Грамадства2222

Латушка: Не магу выключыць, што на нейкім этапе Мельнікава магла трапіць у пастку спецслужбаў

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка ў размове з журналістамі з Centrum Europy адказаў на пытанні датычна знікнення былой спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай і з’яўлення нібыта яе фотаздымкаў з Менску, піша «Белсат».

Палітык адзначыў, што Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы дагэтуль расследуе крымінальную справу, распачатую пракуратурай, па факце гвалтоўнага пазбаўлення волі Мельнікавай. У межах яе зніклая спікерка мае статус пацярпелай.

«Усё астатняе можа быць ацэнкай, спекуляцыяй», — сказаў Латушка.

Паводле Латушкі, вядомыя факты паказваюць, што Мельнікава «заўсёды займала вельмі канкрэтную і адкрытую пазіцыю супраць рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі». Ён падкрэсліў, што менавіта дзякуючы ейным асабістым намаганням Сенат Польшчы ў студзені 2025 года прызнаў Каардынацыйную раду беларускім парламентам у выгнанні, была прынятая рэзалюцыя ПАРЕ аб непрызнанні Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі пасля «выбараў» у 2025 годзе і аб прызнанні КР, Аб'яднанага пераходнага кабінета і Святланы Ціханоўскай.

Таксама яна за свае грошы аплаціла канферэнцыю датычна адказнасці Лукашэнкі за злачынствы, калі ад яе фінансавання адмовіліся ЗША. Таму, на думку Латушкі, дзейнасць Мельнікавай «дакладна не адпавядала» інтарэсам спецслужбаў Беларусі.

«Я не магу сцвярджаць, кім яна была. Я нічога не выключаю. Я толькі выкажу факты. Яна была ўдзельніцай нашай каманды, якая эфектыўна працуе над прыцягненнем Лукашэнкі да адказнасці і ўпершыню ў гісторыі прывяла да пачатку расследавання пракурорам Міжнароднага крымінальнага суда», — сказаў Латушка.

Паводле яго, яна тэарэтычна магла б спыніць ці перашкодзіць шмат якім ініцыятывам, якія заміналі інтарэсам беларускіх і расейскіх спецслужбаў, але не зрабіла гэтага.

«Пераходзячы ад фактаў да спекуляцыі, я не магу выключыць, што на нейкім этапе яна магла трапіць у пастку спецслужбаў. Што адбылося далей, я не ведаю. Следства вядуць афіцыйныя органы Польшчы, якія, магчыма, ведаюць пра гэта больш», — сказаў ён.

Датычна з’яўлення фотаздымкаў Мельнікавай з Менску, Латушка не выключае, што гэта было зроблена адмыслова перад візітам у Менск спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла. Пры гэтым, паводле яго, здымкі паказваюць толькі «вельмі падобную да Анжалікі асобу», якая, магчыма, была знятая ў Беларусі, а «ўсё астатняе — здагадкі».

У цэлым палітык не выключае з’яўлення таксама інтэрв’ю прапагандыстаў з Мельнікавай з мэтай, у тым ліку, дыскрэдытаваць выбары ў Каардынацыйную раду.

Агулам Латушка адзначыў, што беларускія дэмакратычныя сілы не маюць права праводзіць уласную контрвыведную дзейнасць на тэрыторыі краінаў Еўрасаюза — гэта выключная кампетэнцыя мясцовых спецслужбаў. Тым не менш, асобу Мельнікавай праверылі з дапамогай «Байпола» і Кіберпартызанаў. Да таго ж яна прайшла правяранне Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі і выведвальнымі службамі Польшчы перад атрыманнем польскага грамадзянства.

Паводле яго, беларускія дэмакратычныя сілы «сутыкаюцца з найвялікшым супрацівам у сваёй гісторыі і дзеяннямі, накіраванымі на дэстабілізацыю і дыскрэдытацыю нашай працы з боку спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі». Латушка спаслаўся на «аднаго польскага міністра», які сказаў яму, што «80 % намаганняў спецслужбаў Лукашэнкі накіраваныя менавіта на знішчэнне і дэстабілізацыю дэмакратычных сілаў Беларусі». Супрацьстаяць гэтаму самастойна немагчыма, сказаў палітык.

Гісторыя знікнення

За сакавік 2025 года Анжаліка Мельнікава некалькімі аперацыямі вывела на асабісты рахунак усю пераведзеную суму гранту для Каардынацыйнай рады (каля 107 тысяч даляраў), а таксама ўсе пакінутыя сродкі на рахунку, у тым ліку прызначаныя на праекты «Партызанскага Тэлеграму» і дапамогу ў журналісцкіх расследаваннях (каля 30 тысяч даляраў).

Агулам Мельнікава вывела з рахунку больш за 150 тысяч, апошняя аперацыя была зробленая 24 сакавіка 2024 года. На наступны дзень, 25-га, яна перастала выходзіць на сувязь.

Пазней сталася вядома, што былая спікерка КР пакінула тэрыторыю Польшчы і Еўразвязу 26 лютага 2025 года — праз Вялікую Брытанію і Шры-Ланку прыбыла ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, дзе ейныя сляды згубіліся. Да гэтага яна кантактавала з паплечнікамі з Каардынацыйнай рады праз відэасувязь, не была на асабістых сустрэчах: казала, што хварэе.

Расследавальнікі таксама паведамляюць пра магчымыя сувязі Мельнікавай з працаўніком КДБ Беларусі Аляксеем Лабеевым. Яшчэ ў 2022 годзе яна, як сцвярджаецца, праваліла першы тэст на паліграфе, які праводзіла ініцыятыва BYPOL, аднак пасля другога тэсту яе прынялі. Былая працаўніца польскай контрвыведкі Ганна Грабоўска-Сівец мяркуе, што Мельнікава магла быць завербаваная яшчэ ў Беларусі. Цяпер за інфармацыю пра месца ейнага перабывання абяцаюць 10 тысяч еўраў узнагароды.

Амаль праз год, 19 сакавіка 2026-га, зʼявіліся здымкі жанчыны, падобнай да Мельнікавай, у адным з менскіх спартзалаў, які пачаў працаваць толькі ў студзені 2025 года. Складана сказаць, сапраўдныя гэта фота ці дыпфэйк, стварыць які ў сённяшніх умовах не надта складана.

Аднак пасля іх публікацыі «Наша Ніва» датэлефанавалася да сваякоў Мельнікавай. Бацька былой спікеркі КР запэўніў, што тая «даўнавата» жыве ў Беларусі, «яна не знікла, жывая і здаровая». Паводле мужчыны, дачка папрасіла не тэлефанаваць ёй і заўсёды звоніць сама, але са схаванага нумару. Апошняя іхная размова адбылася зімой.

Каментары22

  • Не мані
    03.04.2026
    "Дзейнасць Мельнікавай дакладна не адпавядала інтарэсам спэцслужбаў Беларусі" - большай лухты і цяжка прыдумаць. Дзейнасць, якая цалкам рабілася па нотам спецслужбаў Расеі і Беларусі, не адпавядала іх інтарэсам? Мельнікава была адной з тых, хто разам з Жываглод і Дабравольскім, псеўда-легітымізавалі Ціханоўскую на пажыццёвае валадарства гранта-апазіцыяй, гэта ўсе бачылі. Выснова простая: менавіта гэта і была мэта КДБ, каб усе сродкі ішлі не на барацьбу ў рэжымам, а на падарожжы і фоткі!
  • Камуняка
    03.04.2026
    яму с..ы у глаза , у́сё божья раса́
  • Nemo
    03.04.2026
    Вось так змагары і змагаркі. Адна Мельнікава мошчнаю рукой прыгразіла ПАРЭ і тая адразу здулася і не прызнала. А хацела. Ванітаваць хочацца ад гэтых разважанняў.

Ціханоўская і Зяленскі сустрэліся ў Кіеве22

Ціханоўская і Зяленскі сустрэліся ў Кіеве

Усе навіны →
Усе навіны

МЗС Літвы пацвердзіла, што краіна абмяркоўвае з ЗША пытанне беларускіх калійных угнаенняў4

Памерла паэтка Раіса Баравікова2

Музыку з Гомеля асудзілі да трох гадоў калоніі за «Гаюна»4

На беларуска-літоўскай мяжы выявілі новы тунэль. З яго выйшлі 38 мігрантаў1

Аляксандру Мілінкевічу патрабуецца экстранная дапамога7

Альфа-Банк выпусціў марожанае. Смак незвычайны2

«Я з паліклінікі, скажыце свой рост і вагу». 18‑гадовы мінчук паверыў медсястры з тэлеграма і вынес з дому 12 тысяч даляраў5

Цэны на нерухомасць б’юць рэкорды. Нават у самым танным абласным цэнтры квадрат ужо за тысячу даляраў10

Ціханоўская і беларуская дэлегацыя ўсклалі кветкі на Майдане, да помнікаў Караткевічу, Жызнеўскаму, Шарамету10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўская і Зяленскі сустрэліся ў Кіеве22

Ціханоўская і Зяленскі сустрэліся ў Кіеве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць