Грамадства11

«Турэмнікі ўдарылі мяне галавой наўмысна. Тое ж самае, думаю, зрабілі і з Вітольдам Ашуркам»

49-гадовы Генадзь — бацька-адзіночка і земляроб з Ляхавічаў. У 2021 годзе быў асуджаны да двух з паловай гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за нібыта супраціў міліцыянту і абразу Лукашэнкі. Тэрмін адбываў у ПК-17 у Шклове. Палітвязень адседзеў яго цалкам, выйшаў на волю ў снежні 2023 года і некалькі тыдняў таму разам з сынам выехаў з Беларусі. Пра пекла шклоўскай калоніі і іншыя выпрабаванні Генадзь расказаў «Новаму часу».

«Здаралася, па два разы на дзень затрымлівалі»

— Я заўсёды быў супраць Лукашэнкі і створанай ім сістэмы, усім сябрам і знаёмым так і казаў: «Мы жывем за калючым дротам», — расказвае Генадзь. — У дваццатым годзе, пасля маштабных фальсіфікацый вынікаў выбараў, пасля гвалту ў адносінах да беларусаў я пачаў закіпаць яшчэ больш. Не мог змірыцца з гэтым кашмарам. Ну як такое можа быць у дваццаць першым стагоддзі ў цэнтры Еўропы? Пачаў дзейнічаць яшчэ больш актыўна і рашуча. 

Здаралася, мяне па два разы на дзень затрымлівалі. Кідалі на суткі, абкладалі штрафамі. Міліцыянты нават мой ровар забралі — маўляў, на пакрыццё сумы штрафаў. 

Пасля акцыі памяці Рамана Бандарэнкі ў Ляхавічах затрымалі амаль усіх удзельнікаў. Штрафы прысудзілі драконаўскія. Мне далі 40 базавых.

Але я не спыніўся. Як я мог? 

«Участковы расшпіліў кабуру, каб прыстрэліць нашага сабаку»

18 сакавіка 2021 года за бацькам і сынам Смірновымі прыйшлі. Напярэдадні Генадзь і Вячаслаў расклейвалі па Ляхавічах улёткі.

— Напачатку да нас грукаўся супрацоўнік МНС. Дзверы мы не адчынілі, — згадвае Генадзь. — Неўзабаве прыйшоў чалавек у цывільным. Як высветлілася потым, гэта быў капітан Ляхавіцкага РАУС Андрэй Чаранкевіч, які нядаўна памёр, а напярэдадні смерці атрымаў званне маёра. 

Бачыце, кара знайшла яго. Але шкада, што не дажыў да суда: вельмі хацеў бы ўбачыць яго ў кайданках.

Маёр Андрэй Чаранкевіч

У хуткім часе сын Слава паехаў на вучобу, але ў завулку па дарозе яго ўжо чакалі сілавікі. Пільнавалі адмыслова. Ведалі, што сын будзе ісці менавіта гэтай дарогай. 

Я быў у хаце, гуляў у шахматы ў тэлефоне, як раптам заўважыў бакавым зрокам, што чалавек дзесяць валакуць сына. Адразу выключыў мабільнік, хуценька схаваў у надзейнае месца, выскачыў у шлёпанцах на вуліцу, а мне ў гэты момант з трох бакоў пачалі соваць у твар службовыя пасведчанні. Убачыў, што збоку двое міліцыянтаў валакуць Славіка, а ўчастковы, маёр Сяргей Гамісаравіч Ісаханаў, расшпільвае кабуру, каб прыстрэліць нашага сабаку, якога сын паспеў спусціць у часе аблавы.

Генадзь Смірноў з сабакам

Я хутка зарыентаваўся, падбег да сабакі і ўзяў яго на рукі. Пытаюся: «Куды везяце сына?» Міліцыянты схлусілі, што Слава сядзіць у машыне. Насамрэч, як аказалася пазней, сын у гэты час ужо быў у РАУС, сядзеў там у кайданках. 

Візіцёры правялі ператрус, але, дзякуй богу, не знайшлі торбу з улёткамі і трафарэтамі. Знайшлі паперку з вершам, які я напісаў у часе пратэстаў і зачытваў на Маршах:

«Дорогие белорусы! 
Мы сегодня вдоль домов шагаем грустно,
Так как впереди ОМОН.
Но придет и наше время!
Свергнем лукашизм с земли,
Станем с флагом бел-чырвона-белым
В стране для жизни, милые мои»

Гэты верш сілавікі прыклалі да крымінальнай справы: бацьку і сыну, як высветлілася, шылі абразу Лукашэнкі.

«Хацелі ўзняць дух людзей»

Пасля ператрусу Генадзя таксама забралі. Смірновых змясцілі ў ІЧУ, дзе яны сядзелі ў суседніх камерах. Генадзь аб’явіў сухую галадоўку. У камеры да Смірновых увесь час падсаджвалі «качак» — гэтыя эпізоды пасля фігуравалі ў матэрыялах крымінальнай справы. 

Праз тры дні мужчын выпусцілі пад падпіску аб нявыяздзе. 

Нягледзячы на адкрытую крымінальную справу, Генадзь узяў удзел у чарговай акцыі пратэсту ў Ляхавічах. 

— Мы тады выйшлі з бел-чырвона-белымі сцягамі на шпацыр. Гэта было 3 жніўня — амаль гадавіна з моманту выбараў, — згадвае былы палітвязень — Мы хацелі ўзняць дух людзей. Акцыя скончылася затрыманнямі. Сябру, што быў са мной, далі дзесяць сутак, мне — пятнаццаць. 

На трэція суткі да мяне падсадзілі правакатара. Я кідаў курыць у той момант, а ён усё падбухторваў мяне: «Давай пакурым». Думаю, служакі разлічвалі, што я зарвуся і ўдару яго ды такім чынам яны атрымаюць падставу для завядзення крымінальнай справы за «нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў». Але я трымаўся і не паддаваўся на правакацыі. На восьмыя суткі мне адключылі халодную ваду. Давялося набіраць у бутэлькі гарачую, а пасля астуджваць.

На трынаццатыя суткі супраць мяне ўсё ж сфабрыкавалі новую крымінальную справу: за нібыта супраціў з ужываннем гвалту ў адносінах да міліцыянта. Усё было шыта белымі ніткамі, ніякіх доказаў служакі не мелі. З ІЧУ мяне ўжо не выпусцілі. На волю я выйшаў толькі праз два з паловай гады. 

На судзе віну я не прызнаў. Магчыма, таму што не было ніякіх доказаў, мне далі адносна невялікі тэрмін. Я баяўся, што ўлепяць гадоў 5-6, бо судзілі мяне па двух артыкулах: за супраціў міліцыянту і абразу Лукашэнкі. 

Напярэдадні арышту многія сябры казалі мне, каб з’язджаў. Я адказваў ім: «Маё сумленне чыстае, я не парушаў ніякіх законаў, ну за што мяне могуць пасадзіць?»

«Камера нагадвала калодзеж»

Генадзь да суда ўтрымліваўся ў баранавіцкім следчым ізалятары, трапляў у карцар. У знак пратэсту трымаў сухую галадоўку. Напярэдадні пакарання палітвязень адчуў сябе блага і папрасіў супрацоўнікаў, каб тыя выклікалі лекара. Калі турэмны медык прыйшоў, то напышліва вымавіў: «Як вы пасмелі патурбаваць мяне ў выходны?» 

Замест аказання медычнай дапамогі Генадзя даслалі ў карцар:

— Некаторы час мяне трымалі ў старым корпусе. Камера нагадвала калодзеж: цёмная, метр восемдзесят на тры, у вышыню метраў з пяць, вузкія дзверы, нары з розных па даўжыні дошак, якія напалову закрывалі прыбіральню. Там жа — выгнутая труба з вадой, нібыта кран. Але прамога доступу да вады не было: яе ўключаў супрацоўнік. Высока ўверсе круглае акно, батарэя — у сцяне, цяпла ўвогуле не адчувалася. Дзве бетонныя тумбы — штосьці кшталту стала і крэсла. Падлога таксама з бетону. Жахлівыя ўмовы, сапраўднае сярэднявечча.

У часе знаходжання ў баранавіцкім СІЗА мы, палітвязні, былі перакананыя, што выйдзем на свабоду да канца 2021 года. Пасля думалі, што да Дня Волі ў сакавіку, пасля зноў на штосьці разлічвалі, а пасля проста перасталі наконт гэтага задумвацца, — кажа суразмоўца.

«Да гэтага асуджанага прымяніць усе магчымыя спецсродкі і фізічную сілу»

Генадзь кажа, што ў шклоўскай калоніі ён быў у палоне фізічна, але маральна пачуваўся свабодным. За свае прынцыповасць, дзёрзкасць і мужнасць былы палітвязень больш за 200 сутак правёў у ШІЗА і ПКТ.

