«Дзіўнае жаданне ў гэтыя дні». Зяленскі не рэкамендуе замежным палітыкам ехаць 9 мая ў Маскву
У сваім звароце 7 мая прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што некаторыя краіны, блізкія да Расіі, плануюць адправіць сваіх прадстаўнікоў у Маскву, і назваў такое рашэнне «дзіўным жаданнем».

«У нас ёсць звароты ад некаторых дзяржаў, блізкіх да Расіі, пра тое, што іх прадстаўнікі збіраюцца быць у Маскве. Дзіўнае жаданне ў гэтыя дні. Мы не рэкамендуем», — заявіў Зяленскі ў звароце 7 мая.
Ён таксама нагадаў, што Украіна прапаноўвала Расіі спыніць агонь яшчэ з 6 мая, аднак, паводле яго слоў, у адказ працягнуліся расійскія ўдары і пагрозы.
Зяленскі раскрытыкаваў пазіцыю расійскага кіраўніцтва, заявіўшы, што Масква хоча бяспечна правесці парад, а пасля зноў працягваць вайну.
«Яны хочуць ад Украіны дазволу правесці свой парад, каб бяспечна выйсці на плошчу на гадзіну раз на год, а потым зноў забіваць нашых людзей і ваяваць. Ужо расіяне гавораць пра ўдары пасля 9 мая. Дзіўная і дакладна неадэкватная логіка расійскага кіраўніцтва».
Як раней паведамлялася, у парадзе 9 мая ў Маскве з замежных палітыкаў плануюць удзельнічаць Аляксандр Лукашэнка, лідары Малайзіі і Лаоса, а таксама непрызнаных Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Будзе ў той дзень у Маскве і прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіца, але ці пойдзе ён на парад — стане вядома толькі ў той дзень.
Раней Расія абвясціла пра аднабаковае спыненне агню на перыяд з 8 па 10 мая. У адказ Украіна прапанавала ўвесці «рэжым цішыні» ўжо з 6 мая, але Масква не пагадзілася і баявыя дзеянні працягнуліся.
Мінабароны Расіі таксама заяўляла, што ў выпадку спробаў сарваць святкаванне ў Маскве могуць быць нанесеныя масіраваныя ракетныя ўдары па Кіеве.
На фоне пагроз і пытанняў бяспекі больш за 20 гарадоў Расіі і анексаванага Крыма адмянілі парады да Дня Перамогі. У Маскве і шэрагу іншых гарадоў вырашылі праводзіць мерапрыемствы без вайсковай тэхнікі.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары