Грамадства4848

«Лукашэнка любіць лаяцца матам, ты лаешся ў адказ. А гарэлку я выліваў на падлогу». Коўл распавёў пра візіты ў Мінск

Спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл за тыдзень да свайго апошняга візіту ў Мінск выступіў у Інстытуце Маккейна. Амерыканскі прадстаўнік адкрыта і ў нефармальных выразах апісаў, як менавіта адміністрацыя Дональда Трампа вядзе справы з афіцыйным Мінскам.

Ён падзяліўся падрабязнасцямі застолляў з Аляксандрам Лукашэнкам, які любіць лаяцца матам, а таксама дэталямі вызвалення палітычных зняволеных і кантактаў з беларускімі дэмсіламі. Апавяданне Джона Коўла прыводзіць «Люстэрка».

Нецэнзурная лексіка і восем тостаў

Свой аповяд Джон Коўл пачаў з успамінаў пра тое, як наогул атрымаў пасаду спецпасланніка і як прайшла яго першая паездка ў Мінск. Каб знайсці агульную мову з Аляксандрам Лукашэнкам, давялося падладзіцца пад яго спецыфічную манеру зносін:

— Усё пачалося з тэлефоннага званка… У той час я быў намеснікам пасланніка па канфлікце паміж Расіяй і Украінай генерала [Кіта] Келага. Мне тэлефануюць: «Паедзеш у Беларусь?» Я пытаюся: «А дзе гэта Беларусь?» Потым кажу: «Добра, гэта дзеля вызвалення амерыканскіх зняволеных». І пытаюся: «Ну, калі мне ехаць?» Мне адказваюць: «Заўтра».

І я паехаў. Я сустрэўся з Лукашэнкам, і ён вельмі шмат гаворыць. Многія з гэтых хлопцаў, якія знаходзяцца ва ўладзе па 30 гадоў, любяць пагаварыць. У Дзярждэпартаменце мне сказалі, што ён любіць «пабалбатаць і пасмяяцца», ну мы і пабалбаталі. Прыкладна праз паўгадзіны — хвілін сорак пяць я спрабую зразумець, што ён за чалавек. Ён пачынае скардзіцца на еўрапейцаў…

Гэта прагучыць груба, і я прашу прабачэння за лексіку, але я сказаў яму: «Так, яны купка сцыкуноў» (арыгінал: «Yeah, they’re a bunch of pussies»). І з гэтага моманту ён быў у мяне ў кішэні. Ён любіць лаяцца матам, таму ты лаешся ў адказ. І мы выдатна паладзілі. Мы прасядзелі пяць гадзін, і ён усё гаварыў.

Потым быў двухгадзінны абед. Ён устае (вядома, на стале гарэлка), падымае тост за прэзідэнта Трампа. Хлопцы з Дзярждэпа робяць мне знакі: «Ты павінен выпіць за яго». Я ўстаю і прамаўляю адказны тост. І тут пачаліся гэтыя бясконцыя тосты. А мне нельга напівацца. Вядома, пара хлопцаў з Дзярждэпа выпілі ўсе восем тостаў і былі ў драбадан. Я навучыўся рабіць так: сачыў за вачыма Лукашэнкі, пакуль ён аглядваў кампанію, і калі ён на мяне не глядзеў, я проста выліваў гарэлку на падлогу. У выніку я выпіў толькі дзве чаркі, чаго было больш чым дастаткова.

Я вяртаюся ў Штаты, а перад самым ад'ездам [з Мінска] дамаўляюся з Лукашэнкам: «Чаму б нам не паўтарыць?» У выніку я папрацаваў з Крысам Смітам (намеснік памочніка дзяржсакратара па Усходняй Еўропе), мы ўсё арганізавалі і дамовіліся пра новыя вызваленні. <…> У той раз я выцягнуў 14 чалавек.

«Знайдзі мне гэтага Лукашэнку»

Ключавым паваротным момантам, які прывёў да далейшых масавых вызваленняў, Джон Коўл называе асабістае ўключэнне Дональда Трампа. Даведаўшыся пра першыя поспехі ў перамовах і вызваленнях палітвязняў, прэзідэнт ЗША настаяў на неадкладнай тэлефоннай размове з Лукашэнкам.

— Мы вячэралі з прэзідэнтам Трампам. Мая жонка — Грэта Ван Састэрэн. Яна 30 гадоў працуе ў [тэлевізійным] эфіры. Прэзідэнт Трамп быў яе бізнэс-экспертам шмат гадоў таму, так мы і пазнаёміліся. Так вось, мы вячэраем, і Грэта згадвае пра тое, што я зрабіў. Ён кажа: «Што? Пра што вы кажаце?» Я расказваю ўсю гісторыю. А ён адказвае: «Я хачу пагаварыць з гэтым хлопцам! Дастань мне нумар». На наступны дзень я заходжу ў Авальны кабінет з нумарам. Там знаходзяцца Сюзі Уайлс (кіраўнік апарата Белага дома. — Заўв. рэд.) і [Марка] Рубіа (кіраўнік Дзярждэпартамента ЗША). Трамп хоча, каб усё рабілася неадкладна, і кажа: «Злучы мяне з ім, знайдзі мне гэтага Лукашэнку». Яны ў паніцы: у нас няма перакладчыка, гэта не ўзгоднена. Я падыходжу да Марка [Рубіа] і кажу: «Слухай, давай зробім гэта заўтра». А гэта быў дзень, калі ён ляцеў на Аляску на сустрэчу з Пуціным. Прэзідэнт Трамп кажа: «Я патэлефаную з борта № 1». Я іду ў сітуацыйны пакой, мы звязваемся з Лукашэнкам. У іх адбылася выдатная размова, яны сталі лепшымі прыяцелямі, і гэта вельмі, вельмі дапамагло.

— Пасля званка з борта № 1 я вяртаюся ў Беларусь і выцягваю яшчэ 52 чалавекі. Але вельмі важна тое, што ў мяне ёсць амаль поўная падтрымка прэзідэнта. І гэта фірмовы стыль вядзення спраў Трампа: наладзіць адносіны, ніякіх папярэдніх умоў, проста сесці за стол перамоў. Калі ў вас ёсць папярэднія ўмовы, лічыцца, што вы будзеце спрачацца з-за іх гадоў шэсць. Таму — проста сядайце за стол. Менавіта гэта я і рабіў па яго ўказанні.

«Там усё робіцца ў лесе»

Апісваючы сам працэс вызвалення, дыпламат расказаў пра працэдуру перадачы людзей на беларуска-літоўскай мяжы:

— Адбылася адна рэч, якая апраўдвае ўсе намаганні: яны былі ў фургоне, там усё робіцца ў лесе іх Камітэтам дзяржбяспекі. Ты едзеш з Літвы ў Беларусь, заязджаеш у лес, яны мяняюць нумары і ладзяць іншыя шпіёнскія штучкі. Пад'язджае фургон, унутры 14 чалавек. Калі я адчыніў дзверы, яны ўсе сядзелі вось так [сцяўшыся]. Пазней я даведаўся: яны думалі, што іх вязуць на расстрэл. Я адчыняю дзверы і кажу: «Вы свабодныя». Ніякай рэакцыі. Многія з іх гаварылі па-англійску. Я паўтараю: «Вы свабодныя». Адзін хлопец падняў вочы, але ўсё роўна цішыня. Яны думалі, што гэта пастка. Тады я сказаў: «Я знаходжуся тут па даручэнні прэзідэнта Злучаных Штатаў Дональда Трампа». І яны ўсе вось так паднялі галовы. Я сказаў: «Вы сапраўды свабодныя». Выразы іх твараў былі неацэнныя.

Таксама Коўл назваў галоўны прынцып адміністрацыі Трампа: санкцыі здымаюцца прапарцыйна колькасці вызваленых людзей:

— Што вы павінны разумець: амаль 80% нашых санкцый супраць Беларусі былі ўведзены з-за палітычных зняволеных. Таму ідэя заўсёды заключалася ў наступным: вы аддаеце нам зняволеных, мы даем вам змякчэнне санкцый у розных прапорцыях. У апошні раз, калі мы былі там у снежні, мы выцягнулі яшчэ 123 чалавекі. І адзін з іх быў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру (гаворка пра Алеся Бяляцкага). Раптам Лукашэнка адводзіць мяне ў бок і кажа, што выпусціць гэтага чалавека.

«Ты можаш спыніць гэтае дзярмо?»

Акрамя вызвалення людзей, Коўл згадаў, што выкарыстоўвае свой прамы доступ да Лукашэнкі для вырашэння рэгіянальных праблем у адносінах Беларусі і краін Еўрасаюза:

— Я сустракаюся з паслом Беларусі ў ААН [Валянцінам Рыбаковым] прыкладна раз у тыдзень ці два. Цяпер у працэс уключаныя Літва, Польшча. Трэба дамагацца іх супрацоўніцтва. Я прыйшоў да Лукашэнкі і сказаў: «Ты можаш спыніць запускаць гэтыя сраныя шары? Яны ствараюць жудасныя праблемы». І шары спыніліся. Потым узнікае нешта яшчэ з Польшчай, і мне даводзіцца зноў ісці да Лукашэнкі і казаць: «Ты можаш спыніць гэтае дзярмо?» У любым выпадку, я вельмі аптымістычны, што да канца года мы выцягнем усіх [палітзняволеных].

Таксама Коўл расказаў, што прасіў прадстаўнікоў беларускіх дэмсіл знізіць градус крытыкі, каб не сарваць далейшыя перамовы:

— Я знаходжуся ва ўдалым становішчы, таму што мае адносіны з Лукашэнкам працуюць. І цяпер я шмат размаўляю з апазіцыяй. Але я кажу ім адну рэч: «Слухайце, вы хочаце выходзіць, крычаць і абурацца — я ўсё разумею. Вы хочаце расказваць, які ён дрэнны. Але трымайце гэта на пэўным узроўні, таму што ў нас там засталося яшчэ 800−900 чалавек, і калі вы яго занадта раззлуеце, усё разваліцца». Я на сувязі з імі, у нас добрыя адносіны, яны гэта разумеюць.

Каментары48

  • 25.03.2026
    Пикантные подробности.
  • Абу
    25.03.2026
    Уся гэтая прагматычная дыпламатыя ніяк не гарантуе ад далейшых рэпрэсій. Ці тая пара хлопцыаў з Дзярждэпа хоча цыроз на халяву?
  • Лол
    25.03.2026
    "— Усё пачалося з тэлефоннага званка… У той час я быў намеснікам пасланніка па канфлікце паміж Расіяй і Украінай генерала [Кіта] Келага. Мне тэлефануюць: «Паедзеш у Беларусь?» Я пытаюся: «А дзе гэта Беларусь?»"

    Можа тут кепскі пераклад ? Бо цяжка ўявіць, што намеснік пасланніка па вайне Расіі супраць Украіны ня ведаў дзе Беларусь.

Цяпер чытаюць

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што Украіна ўпершыню ўжыла балістычную ракету вялікай далёкасці

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што Украіна ўпершыню ўжыла балістычную ракету вялікай далёкасці

Усе навіны →
Усе навіны

У Сейм Літвы ўнеслі папраўкі па мігрантах. Як зараз трэба будзе здаваць іспыт па літоўскай13

Зяленскі пракаментаваў удар па заводзе змазачных матэрыялаў ва Уфе1

Добкін: Шмат гавораць, колькі работнікаў ШІ зробіць непатрэбнымі, але ж колькі новых спраў і прац ён дазволіць стварыць?5

Дзяніс з Нясвіжа дзесяць гадоў адпрацаваў на лікёра-гарэлачным заводзе. А знайшоў сябе і найлепш стаў зарабляць як блогер Алкабард12

ФК «Стэнлес» з Пінска перажывае цяжкія часы: следам за кіраўніком клуба памёр менеджар каманды

Трамп зарабіў больш за мільярд даляраў на крыпце за год пасля вяртання на пасаду прэзідэнта11

Хлопчык памёр ад шаленства пасля кантакту з кажаном — той сеў малому на твар, пакуль ён спаў10

Зборная Мексікі выйшла ў 1/8 фіналу. Гульня адкладалася на гадзіну з-за ўмоваў надвор'я1

Лукашэнка прыляцеў у Інданезію4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што Украіна ўпершыню ўжыла балістычную ракету вялікай далёкасці

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што Украіна ўпершыню ўжыла балістычную ракету вялікай далёкасці

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць