Грамадства99

Літоўская стаматалогія за гадзіну адгукнулася дапамагчы беларусам. Невядомыя гісторыі першага дня вызваленых палітвязняў

Расказваем, што адбывалася з палітвязнямі пасля прыезду ў Вільню.

Сустрэча палітвязняў у Вільні. Фота: БАЖ

Першыя гадзіны на волі

Каля паловы чацвёртай дня мікрааўтобус з 25 вызваленымі беларускімі палітвязнямі прыехаў у Вільню. Іх сустракалі журналісты, былыя палітвязні, прадстаўнікі дэмакратычных сіл і арганізацый, якія дапамагаюць рэпрэсаваным. Былі першыя абдымкі, кветкі, кароткія размовы і званкі тым, чые галасы некаторыя не чулі гадамі.

Але і праз пяць з паловай гадзін пасля прыезду гэты дзень для вызваленых яшчэ не скончыўся.

Каля 21‑й гадзіны ў шэлтары працягвалі афармляць дакументы, запісваць, каму патрэбны лекар, хто мае праблемы з зубамі, каму неабходнае абследаванне або аперацыя.

«Толькі цяпер заканчваюцца ўсе працэдуры па запісе звестак пра людзей і іх патрэбы. Камусьці патрэбная аперацыя, камусьці — дапамога з зубамі», — расказаў «Нашай Ніве» дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатыі Дзяніс Кучынскі.

Сярод тых, хто 16 верасня выйшаў на волю, — журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў і ягоная жонка Ірына Злобіна, былы следчы Яўген Юшкевіч, заснавальнік Symbal.by і «Арт Сядзібы» Павел Белавус, выдавец Зміцер Колас, былая генеральная дырэктарка Tut.by Людміла Чэкіна, былы дырэктар БелаПАН Дзмітрый Наважылаў, палітолаг Таццяна Кузіна, а таксама музыкі Tor Band Яўген Бурло, Зміцер Галавач і Андрэй Ярэмчык. 

Павел Белавус пасля вызвалення. 16 верасня 2026 года. Фота: LookByMedia

Шмат хто з іх атрымаў вялікія тэрміны. Андрэя Аляксандрава асудзілі на 14 гадоў калоніі, Ірыну Злобіну — на дзевяць, Паўла Белавуса — на 13. Удзельнікам Tor Band прысудзілі ад сямі з паловай да дзевяці гадоў. Іхныя песні «Мы не народзец», «Жыве», «Кто, если не ты?» гучалі падчас пратэстаў 2020 года, а пазней былі прызнаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі».

Для большасці з іх вызваленне стала нечаканасцю.

«Вельмі розныя эмоцыі, бо кожны палітвязень выходзіць у розным стане. Некаторыя — у сапраўднай эйфарыі. Для большасці гэта было абсалютна нечакана. Яны ведалі ў турме пра візіт спадара Коўла, пра мінулае вызваленне. Безумоўна, усе вельмі радыя, што апынуліся на волі», — кажа Дзяніс Кучынскі.

«У яго два мільёны падпісчыкаў, і ён пра цябе піша»

Святлана Ціханоўская, якая прыехала ў Вільню, змагла асобна пагаварыць амаль з кожным з вызваленых.

Напрыклад, з Андрэем Аляксандравым згадалі гісторыю, якая пачалася яшчэ ў 2021 годзе. Журналіст даўно заўзее за футбольны клуб «Ліверпуль» і нават пераклаў на беларускую мову яго знакаміты гімн You’ll Never Walk Alone — «Ты ніколі не будзеш ісці адзін». Пасля затрымання ён спяваў гэтую песню ў СІЗА, каб трымацца за кратамі.

Паводле Дзяніса Кучынскага, падчас адной з сустрэч з мэрам Ліверпуля Ціханоўская расказала пра беларускага журналіста і яго любоў да клуба. Адзін з дарадцаў мэра быў знаёмы з былым футбалістам «Ліверпуля», а цяпер вядомым каментатарам Джэймі Карагерам. Таго папрасілі падтрымаць Аляксандрава. Карагер адгукнуўся: напісаў пра беларускага палітвязня і заклікаў вызваліць яго.

Цяпер высветлілася, што навіна пра гэтую падтрымку дайшла да Аляксандрава і за краты.

«Андрэю перадалі: «Мы не ведаем, хто такі гэты Карагер, у яго два мільёны падпісчыкаў, але ён пра цябе піша», — расказвае Дзяніс Кучынскі.

Андрэй Аляксандраў пасля вызвалення. Фота: БАЖ

Стаматалагічная клініка адгукнулася праз гадзіну

Побач з вызваленымі ў Вільні былі і тыя, хто сам яшчэ нядаўна знаходзіўся ў калоніі: Ігар Лосік, Эдуард Пальчыс, Зміцер Дашкевіч, Уладзімір Мацкевіч. Некаторыя сядзелі разам з людзьмі, якія выйшлі на волю сёння. 

Адначасова вырашаюцца самыя прыземленыя пытанні. Не ва ўсіх вызваленых былі пашпарты. Частку людзей фактычна выслалі з Беларусі, не пакінуўшы ім магчымасці самім вырашыць, дзе яны будуць жыць. 

Паводле Кучынскага, літоўскія ўлады загадзя дапамагалі падрыхтаваць прыём групы. Перад вызваленнем ішлі кансультацыі з прэзідэнтурай, Міністэрствам замежных спраў, міграцыйнай службай і іншымі ведамствамі.

«Вялікі дзякуй, што зноў дапамаглі з легалізацыяй і дакументамі», — адзначае ён.

З 25 вызваленых 15 пакуль застануцца ў Вільні. Яшчэ дзесяць плануюць пераехаць у Польшчу. Восем з іх ужо маюць там сям’ю, працу або іншыя падставы для пераезду. Па двух чалавеках працягваюцца кансультацыі з польскім бокам. Гэтую частку працы каардынуе Павел Латушка, які падтрымлівае сувязь з Міністэрствам замежных спраў Польшчы.

Да дапамогі далучыліся «Краіна для жыцця», «Вольныя», Freedom House, Цэнтр беларускай салідарнасці і іншыя арганізацыі. Яны займаюцца жыллём, дакументамі, медыцынскай і псіхалагічнай рэабілітацыяй.

Часам дапамога знаходзіцца літаральна за гадзіну. Днём Дзяніс Кучынскі ў інтэрв’ю Літоўскаму радыё расказаў, што многія былыя палітвязні выходзяць з сур’ёзнымі праблемамі з зубамі. Літаральна праз гадзіну з ім звязалася літоўская стаматалагічная клініка і прапанавала сваю дапамогу, зніжкі на лячэнне і аднаўленне зубоў для нашых вызваленых. Гэта яшчэ раз паказвае салідарнасць Літвы. 

А ў шэлтары тым часам працягвалі званіць тэлефоны. Ужо былыя палітвязні размаўляюць з бацькамі, дзецьмі, мужамі, жонкамі і сябрамі, спрабуючы за некалькі хвілін расказаць пра галоўнае: яны ўжо на волі.

«Трэба даць ім трохі часу прыйсці ў сябе. Наперадзе яшчэ шмат працы: аднавіць здароўе, скончыць легалізацыю. Мы стараемся, каб усё адбывалася максімальна хутка і камфортна», — кажа Дзяніс Кучынскі.

Яўген Юшкевіч пасля вызвалення. 16 верасня 2026 года. Фота: LookByMedia

Вызваленне стала вынікам перамоваў спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам. У адказ Злучаныя Штаты пагадзіліся зняць санкцыі з «Лакафарбы» і канцэрна «Беллеспаперапрам». Коўл заявіў, што разлічвае на вызваленне яшчэ сотняў людзей падчас наступнага візіту ў Мінск прыкладна праз месяц. Пры гэтым у беларускіх турмах па-ранейшаму застаюцца сотні палітвязняў, а затрыманні працягваюцца. 

Каментары9

  • головокружение ад вызвалення а ёсць рэалии
    17.09.2026
    З 25 вызваленых 15 пакуль застануцца ў Вільні. Яшчэ дзесяць плануюць пераехаць у Польшчу.

    Очередная ошибка былых палитвязней, и в Польше и в Литве будут серьёзные проблемы социального характера.
    В Щвецию или Швейцарию ехать надо хотя бы на первые годы.
  • 3%
    17.09.2026
    и какую скидку на зубы предложили? 3 или 5 %?
  • Стыдно і больно
    17.09.2026
    Гэта называецца легітымізацыя грантавых выдаткаў. Схема вядомая: нейкі літоўскі фонд выдзяляе кучу грошай, атрыманых ад ЕС і ЗША на “беларускі народ”, менавіта сваім кішэнным арганізацыям (санаторыям, гатэлям, клінікам) - верагодна вельмі, ха адкаты. Вось і тут нібыта прапануюць “зніжку”, а насамрэч атрымаюць у разы больш за рынкавы кошт ад грантаразмеркавальнікаў-сяброў. Ёсць жа беларускія стаматалогіі, але ім ніхто грошы не выдзеліць. Вось так і корміцца літоўскі ВУП на “дапамозе” такой. За што змагаліся!

Цяпер чытаюць

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі11

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі

Усе навіны →
Усе навіны

Што вядома пра страты Расіі на вайне ва Украіне да кастрычніка?2

Познер: Захад хацеў справакаваць Пуціна, а Расія ў выніку пераможа62

«Свабода пераможа рабства». Статкевіч сустрэўся з прадстаўнікамі ЕС6

Нягледзячы на «цяжкае выгаранне» экс-канцлер Германіі Шродэр зоймецца стратэгічным суправаджэннем бізнэсу гіпермаркетаў у Расіі3

У Валгаградзе ўначы прагучалі выбухі: імаверна, гараць НПЗ і хімзавод «Каўстык»

Капібара збегла з заапарка. Тое, што адбылося далей, ператварылася ў паўгадавы дэтэктыў4

Навукоўцы знайшлі планету, якая круціцца вакол сваёй зоркі «не ў той бок». Як такое магчыма?1

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак35

«Ці ёсць сэнс за іх чапляцца?» Пуцін намякнуў пра гатоўнасць спыніць вайну, калі яму здадуць Данбас30

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі11

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць