Культура

Старажытнасці з разрабаваных музеяў Судана прадаюцца за бесцань на аўкцыёнах

Дзясяткі тысяч артэфактаў з Нацыянальнага музея ў Хартуме, які славіцца найвялікшым пасля Каірскага музея зборам старажытнасцяў у Афрыцы, былі выстаўлены ў інтэрнэце па 200 даляраў за кожны. Яны сталі здабычай мяцежнікаў, якія пры падтрымцы Расіі вядуць з 2023 года кровапралітную вайну з узброенымі сіламі Судана.

Статуі кушанскага цара Натакамані перад фасадам Нацыянальнага музея ў Хартуме. Фота: AP Photo/Mosa'ab Elshamy

Вайна, пра якую ў Еўропе мала хто чуў, стала прычынай гібелі дзясяткаў тысяч суданцаў, яшчэ блізу 10 мільёнаў вымушаны ўцякаць, больш як 2 мільёны — за мяжу.

У Судане за апошнія гады адбылося некалькі ўзброеных пераваротаў. У выніку апошняга з іх у 2021 годзе да ўлады прыйшла вайсковая хунта. Хунту ўзначаліў камандуючы Узброенымі сіламі Судана Абдэль Фатах аль-Бурхан, які сканцэнтраваў усю ўладу ў сваіх руках, пакінуўшы былых паплечнікаў ні з чым.

Статуя фараона Тахаркі з нубійскай дынастыі з Джебель-Баркал. Фота: Wikimedia Commons 

Адзін з іх, камандзір Сіл аператыўнай падтрымкі Махамед Хамдан Дагала, не пагадзіўся на прапанаваны план уваходжання свайго фарміравання ў склад Узброеных сіл. Дагала падняў паўстанне, хутка захапіўшы большую частку поўдня Судана. З красавіка 2023 года не сканчаюцца баі за сталіцу Хартум і яе ваколіцы, дзе пражывае больш за 6 мільёнаў чалавек. 

У чэрвені 2023 года пад кантроль Сіл аператыўнай падтрымкі, на баку якіх ваюе і расійская ПВК «Вагнер», перайшоў раён горада, дзе размяшчаецца Нацыянальны музей Судана. У яго калекцыі захоўваецца звыш 100 000 прадметаў, сярод якіх адны з найстаражытнейшых мумій у свеце, якія датуюцца 2500 г. да н. э., а таксама статуі, кераміка і старажытныя фрэскі і артэфакты ад каменнага веку да хрысціянскай і ісламскай эпохі.

Гэтыя каштоўнасці прыцягнулі рабаўнікоў, якія вывезлі з музея дзясяткі тысяч артэфактаў. У верасні 2024 года нацыянальная вяшчальная кампанія Судана паведаміла, што музей падвергся «буйнамаштабнай аперацыі па разрабаванні і кантрабандзе». Спадарожнікі зафіксавалі, як грузавікі з каштоўнасцямі пакідаюць музей і накіроўваюцца да межаў Судана, у тым ліку да межаў з Паўднёвым Суданам.

Фрэска з выявай Нараджэння Ісуса Хрыста XI ст. з сабора ў Фарасе, якая захоўваецца ў Нацыянальным музеі Судана. Большая частка фрэсак з сабора, які быў выяўлены ў 1961—1964 гг. польскімі археолагамі, была перададзена ў збор Нацыянальнага музея ў Варшаве, дзе сёння займае асобную залу. Фота: Wikimedia Commons

Аб разрабаванні таксама паведамлялася ў двух іншых буйных суданскіх музеях: доме Халіфа ў горадзе Амдурман і музеі горада Ньяла ў штаце Паўднёвы Дарфур.

Паводле брытанскай газеты The Times, тысячы суданскіх артэфактаў, у тым ліку тыя, якія былі выкрадзеныя з Нацыянальнага музея ў Хартуме, былі пасля выстаўленыя на продаж на eBay за 200 даляраў. Вялікая калекцыя ўключае ў сябе артэфакты перыяду палеаліту і знакамітага гарадзішча Керма ў паўночным Судане, а таксама артэфакты часоў нубійскіх фараонаў.

Прадстаўнік ЮНЕСКА заявіў, што пагроза найвялікшым скарбам Судана дасягнула «беспрэцэдэнтнага ўзроўню», і заклікаў прыватных калекцыянераў і гандляроў не купляць іх. Арганізацыя таксама занепакоена пагрозай для іншых гістарычных аб'ектаў.

Баранагаловы сфінкс на ўваходзе ў музей.

Па словах экспертаў, карціны, залатыя вырабы і кераміка, выстаўленыя на eBay як егіпецкія старажытнасці, хутчэй за ўсё былі менавіта з Судана. Шэраг тавараў былі выдалены з сайта пасля таго, як з eBay звязалася брытанскае выданне.

Цяпер улады Судана звярнуліся да Інтэрпала, каб адшукаць злачынцаў і вярнуць скрадзеныя артэфакты.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Памеры палохаюць». Як выглядае знутры новаадкрыты гандлёвы цэнтр у «Мінск-Свеце» ФОТЫ11

«Памеры палохаюць». Як выглядае знутры новаадкрыты гандлёвы цэнтр у «Мінск-Свеце» ФОТЫ

Усе навіны →
Усе навіны

Вучоныя назвалі колькасць крокаў, якая ратуе офісных работнікаў15

Рыжанкоў даклаў Эйсмант, што накалоў дроў15

Ці забярэ камп'ютар вашу працу і калі робаты пачнуць мыць за нас посуд? Распыталі эксперта пра штучны інтэлект2

Шрайбман дапускае ахалоджванне адносін паміж Лукашэнкам і Пуціным7

Выбух у доме ў Маскве — ёсць загінулыя4

Беларуска вярнулася ў вёску пасля 20 гадоў жыцця ў Аўстрыі і робіць казіны сыр10

У Мінску закрылася вядомая пельменная2

Трамп паабяцаў, што не збіраецца балатавацца на трэці тэрмін9

Пасажыры самалёта ўпалі ў балота з алігатарамі і правялі там два дні. Як яны выжылі?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Памеры палохаюць». Як выглядае знутры новаадкрыты гандлёвы цэнтр у «Мінск-Свеце» ФОТЫ11

«Памеры палохаюць». Як выглядае знутры новаадкрыты гандлёвы цэнтр у «Мінск-Свеце» ФОТЫ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць