, шмат хто як пра адзінае выйсьце з ШІЗА думаў аб спробе суіцыду.

Псыхоляг Вольга Вялічка

Псыхоляг Вольга Вялічка

Досьвед доўгага знаходжаньня ў адзіночнай камэры непазьбежна адбіваецца на далейшым псыхічным здароўі чалавека, а таксама на ягоных кагнітыўных здольнасьцях, мяркуе Вольга Вялічка. Вось толькі невялікая частка «думак і перажываньняў» арыштантаў ШІЗА, якія прывяла экспэртка:

  • 1-3 дзень. Адбываецца ўсьведамленьне месца, зьяўляецца карусэль думак: «А навошта гэта ўсё, за што гэта мне?»

  • 3-5 дзень. Думкі сканчаюцца, і гэта жахлівае адкрыцьцё. Прыходзіць адчуваньне, што пачынаеш вар’яцець. Ахоплівае гнеў. Рэакцыі пагаршаюцца ад фізычнай стомленасьці, праблем са сном, пакут ад холаду.

  • 6-7 дзень. Пачуцьцё ізаляванасьці абвастраецца. Чалавек знаходзіць сабе істоту, зь якой можа пагаварыць. Прыкладам, павука. Ці прыдумляе каго для дыялёгу. Псыхічна моцныя людзі складаюць графік таго, чым сябе заняць, і ў гэтым знаходзяць падтрымку. Але выпрабаваньні не заканчваюцца. Наперадзе яшчэ шмат жахлівага«, — папярэджвае псыхоляг.

Вольга Вялічка адзначае, што псыхалягічныя наступствы доўгага знаходжаньня ў ШІЗА для мужчын і жанчын адрозьніваюцца. А вось што да фізіялягічных наступстваў, тут шмат агульнага.

«Бессань, болі ў суставах, пагаршэньне зроку, дрэнны апэтыт, страта вагі, часта дыярэя, апатыя і слабасьць, дрыготка, трывалае адчуваньне холаду», — пералічае агульныя наступствы Вольга Вялічка. Паводле лекаркі, у большасьці яе суразмоўцаў абодвух палоў менавіта пачуцьцё холаду засталося асноўным успамінам пра ШІЗА.

Што расказалі сьведкі-сядзельцы

ШІЗА — праблемная тэрыторыя ў калёніях ня толькі пасьля 2020 году, проста на гэтую тэму зьявілася больш сьведчаньняў, мяркуюць праваабаронцы. Іх высновы пацьвердзілі празь відэасувязь удзельнікі канфэрэнцыі, былыя вязьні Дзьмітры Дзегцяроў і Ганна Вішняк.

Дзьмітры Дзегцяроў адбываў пакараньне ў магілёўскай калёніі № 15 у канцы 2010-х. Агулам былы вязень правеў у ШІЗА 90 дзён. Вось як Дзьмітры апісаў тагачасныя ўмовы ў ШІЗА, прычыны, зь якіх туды можна было трапіць, і лячэньне там хворых. Гэта мала чым адрозьніваецца ад таго, што расказваюць пра ШІЗА палітвязьні пачатку 2020-х, прызнае ён.

«Спалі на падлозе, прыціснуўшыся адзін да другога, гэтак было холадна. Зімой батарэі амаль ня грэлі, а ў міжсэзоньне былі ледзь цёплыя. Трапіць у ШІЗА можна было за што заўгодна. Для ахоўнікаў неахайны вонкавы выгляд — гэта незашпілены гузік ці белая футболка пад робай. За гэта атрымаў два разы запар ШІЗА, а потым ПКТ. А некаторым пасьля гэтага паводле 411-га артыкулу даюць яшчэ год калёніі. Я на два дні выйшаў у ПКТ — і зноў трапіў у ШІЗА на 60 дзён. Туды могуць зьмясьціць з чацьвёртай стадыяй ВІЧ альбо з адкрытай формай сухотаў. За час ШІЗА страціў 25 кіляграмаў вагі, пазбавіўся 2 зубоў. Вітамінаў там няма, таму на выхадзе твар быў белы, як сьнег.

Правяральнікі на скаргі не рэагуюць. Пісаў скаргі пракурору, але пасьля мяне выклікалі да начальніка і зноў каралі», — успамінаў Дзьмітры Дзегцяроў.

Былая палітзьняволеная Ганна Вішняк кажа, што за 2,5 года за кратамі мела 16 спагнаньняў, у тым ліку некалькі тэрмінаў у ШІЗА. Паводле Ганны, асноўнай прычынай спагнаньняў было тое, што яна не прызнавала сябе вінаватай.

«Выклікаюць на камісію, а там спачатку мусіш прамаўляць рапарт. Я ж сябе вінаватай не лічыла, таму і казала ў рапарце, што незаконна асуджаная. Пасьля гэтага мне зноў давалі ШІЗА. Заходжу ў камэру ізалятару, а там жудасны смурод, вільгаць, холад. У мяне пачаліся моцныя болі ў нырцы. Адсядзела 28 дзён, мяне вынесьлі адтуль на руках у лякарню. Калі я паспрабавала запісаць успаміны пра гэта ў сшытак, каб перадаць потым адвакату, сшытак забралі», — расказвае Ганна Вішняк пра час у жаночай калёніі № 4.

Алег Дарашкевіч з арганізацыі «Лекары за праўду і справядлівасьць» прааналізаваў заканадаўчыя нормы, паводле якіх у ШІЗА мусяць забясьпечыць гарантаванае канстытуцыяй права асуджаных на захаваньне здароўя. Высновы ў былога менскага лекара простыя: калі ўлады такую мэту і ставяць, дык матэрыяльнымі рэсурсамі і кадрамі яе дасягненьня не забясьпечваюць. Восеньню 2020 году былы палітвязень Алег Дарашкевіч сам апынуўся за кратамі і зьведаў гэта на сабе.

«Лекаў не хапала, чалавечага стаўленьня таксама. Толькі ахоўнікі сталага веку ставіліся да нас больш-менш. У камэры быў чалавек з гіпэртаніяй, дык яму прыносілі прэпараты. А вось маладыя «вертухаі» казалі з цынізмам: «Хай мама табе прыносіць лекі» ці «зачыняе фортку». І пакідалі фортку адчыненай, каб нас марозіць», — расказаў Алег Дарашкевіч.

Былы палітвязень і праваабаронца Леанід Судаленка выклаў сваю гісторыю зносін з мэдыкамі калёніі № 3 у Віцебску, дзе ён адбываў прызначанае судом Гомлі пакараньне. Судаленка хворы на цукрыцу. За час у калёніі, а гэта амаль два гады, у яго толькі адзін раз памералі ўзровень цукру ў крыві. І ў ШІЗА яго кінулі, насуперак закону, бяз згоды турэмнага лекара, сьцьвярджае праваабаронца.

Леанід Судаленка

Потым Судаленка скардзіўся ў пракуратуру, але атрымаў, як ён лічыць, непраўдзівы адказ.

«Нібыта ў дакумэнтах знайшоўся подпіс лекара, які мяне аглядаў. А гэтага дакладна не было», — кажа былы палітвязень.

Як выглядаюць ізалятары ў Беларусі, а як — у заходніх краінах

Выступоўцы агучылі зьвесткі пра пэнітэнцыярныя сыстэмы эўрапейскіх краінаў. Калі ў Беларусі большасьць зьняволеных трымаюць у калёніях з будынкамі казарменнага тыпу, дык эўрапейская пэнітэнцыярная сыстэма — гэта турмы з дастаткова ўтульнымі камэрамі, вялікімі пляцоўкамі для прагулак і заняткаў спортам, разьвітай інфраструктурай. Ізалятары для парушальнікаў парадку там таксама ёсьць, але пакараных ніхто не пазбаўляе пасьцельнай бялізны і не катуе холадам. І накіраваць у той ізалятар могуць толькі за сапраўднае парушэньне. Прыкладам, у Швэцыі — за адмову працаваць альбо за ўжываньне алькаголю.

У Беларусі ШІЗА як пакараньне за парушэньне ўнутранага парадку прадугледжана Крымінальна-выканаўчым кодэксам. У артыкуле 114 (пункт 1) гэтага кодэксу пералічана, чаго дакладна ня мусіць быць у асуджанага, якога зьмясьцілі ў ШІЗА: спатканьняў са сваякамі, лістоў, кніг, прагулак і нават пасьцельнай бялізны.

Праваабаронцы лічаць, што менавіта з гэтага пачынаецца тое, што можна лічыць узаконеным катаваньнем праз ШІЗА. Бо асуджанага, які ўжо пазбаўлены волі, пазбаўляюць мінімальнага набору жыцьцёвых патрэбаў, якія яшчэ заставаўся ў яго ў калёніі. Да таго ж яго чакаюць выпрабаваньне холадам і ізаляцыяй, што ўвогуле не абгрунтавана законам.

У ШІЗА за незашпілены гузік

Праваабаронца зь «Вясны» Павал Сапелка прааналізаваў адпаведнасьць міжнародным нормам беларускіх законаў, пастаноў МУС і правілаў, якія дзейнічаюць у вязьніцах, і зрабіў адназначную выснову: гэтыя нормы ў галіне пакараньня зьняволеных не адпавядаюць міжнародным стандартам.

Юрыст спаслаўся на так званыя «Правілы Нэльсана Мандэлы» — падрыхтаваны ААН сьпіс захадаў, якія можна ўжываць для забясьпячэньня парадку ў вязьніцах, а што ўжываць катэгарычна забаронена.

Паводле іх, незашпілены гузік ці пыл на паліцы, што вельмі часта становіцца прычынай пакараньня ў Беларусі, ня могуць быць падставай для ізаляцыі, тым больш на тэрмін звыш 10 дзён. Між тым гэта ў беларускіх калёніях і турмах адбываецца паўсюдна, зазначае Павал Сапелка.

Павал Сапелка прапанаваў свой сьпіс з 11 пэўных захадаў выпраўленьня становішча, сярод якіх расьсьледаваньне вядомых выпадкаў катаваньняў умовамі ў ШІЗА і прыцягненьня вінаватых да адказнасьці. «Сьпіс Паўла Сапелкі» можна будзе знайсьці на сайце https:// doktorsby.com/ у матэрыялах канфэрэнцыі, як і прапановы іншых экспэртаў.

Новы закон аб турмах

Усяго на канфэрэнцыі прагучалі шэсьць грунтоўных дакладаў аб розных аспэктах пакараньня зьняволеных у пэнітэнцыярнай сыстэме Беларусі. Кожны з экспэртаў выклаў свае рэкамэндацыі для будучага рэфармаваньня сыстэмы. Сярод іх прывядзеньне існых законаў у адпаведнасьць зь міжнароднымі нормамі, рэгулярны маніторынг і інспэкцыя месцаў пазбаўленьня волі незалежнымі камісіямі і праваабаронцамі, навучаньне пэрсаналу, строгая адказнасьць перад законам за парушэньні правоў вязьняў. Прагучала і прапанова падрыхтаваць новы закон аб дзейнасьці пэнітэнцыярнай сыстэмы. Пры гэтым агульнай была думка, што рэформы ня ўдасца рэалізаваць да зьмены палітычнай сыстэмы ў Беларусі.

А што рабіць цяпер, пакуль такая зьмена не адбылася? Дасьледчыкі прапануюць не зьніжаць актыўнасьць у фіксацыі парушэньняў правоў палітвязьняў, назапашваць архіў такіх справаў і не адмаўляцца ад накіраваньня скаргаў на парушэньні правоў у адпаведныя інстанцыі Беларусі. Досьвед удзельнікаў канфэрэнцыі аб праблемах выкарыстаньня ШІЗА падказвае ім, што такая магчымасьць яшчэ ёсьць.

Каментары2

  • Влад
    21.02.2024
    Вот и ответ почему нет информации о Статкевиче. Убивают медленно в ШИЗО как и Навального. 
  • SHOS
    21.02.2024
    Цветочки дарить им, да? Тут даже люстрация не нужна
    Всех их из пеницитарной системы сразу в тюрьмы

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Усе навіны →
Усе навіны

Пасля нападу на калону ў Малі загінулі як мінімум шэсць вагнераўцаў1

Як помнікі русіфікуюць Беларусь? Падлікі пра тое, колькі помнікаў прысвечаныя савецкай гісторыі, а колькі — нацыянальнай1

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»37

«У Жодзіне подпісы выпрошваюць нават у царкве». Беларусы расказалі, ці падпісваюцца яны за Лукашэнку2

«Стаіць больш за тры гадзіны без святла і ацяплення». Цягнік Мінск — Гомель спыніўся пасярод свайго шляху

Пуцін заявіў пра пачатак серыйнай вытворчасці «Арэшнікаў»5

ЗША рассакрэцілі даклад аб палітычных забойствах і замахах, якія адбываліся на загад Пуціна2

Іспанія моцна аштрафавала бюджэтныя авіякампаніі за патрабаванні даплачваць за ручную паклажу і выбар месца2

Стась Карпаў пра Каржа: Слухайце: ну, смела!14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Галоўнае
Усе навіны →