Эканоміка1010

Саудаўская Аравія пагражае Расіі падзеннем цэн на нафту да $50 за бараль

Эр-Рыяд мяркуе, што Расія, Ірак і Казахстан не прытрымліваюцца ўзятых на сябе абавязацельстваў.

Уладзімір Пуцін здолеў наладзіць цёплыя адносіны з манархіямі Аравійскага паўвострава. Іх супольны інтарэс — высокія цэны на нафту. На здымку: Пуцін і Салман бін Хамад бін Іса аль-Халіфа, наследны прынц і прэм'ер-міністр Бахрэйна. Фота Yury Kochetkov / Pool Photo via AP

Міністр нафты Саудаўскай Аравіі заявіў, што цэны могуць упасці да $50 за бараль, калі «парушальнікі» ў межах OPEC+ не будуць прытрымлівацца ўзгодненых абмежаванняў на вытворчасць, піша інфармаванае выданне «Уол-стрыт джорнал» са спасылкай на прадстаўнікоў краін картэля.

Гэтыя заявы іншыя вытворцы інтэрпрэтавалі як схаваную пагрозу ад каралеўства, што яно гатовае развязаць цэнавую вайну для захавання сваёй долі на рынку, калі іншыя краіны не будуць прытрымлівацца пагадненняў групы.

OPEC+ — гэта картэль, у які ўваходзяць як 12 краін-удзельніц Арганізацыі краін-экспарцёраў нафты (OPEC), так і 10 іншых дзяржаў, у тым ліку Расія. OPEC+ была ўтвораная ў 2016 годзе для таго, каб трымаць цэны на нафту на высокім узроўні.

Адпаведна, гэта павышае і цэны на газ. Краіны-імпарцёркі вуглевадародаў, сярод якіх Кітай, Індыя і краіны Еўрасаюза, не здолелі нічога зрабіць з гэтай картэльнай змовай.

Збліжэнне Расіі з Саудаўскай Аравіяй на аснове супольнага інтарэсу ў высокіх цэнах на нафту памяняла расклад сілаў на міжнароднай арэне. Без гэтага Масква наўрад ці б мела дастаткова грошай, каб вырашыцца на спробу захопу Украіны ў 2022 годзе.

Апошнія тры месяцы цэны на нафту мелі тэндэнцыю да зніжэння. Нафта Brent каштавала больш за 80 даляраў за бараль (бочка ў 159 літраў) у чэрвені, у верасні яе цана апусцілася ніжэй за 70 даляраў. Праўда, пасля забойства Ізраілем лідара арганізацыі «Хезбала» і ўдару Ірана па Ізраілі ў аўторак цэны на нафту трохі падскочылі.

Дынаміка цэн на нафту за апошнія 25 гадоў. Інфаграфіка: tradingeconomics.com

Аднак у цэлым напружанасць на Блізкім Усходзе істотна на цэны нафты пакуль не ўплывае.

На мінулым тыдні падчас тэлефоннай канферэнцыі міністр нафты Саудаўскай Аравіі, прынц Абдулазіз бін Салман, папярэдзіў іншых вытворцаў, што цэны могуць упасці да $50 за бараль, калі яны не будуць прытрымлівацца ўзгодненых скарачэнняў вытворчасці, згодна з паведамленнямі дэлегатаў OPEC, якія ўдзельнічалі ў канферэнцыі.

Як паведамляецца, ён вылучыў Ірак, які ў жніўні перабраў свае квоты на 400 000 бараляў за дзень, і Казахстан, вытворчасць у якім павінна ўзрасці з аднаўленнем радовішча Тэнгіз, здольнага даваць 720 000 бараляў за дзень.

Саудаўскае пасланне было наступным: «Няма сэнсу дадаваць больш бараляў, калі для іх няма месца на рынку», — сказаў адзін з дэлегатаў. «Некаторым лепш замаўчаць і паважаць свае абавязкі перад OPEC+».

Скарачэнні вытворчасці OPEC+ прывялі да скарачэння долі краін групы на сусветным рынку. Сёлета яна склала 48%, што менш за 50% у 2023 годзе і 51% у 2022 годзе, згодна з данымі Міжнароднага энергетычнага агенцтва (IEA). У наступным годзе канкурэнцыя, як чакаецца, яшчэ больш абвострыцца.

Плануецца, што сёлета здабыча нафты ў ЗША, Гаяне і Бразіліі вырасце больш чым на 1 мільён бараляў у дзень. Бразілія далучылася да групы OPEC+ сёлета, але заявіла, што не будзе ўдзельнічаць у скарачэнні вытворчасці. ЗША і Гаяна ў OPEC+ не ўдзельнічаюць.

Аналітыкі мяркуюць, што Расія таксама сёлета экспартавала больш, чым дазваляла ёй квота. Маскве патрэбныя грошы для вядзення вайны.

Бюджэт Саудаўскай Аравіі таксама спланаваны так, што ёй патрэбныя цэны на ўзроўні $85 за бараль, каб фінансаваць сваю эканамічную трансфармацыю.

Апошняя цэнавая вайна на рынку нафты здарылася ў сакавіку 2020 года, калі Саудаўская Аравія дабівалася саступак ад Расіі. Тады зніжэнне эканамічнай актыўнасці на фоне пандэміі прывяло да падзення цэн на нафту ніжэй за 40 даляраў амаль на год.

Беларусь за апошнія дзесяцігоддзі ператварылася ў эканамічным сэнсе ў прыдатак Расіі. Хоць здабыча нафты ў Беларусі і не пакрывае ўласных патрэб, мы атрымліваем рэшту нафты па зніжаных цэнах. Таму фінансава Беларусь апынаецца ў выйгрышы ў перыяды высокіх цэн на нафту: тады расце расійскі рынак, на які Беларусь экспартуе большасць сваіх тавараў і паслуг. У той жа час зніжэнне цэн на энерганосьбіты звычайна прыводзіць да запавольвання і беларускай эканомікі. 

Каментары10

  • Жвір
    02.10.2024
    Гаяна (фактычна exxon-mobil) дадасьць да 2027-га году на сваім шэльфе яшчэ дзьве FPSO, да ўжо маючыхся трох, і вытворчасьць там сягне да 1,5 млн. барэляў на дзень. Дадайце сюды й Сурынам, дзе маюцца аналягічныя перспектывы, які таксама ў хуткім часе ўключыцца ў нафтаздабычу. Усе яны, як і Бразілія, чэрпаюць нафту з таго ж вялізнага "возера", на якім сядзіць і Венесуэла. То бок, меркавана, запасы тэй сыравіны ў рэгіёне большыя, чым на Аравійскай паўвысьпе. Таму цяперашнія рухі КСА выкліканыя ня толькі непаслухмянствам Расеі ды Казахстана, іхны непакой за страту рынкаў мае значна больш шырокую "геаграфію", і тут хутчэй за ўсё не пытаньні дысцыпліны, а спроба сьцягнуць да сябе ўсю агульную "коўдру" APEC, покі такая магчымасьць захоўваецца.
    Дарэчы, транспарт нафты з Блізкага Ўсходу для ЕС праблемны, а дзеяньні Ірана робяць яго й небясьпечным. Іншая справа Гаяна, пераход зь якой для танкера памеру VLCC ( з 2 млн барэляў нафты на борце) займае 10-11 дзён... Да ЗША дык і ўвогуле 5-6 дзён хопіць... То бок, можна лічыць, што рэгіён Персіцкай затокі больш не ў стане напужаць ЕС і ЗША энэргетычным крызысам, саўдытам застанецца маліцца на Кітай з Індыяй, а іранскія пагрозы блякаваць Гармуз ня спыняць рашучасьць Ізраіля.
  • Рыгор
    02.10.2024
    У сакавіку 2020 года зніжэння эканамічнай актыўнасці яшчэ не было. Падзенне цэн на нафту адбылося таму што ЗША значна павялічыла здабычу вугляводаў (дзякуючы адміністрацыі Трампа). А вось калі эканамічная актыўнасць знізілась, цэны выраслі, а павінны былі упасці. Атрымалася гэта як рэакцыя на дзеянні адміністрацыі Байдэна (скарачэнне здабычы).
  • ImBeer
    02.10.2024
    Рыгор, вы ўпэўнены, што было скарачэнне здабычы WTI ? Там на Аранкас чэргі стаяць, чакаючы пагрузкі ў Корпус Крысці. Тое самае на Галвэстан, Loop, South West Pass... І гэта буйны танаж, а не кóстары якіясь.

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа6

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома пра смерць дзеда Колі Лукашэнкі — былога вязня ГУЛАГа, асуджанага за дапамогу «бандэраўцам»15

У Беларусі з'явіўся новы вытворца аўтобусаў2

Блогер Шэры Кот, арыштаваны яшчэ да выбараў-2020, не выйдзе пасля сканчэння тэрміну2

СДПГ зноў вылучыць Олафа Шольца на пасаду канцлера Германіі4

Беларус стаў пераможцам конкурсу піяністаў у Іспаніі

Саджалі на кол, білі жалезным ключом па галаве. Жыццё, каханне і турэмныя здзекі з класіка белліта Кузьмы Чорнага8

У мінскай краме прадаюць пасылкі, якія згубіліся ў працэсе дастаўкі. Блогерцы папаўся вібратар20

Кошт біткойна пераадолеў мяжу 99 тысяч даляраў

У ЗША мужчына выклікаў паліцыю на дапамогу ад нападнікаў, а тая прыехала і застрэліла яго5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа6

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа

Галоўнае
Усе навіны →