Фота: Getty Image

Фота: Getty Image

Ці сталі вынікі выбараў нечаканасцю?

Аналітык Аляксандр Фрыдман кажа, што не варта перабольшваць вынікі гэтых выбараў. На яго думку, не адбылося нічога прынцыпова новага і сенсацыйнага, бо такія вынікі былі чаканымі.

«Сацыялагічныя даследаванні прадказвалі, што еўраскептыкі, радыкальныя партыі і асабліва праварадыкальныя палепшаць свае пазіцыі.

Тое, што партыя Марын Лё Пэн упэўнена пераможа ў Францыі, паказвалі ўсе даследаванні. Тое, што ў Германіі «Альтэрнатыва для Германіі» можа заняць другую пазіцыю, таксама было прадказальным», — адзначае гісторык.

Пры гэтым Фрыдман звяртае ўвагу, што, нягледзячы на тое, што ў новым складзе сапраўды будзе больш прадстаўнікоў еўраскептыкаў і праварадыкальных партый, прынцыпова расклад сіл не змяняецца, бо правыя партыі хоць і дабіліся гучных вынікаў, яны не будуць дамінаваць у Еўрапейскім парламенце.

У Еўрапарламенце будзе больш дыскусій

«У Еўрапейскай народнай партыі як была большасць, так яна і застаецца. Цяпер выглядае, што Урсула фон дэр Ляен застанецца на сваёй пасадзе. То-бок у Еўрапарламенце будзе больш дыскусій, будзе больш людзей, якія будуць крытычна выказвацца наконт Украіны. Будуць патрабаваць перастаць дапамагаць ёй і г.д. Такіх галасоў сапраўды стане трошкі больш, але прынцыпова ў Еўрапарламенце расклад сілаў не зменіцца», — лічыць аналітык.

Таму, нават нягледзячы на рост папулярнасці тых партый, якія выступаюць супраць далейшай падтрымкі Украіны і за дыялог з Расіяй, у адносінах да Украіны ніякіх прынцыповых зменаў не адбудзецца.

Разважаючы пра сам факт росту папулярнасці правацэнтрысцкіх партый, Фрыдман называе два асноўныя чыннікі, якія на гэта ўплываюць.

Першы — гэта тэма міграцыі.

«У Еўропу прыбываюць усё новыя і новыя мігранты, змяняецца становішча, склад насельніцтва. Людзі, якія за гэтым назіраюць, як гэта ўплывае на сацыяльную сістэму, відавочна незадаволеныя. Яны патрабуюць кантролю над міграцыйнымі працэсамі».

Другі чыннік звязаны з нестабільнасцю. Людзі ў ЕС, па словах Фрыдмана, паступова страчваюць упэўненасць у заўтрашнім дні.

Зала пасяджэнняў Еўрапейскага парламенту. Фота: Wikimedia Commons

Зала пасяджэнняў Еўрапейскага парламенту. Фота: Wikimedia Commons

«Частцы насельніцтва ўсё роўна, каму там, умоўна кажучы, будзе належаць Харкаў»

«Існуе шмат выклікаў, эканамічных, палітычных, моцны ўплыў на такія настроі мае вайна ва Украіне. Гэтае ўяўленне пра тое, што вайна можа прыйсці сюды, што, як падкрэслівае той жа міністр абароны Германіі, да вайны трэба рыхтавацца — гэта не тое уяўленне, з якім людзі жадаюць жыць.

Значнай частцы насельніцтва ўсё роўна, каму там, умоўна кажучы, будзе належаць Харкаў.

Калі там скажуць, маўляў, ёсць магчымасць спыніць нейкім чынам гэтую вайну і Пуцін не будзе больш нічога дрэннага рабіць, што ён супакоіцца і мы знойдзем з ім нейкі кампраміс, то я думаю, што на Захадзе хапіла б людзей, якія б на гэта пагадзіліся. Іншая рэч, што Пуцін кампрамісаў не шукае, а хоча атрымаць усё».

Таму, на думку аналітыка, калі такая напружанасць у грамадстве ёсць, а палітыкі не даюць канкрэтных адказаў на пытанні, то людзі спрабуюць знайсці іншых палітыкаў, якія, можа, і папулісцкім чынам даюць іншыя простыя адказы.

Правыя ўрады звычайна не эфектыўныя

Пры гэтым аналітык звяртае ўвагу, што калі тыя ж правыя партыі прыходзяць да ўлады, то яны не могуць выканаць шмат са сваіх абяцанняў, бо яны не сумяшчальныя з еўрапейскімі законамі і канстытуцыямі еўрапейскіх краін.

«Выкананне абяцанак патрабуе змены законаў, а гэта досыць складаная рэч. Напрыклад, у Аўстрыі ўльтраправыя кожны раз прыходзілі ва ўрад з добрымі вынікамі, але не выконвалі абяцанні або палітыка, якую яны праводзілі, была нізкаякаснай і неэфектыўнай, таму на наступных выбарах яны прайгравалі. Зараз тое самае будзе ў Нідэрландах», — мяркуе аналітык.

Трэцім чыннікам Фрыдман называе ўплыў прапаганды, у тым ліку расійскай.

Фота: Калаж Новай газеты Еўропа

Фота: Калаж Новай газеты Еўропа

Свята ў расійскай прапаганды 

Падводзячы вынікі, Аляксандр Фрыдман называе вынікі выбараў дрэннымі, але супакойвае, што ніякай палітычнай катастрофы не адбылося. Важна не трапіць пад наратывы расійскай прапаганды.

«У іх сёння свята, якое яны самі сабе прыдумалі. Насамрэч гэтыя вынікі для Расіі не такія ўжо выдатныя. Канкрэтна з гэтых выбараў яны нічога не атрымаюць», — лічыць Аляксандр Фрыдман.

Клас
22
Панылы сорам
3
Ха-ха
5
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
3