— Падчас так званых ранішніх і вечаровых праверак у штрафным ізалятары я адмаўляўся вітацца з кіраўніцтвам і чытаць даклад. Называў свае імя і прозвішча і казаў, што я незаконна асуджаны, — працягвае Генадзь. — Начальнік калоніі Карняенка і яго намеснік білі мяне за гэта па нагах, я пры гэтым стаяў на расцяжцы. Пазней дзяжурны памочнік начальніка калоніі Сазонаў сказаў наўпрост: «Зараз ты тут ляжаш».

Я адказаў яму: «Трэба будзе — лягу».

Кіраўніцтва пасля збіцця сказала супрацоўнікам: «Да гэтага асуджанага прымяніць усе магчымыя спецсродкі і фізічную сілу». Але я быў гатовы і да гэтага. 

Калі грэўся ў ШІЗА аб батарэю, атрымаў апёкі на нагах і руках. Батарэі былі вельмі гарачыя. Але саму камеру яны не абагравалі, у памяшканні адмыслова ствараўся скразняк, акно было адчыненае на вуліцу, акно на дзвярах таксама. А на вуліцы ў гэты момант было прыкладна мінус пятнаццаць градусаў мароза. У такіх варунках я знаходзіўся 10 сутак. 

Калі сядзеў у ПКТ, напісаў лісты дамоў, але адміністрацыя іх не даслала. Мая сям’я месяц не ведала, дзе я і што са мной. Пазбавілі мяне і пасылкі: даслалі яе назад сваякам. 

Калі мяне месяц трымалі ў ШІЗА ў лістападзе, то марылі голадам: у алюмініевую міску клалі лыжачку ежы. 

Ежа ўжо пачала мне папросту мроіцца. 

«У забойстве Вітольда не апошнюю ролю адыграў начальнік рэжымкі Карчэўскі»

— Калі перавялі ў ПКТ, нарэшце дазволілі атаварыцца. Я папрасіў заўгаса купіць мне тое-сёе на ўсю дазволеную суму. А ён прынёс мне абы што, кававы напой замест кавы, і закупіўся толькі на частку сумы. Я адмовіўся браць гэтую атаварку, турэмнікі адрэагавалі на мой пратэст вельмі агрэсіўна: крычалі, прыніжалі, павялі на «голы шмон», — успамінае Генадзь. — Назад у камеру вялі вельмі хутка і ўніз галавой, крычалі. Асабліва шчыравалі начальнік рэжымкі Карчэўскі (асуджаныя далі яму мянушку «Маргарын») і яго намеснік Галанаў.

Раптам заўважаю, што мяне вядуць проста галавой у металічныя дзверы, што былі адчыненыя наросхрыст. Я прытарможваю, але галаву ззаду ўсё адно разбіваю да крыві. Калі б я не зрэагаваў, удар быў бы нашмат мацнейшы, не выключаю, што чэрап раскалоўся б надвое… А так «адкараскаўся» гузом.

Думаю, тое ж самае турэмнікі маглі зрабіць і, хутчэй за ўсё, зрабілі з Вітольдам Ашуркам. І што ў яго забойстве не апошнюю ролю адыграў Карчэўскі.

Я сказаў турэмнікам, што буду пісаць на іх скаргу і аб’явіў сухую галадоўку. За гэта яны дадалі мне яшчэ сем сутак ШІЗА. 

Праз пару дзён я заўважыў кроў у мачы, жоўць са слінай, арганізм пачаў жэрці сам сябе, іншымі словамі Да таго ж я быў вельмі аслаблены праз катаванні голадам, і зразумеў, што паміраю. Падумаў пра дзяцей і вырашыў спыніць галадоўку.

Пасля таго, як выйшаў з ПКТ, мяне пэўны час, можна сказаць, не чапалі. Хаця раз-пораз суткі ў ШІЗА ўсё роўна давалі, але так моцна ўжо не лютавалі. Магчыма, зразумелі, што гэта бессэнсоўна, што я гатовы ісці да канца, а мо пераключыліся на новых ахвяр, не ведаю. 

Вызваляўся з калоніі я таксама са штрафнога ізалятара: атрымаў тады чарговыя трое сутак. 

Пра знаёмствы з палітвязнямі

— З Вітольдам Ашуркам мы так і не перасекліся, бо ён заехаў у калонію раней за мяне. Але іншыя палітвязні, што з ім сустрэліся, шмат апавядалі мне пра яго. Кажуць быў вельмі спакойны, пазітыўны, усіх падбадзёрваў, гаварыў, што да канца мы свае тэрміны сядзець не будзем, абавязкова выйдзем раней. 

За кратамі я сустрэў шмат палітвязняў, са многімі з іх, што ўжо вызваліліся, дагэтуль у кантакце.

Супраць некаторых хлопцаў завялі артыкул за непадпарадкаванне адміністрацыі, дабавілі тэрміны, кагосьці даслалі на крытую турму. 

Частка мяне яшчэ засталася за кратамі, з імі, нашымі пакутнікамі. Увесь час думаю пра іх, уяўляю, як яны ляжаць там зараз, на нарах, мерзнуць у ШІЗА…

Вячаслаў і Генадзь Смірновы на волі

«Разумелі, што ўсё ідзе да чарговай пасадкі»

— Я вызваліўся з двума гадамі прэвентыўнага нагляду. У спакоі мяне не пакідалі ні на хвіліну: працягвалі саджаць на суткі, абкладаць штрафамі, дасылаць на прымусовыя адпрацоўкі. 

Умовы на сутках сталі яшчэ больш жорсткімі. Нас трымалі ў ІЧУ Ляхавічаў без матрацаў, без анічога. Нават у ШІЗА можна было мець туалетную паперу, зубную шчотку, пасту і рушнік. У ляхавічскім жа ІЧУ — не.

Кожны дзень мяне кідалі ў новыя камеры, часамі ў адзіночкі. Пасля падсаджвалі да мяне правакатараў і псіхаў. 

Слава вызваліўся з «хіміі» неўзабаве пасля мяне, але міліцыя не дазволіла мне яго сустрэць. 

Мы з сынам зразумелі, што ўсё ідзе да чарговай пасадкі, і вырашылі з’язджаць з Беларусі. 

«Падумваю напісаць пра перажытае кнігу»

— Цяпер мы ў бяспецы, аднаўляемся. З’ездзілі ў санаторый. Але на чужыне мне цяжка… Пакуль што не магу тут прызвычаіцца і прыжыцца. Сумую па сваіх сотках, па садзе… Туга па Радзіме вельмі моцная.

Падумваю, каб напісаць пра перажытае кнігу. Адзінае, што цяпер у мяне перыяд адаптацыі, цяжка сканцэнтравацца. Таму адклаў гэта на потым. 

Цяжкі досвед забраў шмат здароўя, сілаў, нерваў, але я ні пра што не шкадую. Мне ніколі не будзе сорамна глядзець у вочы сваім дзецям і будучым унукам. Я ж выходзіў і за іх. У першую чаргу за іх. І іх будучыню.

Каментары11

  • Gorliwy Litwin
    25.05.2024
    вялікі рэспект, браце! Жывем! Сціскаем зубы, а жывем!
  • Gorliwy Litwin
    25.05.2024
    Беларусы, хер там. Марзалюк з Франакам усіх адмажуць. Скажуць - красаўцы ратавалі Мір і Хлеб 
  • Прывітанне
    25.05.2024
    Боты Франака Вечерко. Накінуліся як на артыкул пра Зянона Пазьняка.

Лукашэнка не паверыў Рыжанкову. Пяткевіч выглядае процівагай Крутому. А Круты — вялікая загадка

Лукашэнка не паверыў Рыжанкову. Пяткевіч выглядае процівагай Крутому. А Круты — вялікая загадка

Усе навіны →
Усе навіны

Хто ў Еўрасаюзе самы бедны і самы багаты?12

Прапагандысты збіраюцца 3 ліпеня «аднавіць акт генацыду»7

Улады ЗША прапануюць $10 мільёнаў за інфармацыю пра грамадзяніна Расіі1

У Пакістан прыйшла вялікая спёка: забітыя бальніцы, сотні памерлых2

Беларусам прапанавалі вакансію «менеджара па шашлыках» за 3000 рублёў у месяц1

У гомельскім падвале ногі ў мужчыны ўсяго за хвіліну спрэс абселі блохі ВІДЭА2

У цэнтры Гомеля зладзілі гонкі пад чырвона-зялёным сцягам, ДАІ пакуль не рэагуе5

Грошы на мадэрнізацыю «Гродна Азота» дасць Расія1

Украінскія хакеры выявілі галоўнага спічрайтара Мядзведзева4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка не паверыў Рыжанкову. Пяткевіч выглядае процівагай Крутому. А Круты — вялікая загадка

Лукашэнка не паверыў Рыжанкову. Пяткевіч выглядае процівагай Крутому. А Круты — вялікая загадка

Галоўнае
Усе навіны →