Дэпутатка, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, выйшла замуж
Бажэну Ярэміч часам называюць беларускай Папялушкай. Дзяўчыне з простай сям'і ўсяго 27 гадоў, але яна ўжо дырэктарка Нацыянальнай школы прыгажосці і дэпутатка Мінгарсавета. Хто ж стаў яе абраннікам?

Сама Бажэна Ярэміч з Гродна. Сям’я яе даволі рэлігійная. Маці Ірэна нейкі час працавала дворнікам. Бацька Віктар — станочнік дрэваапрацоўчых станкоў. Бажэна вельмі добра вучылася. Скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы па спецыяльнасці «правазнаўства», затым магістратуру. Цяпер вучыцца ў аспірантуры БДУ, працуе над кандыдацкай дысертацыяй.
Лёсавызначальным для яе стаў візіт Аляксандра Лукашэнкі ў гродзенскі ўніверсітэт у 2018 годзе. Як адну з актывістак Бажэну запрасілі на агульнастудэнцкую сустрэчу з ім. І пасля гэтага жыццё прыгажуні радыкальна змянілася.
У 2021 годзе яна стала дырэктаркай Нацыянальнай школы прыгажосці — самай маладой за ўсю гісторыю яе існавання (Бажэне было ўсяго 22 гады). Дарэчы, менавіта Нацыянальная школа прыгажосці арганізуе конкурс «Міс Беларусь» і займаецца падрыхтоўкай дзяўчат, якія потым трапляюць у службу пратаколу Лукашэнкі.

У 2024 годзе Ярэміч стала дэпутаткай Мінскага гарадскога савета. А сёлета пачала весці праграму пра знакамітых беларусак «Дочкі зямлі беларускай» на белтэлекамаўскім канале «ЯСНАе TV».
Сваё асабістае жыццё Бажэна, якая рабіла кар’еру ашаламляльнымі тэмпамі, раней ад публікі хавала. Нават пра тое, што прыгажуня мае маленькага сына Багдана, гадаваць якога дапамагаюць бацькі, стала вядома толькі тады, калі Ярэміч пайшла ў дэпутаткі.
Але вось нядаўна Бажэна выйшла замуж. Віншаваць яе са шлюбам у каментары прыйшлі галоўны ідэолаг Мінска Аляксандр Лук'янаў, галоўны рэдактар «Мінскага кур'ера» Кірыл Казакоў і прапагандыстка Тамара Вяцкая.
Абраннікам стаў 25-гадовы Павел Трубека. Ён чалавек ідэалагічна вывераны — старшыня Моладзевай рады пры адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска. Хлопец са Слоніма, скончыў Акадэмію кіравання.

На некаторых мерапрыемствах яго можна заўважыць у мерчы Лукашэнкі з цытатамі.

З'явілася і прыгожае фота, на якім разам Павел Трубека, Бажэна Ярэміч і яе сын.

Каментары
[Зрэдагавана]