Сябар начальніка аховы Пуціна быў удзельнікам і спонсарам вяселля сына Трампа
Умар Крамлёў, кіраўнік Міжнароднай асацыяцыі бокса (IBA), быў сярод гасцей закрытага вяселля Дональда Трампа-малодшага і Бэціны Андэрсан на Багамах. Паводле расследавання ProPublica, ён таксама аплаціў частку выдаткаў на ўрачыстасць, піша The Moscow Times.

Вяселле адбылося ў маі і працягвалася тры дні. На ім прысутнічалі каля 50 чалавек, у тым ліку зяць Трампа Джарэд Кушнер і яшчэ адзін сын амерыканскага лідара Эрык Трамп. Паводле расследавання, Крамлёў аплаціў арэнду аднаго з прыватных астравоў, феерверк і іншыя буйныя выдаткі, якія разам склалі сотні тысяч даляраў. Яго каманда таксама ўдзельнічала ў арганізацыі свята.
Плацяжы, як сцвярджаецца, праходзілі праз дубайскую кампанію IB Challenger, звязаную з IBA. Былы высокапастаўлены супрацоўнік ФБР Фрэнк Мантоя заявіў, што такія фінансавыя адносіны могуць ствараць залежнасць паміж бакамі: калі адзін чалавек аплачвае вяселле другога, той у пэўны момант можа адчуць сябе абавязаным.
Прысутнасць Крамлёва і іншых расіян на вяселлі здзівіла частку гасцей, у тым ліку тым, як яны сябе паводзілі. Паводле слоў суразмоўцаў расследвальнікаў, расійская група трымалася асобна і размаўляла паміж сабой па-руску.
Прадстаўнік Дональда Трампа-малодшага назваў Крамлёва яго асабістым сябрам і не стаў адмаўляць, што той аплачваў частку вясельных выдаткаў. Паводле яго слоў, яны пазнаёміліся праз агульнага знаёмага і зблізіліся на глебе агульнай цікавасці да бокса і адпачынку. Прадстаўнікі Крамлёва таксама пацвердзілі іх сяброўства і заявілі, што яны пазнаёміліся некалькі гадоў таму. Пры гэтым сцвярджаецца, што палітычныя пытанні паміж сабой яны ніколі не абмяркоўвалі.
У верасні 2025 года Трамп-малодшы і Крамлёў разам удзельнічалі ў баксёрскай канферэнцыі IBA ў Стамбуле. Там сын прэзідэнта ЗША крытыкаваў удзел трансгендарных жанчын у жаночым спорце. IBA пасля заявіла, што іх супрацоўніцтва будзе мець працяг і прывядзе да новых ініцыятыў.
Паводле ProPublica, Крамлёў пры гэтым асцерагаўся трапіць пад амерыканскія санкцыі або стаць аб'ектам расследавання ў ЗША.
Крамлёў мае цесныя сувязі з расійскімі ўладамі. Ён быў звязаны з пракрамлёўскім байкерскім клубам «Начныя ваўкі». Паводле расследавання «Праекта», праз гэты клуб ён зблізіўся з Аляксеем Рубежным, які пазней узначаліў Службу бяспекі прэзідэнта Расіі. У 2017 годзе Рубежны дапамог Крамлёву ўзначаліць Федэрацыю бокса Расіі.
У 2020 годзе Крамлёў стаў прэзідэнтам IBA. Асацыяцыя атрымлівала фінансаванне ад «Газпрама». У 2023 годзе Міжнародны алімпійскі камітэт пазбавіў IBA права арганізоўваць алімпійскія спаборніцтвы, заявіўшы, што арганізацыя не змагла празрыста растлумачыць крыніцы фінансавання і сваю залежнасць ад дзяржаўнай кампаніі.
Крамлёў таксама кантралюе значныя актывы ў Расіі. У 2024 годзе ён стаў уладальнікам найбуйнейшага расійскага аўтадылера «Рольф», які перад гэтым быў нацыяналізаваны расійскімі ўладамі.
Акрамя таго, Крамлёва звязваюць з буйнымі букмекерскімі кампаніямі «Ліга ставак», «Пары» і «Фонбет». Ён таксама кантралюе Адзіны рэгулятар азартных гульняў, праз які ў Расіі ўлічваюцца букмекерскія стаўкі.
Найбліжэйшая памочніца Эпштэйна аказалася дачкой расійскага чэкіста, занятага на дзяржаўных праектах у Іране
Расіяне, набліжаныя да Крамля, сотнямі атрымліваюць сербскія пашпарты, якія даюць бязвіз у Еўрасаюз
Міжнародную баксёрскую асацыяцыю, якая дазволіла беларускім спартсменам выступаць пад дзяржаўнай сімволікай, выключылі з алімпійскага руху
Цяпер чытаюць
У Чэхіі палякі збілі паляка, прыняўшы яго за ўкраінца з-за шапкі ў колерах Верхняй Сілезіі. Хлопец ехаў у велапрабег дзеля хворай на рак цяжарнай партнёркі
У Чэхіі палякі збілі паляка, прыняўшы яго за ўкраінца з-за шапкі ў колерах Верхняй Сілезіі. Хлопец ехаў у велапрабег дзеля хворай на рак цяжарнай партнёркі
«Час, які патрабуе надзвычайнай асцярожнасці». Польскі вундэркінд, які стаў галоўным навукоўцам OpenAI, патлумачыў, чаму менавіта зараз ШІ можа вырвацца з-пад кантролю
Каментары