Свет66

Найбліжэйшая памочніца Эпштэйна аказалася дачкой расійскага чэкіста, занятага на дзяржаўных праектах у Іране

Расійская мадэль і выпускніца МДІМА Святлана Пажыдаева больш за 10 гадоў правяла поплеч з Джэфры Эпштэйнам. Яна жыла на яго сродкі, падбірала яму дзяўчат, стварала фірмы за яго кошт — і пры гэтым рэгулярна перамяшчалася паміж Нью-Ёркам і Масквой. Пасля смерці сэкс-барона жанчына вярнулася ў Расію і змяніла імя.

Святлана Пажыдаева разам з бацькам. Фота: сацсеткі Юрыя Пажыдаева 

Праект «МО» Explainer апублікаваў расследаванне, у якім звяртае ўвагу на асобу былой мадэлі — набліжанай супрацоўніцы скандальнага фінансіста, якая пасля яго гібелі радыкальна змяніла сваё жыццё. Журналісты высветлілі, што яна паходзіць з сям’і, шчыльна звязанай з расійскімі спецслужбамі, а яе ўласная роля ў атачэнні мільянера была значна шырэйшай, чым яна цяпер спрабуе прадставіць.

Няпростыя бацькі

Знаёмы сям’і Пажыдаевых у Маскве расказвае, што бацька гераіні, Юрый Радаміравіч, — «патомны чэкіст»: у органах нібыта служылі і яго бацька, і дзед. Юрый скончыў Ваенны інстытут замежных моў у 1981 годзе. Падчас вучобы, яшчэ ў 1978‑м — за паўтара года да афіцыйнага ўводу войскаў СССР, — дваццацігадовым курсантам ён адправіўся ў Афганістан у якасці перакладчыка ў Нахрын.

Пасля распаду Савецкага Саюза мужчына займаўся вінным бізнэсам, але захаваў сувязі з дзяржаўнымі структурамі. З 2018‑га ён пачаў рэгулярна, па некалькі разоў на год, лётаць у Іран. З апошняй зафіксаванай паездкі ён вярнуўся ў студзені 2022 года.

Як сцвярджаецца ў матэрыяле, Пажыдаеў-старэйшы быў задзейнічаны ў іранскіх праектах «Растэха» і расійскай чыгункі (у праекце чыгуначнага калідора «Поўнач — Поўдзень»).

У 2022 годзе ён таксама адпраўляў карэспандэнцыю ў пенсійнае ўпраўленне ФСБ. Гэта можа сведчыць пра атрыманне выплат праз гэтую службу — тыповую практыку для былых супрацоўнікаў або афіцэраў, прыкамандзіраваных да цывільных структур.

Сям'я Пажыдаевых. Фота з сацсетак Юрыя Пажыдаева

Маці Святланы, Ірына Марцэльеўна, якой цяпер 68 гадоў, знаходзіцца на пенсіі. Паводле адкрытых звестак, у пачатку 2000‑х яна працавала ў кампаніі «Анкорт», якая займалася сістэмамі шыфравання, а таксама атрымлівала даход у прадпрыемстве «Прэса» пры Упраўленні справамі прэзідэнта Расіі. У 2009—2010 гадах жанчына працавала ў маскоўскім офісе Lukoil Overseas — структуры, праз якую «Лукойл» кіраваў замежнымі праектамі.

Паводле шматлікіх расследаванняў, як нафтавы гігант, так і структуры пры Упраўленні спраў прэзідэнта могуць выкарыстоўвацца як месцы працы для прыкрыцця супрацоўнікаў ФСБ.

Акрамя таго, з 1995 па 2021 год маці мадэлі была сузаснавальніцай грамадскай арганізацыі «Саюз ветэранаў Ваеннага інстытута замежных моў».

Шлях да памочніцы Эпштэйна

Будучая памочніца магната нарадзілася ў 1984 годзе. Пасля школы дзяўчына паступіла ў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін (МДІМА). Там яна атрымала дыплом бакалаўра паліталогіі ў 2004 годзе, сумяшчаючы вучобу са стажыроўкамі ў МЗС РФ і «Лукойле». Пасля гэтага студэнтка працягнула навучанне па сумеснай расійска-французскай праграме магістратуры.

У канцы 2000‑х маладая расіянка пачала мадэльную кар’еру ў Еўропе і ЗША. Яе імя з’явілася ў базе агенцтва MC2, якім кіраваў Жан-Люк Брунэль — чалавек, якога следства таксама звязвала з пастаўкай дзяўчат для фінансіста. У лютым 2022 года Брунэль быў знойдзены павешаным у камеры.

Святлана (Лана) Пажыдаева на вокладцы часопіса WWD, 2009 год. Fashion Model Directory / Explainer 

Як піша Wall Street Journal, пасля пагаднення са следствам у 2008 годзе Эпштэйн змяніў тактыку: ён засяродзіўся на дарослых жанчынах, якія выглядалі як падлеткі — найчасцей гэта былі мадэлі з Еўропы і Расіі. Мільянер прывабліваў іх абяцаннямі кар’ернага росту, спасылаючыся на свае сувязі і прапаноўваючы нібыта вакансіі ў вядомых брэндах, кшталту Victoria’s Secret. Аднак гэтыя абяцанні амаль ніколі не выконваліся.

Апынуўшыся ў атачэнні мільярдэра, жанчыны, паводле іх слоў, траплялі ў поўную залежнасць: звычайныя «масажы» паступова перарасталі ў сэксуальныя патрабаванні. Некаторыя сцвярджаюць, што такія сустрэчы адбываліся штодня, і калі іншых дзяўчат не было, гаспадар звяртаўся да ўласных «асістэнтак».

Скандальны фінансіст кантраляваў ключавыя аспекты іх жыцця — фінансы, медыцынскія выдаткі, іміграцыйны статус і жыллё. Грашовую дапамогу ён часта афармляў як пазыкі, што яшчэ мацней прывязвала ахвяр і не дазваляла ім проста разарваць сувязь.

У інтэрв’ю Wall Street Journal Святлана расказала, што пазнаёмілася з Эпштэйнам яшчэ ў 2008 годзе — яе звёў з ім мадэльны скаўт, паабяцаўшы магчымасць праслухоўвання для Victoria’s Secret. Пазней яна пераехала ў ЗША, дзе апынулася ў ягоным атачэнні.

У снежні 2010 года фатографы Daily Mail заўважылі яе ля асабняка мільянера на Манхэтэне: на багажнай бірцы, як пісала газета, было відаць яе імя і нумар рэйса «Аэрафлота» з Масквы, што сведчыла — яна прыехала да яго адразу пасля пералёту.

Пажыдаева выходзіць з дому Эпштэйна ў 2010 годзе. Фота: Daily Mail

Праўда, пазней праз прадстаўнікоў былая мадэль заявіла, што на тых кадрах не яна, і прызнала толькі больш позні здымак 2016 года ля таго ж дома. З матэрыялаў расследаванняў вынікае, што ў красавіку-маі 2014 года Пажыдаева ляцела першым класам разам з фінансістам у Парыж.

У тым жа годзе яна ўзаконіла сваё знаходжанне ў ЗША, атрымаўшы візу катэгорыі O‑1 для асоб з выключнымі здольнасцямі. Рэкамендацыйны ліст для яе падпісаў тагачасны намеснік міністра эканамічнага развіцця Сяргей Белякоў, які з’яўляецца выпускніком Акадэміі ФСБ.

Згодна з апублікаванымі «файламі Эпштэйна», гэты чыноўнік знаходзіўся ў перапісцы з магнатам на працягу некалькіх гадоў. Сама Святлана прызналася, што Белякоў зрабіў гэта па просьбе яе боса. Паводле яе слоў, мільянер таксама забяспечыў яе жыллём.

На працягу больш як дзесяці гадоў расіянка была асістэнткай Эпштэйна: знаёміла яго з іншымі мадэлямі, адпраўляла анкеты і перадавала яго ўказанні. У 2016—2018 гадах яна прылятала ў Расію па два-тры разы на год з Нью-Ёрка, а таксама з еўрапейскіх гарадоў — Катаніі, Дзюсельдорфа і Мілана. У сваю чаргу, бацькі дзяўчыны, як сведчаць даныя аб перасячэнні мяжы, у 2015 і 2017 гадах па некалькі разоў на год наведвалі яе ў Парыжы, Нью-Ёрку і Маямі.

У 2018 годзе гераіня расследавання пачала актыўна выступаць у медыя як прадпрымальніца і заснавальніца праекта WE Talks — платформы для падтрымкі жанчын. Фінансаванне гэтых ініцыятыў часткова паступала ад структур яе патрона. Амбасадарам WE Talks у Расіі ў 2019 годзе стала Вікторыя Дрокава, сястра экс-камісара крамлёўскага руху «Нашы» Марыі Дрокавай. Акрамя таго, выпускніца МДІМА была заснавальніцай фонду Education Advance, праз які Эпштэйн ахвяраваў 50 тысяч даляраў Масачусецкаму тэхналагічнаму інстытуту.

Змена прозвішча

У ліпені 2019 года мільянера арыштавалі па абвінавачанні ў гандлі людзьмі і сэксуальнай эксплуатацыі; праз месяц яго цела знайшлі ў турме. Паводле афіцыйнай версіі, ён пакончыў жыццё самагубствам.

Праз пяць месяцаў пасля гэтых падзей Пажыдаева адправілася ў Маскву, дзе змяніла імя і пашпарт, выдаліўшы старыя акаўнты ў сацыяльных сетках. Пад новым імем — Сафія Плат — яна афармляе загранпашпарт, па якім заязджае ў ЗША ў 2020 годзе. Пасля яна яшчэ некалькі разоў наведвала расійскую сталіцу.

Падчас адной з паездак жанчына набыла нерухомасць у элітным раёне на Павялецкай (агулам яе маёмасць у РФ ацэньваецца амаль на 600 тысяч даляраў). Апошні раз яна прыляцела ў Расію ў пачатку 2022‑га і канчаткова пакінула краіну праз некалькі дзён пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.

Расследвальнікі здолелі высветліць, што ў 2023—2024 гадах Святлана жыла ў Беверлі-Хілз (Паўднёвая Каліфорнія). Паводле звестак сэрвісаў браніравання, у гэты час яна падарожнічала паміж ЗША, Еўропай і Блізкім Усходам, часта бываючы ў Дубаі. Пад новым прозвішчам яна займаецца бізнэсам у Сіліконавай даліне.

Сафія Плат — сузаснавальніца кампаніі Bridge Funding Global LLC. Фота: arben.ventures / advisors

Як адзначаюць аўтары матэрыялу, іх цікавасць да асобы экс-асістэнткі выкліканая яе публічнай дзейнасцю і магчымымі сувязямі са спецслужбамі. Яна пазіцыянуе сябе праваабаронцай і арганізатарам праектаў «у імя жанчын», не раскрываючы крыніц фінансавання, тады як справаздачнасць паказвае на структуры, звязаныя з нябожчыкам-фінансістам.

Сафія Плат у інтэрв'ю Wall Street Journal не адмаўляе таго, што знаёміла боса з іншымі мадэлямі, адпраўляла яму іх анкеты з указаннем узросту і перадавала яго распараджэнні. Яна сцвярджае, што не сыходзіла ад мільянера раней, бо ён кантраляваў яе візы, грошы і жыллё, а маўчала з-за сораму, бо была дарослай, а не непаўналетняй.

Былая мадэль расказала WSJ, што пасля смерці фінансіста «адчула сябе свабоднай», змяніла імя і пераехала ў іншы горад. Спробы прыбраць свае даныя з дакументаў і публікацый яна называе абаронай ад паўторнай траўмы і ад абвінавачанняў у тым, што яна «сама ўсё абрала» або з’яўляецца «шпіёнкай». Пры гэтым яна катэгарычна адмаўляе любыя сувязі з расійскай разведкай.

Расследвальнікі заўважаюць, што ў выпадку Пажыдаевай гаворка не ідзе пра даказаную аперацыю спецслужбаў. Аднак яны прыводзяць словы былога афіцэра КДБ Сяргея Жырнова аб тым, што дзеці супрацоўнікаў органаў часам аказваюцца ўцягнутымі ў аперацыі бацькоў. Напрыклад, цэнтр «Дасье» апісваў выпадак, калі да сачэння за Навальным прыцягвалі адразу двух сыноў палкоўніка ФСБ Станіслава Макшакова — кіраўніка групы, што атруціла палітыка.

Каментары6

  • Штаб кажухоу́ й куфаек
    21.03.2026
    і тут хтосьці будзе аспрэчваць ?!
    гэтая у ардзе а тая у́ менску .
    хто сумняецца
  • сусед дамы, якая працуе ў псіхушцы
    22.03.2026
    Дзякую, прачытаў.
  • Стрыжань
    22.03.2026
    Ёсць такая прафесія...
    Калі так, то гаўняна ў іх там - прапаршчыкаў там болей, чым маёраў.

Цяпер чытаюць

Лукашэнка адпускае літоўскія фуры8

Лукашэнка адпускае літоўскія фуры

Усе навіны →
Усе навіны

УСУ заявілі пра знішчэнне ў Бранскай вобласці расійскіх ЗРК «Бук»1

У Мінску ўвялі максімальны кошт праезду ў маршрутках2

У Слонімскім раёне да вядомай валанцёркі чыноўнікі без папярэджання прыйшлі палічыць сабак, якіх яна ўтрымлівае за ўласны кошт5

На Падляшшы экспрэс «Зубр» збіў трох белавежскіх зуброў1

Пасажыры British Airways больш за 13 гадзін ляцелі з целам памерлай на борце жанчыны

Еўропа апынулася пад прыцэлам: іранскія ракеты паказалі нечаканую далёкасць19

Бацька са Слуцка папрасіў дзяржаву забраць яго дзяцей дзеля аднаўлення маральных сіл2

У ізраільскіх Арадзе і Дзімоне — каля 200 пацярпелых у выніку трапляння іранскіх ракет10

Сёння ў Хатыні было ўсё кіраўніцтва. Лукашэнка не паехаў ФОТЫ29

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка адпускае літоўскія фуры8

Лукашэнка адпускае літоўскія фуры

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць