Грамадства2020

Уладзіслаў Кандратовіч: «Лукашэнка з літоўскімі фурамі абышоўся як рэкецір»

Міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч у інтэрв’ю «Радыё Свабода» расказаў, што трэба зрабіць беларускім уладам, каб тэхнічна ці палітычна вырашыць пытанне з закрытай беларуска-літоўскай мяжой. Літоўскі міністр даваў гэта інтэрв'ю па-беларуску.

Міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч падчас інтэрв’ю для «Радыё Свабода» ў Вільні. 13 лістапада 2025 года

Аляксандр Лукашэнка на гэтым тыдні тры разы абмяркоўваў закрытыя Літвой пераходы на мяжы з Беларуссю: заклікаў сваіх чыноўнікаў пачаць перамовы і дыпламатычны дыялог з Вільняй. Адказным за вядзенне перамоў прызначылі міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова, і той ужо сказаў, што будзе размаўляць без папярэдніх умоў, але пра адкрыццё не толькі закрытых нядаўна пераходаў, але ўсіх пунктаў пропуску на літоўска-беларускай мяжы.

У літоўскім урадзе заявілі пра магчымасць тэхнічных перамоў — але не палітычных.

Гібрыдная атака шарамі

Перш за ўсё — гэта праблема з шарамі, якія ляцяць з боку Беларусі і пагражаюць бяспецы самалётаў у Віленскім аэрапорце, сказаў міністр.

«Закрыццё мяжы стала апошнім крокам, зробленым з нашага боку. Перад гэтым былі «сігнальныя» закрыцці мяжы як знакі для рэжыму Лукашэнкі, што трэба нешта рабіць з боку Беларусі. Як мы бачылі, ніякіх крокаў з боку беларускага рэжыму не адбылося — і толькі пасля закрыцця мяжы сам Лукашэнка пачаў гаварыць. Для Літвы гэта праблема стала вялікай, калі пачаліся пагрозы для грамадзянскай авіяцыі, для бяспекі, і гэта перарасло на ўзровень гібрыднай атакі на нас з боку Беларусі».

Міністр Кандратовіч прызнаў, што закрытыя пераходы выкарыстоўваліся таксама для перадачы сродкаў на кантрабанду цыгарэт у Літву, і сёння гэта вывучаюць літоўскія крыміналісты.

Урад Літвы тым часам збірае нарады, каб вырашыць, якія крокі могуць быць зробленыя Вільняй. Пры гэтым працягваецца дыялог паміж памежнымі ведамствамі Літвы і Беларусі, МЗС абедзвюх краін таксама ў кантакце, кажа міністр Кандратовіч. А вось у яго з кіраўніцтвам МУС Беларусі кантактаў няма.

«Не, ніякіх кантактаў з беларускім міністрам у мяне не было. І наколькі я валодаю інфармацыяй, не было і раней такіх кантактаў. Думаю, кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс знойдзе спосаб, як гэтую сітуацыю абмеркаваць з іншым бокам. А тэхнічныя перамовы адбываюцца найперш паміж памежнымі службамі».

Агулам за час закрыцця мяжы паміж Літвой і Беларуссю паветраных шароў стала менш, кажа міністр, ёсць ночы, калі такіх зондаў зусім не запускаюць у бок Літвы:

«Прычынай гэтаму можа быць і надвор’е ці кірунак ветру. Але сітуацыя сапраўды палепшылася. У лістападзе закрыццё віленскага аэрапорту адбылося два ці тры разы, і ўсяго максімальна на некалькі гадзін. І не было такога замяшальніцтва, якое было ў кастрычніку. Думаю, што пэўныя крокі для кантролю за сітуацыяй з боку Беларусі былі зробленыя. Не маючы кантактаў, цяжка сказаць, што было зроблена, але з усёй інфармацыі, агучанай публічна і агульна даступнай, бачна, што хоць рыторыка Лукашэнкі не спрыяе паляпшэнню сітуацыі, але я адчуваю, што робяцца нейкія крокі, каб гэтую сітуацыю апанаваць».

Цягам 2025 года літоўскія службы выявілі каля 600 такіх шароў. Але ёсць і такія, што не былі знойдзеныя, прызнаў міністр, і іх можа быць у некалькі разоў больш.

Тут дзейнічаюць два фактары: і кантрабанда, і гібрыдная атака з боку Беларусі, кажа Уладзіслаў Кандратовіч:

«Натуральна, што кантрабанда праводзіцца як жыхарамі Беларусі, так і Літвы, ёсць тут сувязі. І гэта наглядна бачна, і гэта можна даказаць. Але з другога боку, сабатаж з беларускага боку і пазіцыя нічога не рабіць з гэтым, не прадпрымаць крокаў да апанавання сітуацыі, дазвол рабіць такое наводзіць на думку, што гэта з’яўляецца і гібрыднай атакай. Так, гібрыдны эфект руху гэтых шароў з боку Беларусі ў бок Літвы з’яўляецца вялікім. У тым ліку ён выклікае закрыццё нашых аэрапортаў у Вільні і Коўне».

Кантрабанда на 100 мільёнаў еўра

Рашэнне аб поўным закрыцці мяжы Літвы і Беларусі было прынята напрыканцы кастрычніка. Яго патлумачылі масавымі прылётамі мэтэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі. Паводле статыстыкі памежнай службы Літвы, шары з кантрабандай з Беларусі масава прылятаюць у Літву з пачатку 2024 года. На пытанне, чаму Вільня вырашыла адрэагаваць на гэты выклік менавіта цяпер, міністр адказаў:

«У розных сітуацыях патрэбныя навыкі, каб ідэнтыфікаваць гэтыя шары. На маю думку, праца нашай памежнай службы на мяжы спрычынілася да таго, што кантрабандысты пачалі выкарыстоўваць гэтыя шары ўсё далей ад Літвы, з іншых участкаў тэрыторыі Беларусі, і стала цяжэй разлічыць іх рух. І мы бачым, што яны далятаюць ужо да Вільні, да аэрапорта».

Бюджэт краіны губляе з-за кантрабанды амаль 100 мільёнаў еўра ў год, кажа ён. З іншага боку, бяспека грамадзянскай авіяцыі застаецца прыярытэтам і важным заданнем для МУС Літвы.

35 літоўскіх кампаній ужо прапанавалі свае метады і тэхналогіі выяўлення і знішчэння непажаданых дронаў і шароў.

«Сродак супраць іх будзе знойдзены, і ёсць сёння спецыяльныя групы, каб спыніць гэтыя шары. Але мяркую, што калі не будзе эканамічнай выгады пасылаць гэтыя цыгарэты, якія рэалізуюцца ў Літве і іншых дзяржавах ЕС, не будзе і гэтых шароў».

«Лукашэнка дзейнічаў як рэкецір»

Паводле загаду Аляксандра Лукашэнкі беларускія мытнікі заблакавалі грузавыя машыны з літоўскай рэгістрацыяй, якія засталіся на беларускай тэрыторыі. Цяпер больш за 1000 машын стаяць на спецыяльных платных стаянках. Кіроўцы хвалююцца, некаторыя нават кажуць, што гатовыя пратэставаць.

«І я думаю, што гэта правільны крок перавозчыкаў, бо для іх мы адкрылі мяжу, каб гэтыя машыны паехалі ў Літву. Але з боку Лукашэнкі такой магчымасці няма, ён закрыў мяжу і, як рэкецір, усе машыны ставіць на стаянку і патрабуе аплаты, якая з’яўляецца немалой — 120 еўра за адзін дзень, і гэта за машыну, а калі прычэп, то яшчэ 120 еўра.

Мы скарысталіся магчымасцю праз працаўнікоў літоўскай памежнай службы звярнуцца да памежнай службы Беларусі з прапановай адкрыць мяжу для эвакуацыі гэтых машын у Літву. І два разы мы атрымалі адмоўны адказ, трэці раз ліст прыйшоў учора вечарам і там ёсць прапанова з боку Беларусі весці перамовы», — расказвае міністр.

«Мы гатовыя да перамоў на тэхнічным узроўні, каб вырашаць праблемы комплексна — не толькі тую, якая выгадная беларускаму боку, але і ўсе існуючыя пытанні. Я лічу, што дээскалацыя ўсё яшчэ магчымая», — заявіў 12 лістапада прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Ён расцаніў прапанову Мінска аб перамовах як жаданне пагаварыць аб зняцці санкцый:

«Я разумею сітуацыю вакол грузаперавозчыкаў — гэта няпроста, але я прашу іх зразумець сітуацыю, у якой мы знаходзімся. Мы сапраўды перажываем гібрыдную атаку, і мы не можам проста назіраць і нічога не рабіць», — сказаў Наўседа.

Калі адкрыюць мяжу

Фармальна літоўска-беларуская мяжа закрытая да канца лістапада 2025 года. Гэтае рашэнне выклікала рэзкую рэакцыю ў Мінску, але цалкам не спыніла паток паветраных шароў і мігрантаў з беларускага боку.

Гаворачы пра крытэрыі для адкрыцця мяжы ў канцы лістапада, міністр Кандратовіч сказаў «Свабодзе»:

«Мяркую, што на сустрэчы памежных службаў павінны стварыць канал, каб інфармацыя пра падзеі, звязаных з кантрабандыстамі, спыніла гэтую сітуацыю. Гэта з’яўляецца важным, каб такі тэхнічны дыялог адбыўся. Я бачу, што крокі ў гэтым кірунку зробленыя. Перадача інфармацыі адбываецца можа крыху не так, як хацелася б, але гэта ідзе. Мяркую, што гэта дазволіць 30 лістапада адкрыць мяжу. Ніхто не кажа, што гэта немагчыма раней. 30‑е чысло — гэта арыенцір. Але калі сітуацыя выправіцца і будзе ісці нармальнымі крокамі, і гэтыя прычыны (і машыны, і шары, і сітуацыя з мігрантамі) пойдуць у нармальным кірунку, то і я мяркую, і прэм’ерка сказала ўчора, што ўрад можа прыняць рашэнне і да 30 чысла».

Уладзіслаў Кандратовіч кажа, што сустрэча віцэ-міністраў унутраных спраў Літвы, Латвіі і Польшчы 14 лістапада ў Друскеніках ёсць важным элементам дыскусіі.

«Я маю інфармацыю, што Польшча плануе адкрыць 2 альбо 3 пункты перасячэння мяжы з Беларуссю на наступным тыдні. Я гляджу на гэта як на сітуацыю, датычную цэлага рэгіёну».

Польскі ўрад раней адклаў адкрыццё дадатковых пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю менавіта пасля пачатку крызісу з шарамі ў Літве.

Паводле міністра Кандратовіча, патрэбная агульная пазіцыя па адкрыцці межаў і паляпшэння руху паміж дзяржавамі, яе трэба рыхтаваць на ўзроўні цэлага рэгіёну — Літвы, Польшчы, Латвіі.

На пытанне адносна прагнозу, калі магчымае такое агульнае рашэнне ў рэгіёне, кіраўнік МУС Літвы адказаў:

«Як мы бачым, сітуацыя застаецца наэлектрызаванай, і былі крокі да эскалацыі гэтай сітуацыі, таксама як і з літоўскімі фурамі, якім была закрытая магчымасць выехаць у Літву. Гэта з’яўляецца эскалацыяй. І я думаю, што мы павінны зразумець, што праз эскалацыю гэтыя праблемы вырашаць Літва не будзе — будзем вырашаць гэтыя праблемы праз дээскалацыю сітуацыі. Як з кантрабанднымі шарамі, гэтаксама з інструменталізаванай міграцыяй — нелегальнай міграцыяй, якая праводзіцца з боку Беларусі».

Агулам у міністра ўнутраных спраў Літвы Уладзіслава Кандратовіча няма ўпэўненасці, што закрыццё мяжы можа змяніць паводзіны Лукашэнкі, што Лукашэнка турбуецца, ці ездзяць шараговыя беларусы ў Літву.

«Але я думаю, што для беларусаў трэба стварыць максімальныя магчымасці бываць у Еўрасаюзе. Аднак палітыка, якую праводзіць Лукашэнка, не заўжды спрыяе гэтай пазіцыі. Але гэта трэба змяняць».

Міграцыя як інструмент ціску

Апошнімі днямі літоўскія памежнікі не фіксуюць спробаў нелегальнага перасячэння мяжы з беларускай тэрыторыі. Магчыма, паўплывала дажджлівае халоднае надвор’е, але нельга выключаць і спробы нармалізаваць сітуацыю з беларускага боку, пагаджаецца міністр, але заклікае ацэньваць сітуацыю комплексна — ва ўсім рэгіёне, у тым ліку на межах Беларусі з Польшчай і Латвіяй, дзе мігранты працягваюць свае спробы прарвацца ў Еўрасаюз.

Міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч паведаміў, што сёлета зафіксавалі больш спробаў нелегальна перасячы літоўскую мяжу з Беларусі: у 2024 годзе было 1000, а сёлета ўжо 1300.

«Але агулам гэта на тым самым узроўні. У Польшчы і Латвіі фіксуюць рост, таму няправільна меркаваць толькі па літоўскай сітуацыі, трэба глядзець на цэлы рэгіён. Я мяркую, што ўлады Польшчы, у прыватнасці польскі міністр унутраных спраў, з якім я меў размову, разумее, што галоўным пытаннем з’яўляецца нелегальная міграцыя».

Ці стаяць ЗША за рашэннем Літвы

Аляксандр Лукашэнка на гэтым тыдні заявіў, нібы за дзеяннямі Літвы па закрыцці памежных пераходаў стаялі ЗША. Злучаныя Штаты сапраўды выпрабоўваюць новую палітыку адносна Беларусі: пры іх удзеле вызваляюцца палітвязні, прызначаны спецпасланнік ЗША па Беларусі.

Аднак Уладзіслаў Кандратовіч кажа, што палітыка ЗША на рашэнне Вільні адносна мяжы не паўплывала.

«Сітуацыя звязаная з бяспекай нашай грамадзянскай авіяцыі — гэта выклікала рашэнне. Але амерыканцы з’яўляюцца нашымі партнёрамі, а мы — партнёры амерыканцаў. Як і Польшча, як і Латвія. Агульная пазіцыя адносна Беларусі абмяркоўваецца сярод усіх гэтых дзяржаў. Наш міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс нядаўна размаўляў на гэтую тэму з дзяржаўным сакратаром ЗША. Але сказаць, што амерыканцы стаяць за гэтым рашэннем, нельга. Натуральна, што амерыканцы маглі выказаць сваё пажаданне Мінску, каб сітуацыя з гэтымі шарамі спынілася, гэта нармальна, бо мы партнёры. І Будрыс вядзе размову на гэтую тэму з ЗША, і не толькі ўчора, і не толькі з ЗША, але і з Еўракамісіяй».

Каментары20

  • Кальбунам
    13.11.2025
    [Рэд. выдалена]
  • Тэрарыст, кантрабандыст, рэкецір
    13.11.2025
    [Рэд. выдалена]
  • БЕРАСЦЬ
    13.11.2025
    А што, вы не ведалі, з кім маеце справу?

Цяпер чытаюць

«Я тая самая ў футры». Маладая швачка працавала ў футры, пакуль дзяржТБ расказвала, што на фабрыцы ў Жлобіне не холадна11

«Я тая самая ў футры». Маладая швачка працавала ў футры, пакуль дзяржТБ расказвала, што на фабрыцы ў Жлобіне не холадна

Усе навіны →
Усе навіны

У сучасным свеце 10% багацеяў зарабляюць больш, чым рэшта насельніцтва Зямлі7

У Беларусі за раз набылі 2,5 кілаграма золата. Гэта незвычайна1

Блогер Улад Бумага прайграў суд у Расіі ў справе правоў на сваю выяву8

Шведскі музыка навучыў граць на піяніна васьмінога3

Лівійскія сілавікі вучацца ў Беларусі разганяць пратэсты13

Складзены рэйтынг манагамнасці млекакормячых. На якім месцы чалавек?4

Стала вядома, які горад у Беларусі самы туманны3

У Вялікабрытаніі праз тры гады запусцяць першую сетку аэратаксі

Матч у Казахстане абнавіў тэмпературны рэкорд Лігі чэмпіёнаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я тая самая ў футры». Маладая швачка працавала ў футры, пакуль дзяржТБ расказвала, што на фабрыцы ў Жлобіне не холадна11

«Я тая самая ў футры». Маладая швачка працавала ў футры, пакуль дзяржТБ расказвала, што на фабрыцы ў Жлобіне не холадна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць