Вайна88

Добраахвотнік расказаў пра службу з Лазоўскім і яго апошнюю баявую задачу ў Бахмуце

Чатыры гады таму беларус, цяпер вядомы як «Нёман», выправіўся змагацца за свабоду Украіны. Ён расказаў «Нашай Ніве» пра свой шлях на вайне, службу з Міраславам Лазоўскім і май 2023-га, калі «Нёман» атрымаў раненне, а Лазоўскі застаўся ў Бахмуце назаўжды.

Фота: архіў суразмоўцы

«Нёман»

«Нёману» 39 гадоў. Ён вырас на Гродзеншчыне, недалёка ад берага Нёмана. Таму і пазыўны сабе выбраў такі, каб нагадваць пра любімую раку:

«Нёман там вельмі прыгожы і адначасова стромкі. Жыў недалёка ад яго, літаральна тры-пяць хвілін [пешшу]. Канечне, хадзіў туды ў дзяцінстве, рыбаліў, ладзіў розныя дзіцячыя забавы на вадзе. Вучыўся ў Гродне. Таму, калі выбіраў пазыўны, так ён і ўсплыў».

Мужчына расказвае, што цікаўнасць да беларускасці ў яго пайшла са школьных часоў:

«Ты чытаеш у падручніках адно, а чуеш [з іншых крыніц] крыху іншае. Ты супастаўляеш і спрабуеш знайсці праўду. Напрыклад, у падручніках мала апісвалася паўстанне Каліноўскага, часы БНР, Слуцкі збройны чын. Пачынаеш цікавіцца [гісторыяй], і аказваецца — блін, а беларусы ўсё-ткі адрозныя ад тых жа рускіх».

Калі ён пасталеў, цікаўнасць да беларушчыны перарасла ў канкрэтныя справы. «Нёман» расказвае, што з 18 гадоў балатаваўся ў мясцовыя саветы дэпутатаў, а пазней і ў Палату прадстаўнікоў. Акрамя гэтага, хлопец супрацоўнічаў з рознымі партыямі.

Вядома, на тыя выбары ён не меў ніякіх спадзяванняў:

«Загадзя ведаў, што не прайду, у дэпутаты мяне не прапусцяць. Але рэч у тым, што я атрымаў досвед. Праца з дакументацыяй, збор подпісаў — з кожнымі выбарамі для цябе гэта ўсё прасцей, тым больш калі сам ходзіш па людзях, размаўляеш, цікавішся іх праблемамі. Ты на мясцовым узроўні бачыш тыя праблемы, якія потым табе прасцей заўважыць у межах рэгіёна і краіны.

Існавала шмат лакальных праблем — ад рамонту і фарбавання нейкіх лавак і дзіцячых пляцовак да пандусаў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі».

Акрамя палітыкі, беларус вучыўся і працаваў на будоўлі. 

Пачатак поўнамаштабнай вайны ў 2022 годзе мужчына сустрэў у Беларусі. Калі даведаўся, што адбываецца, прыняў рашэнне ехаць і бараніць Украіну. Доўгі час чакаў, пакуль зробяць шэнген, і потым выправіўся ў дарогу.

Для яго гэта было хуткае рашэнне:

«Гэта было зразумела яшчэ з 2014-га, я ўвесь час быў на баку Украіны. Нам у Беларусі даводзілі інфармацыю, што на фронце то заціхае, то зноў ідуць баявыя дзеянні, магчыма, так і было. І я ўвесь час лічыў, што гэта канфлікт лакальнага ўзроўню.

Фота: архіў суразмоўцы

А ў 2022‑м гэта перайшло ў поўнамаштабную вайну, паўстала пытанне, існаваць Украіне ці не. Гэта і паспрыяла майму прыезду ва Украіну на вайну».

«Нёман» адразу трапіў у тады яшчэ батальён Каліноўскага. А потым пайшоў у батальён «Волат» — тамтэйшы 5‑ы ўзвод займаўся выведкавай і пяхотнай дзейнасцю. Тады, у 2022 годзе, «Нёман» апынуўся на Запарожскім кірунку.

Там ён і пазнаёміўся з Міраславам Лазоўскім — той быў камандзірам 5‑га ўзвода. Лазоўскі, адзін з заснавальнікаў «Белага легіёна», з’ехаў ва Украіну пасля пратэстаў 2020 года, а з пачаткам вайны далучыўся да абаронцаў Украіны.

«Пачулі па варожым радыё нешта накшталт «давай адпрацуем чымсьці цяжкім»

«Нёман» расказвае, што і да сустрэчы з Лазоўскім ведаў яго імя, ведаў пра справу «Белага легіёна». На фронце «Мыш» (пазыўны Лазоўскага) быў камандзірам «Нёмана»:

«Ён быў адным з тых людзей, хто ўмеў і слухаць, і гаварыць. Калі ён нешта казаў, гэта быў хутчэй не загад, а просьба. Стасункі з ім былі сяброўскія, камунікацыя вельмі шчырая.

Ён быў вельмі добры стратэг, выдатна разбіраўся ў вайсковай гісторыі — напэўна, лепш за ўсё ведаў часы Напалеона. У вайсковай сферы ён быў вельмі добра падкаваны».

«Нёман» успамінае тую баявую задачу ў Бахмуце, калі Лазоўскі загінуў — суразмоўца там таксама быў. Усё адбылося ў маі 2023-га.

Мужчына кажа, што па прычынах бяспекі дагэтуль не можа шмат расказваць:

«Пасля нашага выхаду планы змяніліся, і нам была пастаўленая іншая задача. Гэта была задача штурмануць групу ворага. Мы трапілі пад абстрэл, пры гэтым быў і кантакт з ворагам, і нас пачалі шчыльна абстрэльваць.

З Міраславам Лазоўскім. Фота: архіў суразмоўцы

Нам трэба было адкаціцца (адступіць — НН) недалёка. За намі быў дом на некалькі паверхаў, і мы адкаціліся якраз туды».

Ноч прайшла ў баях. Зранку, успамінае «Нёман», пачаўся абстрэл: будынак, дзе знаходзіліся ваяры, абстрэльвалі танкі і артылерыя.

«У нас была варожая радыёстанцыя, трафейная, і мы па ёй пачулі нешта накшталт «давай адпрацуем чымсьці цяжкім». Хутка адбыўся моцны прылёт, і наш будынак проста склаўся.

Там загінулі чатыры хлопцы, палова нашай выведвальнай групы. Адзін хлопец выйшаў на сваіх нагах, а яшчэ трое, у тым ліку і я, былі параненыя», — кажа «Нёман».

Суразмоўца апынуўся пад заваламі, не мог вылезці сам. Выратавалі яго ваяры з сумежнага падраздзялення, якія прыйшлі туды з дамкратамі і паднялі абломкі дома.

«Калі я адпаўзаў да выхаду, мяне нехта падняў, гляджу — а гэта Міраслаў Лазоўскі, «Мыш». Ён спытаў, як я, я адказаў — маўляў, паглядзі на нагу. Ён паглядзеў і накіраваў мяне на эвакуацыю, перадаў мяне сумежнаму падраздзяленню.

Мяне завялі ва ўкрыццё, я там доўгі час праседзеў. Вакол былі вулічныя баі, ужо блізка была страляніна. Пазней, уначы, мяне эвакуявалі».

Лазоўскі, які займаўся тады эвакуацыяй ваяроў, з той задачы так і не вярнуўся. 16 мая 2023‑га ён загінуў.

«Нёман» даведаўся пра гібель Лазоўскага на наступны дзень — яму расказалі пра гэта іншыя ваяры, якія прыехалі ў бальніцу.

Фота: архіў суразмоўцы

Нага, траўмаваная тады, нагадвае пра сябе дагэтуль — часам «Нёман» адчувае ў ёй заняменне. Гэта было ўжо другое раненне беларуса ў Бахмуце. У пачатку бахмуцкай кампаніі ён атрымаў пералом пляча:

«Быў танкавы абстрэл, і мне трэба было перабегчы з пад’езда ў пад’езд. Я ўзяў з сабой боекамплект, а гэта была ноч, Бахмут, усё развалена. Ужо не памятаю як, але я проста ўпаў.

Потым устаў, данёс боекамплект. Да мяне падбег наш медык, даў мне абязбол, паставіў кропельніцу і вызначыў, што еду на эвакуацыю. На стабілізацыйным пункце мне сказалі, што ў мяне, хутчэй за ўсё, пералом, а потым на здымку гэта пацвердзілася. Пералом быў вельмі складаны, я недзе месяц лячыўся і потым яшчэ некалькі месяцаў пайшло на рэабілітацыю».

«У першую чаргу пасля вайны — прыносіць карысць сваёй краіне»

Пасля Бахмута «Нёман» ваяваў на Харкаўскім, Данецкім і Луганскім кірунках, мае некалькі медалёў. Цяпер, кажа беларус, шмат часу ў яго ідзе на вывучэнне вайсковай справы — маўляў, вайна не стаіць на месцы:

«Мы бачым, што тэхналогіі вайны змяняюцца. Хто б мог падумаць да поўнамаштабнай вайны, што дроны будуць вырашаць пытанні выведкі, пашкоджання тэхнікі, карэктавання агню. Такое навучанне для ваяра павінна быць пастаянным».

У мірны час «Нёман» пісаў вершы і нават выдаў свой паэтычны зборнік, але падчас вайны ён нічога не піша. Калі вайна скончыцца, можна будзе ўзяцца за тое, каб пакласці свой цяперашні досвед на паперу — «Нёман» упэўнены, што ў яго жыцці так і будзе з цягам часу.

Але на першым месцы не гэта:

«У першую чаргу пасля вайны — прыносіць карысць сваёй краіне. Пакуль не ведаю, гэта будзе абарончая сфера, асвета, грамадская дзейнасць ці палітыка. Але штосьці дакладна будзе».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары8

  • Пан Януш
    21.02.2026
    Не хочу по имени называть но просто шок что ты там. Рад что жив здоров. Может быть читаешь эту статью ...намек на то кто я " за 100 баксау") чиркани если тут связи 5 лет или 6 нет
  • Нёман
    21.02.2026
    Сядаем у цягнік і з намі дзядзька праваднік))))
  • БЕРАСЦЬ
    21.02.2026
    Вось гэта Людзі! Павага!

Цяпер чытаюць

«Набліжаецца момант пералому сітуацыі». Вадзім Кабанчук пра план для беларусаў8

«Набліжаецца момант пералому сітуацыі». Вадзім Кабанчук пра план для беларусаў

Усе навіны →
Усе навіны

У Польшчы завялі крыміналку за выкарыстанне пашпарта Новай Беларусі? Не. Вось што вядома на гэты момант34

Жанчына нарадзіла дзіця ў сельскай прыбіральні — і яно патанула. СК агучыў падрабязнасці2

На трасе Брэст — Маларыта плануюць адкрыць карчму з кальянам, дыскатэкамі і кутком-музеем Вялікай Айчыннай вайны1

У адзіным у Мінску доме-«калодзежы» прадаюць мансардную кватэру. Гэта трэба бачыць2

З Гродна запусцяць яшчэ тры аўтобусы ў Варшаву2

На міжнародным тэатральным фестывалі ў Магілёве амаль усе пастаноўкі будуць з Расіі1

У Мінску прадаюць самалёт Іл-76

З’явілася ВІДЭА моманту ўдару ўкраінскай ракеты «Фламінга» па Воткінскім заводзе, дзе вырабляюць «Іскандэры»9

«Ці можна абмяняць на Кардаш?». Жонка ўкраінца, выкрадзенага 11 гадоў таму ў Данецку, расказала пра мужа

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Набліжаецца момант пералому сітуацыі». Вадзім Кабанчук пра план для беларусаў8

«Набліжаецца момант пералому сітуацыі». Вадзім Кабанчук пра план для беларусаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць