Вайна22

Вайна ва Украіне моцна паўплывала на сабак — мяняюцца нават вушы і хвост

Новыя навуковыя даныя паказваюць: сабакі, якія апынуліся паблізу лініі фронту, усяго за некалькі гадоў пачалі нагадваць сваіх дзікіх родзічаў. З падрабязнасцямі знаёміць The New York Times.

Бадзяжны сабака ў Канстанцінаўцы, Данецкая вобласць. 1 лістапада 2025 года. Фота: Yan Dobronosov / Global Images Ukraine via Getty Images

Поўнамаштабная вайна прынесла разбурэнні не толькі гарадам і чалавечым лёсам — яна радыкальна змяніла і жыццё жывёл. Толькі частка ўладальнікаў змагла забраць сваіх гадаванцаў з сабой. У выніку сабакі, яшчэ ўчора хатнія і цалкам залежныя ад чалавека, масава станавіліся бадзяжнымі, вымушанымі выжываць у асяроддзі пастаяннай небяспекі, голаду і выбухаў.

Каманда навукоўцаў з Львоўскага нацыянальнага ўніверсітэта і Гданьскага ўніверсітэта задалася пытаннем: што адбываецца з сабакамі, калі вайна рэзка абрывае іх сувязь з чалавекам?

Даследчыкі сабралі даныя пра 763 сабакі з дзевяці рэгіёнаў Украіны. Інфармацыя паступала з прытулкаў, а таксама ад ветэрынараў і валанцёраў, якія назіралі за жывёламі як у адносна бяспечных раёнах, так і паблізу лініі фронту.

Асабліва складанай была праца непасрэдна ў зоне баявых дзеянняў. Яе каардынаваў заолаг Львоўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Івана Франко Ігар Дзікі. З 2022 года на працягу двух гадоў ён служыў добраахвотнікам у складзе Узброеных сіл Украіны — спачатку каля Лімана ў Данецкай вобласці, а потым пад Харкавам.

«Многія бяздомныя сабакі жылі з намі ў вёсцы Зарэчнае. Яны былі напалоханыя, некаторыя пакутавалі ад кантузій. У аднаго маленькага сабакі была зламаная лапа, якая няправільна зраслася, з-за чаго ён назаўжды застаўся кульгавым. Іншы быў сляпы на адно вока, страціўшы яго падчас выбуху», — успамінае доктар Дзікі. Ён дадае, што саслужыўцы кармілі іх усіх, давалі прытулак і па магчымасці аказвалі медыцынскую дапамогу.

Большасць высноў даследавання, апублікаванага ў часопісе Evolutionary Applications, сведчаць: сабакі на лініі фронту за надзвычай кароткі час сталі больш падобнымі да дзікіх відаў — ваўкоў, каётаў ці сабак дынга.

Прыкладаў такой трансфармацыі мноства: у франтавых сабак рэдка сустракаюцца пысы альбо занадта кароткія (як у французскага бульдога), альбо падоўжаныя (як у таксы). Многія страцілі лішнюю масу цела. Нават іх вушы змяніліся: стаячыя сустракаюцца значна часцей, чым вісячыя.

Як тлумачаць аўтары, вайна дзейнічае як магутны фільтр, аддаючы перавагу рысам, якія паляпшаюць выжыванне. На перадавой часцей выжываюць сабакі з прыкметамі «дзікага» фенатыпу: прамымі вушамі, прамым хвастом і меншай колькасцю белага колеру ў афарбоўцы.

У зонах канфлікту выявіліся і іншыя характэрныя рысы: стала менш старых, хворых і параненых жывёл. Пры гэтым сабакі пачалі часцей трымацца зграямі.

Што найбольш здзівіла навукоўцаў, дык гэта хуткасць змен: адрозненні паміж франтавымі сабакамі і астатнімі папуляцыямі сталі відавочнымі ўжо праз два гады пасля пачатку вялікай вайны.

Фота: Artem Gvozdkov / Global Images Ukraine via Getty Images

Пры гэтым даследчыкі падкрэсліваюць: гаворка не ідзе пра паскораную эвалюцыю ў генетычным сэнсе. Змены адбываюцца занадта хутка, каб іх можна было патлумачыць мутацыямі і натуральным адборам на малекулярным узроўні. Фактычна вайна стварае ўмовы, у якіх выжываюць асобіны з пэўным наборам рыс. Напрыклад, маленькі сабака мае менш шанцаў падарвацца на міне, яму прасцей схавацца ў вузкай прасторы, і ён з’яўляецца меншай мішэнню для асколкаў.

Нягледзячы на «дзікія» рысы, большасць сабак усё яшчэ залежаць ад людзей у пошуках ежы, дапаўняючы рацыён раслінамі ці паляваннем. Часам яны выжывалі, сілкуючыся целамі загінулых. Многіх прыручылі ўкраінскія вайскоўцы.

Аднак навукоўцы зафіксавалі і з’яўленне асобін, якія цалкам перасталі залежаць ад чалавека.

Такую з’яву біёлагі называюць фералізацыяй — вяртаннем да самастойнага існавання.

Даследаванне сабак стала толькі адным з прыкладаў таго, як вайна трансфармуе навакольнае асяроддзе. Жахі вайны, што так моцна ўплываюць на сабак, з’яўляюцца трывожным сігналам для іншых відаў жывёл, якія менш мабільныя і больш патрабавальныя да рацыёну і асяроддзя.

Войны — гэта не толькі трагедыі для людзей. Гэта маштабныя экалагічныя катастрофы, наступствы якіх будуць адчувацца яшчэ доўгія гады пасля таго, як сціхнуць стрэлы.

Каментары2

  • Федзя
    13.02.2026
    О что путин и лукашенко вытворили
  • буба
    13.02.2026
    Замала для эвалюцыі. Проста заўважныя белыя сабакі і слабыя здароўем, меньш адаптаваныя, там ня выжылі.

Цяпер чытаюць

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА23

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

У Варшаве на наступным тыдні адчыніцца кніжная крама фонду «Камунікат»2

Украіна папрасіла Турцыю арганізаваць саміт паміж Зяленскім і Пуціным3

Сіноптыкі паабяцалі мокры снег у наступныя дні

Масква пужае Арменію: праз збліжэнне з ЕС Арменія страціць 30% эканомікі3

Такер Карлсан выбачыўся за падтрымку Трампа9

Стваральнікі Max кажуць, што ў іх месенджары зарэгістраваліся 1,3 мільёна беларусаў7

Лукашэнка даручыў пастрожыць падрыхтоўку кіроўцаў у аўташколах16

Нацбанк выпусціў манету з 12 гранямі, якая каштуе 23 тысячы рублёў1

34‑гадовую аматарку экстрэмальнага спорту і маладую маці асудзілі па палітычным артыкуле7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА23

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць