«Трэба купляць латарэйны білет». Стваральнік кампаніі Flo падзяліўся сакрэтам поспеху
«У нашу ідэю ніхто не верыў. Нават наняць супрацоўнікаў было вельмі складана», — гаворыць Дзмітрый Гурскі. Сёння бізнэс ацэньваецца ў $1 млрд, а яго мабільным дадаткам актыўна карыстаецца 68 млн чалавек.
Дзмітрый Гурскі нарадзіўся ў Беларусі. У дзяцінстве з бацькамі садзіў бульбу. Цяпер ягоны бізнэс ацэньваецца ў $1 млрд.
Першую вышэйшую адукацыю Гурскі атрымаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце ў 2005 годзе і стаў бакалаўрам фармацэўтыкі і распрацоўкі лекаў.
Праз восем гадоў ён адвучыўся на МВА ў польскім Універсітэце Казьмінскага. У 2019-м стаў удзельнікам Stanford Executive Program — адной з найпрэстыжнейшых праграм павышэння кваліфікацыі для бізнэс-кіраўнікоў.
Пра свой шлях да поспеху і жыццёвую філасофію Дзмітрый расказаў у інтэрв’ю ютуб-каналу Slush.
Як нарадзілася ідэя Flo?
У 2015 годзе Дзмітрый стаў сузаснавальнікам Flo Health, мабільнага дадатку для жаночага здароўя, які ў выніку стаў лідарам femtech-індустрыі (галіны тэхналогій, арыентаваных на жаночае здароўе).
Нягледзячы на тагачасны скептыцызм вакол femtech, Дзмітрый кіраваўся місіяй вырашаць праблемы жаночага здароўя з дапамогай тэхналогій. Ён вырашыў стварыць комплексную платформу, якая выйшла б за рамкі базавага адсочвання менструацыі і прапанавала ўсебаковую інфармацыю пра здароўе.
«Ідэя была ў тым, каб выкарыстоўваць маніторынг [менструальнага] цыклу для ўтрымання і ўзаемадзеяння, а таксама дадаць больш дасканалыя функцыі — сімптом-чэкеры, чат-боты, рэжымы цяжарнасці і спробаў зачацця. Гэта дазволіла стварыць вялікую платформу, супердадатак на аснове трэкера цыклу», — кажа бізнэсмен.
Ад соцень адмоў да мільярднага поспеху
Напачатку быў скепсіс. Асабліва цяжка было пераканаць праграмістаў. «Усходнееўрапейскія інжынеры вядомыя сваёй прамалінейнасцю. Пераканаць іх было вельмі складана», — узгадвае Дзмітрый.
Адсутнасць прэцэдэнтаў у femtech-індустрыі таксама ўскладняла пошук інвестараў.
«Мы сустрэліся з сотнямі інвестараў і атрымалі сотні адмоў. Вам проста трэба быць вельмі настойлівым, каб дасягнуць пастаўленай мэты», — кажа ён.
Упартасць апраўдала сябе. Flo Health стаў першым еўрапейскім «фемтэхналагічным аднарогам». Кампанію ацэньваюць больш чым у 1 мільярд долараў, а дадатак мае каля 70 мільёнаў актыўных карыстальнікаў штомесяц.
Гэты поспех стаў арыенцірам для будучых стартапаў у сферы femtech і натхніў многія смелыя ідэі.
«Я лічу, што роля такіх кампаній, як Flo, не толькі ў стварэнні прадуктаў, але і ў змене наратываў», — дадае Дзмітрый.
Бізнэс-філасофія і парады пачаткоўцам
Для Дзмітрыя няўдачы — неад’емная частка прадпрымальніцкага шляху. Кожны правал дае ўрокі і загартоўвае.
«Мы двойчы пацярпелі няўдачу, але навучыліся на гэтых памылках. І трэці раз аказаўся паспяховым», — адзначае ён.
Яшчэ адзін важны аспект, на які звяртае ўвагу Дзмітрый: па меры росту бізнэсу ўзрастае яго складанасць. Лёгка страціць тое, што ён называе «фокус» — засяроджанасць на галоўнай мэце і стратэгіі.
«Я не чакаў, што галоўнай праблемай буйной арганізацыі будзе фокус. Засяродзіць такую структуру на пэўнай мэце сапраўды складана».
Важную ролю ў бізнэс-філасофіі Дзмітрыя адыгрывае місія. Кампаніі павінны імкнуцца зразумець патрэбы сваіх карыстальнікаў і знаходзіць рашэнні, якія паляпшаюць іх жыццё. Гэта дапамагае будаваць трывалае ўзаемадзеянне паміж кампаніяй і кліентамі.
Сваю ролю CEO Дзмітрый апісвае як частку вялікай сістэмы.
«Мне не падабаецца ідэя, што трэба хваліць CEO. Гэта проста праца і гэта проста функцыя. Было б няправільна сказаць, што Flo — гэта я».
Абапіраючыся на свой досвед, Дзмітрый раіць бізнэс-пачаткоўцам:
«Трэба купляць латарэйны білет. Часта людзі толькі мараць пра нешта, але ніколі не робяць першы крок».
Гаворка ідзе, канечне ж, пра латарэю ў пераносным сэнсе. У бізнэсе дзеянне больш каштоўнае, чым ваганні.
«Адзіны супольны назоўнік людзей, якія дасягнулі поспеху, — усе яны спрабавалі. Вы таксама павінны паспрабаваць, можа, некалькі разоў, пяць ці нават сем. Але ўрэшце поспех прыйдзе», — падкрэслівае Дзмітрый.
Каментары