Грамадства66

Скандальныя катлеты з грузінскай крамы аказаліся сапраўды беларускімі. «Дзюбаў, лап і хвастоў» унутры не знайшлі

Пасля таго, як у выніку крытычных водгукаў у сацсетках узніклі сумневы ў паходжанні курыных катлет «Папараць-кветка» вытворчасці, як было пазначана, агракамбіната «Дзяржынскі» ў Фаніпалі, журналісты мясцовага выдання fanipol.by звязаліся з самім прадпрыемствам. Там пацвердзілі, што прадукт сапраўды іх, і патлумачылі, што ў ім магло збянтэжыць. А кампанія Bulbaland, якая прадае тавар у Грузіі, дала свае разгорнутыя тлумачэнні.

На прадпрыемстве пацвердзілі, што катлеты сапраўды іх вытворчасці, а этыкеткі на грузінскай мове яны робяць самі спецыяльна для экспартных паставак.

Прадстаўнікі прадпрыемства заявілі, што ўжо вывучаюць сітуацыю, каб зразумець, што здарылася ў канкрэтным выпадку, і гатовыя даць пакупніцы афіцыйны адказ. Пры гэтым, аднак, дапусцілі, што праблема магла ўзнікнуць з-за няправільных умоў захоўвання або транспартавання ўжо ў Грузіі.

Журналісты таксама самі наведалі фірмовую краму агракамбіната і паглядзелі склад катлет «Папараць-кветка». На этыкетцы было пазначана: кускавое мяса куранят-бройлераў (плячо, філе), скура, паніроўка, сыр, масла, спецыі. Мяса механічнай абвалкі, як падазравалі многія каментатары ў сацсетках, у складзе няма.

Прадавачка крамы пацвердзіла, што катлеты рубленыя, з выразнымі кавалачкамі мяса і начынкай. Па словах пастаяннай пакупніцы, якая якраз аказалася ў той час у гэтай краме, катлеты заўсёды такія — не фарш цалкам аднастайнай кансістэнцыі, а менавіта кавалкі мяса.

Журналісты таксама самі прыгатавалі катлеты дома, каб ацаніць іх якасць. Катлета захавала форму, атрымалася шчыльнай, з выразнымі валокнамі курынага мяса — гэта пацвердзіла, што прадукт робіцца з кускавога мяса, а не з масы, характэрнай для мяса механічнай абвалкі.

Начынка была сырна-сметанковай, смак апісалі як «8 з 10 для сваёй цэнавай катэгорыі». Ніякіх «дзюбаў, лапаў ці хвастоў» унутры не знайшлі.

Такім чынам, версія пра падробку не пацвердзілася — у Батумі сапраўды прадавалі арыгінальную беларускую прадукцыю. Аднак пакупніца, магчыма, чакала ад катлет іншай кансістэнцыі і ўспрыняла кускавое мяса як нешта падазронае, пасля чаго і нарадзілася гісторыя пра «перамолатыя адкіды».

Цэны ў Беларусі і Грузіі, дарэчы, прыкметна адрозніваюцца: калі ў фірмовай беларускай краме кілаграм катлет каштуе 10 рублёў 33 капейкі, то ў грузінскай — каля 20 лары, што прыкладна роўна 20 беларускім рублям. Такім чынам, у Батумі прадукт прадаваўся амаль у два разы даражэй.

Пасля кампанія Bulbaland, якая займаецца продажам беларускай прадукцыі ў Грузіі праз сетку крамаў, афіцыйна пракаментавала прэтэнзіі, сярод іншага адзначыўшы, што яна працуе ўсяго крыху больш за два гады, але мае ў асартыменце ўжо больш за 1500 беларускіх найменняў. І гэта адзіная сетка крамаў у Грузіі, дзе 100% тавараў беларускай вытворчасці. Адзіны тавар, які вырабляецца на месцы — адзін з відаў хлеба, і той пячэцца з беларускай мукі.

Ад агракамбіната «Дзяржынскі» кампанія завозіць шырокі асартымент: замарожаныя паўфабрыкаты са свініны, курыцы і індыка, гатовую прадукцыю, а таксама курыныя і індычыныя часткі.

Не беларускі штрыхкод на ўпакоўцы, які пачынаецца з «200», тлумачыцца тым, што гэта прадукцыя на вагу, а ўпакоўка штучных тавараў мае беларускі код «48».

Увесь тавар дастаўляецца ў Грузію ў спецыяльных рэфрыжаратарных машынах з захаваннем правільнага тэмпературнага рэжыму. Тэмпература кантралюецца пры адгрузцы на заводзе, на мяжы яе правяраюць ветэрынарныя службы, і яшчэ раз — на складзе пры прыёме. А ў саміх крамах дзейнічае сістэма кантролю якасці HACCP, што пацверджана адпаведным сертыфікатам.

Упакоўка вырабляецца па дамоўленасці з пастаўшчыком і можа адрознівацца ад беларускай. Гэта тлумачыцца тым, што для Грузіі, згодна з заканадаўствам, на этыкетцы абавязкова павінна быць інфармацыя на грузінскай мове.

Што да смаку і водгукаў, то кампанія падкрэслівае — гэта суб’ектыўна. Калі прадукт прадаецца, то ў яго ёсць свой пакупнік. Калі нешта не купляюць, то такі тавар выключаюць з асартыменту. І наадварот — калі пакупнікі рэгулярна просяць прывезці нейкія канкрэтныя беларускія тавары, то сетка стараецца іх просьбы задаволіць.

Каментары6

  • Мыш
    08.12.2025
    Кускавое мяса з "перамолатымі адкідамі" нават па п’яні ніхто не зблытае, так што няма чаго зноў на пакупніка звальваць. Хутчэй за ўсё якасць там першапачаткова была мінімалістычная ("8 з 10 ў сваёй цанавой катэгорыі"), а яшчэ і падтаяла і замарозілі зноў - ну і атрымалі што атрымалі.
  • в
    09.12.2025
    У меня рядом с домом магазин этой дзержинки (Минск). Это лютое сельпо из советского прошлого.
  • Žvir
    09.12.2025
    Vyhliadaje apietytna, ja b zjeŭ...

Цяпер чытаюць

Загінуў былы палітвязень Аляксей Ляўкевіч. Яго вызвалілі тры месяцы таму пасля візіту Коўла

Загінуў былы палітвязень Аляксей Ляўкевіч. Яго вызвалілі тры месяцы таму пасля візіту Коўла

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусь нарасціла пастаўкі бензіну ў Расію да гістарычнага максімуму. Гэта можа паставіць беларускія НПЗ пад удар Украіны49

У якім выпадку Кіеў будзе лічыць, што мае права нанесці ўдар па беларускіх НПЗ? Украінскі эксперт назваў галоўную ўмову31

Два легкавікі лоб у лоб сутыкнуліся каля Лагазы ў Лагойскім раёне1

За 4 ліпеня Расія страціла 1290 вайскоўцаў забітымі і параненымі10

Музычны кіраўнік дзіцячага садка з Кармы разам з жонкай стаў зоркай сацсетак. Ужо нават бухога Ігара абышоў5

Свіння з'явілася і знікла ў тэлеграм-канале Дзмітрыя Мядзведзева7

«На тобе й кош і рыба». 81‑гадовая Вера запісала ўспаміны пра Давыд-Гарадок 1950‑х і зрабіла аўдыязапісы дарагой яе душы гаворкі13

Беларускі інтэрнэт пад ботамі: як іх распазнаваць і што з імі робяць20

«Камунізм — гэта сістэма-няўдачніца, і так будзе заўсёды». Трамп выступіў з прамовай на святкаванні 250‑годдзя незалежнасці ЗША18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загінуў былы палітвязень Аляксей Ляўкевіч. Яго вызвалілі тры месяцы таму пасля візіту Коўла

Загінуў былы палітвязень Аляксей Ляўкевіч. Яго вызвалілі тры месяцы таму пасля візіту Коўла

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць