Заснавальнік руху «Антымайдан. Беларусь» цяпер жыве ў Польшчы: Мае погляды моцна змяніліся да лепшага
Жан Чубукоў у мінулым праславіўся сваёй дзейнасцю ў супольнасці «Антымайдан. Беларусь» разам з Іванам Усам, сынам экс-кандыдата ў прэзідэнты. Таксама Чубукоў быў аўтарам петыцыі па забароне бел-чырвона-белага сцяга як «нацысцкага сімвала», пазіцыянаваў сябе як прарасійскага аналітыка. Сёння мужчына жыве ў Польшчы, працуе менеджарам ў IT і прызнаецца, што яго погляды эвалюцыянавалі.
На фоне злітай базы даносаў у КДБ Жан Чубукоў заклікаў беларусаў спампаваць даныя і праверыць, ці няма даносаў на іх.
«Рэкамендую спампаваць базу і праверыць, стукалі на вас і вашых блізкіх ці не. І заадно даведацца, хто менавіта. Таму што цяпер раззлаваныя ябацькі могуць рабіць гэта рандомна і проста з зайздрасці», — напісаў ён у сеціве.

Супрацьпастаўленне сваёй персоны ябацькам выклікала пытанне ў некаторых карыстальнікаў інтэрнэта з улікам дзейнасці Жана ў мінулым.
Так, у 2011 годзе Чубукоў засвяціўся ў дзейнасці расійскага віртуальнага клуба «Сутнасць часу». Клуб праводзіў кібератакі супраць маўклівых пратэстаў, якія праходзілі ў Беларусі пасля выбараў-2010, а таксама супраць акцыі «Стоп-бензін». Асаблівасцю гэтага клуба была настальгія па СССР. У сваім статуце актывісты пісалі, што крах Саюза — гэта іх асабістая трагедыя.
Чубукоў таксама стаў адным з адміністратараў суполкі «Мы супраць аранжавай рэвалюцыі ў Беларусі!», дзе падрабязна расказваў, напрыклад, што варта рабіць, каб атакаваць твітары «каардынатараў аранжавых». Сёння гэтая суполка ва УКантакце працягвае трансляваць рыторыку прапагандыстаў і сілавікоў.
Чубукоў дазваляў сабе называць стваральнікаў БНР радыкальнымі нацыяналістамі і дыктатарамі, якія хацелі ўмацоўваць сваю ўладу з дапамогай акупантаў. А тых, хто выходзіў святкаваць Дзень Волі — «нацыстамі, якія апаганьваюць памяць кожнага чацвёртага жыхара, які быў забіты нацыстамі і іх хаўруснікамі».
У петыцыі ж супраць бел-чырвона-белага сцяга на імя тагачаснага міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага мужчына даводзіў:
«Мы, грамадзяне Беларусі і грамадзянскія актывісты братэрскіх народаў, асуджаем радыкальны беларускі нацыяналізм і прыраўноўваем яго да нацызму. Выкарыстанне нацысцкай сімволікі і рыторыкі мы прыраўноўваем да праяў экстрэмізму і жадаем афіцыйнага юрыдычнага зацвярджэння такіх поглядаў як элемента дзяржаўнай палітыкі Беларусі».
Гэтую петыцыю ў 2013 годзе падпісала 196 чалавек.
Цяпер Жан публічна прызнаўся, што яго погляды змяніліся.
«Наконт петыцыі… Ну так, было. Было і горш нават. Бо я чалавек праактыўны і эмацыйны. Другое пытанне, што за гэтыя нікчэмныя 11 год мае погляды вельмі моцна змяніліся да лепшага», — адказаў ён аднаму з карыстальнікаў, які капнуў яго мінулае.

«Наша Ніва» звязалася з Жанам з просьбай даць больш разгорнуты каментар пра прычыны, якія паўплывалі на змену яго палітычных поглядаў, але пакуль мы не атрымалі адказу. Калі гэта здарыцца, мы апублікуем яго асобна.
Цяпер чытаюць
Унікальныя здымкі будаўніцтва Старога моста ў Гродне. Хто фатаграфаваў небяспечныя кесоны, у якіх людзі рызыкавалі на дне Нёмана, каб паставіць апоры? ШМАТ ФОТА
Унікальныя здымкі будаўніцтва Старога моста ў Гродне. Хто фатаграфаваў небяспечныя кесоны, у якіх людзі рызыкавалі на дне Нёмана, каб паставіць апоры? ШМАТ ФОТА
DDoS-атака ідзе на сайты адразу некалькіх беларускіх СМІ. Магчыма, яна звязаная з шостай гадавінай народнага ўздыму 2020‑га і канферэнцыяй «Новая Беларусь», што адкрылася сёння
Каментары