Склалі на аснове звестак ад навукоўцаў топ азёр, якія вылучаюцца сваёй чысцінёй. Пра многія з іх вы і не ведалі, а гэта сапраўдныя смарагды беларускай прыроды.
У Беларусі, якая лічыцца азёрным краем, празрыстасцю сваёй вады могуць пахваліцца шмат якія. Даследчыкі з геаграфічнага факультэта БДУ на працягу больш чым два дзясяткі гадоў праводзяць даследаванні азёр Беларусі. Пры гэтым вымяраюць і іх празрыстасць у летні перыяд (ліпень-жнівень). Прыводзім шэсць азёр, якія па гэтаму паказчыку знаходзяцца сярод лідараў.
Возера Белае Полацкі раён
Каардынаты 55°37′20″, 28°37′46″
Возера знаходзіцца за 14 кіламетрах ад Полацка сярод пагоркаў, парослых лесам, мае плошчу каля 100 гектараў і максімальную глыбіню 19,6 метраў. З глыбінёй заўважна змяняецца і тэмпература вады. Калі на паверхні яна 22 градусы, то каля дна складае ўсяго 8.
Летам 2022 года вучоныя зафіксавалі ў Белым найбольшую празрыстасць вады (да 6,5 метраў). І гэта на 2,3 метры больш, чым 20 гадоў таму.
Возера з'яўляецца папулярным месцам адпачынку.
Возера Глыбокае Полацкі раён
Каардынаты 55°41′36″, 29°27′06″
Другое па празрыстасці возера Беларусі знаходзіцца ў самай глушэчы, за 47 кіламетраў на паўночны-ўсход ад Полацка на тэрыторыі азёрнага заказніка «Глыбокае — Вялікае Астравіта» (пра другое возера мы раскажам ніжэй).
Возера Глыбокае можа пахваліцца празрыстасцю да 6 метраў. Але амаль 50 гадоў таму, у 1977 годзе яно было рэкардсменам па гэтаму паказчыку (9,5 метраў!). Возера мае плошчу 42 гектары і максімальную глыбіню 11,5 метраў. Дзякуючы празрыстасці вады і яе чысціні Глыбокае набыло папулярнасць у беларускіх дайвераў.
Возера Ільгінія Мядзельскі раён
Каардынаты 54°54′43″, 26°49′48″
Трэцяе месца па празрыстасці з паказчыкам 4,6 метраў заняло возера Ільгінія, якое знаходзіцца ў Мядзельскім раёне за 33 кіламетры на паўночны-захад ад гэтага райцэнтра ў заказніку «Блакітныя азёры». Яно мае зусім невялікую плошчу 8 гектараў. Але пры гэтым глыбіня возера дасягае 15,6 метраў.
Вакол возера — маляўнічая мясцовасць, якую з-за складанага рэльефу называюць Беларускай Швейцарыяй.
Ільгінія размяшчаецца ў глыбокай упадзіне і спускацца да яго давядзецца з вялікай асцярожнасцю трымаючыся за дрэвы. Вада ў возеры летам добра праграваецца, але яно не ўпарадкавана для турыстаў.
Возера Белае Лунінецкі раён
Каардынаты 52°22′59″, 26°38′37″
Празрыстасць возера Белае, што знаходзіцца за 17 кіламетраў на паўночны захад ад Лунінца, складае 4 метры. Пры гэтым яго максімальная глыбіня — 17 метраў. Возера займае каля 23 гектараў і знаходзіцца ў пераважна раўніннай мясцовасці, якая пакрытая густым лесам.
На беразе возера размешчаны дзіцячыя аздараўленчыя лагеры. А само яно ўваходзіць у заказнік «Лунінскі», што абмяжоўвае яго выкарыстанне ў рэкрэацыйных мэтах. Напрыклад, на адным месцы можна паставіць не больш за 6 палатак, у якіх будзе размешчана не больш за 20 чалавек. Можна паліць кастры, але нельга высякаць кусты і дрэвы.
Вялікае Астравіта Полацкі раён
Каардынаты 55°41′36″, 29°31′58″
Возера Вялікае Астравіта знаходзіцца за 50 кіламетрах на паўночны-ўсход ад Полацка на тэрыторыі заказніка каля самай расійска-беларускай мяжы.
Плошча возера складае 48 гектараў, а максімальная глыбіня — 6 метраў. Празрыстасць вады — 3,5 метра. Возера знаходзіцца на мясцовасці, якая пакрыта ўзгоркамі парослымі лесам. Схілы возера крутыя, вышынёй месцамі да 11 метраў. Толькі на поўдні яны пакатыя і нізкія. Але тут да возера падыходзіць частка сухога верхавіннага балота.
Возера знаходзіцца ў слаба асвоенай і аддаленай ад населеных пунктаў мясцовасці. Дзякуючы гэтаму склад яго вады вельмі блізкі да натуральнага.
Возера Свіцязь Навагрудскі / Карэліцкі раёны
Каардынаты 53°26′29″, 25°55′00″
Возера Свіцязь па сваёй плошчы 224 гектары пераўзыходзіць усе пералічаныя азёры. У апошнія дзесяцігоддзі яно ператварылася ў сапраўдную меку для адпачынку, што не магло не адбіцца на празрыстасці. Калі дваццаць гадоў таму яна складала 7 метраў, то цяпер — толькі 2,7 метра.
Каментары