Асуджаная на смерць Крыста Пайк, якая перажыла дзве смяротныя ін'екцыі, апрытомнела
Жанчына знаходзіцца ў бальніцы ў кайданках і кайданах на нагах, прымацаваных да ложка, нягледзячы на пашкоджанні, якія яна атрымала падчас увядзення ін'екцый.

50‑гадовая амерыканка Крыста Пайк, асуджаная ў ЗША да смяротнага пакарання і якая перажыла дзве смяротныя ін'екцыі, «насуперак усяму, прыйшла ў прытомнасць і можа размаўляць», паведамілі яе адвакаты ў аўторак, піша Бі-бі-сі.
Як вынікае з іх заявы, Пайк працягвае лячэнне ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі бальніцы штата Тэнэсі, куды яна трапіла ў непрытомным стане на мінулым тыдні пасля спробы выканаць прысуд — ёй увялі дзве ін'екцыі пентабарбіталу, якія, аднак, не пазбавілі яе жыцця.
Увесь гэты час дактары займаліся вывядзеннем пентабарбіталу з яе арганізма.
Заканадаўства ЗША прадугледжвае, што асуджанаму да смяротнага пакарання могуць быць зробленыя толькі дзве такія ін'екцыі.
Пайк знаходзіцца ў бальніцы ў кайданках і кайданах на нагах, прымацаваных да ложка, нягледзячы на пашкоджанні, якія яна атрымала падчас увядзення ін'екцый, паведамілі адвакаты.
Напярэдадні прывядзення прысуду ў выкананне абарона Пайк папярэджвала, што асаблівасці будовы яе вен могуць ускладніць яе пакаранне і прынесці ёй «залішнія пакуты».
Як заявілі адвакаты Пайк, тое, што яна прыйшла ў прытомнасць пасля дзвюх няўдалых спроб выканаць смяротны прысуд, з'яўляецца «беспрэцэдэнтным з медыцынскага пункту гледжання». Нягледзячы на тое, што прагноз па-ранейшаму застаецца нявызначаным, «як мінімум мы чакаем працяглага аднаўлення», гаворыцца ў заяве яе абаронцаў.
Пайк — адзіны вядомы ў гісторыі ЗША выпадак, калі асуджаная да смяротнага пакарання засталася ў жывых пасля даведзенай да канца спробы пакарання, нагадалі яны.
Што будзе далей, застаецца незразумелым: улады Тэнэсі пакуль не паведамілі, ці будуць яны яшчэ раз спрабаваць выканаць прысуд.
Аднак губернатар Тэнэсі Біл Лі прыпыніў правядзенне пакаранняў па ўсіх смяротных прысудах да канца года, а кіраўнік турэмнай сістэмы штата заявіў у мінулыя выходныя, што плануе сысці ў адстаўку.
Адзін з адвакатаў Пайк, Стывен Ферэл, раней заклікаў губернатара «як мінімум» замяніць ёй смяротны прысуд на пажыццёвае зняволенне. «Яна перажыла пакутлівую спробу пакарання, — растлумачыў ён. — А да гэтага яна правяла ў турме больш за 30 гадоў, большую частку гэтага часу — у адзіночнай камеры. Мы пакуль не ведаем — і, магчыма, ніколі не даведаемся, — якім пакутам яна падвяргалася за гэты час».
Пайк было 18 гадоў, калі яна і яе тагачасны 17‑гадовы хлопец Тадарыл Шып збілі, катавалі і забілі 19‑гадовую Колін Слемер, з якой яны пазнаёміліся ў лагеры для праблемных падлеткаў. Пайк павінна была стаць першай за 200 гадоў жанчынай, пакаранай смерцю ў Тэнэсі.
Прадстаўнікі пенітэнцыярнай сістэмы ЗША пакуль не рабілі заяваў, якія маглі б праліць святло на тое, чаму нават дзве ін'екцыі, кожная з якіх павінна была стаць смяротнай, не змаглі пазбавіць Пайк жыцця.
Анестэзіёлаг Джоэл Зіват, які кансультаваў каманду абароны Крысты Пайк, заявіў, што дзвюх доз пентабарбіталу, якія ёй увялі, было б дастаткова, каб «яна абавязкова памерла», калі б рэчыва трапіла ў крывацёк.
Паводле Зівата, магчыма, ін'екцыі аказаліся не нутравеннымі, а падскурнымі — гэта значыць, пентабарбітал не трапіў у крывяносную сістэму жанчыны, а распаўсюдзіўся ў тканінах пад скурай, што і захавала ёй жыццё.
Адвакаты Пайк раней папярэджвалі, што яе анамнез і анатамічныя асаблівасці — у тым ліку трамбацытоз (захворванне, звязанае са згусальнасцю крыві) і малыя вены — могуць прывесці да таго, што падчас смяротнай ін'екцыі яна адчуе «непатрэбны» боль і пакуты.
Якія наступствы для Пайк будуць мець дзве смяротныя дозы пентабарбіталу, медыкі пакуль не ведаюць.
На думку Зівата, праз затрымку з аказаннем Пайк медыцынскай дапамогі пасля другой ін'екцыі ў яе «цалкам магчыма» пашкоджанне мозгу, але для гэтага неабходна правесці «якаснае неўралагічнае абследаванне».
«Нават пры выкарыстанні ўсіх даступных метадаў лячэння яе шанцы на выжыванне застаюцца нявызначанымі», — сказаў ён некалькі дзён таму, калі Пайк яшчэ была без прытомнасці. Паводле яго слоў, у Пайк, хутчэй за ўсё, будуць «сур'ёзныя медыцынскія праблемы, якія могуць істотна паўплываць» на якасць яе жыцця.
Дэбара Дэно, крымінолаг і прафесар юрыдычнага факультэта Фордэмскага ўніверсітэта, заявіла Бі-бі-сі, што яна «цалкам шакаваная» тым, што Пайк знаходзіцца ў прытомнасці і размаўляе, назваўшы гэты выпадак «беспрэцэдэнтным».
Паводле яе слоў, Пайк — толькі восьмая з тых, хто перажыў спробу пакарання смерцю з дапамогай смяротнай ін'екцыі. Аднак у сямі папярэдніх выпадках выканаўцам нават не ўдалося ўвесці што-небудзь у вены зняволеных.
Пайк — «адзіны чалавек, якому сапраўды ўвялі нейкае таксічнае рэчыва», — патлумачыла Дэно.
Каментары