Грамадства44

Полацкае прадпрыемства выпускае «правераныя ў баявых умовах» бронекамізэлькі ZoV

Полацкае прадпрыемства «ПОЛСПО» вырабляе модульныя бронекамізэлькі пад назвай ZoV, якія прадаюцца і на расійскім рынку. Расійскі сайт, што гандлюе гэтай прадукцыяй, рэкламуе камплект як «правераны ў баявых умовах» і спасылаецца на водгук падраздзялення беспілотнікаў разведвальна-штурмавой брыгады, піша «Белсат».

Фота: polspo-russia.ru

На бронекамізэлькі звярнулі ўвагу карыстальнікі Threads. Прадукцыя ZoV сапраўды прадстаўленая ў каталогу на афіцыйным сайце «ПОЛСПО». Паводле апісання вытворцы, камізэлька прызначаная для абароны ад агнястрэльнай зброі і аскепкаў, а таксама для змяншэння кантузійных траўмаў, якія могуць узнікаць пры ўдары кулі аб бронепліту.

Керамічныя бранявыя панэлі камізэлькі, як сцвярджаецца, забяспечваюць абарону жыццёва важных органаў паводле класа Бр5. Сам вытворца не тлумачыць паходжанне назвы ZoV, аднак спалучэнне літар Z і V шырока выкарыстоўваецца як сімволіка расійскай вайны супраць Украіны.

У Расіі бронекамізэльку прадаюць праз сайт polspo-russia.ru. На ім пазначаныя кантакты ў Санкт-Пецярбургу і адрас вытворчасці ў Полацку. Пры гэтым сайт юрыдычна аформлены на расійскага індывідуальнага прадпрымальніка.

Камплект ZoV уключае саму бронекамізэльку, браняпліты Бр5 вытворчасці «ПОЛСПО», ахоўны пояс, абарону паху і набор падсумкаў. Прадавец сцвярджае, што выраб прайшоў выпрабаванні ў баявых умовах. У якасці пацвярджэння прыводзіцца водгук падраздзялення беспілотнікаў, байцы якога пасля працяглага выкарыстання ў складаных палявых умовах нібыта назвалі камізэльку адной з найлепшых у сваім класе.

На расійскім сайце таксама пазначана, што камплект сертыфікаваны паводле расійскага стандарту ДАСТ 34286-2017, а вытворчасць адпавядае тэхнічным умовам BY 391615915.016-2022, зарэгістраваным у 2022 годзе. Кошт бронекамізэлькі складае 115 тысяч расійскіх рублёў — каля 1400 даляраў.

Супрацоўніцтва «ПОЛСПО» з расійскім рынкам вядомае ўжо некалькі гадоў. У кастрычніку 2022 года раённая газета «Полацкі веснік» паведамляла, што амаль палова прадукцыі прадпрыемства выкарыстоўваецца ў Беларусі і Расіі, а балістычныя выпрабаванні праводзяцца ў расійскім сертыфікацыйным цэнтры. Паводле інфармацыі выдання, бранявую абарону з Полацка выкарыстоўваюць беларускія ўнутраныя войскі, армія, Следчы камітэт, Служба бяспекі Лукашэнкі і КДБ.

На самім прадпрыемстве бронекамізэльку ZoV называюць адным са сваіх галоўных дасягненняў. У 2024 годзе супрацоўнік «ПОЛСПО» Аляксандр Скарадзёнак расказваў выданню «СБ. Беларусь сегодня», што выраб мае найвышэйшы клас абароны і з'яўляецца навінкай для беларускага рынку.

Сярод пераваг камізэлькі ён адзначаў модульную канструкцыю: камплект можна дапоўніць абаронай паху, каўняром і наплечнікамі. Бранявыя панэлі можна хутка выняць і замяніць непасрэдна ў палявых умовах, а саму камізэльку — скінуць адным рухам рукі.

Каментары4

  • Мимокрокодил
    21.10.2026
    «проверенные в боевых условиях»
    Напомнило старую рекламу мотошлема фирмы Arai: "Гарантируем похороны в открытом гробу"
  • БеларусьНазаЎжды
    21.10.2026
    Лукашысты, якія тут пішуць, што лука ня ўдзельнічае ў вайне - што з тварам, чаго маўчым
  • UFO
    21.10.2026
    Ё, Іконы Гундзяева, Путлера і Матроны Маскоўскай)

Цяпер чытаюць

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна44

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Усе навіны →
Усе навіны

У Падмаскоўі беларус з чатырма расіянамі пад выглядам рамонтнікаў скраў медны кабель «Растэлекама»5

На таргі за даўгі заснавальніка «Новага зроку» выставілі дамы, якімі афіцыйна валодаюць іншыя людзі1

Пакуль беларуска чакала студэнцкі ДНЖ у Польшчы, паспела скончыць універсітэт. Чыноўнікі пайшлі насустрач1

Анафілактычны шок малаверагодны. Што кажа клініка пра смерць 30‑гадовай Валерыі, якая памерла падчас выдалення зуба6

На Кацярыну Андрэеву завялі новую крымінальную справу3

«Казахстан — руская краіна». У Казахстане за гэтыя словы мужчыну далі 20 сутак15

Фальшывае сумоўе коштам $6,3 мільярда. Як хакеры абрабавалі Binance2

Самалёт Мінск — Масква прызямляўся з адключаным рухавіком2

Зяленскі ўзнагародзіў Меланію Трамп за гуманітарную дзейнасць1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна44

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць