Юшкевіч вярнуўся ў сацсеткі: Проста ашаломлены ўзроўнем падтрымкі і салідарнасці. І пажартаваў пра нязручнасць з дзяўчатамі
Былы палітвязень Яўген Юшкевіч, 15 верасня вызвалены ў выніку здзелкі з амерыканцамі і выдвараны за межы Беларусі, упершыню з таго часу апублікаваў пасты ў інстаграме і трэдсах.

«Месяц таму пасля 5,5 гадоў зняволення мне сказалі «Збірай рэчы» і забралі жоўтую бірку. Доступаў да старых сацсетак у мяне пакуль няма, і наўрад ці я хачу іх атрымліваць зараз. Прабачце, калі не магу камусьці адказаць.
Ніякіх інтэрв'ю пакуль таксама не будзе — дзіўна задаваць небяспечныя пытанні чалавеку, які не ўмее ўключаць чайнік і ніколі не бачыў ChatGPT.
Выходзіць з турмы, ды яшчэ і ў іншай краіне, — гэта такі ж моцны стрэс, як і трапляць у турму. Адзін з найбольш моцных у маім жыцці. Трэба шмат часу, каб яго перажыць. Зараз мая знешнасць — як у хакеіста (і гаворка не пра цягліцы), а псіхіка — як у салдата пасля акопных баёў. Спадзяюся, гэта можна паправіць.
Для мяне па адчуваннях прайшло толькі паўгода, а для вас тут — мільярд жыццяў і падзей. Толькі зараз я зразумеў, што тут, на свабодзе, у тым ліку ў эміграцыі, людзям з сем'ямі, працамі, страхамі і дзецьмі было ў чымсьці нашмат цяжэй, чым людзям у турме.
У турме ёсць толькі чорнае, шэрае і белае — толькі тры колеры, і амаль няма чаго больш губляць. І, напэўна, мне проста пашанцавала, што ў мяне няма жонкі/дзяцей. Пашанцавала, што ад мяне ніхто не залежыць.
Таму хачу сказаць дзякуй усім тым, хто дапамагаў і не пакінуў, нягледзячы на свае жыццёвыя складанасці. Выйшаўшы, я пачаў разумець, як няпроста гэта было. Кожны раз прабівае да слёз, калі даведваюся пра лісты, учынкі, дапамогу, — і гэта з улікам таго, што з 2023 года пра мяне (спецыяльна) ні слова ў СМІ.
Тут я быў прыемна здзіўлены (ды і проста ашаломлены) ад узроўню першаснай дапамогі і ад яе кампетэнтнасці (прывітанне, Вераніка). Людзі ў турмах у сярэднім нават не ўяўляюць, што такая дапамога існуе.
Калі ласка, не пытайцеся ў людзей, якія больш за 5 гадоў правялі ў турме, чым ім дапамагчы. Па-першае, яны не ведаюць адказу, а па-другое, яны не будуць самі нічога прасіць. Яны жылі паводле прынцыпу «не вер, не бойся, не прасі» занадта доўга, каб за адзін тыдзень змяніцца.
Апошнія 4,5 года ў мяне не было вольнага часу: я вёў сваю «Джыру» на паперы, даставаў амаль з-пад зямлі нейкія кнігі, трэкаў час у задачы, часам пісаў код у сшытку. Стараўся змяняць знешняе асяроддзе турмы пад сябе, а не прагінацца пад яго (граў у нарды роўна 0 разоў — для тых, хто зразумее), стараўся захаваць як мага больш інтэлекту і здароўя. Не ведаю, ці атрымалася. Тады мне было 31, а потым бац — і ўжо 37. Зараз унутры асцярожны аптымізм, жаданне вучыцца і ісці наперад.
Дзякуй усім, хто дапамог мне апынуцца тут. Дзякуй усім маім «падзельнікам» (акрамя аднаго). Вам не было сорамна за мяне ў мінулым, спадзяюся, не будзе сорамна і ў будучыні. Дзякуй усім беларусам» — напісаў Юшкевіч.
А напрыканцы свайго сур'ёзнага допісу пажартаваў:
«З нязручнага праз 5 гадоў — ва ўсіх знаёмых дзяўчат трэба пытацца новае прозвішча. Пра такія складанасці ніхто не папярэджваў».
Яўген Юшкевіч — былы следчы. Ён нарадзіўся 21 ліпеня 1989 года ў Магілёве. Скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, працаваў няштатным супрацоўнікам следства Мінскай пракуратуры, а затым каля пяці гадоў служыў следчым і старшым следчым у сталічным упраўленні Следчага камітэта. У 2017 годзе звольніўся і перайшоў у ІТ-сферу, стаўшы распрацоўшчыкам праграм для Android.
Пасля звальнення з сілавых структур Юшкевіч займаўся грамадскай дзейнасцю. У 2020 годзе ён стаў адным з ініцыятараў платформы bychange.me, якая дапамагала былым супрацоўнікам сілавых структур і дзяржаўным служачым перакваліфікавацца і знайсці новую працу. Ён таксама кансультаваў сілавікоў, якія хацелі звольніцца, бо не жадалі выконваць загады, што супярэчылі іх перакананням.
24 лістапада 2020 года Юшкевіча затрымалі ў Мінску па справе аб дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Пасля вобшуку яго змясцілі пад варту, але 4 снежня вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. 19 красавіка 2021 года яго затрымалі паўторна і выставілі новыя абвінавачанні, у тым ліку ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Мінскі гарадскі суд 26 снежня 2022 года прысудзіў Юшкевічу 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У сакавіку 2023 года Вярхоўны суд пакінуў прысуд без зменаў.
16 верасня 2026 года Яўген Юшкевіч быў вызвалены ў выніку памілавання пасля перамоваў паміж беларускімі ўладамі і спецыяльным пасланнікам прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам.
Каментары
[Зрэдагавана]