Грамадства

У Полацку знеслі дарэвалюцыйны дом святара, які быў пад аховай на паперы

У Полацку разбурылі адметны драўляны дом пачатку ХХ стагоддзя на адной з найстарэйшых вуліц горада. Менш як тры гады таму дзяржава юрыдычна забараніла яго руйнаваць спецыяльным дакументам, які проста праігнаравалі.

Руіны цокальнага паверха, якія засталіся ад дома. Фота: фэйсбук-суполка «Полацк: мінулае і сучаснасць»

Ніжне-Пакроўская вуліца — адна з нешматлікіх у Полацку, дзе яшчэ захоўваецца гістарычны маштаб і атмасфера дарэвалюцыйнага горада. Дом пад нумарам чатырнаццаць быў яе неад'емнай часткай. Паводле звестак Нацыянальнага Полацкага гістарычна-культурнага музея-запаведніка, ён быў пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя святаром Свята-Мікалаеўскага сабора Фамой Антаневічам.

Дом святара па Ніжне-Пакроўскай вуліцы, 14 да зносу захоўваў сваё традыцыйнае аблічча. 2024 г. Фота: partizan-ch

Свята-Мікалаеўскім саборам называўся пасля перадачы праваслаўным касцёл Святога Стэфана, узведзены ў пачатку XVIII стагоддзя ў стылі барока. Галоўная дамінанта Полацка была ўзарваная бальшавікамі ў 1964 годзе на хвалі хрушчоўскай «барацьбы з рэлігіяй».

Касцёл Святога Стэфана, перароблены ў праваслаўную царкву, на фота 1910 года. Фота: Wikimedia Commons

Дом святара быў пабудаваны на схіле поймы Дзвіны, так што на ўзровень вуліцы выходзіў драўляны аб'ём, а цагляны цокальны паверх быў урэзаны ў схіл. 

Да апошніх дзён дом захоўваў традыцыйнае аблічча, уключаючы арыгінальныя аканіцы, ліштвы, разьбяныя падзоры і ўпрыгожаныя філёнгамі вуглавыя накладкі. Пасля вайны яго падзялілі на кватэры, а пазней ён перайшоў у прыватныя рукі.

Днямі ў краязнаўчай суполцы «Полацк: мінулае і сучаснасць» з'явіліся фатаграфіі: ад дома засталіся толькі руіны цаглянага цокаля. Увесь драўляны гістарычны аб'ём знішчаны падчыстую.

Руіны цокальнага паверха, якія засталіся ад дома. Фота: фэйсбук-суполка «Полацк: мінулае і сучаснасць»

Закон, які не працуе на практыцы

Звычайна ў такіх выпадках мясцовыя ўлады апраўдваюць знос тым, што будынак не ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Фармальна дом №14 сапраўды не з'яўляўся асобным помнікам архітэктуры. Аднак тэлеграм-канал «Спадчына» звяртае ўвагу на прамую юрыдычную калізію.

У верасні 2023 года Міністэрства культуры зацвердзіла праект зон аховы гістарычнага цэнтра Полацка. Дакумент распрацоўваўся спецыялістамі «БелНДІПгорадабудаўніцтва» на падставе архіўных і натурных даследаванняў.

Паводле праекта зон аховы гістарычнага цэнтра Полацка дом быў вызначаны як узор шараговай гістарычнай забудовы, якую нельга ні знішчаць, ні змяняць. На схеме дом абазначаны шэрым колерам, правы з тых, што найбольш блізкія да Дзвіны. Свята-Мікалаеўскі сабор размяшчаўся на тым месцы, дзе намаляваны закрэслены вялікі прамавугольнік — шматпавярховы жылы дом, які праектам прызнаны дысгарманічным. Фота: праект зон аховы гістарычнага цэнтра Полацка
Пералік аб'ектаў шараговай гістарычнай забудовы з праекта зон аховы гістарычнага цэнтра Полацка

У дадатку да гэтай пастановы прыведзены спіс аб'ектаў «шараговай гістарычнай забудовы», якія фармуюць гістарычнае асяроддзе горада і падлягаюць захаванню. Знесены будынак па Ніжне-Пакроўскай быў наўпрост уключаны ў гэты афіцыйны пералік.

Рэгламенты дакумента катэгарычна забараняюць страту адметных духоўных, мастацкіх або дакументальных вартасцей шараговай гістарычнай забудовы, нават калі яна не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэты ж пункт прама забараняе неабгрунтаванае змяненне характару архітэктуры фасадаў такіх дамоў.

Такім чынам, поўны знос будынка з'яўляецца наўпроставым парушэннем дзеючага беларускага заканадаўства ў сферы аховы спадчыны, але гэта не спыняе ўласнікаў. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Усе навіны →
Усе навіны

У Растоўскай вобласці атакаваны склад Ozon. Пацярпелі сем чалавек2

Навукоўцы выявілі тры суперздольнасці, якія абараняюць кажаноў ад раку

У Мінску хутка знікне яшчэ адзін закутак прыватнага сектара. Тут пабудуюць жыллёвы комплекс8

На станцыі метро «Слуцкі гасцінец» спынілі цягнікі і выклікалі ратавальнікаў

Жыхары аграгарадка пад Гомелем стогнуць ад нашэсця «шалёнага агурка»1

У Тбілісі знайшлі мёртвым абхазскага блогера, які выступаў за прымірэнне з Грузіяй2

Лаўроў заявіў, што Расія хоча вырашыць пытанне вайны ва Украіне «па-пацанску»11

У Беларусі чакаецца павышэнне цэн на муку4

У дваццаці штатах ЗША тысячы людзей атруціліся мексіканскай салатай. Двое насмерць

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць