Беларус расказаў, як рэгулярныя наведванні радзімы ледзь не вылезлі яму бокам
Мінскі айцішнік Улад (імя змененае ў мэтах бяспекі сваякоў) актыўна ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту 2020 года, хадзіў на нядзельныя маршы, а падчас антываеннага мітынгу ў дзень рэферэндуму 27 лютага 2022 года нават трапіў на суткі. Пасля таго выехаў за мяжу, але працягваў ездзіць на радзіму. Але цяпер гэтага рабіць ужо не будзе, піша «Вясна».
![Амапаўцы на антываенным мітынгу ў Мінску 27 лютага 2022 года. Фота: ТАСС](http://nashaniva.com/img/w840d4webp1/photos/z_2024_10/antyvaenny-mityng-2022-1-532kw.jpg.webp)
Амапаўцы на антываенным мітынгу ў Мінску 27 лютага 2022 года. Фота: ТАСС
«Мяне выцягнулі з аўтамабіля і збілі да непрытомнасці»
Улад у тую нядзелю вырашыў далучыцца да мітынгоўцаў, аднак да месца падзей даехаць на сваім аўтамабілі не паспеў — вуліцы былі перакрытыя. Ён завярнуў у двор, дзе адразу звярнуў увагу на амапаўцаў, якія выцягвалі з пад’езда мужчын.
«Мяне ў гэты момант перамкнула, з’явілася такое міжвольнае жаданне напалохаць іх, і я газануў трохі ў іхні бок. Тады яны кінулі затрыманых і да мяне.
Я паспеў па сустрэчнай паласе ад’ехаць за вугал, у суседні дворык, але там ужо на мяне накінуліся — сталі дручкамі біць па аўтамабілі, мяне дасталі з салона і адразу вырубілі моцнымі ўдарамі.
Калі крыху апрытомнеў, то выгляду не паказваў, каб больш не білі. Чуў толькі, што па рацыі перадаюць адзін аднаму, што я ледзь не збіў аўтамабілем амапаўца і яшчэ крыху напалохаліся, што перастараліся і са мной нешта не тое.
Затым паклалі тварам на капот, сталі запытваць, навошта я збіў супрацоўніка АМАПа, хто я такі, прозвішча і ўсё гэта яны запісвалі на відэа. Я паўтараў толькі адно: нікога не збіваў», — расказвае мужчына.
Потым Улада адвялі ў найбліжэйшы аўтазак і перадалі супрацоўнікам міліцыі са словамі, што гэты вось збіў амапаўца. У РУУСе, куды дастаўлялі затрыманых, усіх паставілі каля сцяны, а яго адразу прыгнулі на калені і надзелі кайданкі.
«Я баяўся, што мяне ўжо надоўга ўпакуюць. Яшчэ і супрацоўнікі міліцыі палохалі: «Ну ўсё, табе 15 год гарантавана». Але потым склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, дзе напісалі, што я нібыта выкрыкваў «Слава Украіне!»
У ІЧУ на Акрэсціна, куды мяне разам з іншымі даставілі вечарам, чакаў суда трое сутак.
І вось разгляд маёй справы. У судзе Ленінскага раёна на калідор, бачу, заходзіць нейкі цывільны з дакументамі, і адразу чую сваё прозвішча. Суддзя распытвала, як і дзе мяне затрымалі, што я рабіў там, пыталіся, дзе мой аўтамабіль.
У выніку далі 12 сутак арышту і адвезлі ў Жодзіна, бо ў тыя дні Акрэсціна было перапоўненае затрыманымі ўдзельнікамі антываеннага мітынгу.
А ў Жодзіна, як і паўсюль тады: камеры перапоўненыя, ні матрацаў, ні перадач, ні прагулак… нічога. Увесь час я перажываў і хваляваўся, што ўжо не выйду, што завядуць крыміналку нібыта на наезд на амапаўца».
![Людзі збіраюцца на мітынг у Мінску](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2024_10/antyvaenny-mityng-2022-2-jpq7j.jpg.webp)
Людзі збіраюцца на мітынг у Мінску 27 лютага. Фота з сацыяльных сетак.
Пасля адбыцця адміністрацыйнага пакарання сябры параілі Уладу тэрмінова набываць квіток і з’язджаць з Беларусі хоць куды — хоць у Арменію, ці Казахстан. На той час фірма, дзе ён працаваў тэсціроўшчыкам, рэлакавалася ў Літву, і таму яму дапамаглі хутчэй выехаць і атрымаць працоўны ДНЖ.
«Я яшчэ ездзіў час ад часу ў Беларусь, але калі ў Мачулішчах у лютым 2023 года спрабавалі ўзарваць самалёт, я ўжо больш не рызыкаваў. Так прайшло паўтара года. А гэтым летам, у ліпені, паехаў, каб зрабіць даверанасць. На мяжы мяне знялі з аўтобуса і адправілі на «гутарку».
Я рыхтаваўся да такіх падзей, яшчэ раз прагледзеў свой тэлефон і нават адшукаў ранейшы данат праз фэйсбук. Мяне распытвалі, чаму я ў базе знаходжуся. Адказаў ім, што адміністратыўка была ў 2022 годзе за тое, што выкрыкваў «Слава Україне!». А ў тэлефоне нічога крамольнага не адшукалі», — кажа Улад.
«Лепей у Беларусь не вяртацца, бо невядома, чым гэта скончыцца»
На гэтым прыгоды айцішніка не скончыліся. Паколькі ў яго сканчаўся тэрмін дзеяння пашпарта, ён вырашыў рызыкнуць яшчэ раз і выправіўся ў Мінск. Спецыяльна выбраў суботу, бо ў гэты дзень невялікая верагоднасць трапіць на «гутарку» да беларускіх спецслужбоўцаў.
«У суботу, 10 жніўня, я паехаў ізноў у Мінск, а ў канцы месяца хацеў атрымаць новы дакумент. У аддзеле па міграцыі мне адказалі, што біяметрычны пашпарт мне аддаць не могуць, паколькі, як аказалася, мне закрыты выезд з Беларусі. Тады я папрасіў вярнуць стары пашпарт, каб паспрабаваць вырашыць пытанне з выездам у міліцыі.
Але ў РУУСе інфармацыі такой не было. Сказалі звяртацца ў аддзел міграцыі па месцы жыхарства. Атрымалася замкнёнае кола. Удалося толькі даведацца, што 12 жніўня мяне ўнеслі ў базу невыязных, і што я лічуся падазраваным па арт. 342 Крымінальнага кодэкса».
Адразу Улада пачалі шукаць супрацоўнікі міліцыі, распытвалі сваякоў, ён вымушаны быў хавацца і жыць у знаёмых. Улад пачаў думаць, як можна бяспечна выехаць з Беларусі. Спрабаваў праз «Байсол», але не атрымалася на той час.
«Я ведаў, што можна гэта зрабіць, што ёсць варыянты, але не ўяўляў, наколькі шлях да волі можа быць цяжкім і складаным. Нягледзячы на вялікія перашкоды і праблемы, на магчымасць затрымання і прымусовага вяртання ў Беларусь, я змог вярнуцца назад у Літву, праўда, без новага пашпарта. Так эксперыментаваць не варта».
Улад выказаў жаданне расказаць пра гэты выпадак, каб перасцерагчы іншых беларусаў ад паездак у Беларусь нават па важнай прычыне, паколькі ніколі не можна дакладна ведаць, што там можа цябе чакаць.
«Мне пастаянна сніцца затрыманне». Гісторыя былой палітзняволенай Наталлі Кукішавай
Акторка Крысціна Дробыш: Вытрымала ў эміграцыі месяц і вярнулася ў Мінск. Але вытрымала ў ім толькі месяц
«Ледзь не памёр са страху». Айцішнік расказаў, як ездзіў у Беларусь прадаваць кватэру
«Выйшаў з лёгкім шкадаваннем». Беларусы расказалі, як прымалі новае грамадзянства і што рабілі са старым
Каментары