Культура2424

У Вільні ўшануюць памяць беларускага фатографа Юзафа Чаховіча і мастакоў Сляндзінскіх. Вакол шыльдаў разгарэўся моўны скандал

Улады сталіцы Літвы зацвердзілі ўсталяванне мемарыяльных дошак у гонар выбітных творцаў XIX—XX стагоддзяў. Увекавечанне памяці піянера фатаграфіі і славутых жывапісцаў абярнулася палітычнай спрэчкай з польскай меншасцю праз рашэнне выканаць надпісы выключна на літоўскай мове.

Юзаф Чаховіч і зроблены ім здымак касцёла Святой Ганны ў Вільні. Фота: Wikimedia Commons / калаж «Нашай Нівы»

Як паведамляе выданне MadeinVilnius.lt, Віленская гарадская рада афіцыйна ўхваліла з'яўленне дзвюх памятных дошак на гістарычным драўляным доме па вуліцы Гедройцяў (Giedraičių), 32 у раёне Сніпішкі. Першая будзе прысвечана фатографу Юзафу Чаховічу, другая — мастакам Вінцэнту і Людаміру Сляндзінскім.

Трэцюю дошку, у гонар музыкаў Пранаса і Рэгіны Тамашайцісаў, павесяць на Татарскай вуліцы (Totorių), 19.

Праектаванне і выраб прафінансуюць з гарадскога бюджэту, кошт адной дошкі складзе 4400 еўра.

Хто такі Чаховіч і чаму яго ўшаноўваюць

Будынак на вуліцы Гедройцяў мае ўнікальную гісторыю. Першапачаткова ён стаяў у цэнтры Вільні, каля падножжа гары Гедзіміна, дзе з 1866 па 1888 год знаходзілася фотаатэлье Юзафа Чаховіча. У 1892 годзе дом перанеслі на Сніпішкі.

Касцёл Святой Ганны пры бернардзінскім кляштары ў Вільні. Фота: Юзаф Чаховіч, 1870‑я гг. / Wikimedia Commons

Юзаф Чаховіч (1818—1888) нарадзіўся ў Полацкім павеце ў шляхецкай сям'і і быў ахрышчаны ў касцёле ва Ушачах. Ён з'яўляецца адным з пачынальнікаў прафесійнай фатаграфіі на тэрыторыі сучасных Беларусі і Літвы. Менавіта ён першым пачаў сістэматычна здымаць не толькі партрэты, але і гарадское асяроддзе, інтэр'еры храмаў і палацаў. Чаховіч пакінуў пасля сябе больш за 300 унікальных здымкаў Вільні, а таксама зафіксаваў панарамы Віцебска, Гродна і краявіды Павілля, у тым ліку Міхалішак, Жодзішак, Быстрыцы, Данюшава і Тупальшчыны.

Гродна і рака Нёман. Фота: Юзаф Чаховіч, 1870‑я гг. / Wikimedia Commons

Дзякуючы яго працам гісторыкі і рэстаўратары маюць дакументальныя сведчанні таго, як выглядала архітэктура гарадоў у другой палове XIX стагоддзя. Яго майстэрства атрымала міжнароднае прызнанне: у 1876 годзе фатограф стаў сябрам Французскага фатаграфічнага таварыства.

Гістарычны драўляны дом па вуліцы Гедройцяў, 32 (Сніпішкі), у якім месцілася атэлье Чаховіча і жылі Сляндзінскія. Фота: Мячыславас Сакалаўскас, 1974 г. / paveldas.vilnius.lt 
Сучасны выгляд дома. Фота: paveldas.vilnius.lt 

Сляндзінскія: ад паўстання 1863 года да манументалізму

Пасля смерці Чаховіча яго спадчыну і атэлье пераняла былая партнёрка Ганна Бальцэвіч (1845—1923). У тым жа 1888 годзе яна выйшла замуж за віленскага мастака Вінцэнта Сляндзінскага (1838—1909), які пасяліўся ў гэтым самым доме.

Вінцэнт Сляндзінскі на фотаздымку, зробленым Юзафам Чаховічам. Фота: Wikimedia Commons

Вінцэнт Сляндзінскі працягнуў справу свайго бацькі Аляксандра, вядомага віленскага жывапісца. Вінцэнт удзельнічаў у паўстанні 1863 года, за што быў асуджаны на 20 гадоў расійскай ссылкі. Калі вярнуўся ў Вільню ў 1883 годзе, ствараў карціны рэлігійнага і гістарычнага характару, якія дагэтуль упрыгожваюць віленскія касцёлы.

Людамір Сляндзінскі. «Партрэт маці» (1920). На палатне — Ганна Бальцэвіч-Сляндзінская, былая партнёрка Чаховіча. Фота: Wikimedia Commons
Партрэт Людаміра Сляндзінскага на фоне Вільні. 1934 г. Фота: Wikimedia Commons

У шлюбе Ганны Бальцэвіч і Вінцэнта ў 1889 годзе нарадзіўся сын Людамір Сляндзінскі (1889—1980) — будучы выбітны мастак-манументаліст. У міжваенны перыяд ён стаў адным са стваральнікаў Віленскага таварыства мастакоў-пластыкаў (WTAP) і фактычна сфарміраваў так званую «Віленскую школу» жывапісу, якая абапіралася на традыцыі італьянскага ранняга Рэнесансу.

Гульня ў гузікі. Людамір Сляндзінскі, 1928 г. 

Людамір атрымліваў прэстыжныя дзяржаўныя заказы, распісваў плафоны ў палацы Рады Міністраў, ствараў фрэскі для банкаў. Акрамя таго, ён адыграў ключавую ролю ў захаванні спадчыны: напрыклад, у 1931 годзе падчас паводкі дакументаваў знойдзеныя ў падзямеллях віленскага кафедральнага сабора каралеўскія рэшткі.

Чытайце: Як разгул прыроды вярнуў целы Барбары Радзівіл і вялікага князя Аляксандра і чаму таямніцу знікнення іхніх рэгалій змаглі раскрыць толькі цяпер

Моўны канфлікт у Віленскай радзе

Нягледзячы на маштаб асоб, рашэнне віленскіх уладаў справакавала палітычныя спрэчкі. Паводле інфармацыі польскамоўнага партала Kurier Wileński, тэкст на ўсіх трох дошках будзе выкананы выключна на літоўскай мове.

Праекты памятных шыльдаў для Юзафа Чаховіча і сям'і Сляндзінскіх. Фота: фэйсбук Fotografijos paveldo fondas

Радныя ад «Выбарчай акцыі палякаў Літвы» (AWPL-ZChR) праігнаравалі галасаванне. Віцэ-прэзідэнт Саюза палякаў на Літве Эдвард Трусевіч адзначыў, што спадчына Вільні з'яўляецца супольным здабыткам, а адсутнасць мовы, з якой былі звязаныя жыццё і творчасць мастакоў, супярэчыць прызнанню агульнай гісторыі.

Пры гэтым Трусевіч удакладніў, што байкот галасавання польскай фракцыяй афіцыйна быў звязаны не з тэкстам на шыльдах, а з пратэстам супраць змяненняў у рэгламент працы рады, якія абмяжоўвалі правы апазіцыі. Тым не менш, прадстаўнікі польскай меншасці заявілі пра намер падаць асобную заяўку на ўсталяванне дзвюхмоўных таблічак, што юрыдычна дазваляецца правіламі мясцовага самакіравання.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары24

  • Байкоў-Некрашэвіч
    30.10.2026
    ---Радныя ад «Выбарчай акцыі
    радны — советский; должностной
    1) Сябры рады ад «Выбарчай акцыі палякаў Літвы»
    2)Чальцы рады ад «Выбарчай акцыі палякаў Літвы»
  • хмм
    30.10.2026
    777, Если вы там у себя привыкшие к руzzким надписям, это не значит что и в Литве так должно быть.
  • крыніца
    30.10.2026
    Дзе можна пачытаць што Чаховіч лічыў сябе беларусам?

Цяпер чытаюць

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну88

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну

Усе навіны →
Усе навіны

Папа Леў XIV прыняў Боба Дылана. Той фатаграфаваўся ў капюшоне1

Галоўнага ідэолага Белчыгункі адправілі на пенсію — а ён знайшоў новую працу13

Вэнс заклікаў Трампа пачаць перамовы з Іранам, каб спыніць вайну15

Хакеры спрабавалі размарозіць халадзільнікі з донарскай крывёй у Францыі

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос37

Стары тэлескоп NASA, які важыў паўтары тоны і які няўдала спрабавалі выратаваць, упаў на Зямлю1

У Мінску ў «сакрэтным» доме прадаюць кватэру за $1,5 мільёна7

Дызельная ўгода Трампа з Расіяй пад пагрозай зрыву5

Кушнер расказаў, якога міру ЗША хочуць для Украіны8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну88

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць