Навукоўцы прымацавалі відэакамеры да найбуйнейшых рыб у свеце і даведаліся пра іх шмат цікавага
Навукоўцы ўпершыню атрымалі відэазапісы з жыцця кітовых акул пад вадой і зрабілі нечаканае адкрыццё. Аказалася, што найбуйнейшыя рыбы на планеце харчуюцца інакш, чым меркавалася раней, піша The Independent.

Каб вывучыць іх паводзіны, даследчыкі з Аўстралійскага інстытута марскіх навук замацавалі на спінных плаўніках кітовых акул невялікія камеры. Прылады запісвалі ўсё, што адбывалася, на працягу сутак, пасля чаго самастойна аддзяляліся ад жывёл. Затым навукоўцы знаходзілі камеры і аналізавалі атрыманыя матэрыялы. Такі метад не прычыняў акулам ніякай шкоды.
На аснове відэазапісаў і аналізу больш як сотні навуковых работ даследчыкі склалі найбольш поўны на сёння каталог паводзін кітовых акул, які ўключае 36 розных тыпаў дзеянняў.
Галоўнае адкрыццё ў тым, што кітовыя акулы здабываюць ежу не толькі каля паверхні вады. Відэа паказала, што яны актыўна кормяцца і на глыбіні да 70 метраў. Пры гэтым акулы выкарыстоўваюць розныя спосабы пошуку ежы: могуць павольна рухацца з адкрытай пашчай, адфільтроўваючы дробныя арганізмы з вады, або актыўна паляваць на вялікія чародкі крыля, калі знаходзяць іх.
Даследчыкі адзначаюць, што большую частку часу гэтыя рыбы харчуюцца невялікімі порцыямі, пастаянна збіраючы корм у тоўшчы вады. Калі ж яны знаходзяць вялікі збой крыля, то пераходзяць да больш інтэнсіўнага спосабу кармлення.
Таксама высветлілася, што кітовыя акулы выкарыстоўваюць больш разнастайныя стратэгіі здабывання ежы, чым іншыя буйныя жывёлы-фільтратары, напрыклад гіганцкія акулы або кіты. На думку навукоўцаў, гэта дапамагае ім выжываць у трапічных морах, дзе корм размяркоўваецца нераўнамерна.
Пакуль што назіранні праводзіліся толькі за групай маладых кітовых акул каля рыфа Нінгалу ў Заходняй Аўстраліі. У будучыні даследчыкі плануюць паставіць камеры і на іншых асобінах у розных рэгіёнах свету, каб лепш вывучыць жыццё гэтага рэдкага віду.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары