Культура22

Доўгачаканае аднаўленне сядзібы паплечніка Касцюшкі ў Відзах-Лаўчынскіх абярнулася заменай драўляных сцен на керамзітабетон

Закінуты класіцыстычны палацык Ваўжэцкіх і Мінейкаў у Браслаўскім раёне пасля продажу прыватнаму інвестару пачалі актыўна рамантаваць. Аднак здымкі з будаўнічай пляцоўкі паказалі, што замест навуковай рэстаўрацыі ў помніку архітэктуры збілі гістарычную тынкоўку з магчымымі роспісамі, вывернулі каменныя прыступкі і ўставілі жалезныя трубы на месцы драўляных калон порціка.

Паркавы фасад сядзібы ў Відзах-Лаўчынскіх з неарэнесанснай верандай работы Тадэвуша Раствароўскага. Фота: Wikimedia Commons

Увагу на тое, якімі метадамі вядзецца аднаўленне сядзібы мяжы XVIII і XIX стагоддзяў у вёсцы Відзы-Лаўчынскія, звярнуў тэлеграм-канал «Спадчына». Раней гэты закінуты помнік архітэктуры быў прададзены прыватнаму інвестару больш чым за 63 тысячы рублёў.

Нядаўна будаўнікі акуратна вымуравалі страчаныя бакавыя аркі ды атык садовай галерэі і правялі анкерную сцяжку муроў цокальнага паверха. Аднак фатаграфіі іншых участкаў работ, якія апублікавалі даследчыца Вольга Лабачэўская і былы старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч, засведчылі, што рэканструкцыя вядзецца метадамі звычайнага будаўнічага рамонту з масавай заменай аўтэнтычных канструкцый на сучасныя матэрыялы.

Вывернутыя аўтэнтычныя каменныя прыступкі і залітыя замест іх бетонныя маршы каля садовай веранды сядзібы ў Відзах-Лаўчынскіх. Фота: Антон Астаповіч / Facebook
Залітыя замест іх бетонныя маршы каля садовай веранды сядзібы ў Відзах-Лаўчынскіх. Фота: Антон Астаповіч / Facebook

Керамзітабетон у зрубе, жалезныя трубы і страчаныя роспісы

Як відаць на здымках знутры будынка, ніжнюю частку гістарычных драўляных сцен да ўзроўню падаконняў замест традыцыйнага пратэзавання гнілых вянцоў зруба проста выразалі і замянілі муроўкай з сучасных керамзітабетонных блокаў. Звонку старадаўні зруб пачалі зашываць лістамі вільгацетрывалай фанеры.

Выгляд галоўнага фасада сядзібнага дома з порцікам на чатырох драўляных калонах да рэканструкцыі. Фота: Wikimedia Commons
Цяперашні выгляд галоўнага фасада з устаноўкай металічных труб на месцы драўляных калон порціка. Фота: Антон Астаповіч / Facebook

На месцы цалкам разабранага чатырохкалоннага драўлянага порціка перад галоўным уваходам будаўнікі залілі масіўныя бетонныя падушкі і ўсталявалі на іх тонкія металічныя трубы, якія стануць каркасам для новых калон.

Пацярпела і мураваная арачная веранда з боку парку і возера. Аўтэнтычныя часаныя каменныя прыступкі двухбаковых сходаў проста выкарчавалі і скінулі ў траву побач з будынкам, а на іхнім месцы залілі новыя маналітныя маршы з бетону.

Ніжняя частка драўляных сцен унутры сядзібы, замененая на муроўку з керамзітабетонных блокаў. Фота: Вольга Лабачэўская / Facebook

Спецыялісты Беларускага інстытута спадчыны звярнулі ўвагу на яшчэ адну незваротную страту: унутры палаца без папярэдніх навуковых зандажоў цалкам збілі гістарычную тынкоўку.

Між тым паводле грунтоўнага даследавання польскага гісторыка архітэктуры Рамана Афтаназы, які прысвяціў Відзам-Лаўчынскім асобны раздзел у сваёй шматтомнай працы пра рэзідэнцыі былога Вялікага Княства Літоўскага, сцены ў пакоях сядзібы першапачаткова былі распісаныя фрэскамі, у сярэдзіне XIX стагоддзя іх абклеілі шпалерамі, і толькі ў больш позні час атынкавалі.

Гістарычная тынкоўка, якая, па сведчаннях даследчыкаў, магла захоўваць роспісы, цалкам збітая. 

Прафесійнае даследаванне сценавых паверхняў магло б адкрыць унікальную паліхромную дэкарацыю эпохі класіцызму і захаваныя пад напластаваннямі фрагменты старых шпалераў, копіі якіх сёння няцяжка заказаць на еўрапейскіх мануфактурах.

Да Другой сусветнай вайны двухтрактавыя інтэр'еры сядзібы вызначаліся багатым убраннем. У малым салоне стаяў камін з белай кафлі і мэбля ў стылі Людовіка XV, абітая белым шоўкам у кветкі, а вялікую парадную залу ўпрыгожваў гарнітур з чырвонага дрэва ў стылі позняга ампіру.

На сценах вісела цэлая карцінная галерэя: палатно «Святы Юзаф» пэндзля Шымана Чаховіча, візантыйскі абраз Маці Божай у срэбнай шаце, партрэт Міхала Марыконі работы Яна Рустэма, творы Канута Русецкага і Людаміра Яноўскага, а таксама галандскі і французскі жанравы жывапіс, уключаючы карціну невядомага майстра «Бык-Зеўс у суправаджэнні чатырох амураў».

Швагер з Нароўлі і веранда графа Раствароўскага

Асаблівую каштоўнасць для гісторыі беларускай архітэктуры мае тая самая двухпавярховая садовая веранда ў стылі неарэнесансу, каля якой цяпер вывернулі каменныя сходы. Да 1900 года на яе месцы існавала драўляная тэраса, пакуль апошні ўладальнік маёнтка Уладзіслаў Мінейка не заказаў праект мураванай прыбудовы з трыма паўкруглымі аркадамі на кожным ярусе, здвоенымі пілястрамі і атыкам вядомаму віленскаму архітэктару графу Тадэвушу Раствароўскаму.

Сядзіба ў Відзах-Лаўчынскіх з боку парку з неарэнесанснай верандай работы Тадэвуша Раствароўскага. Фота: Wikimedia Commons

З'яўленне гэтага праекта тлумачылася цеснымі сямейнымі сувязямі. Уладзіслаў Мінейка і Тадэвуш Раствароўскі былі шваграмі — абодва ажаніліся з дочкамі Аляксандра Аскеркі, аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863 года. Малодшая дачка паўстанца Марыя стала жонкай гаспадара Відзаў-Лаўчынскіх, сярэдняя Сафія ў 1899 годзе выйшла замуж за Раствароўскага, а старэйшая Ядвіга была замужам за Эдвардам Горватам, уладальнікам знакамітага палаца ў Нароўлі.

Раствароўскі пастаянна гасцяваў у абодвух маёнтках — у Відзах-Лаўчынскіх нават захоўваліся пяць напісаных ім акварэльных партрэтаў ды вялікія алейныя партрэты ўсіх трох сясцёр Аскеркаў работы Людаміра Яноўскага. У пачатку XX стагоддзя архітэктар распрацаваў праекты рэканструкцыі як для Відзаў-Лаўчынскіх, так і для Нароўлі. Як адзначаюць эксперты Беларускага інстытута спадчыны, ёсць пэўная іронія лёсу ў тым, што абодва гэтыя помнікі пасля дзесяцігоддзяў закінутасці пачалі аднаўляцца амаль адначасова, але з дыяметральна розным падыходам да аўтэнтыкі.

Аднаўленне веранды з боку парку. Фота: Вольга Лабачэўская / Facebook

Ад паплечніка Касцюшкі да першага курорта з 60 ваннамі

Гісторыя самога маёнтка сягае часоў вялікага князя літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча, які ў XV стагоддзі надаў абшырныя землі паміж рэкамі Дзісной і Друкшай на тракце з Вільні ў Дзвінск тром братам — Даўгірду, Даўкшу і Нарушу. У 1524 годзе маёнтак набыў канцлер ВКЛ Альбрэхт Гаштольд, пасля чаго ўладанні падзялілі: адна частка адышла Пацам, а другая засталася ў руках нашчадкаў Наруша — роду Нарушэвічаў герба «Вадвіч».

Менавіта ад пасады Яна Нарушэвіча, які быў лоўчым вялікім літоўскім, маёнтак і атрымаў назву Відзы-Лаўчынскія, а ў сярэдзіне XVII стагоддзя ягоная дачка Алена Аляксандра прынесла гэтыя землі ў пасаг мужу Аўгусціну Ваўжэцкаму.

Печка ў інтэр’еры сядзібы. Фота: Вольга Лабачэўская / Facebook

Найбольшую гістарычную славу сядзіба здабыла на мяжы XVIII і XIX стагоддзяў, калі тут жыў генерал Тамаш Ваўжэцкі — блізкі паплечнік Тадэвуша Касцюшкі, які пасля ранення і палону апошняга ў бітве пад Мацяёвіцамі ў 1794 годзе ўзначаліў паўстанне ў якасці найвышэйшага нацыянальнага правадыра і кіраваў абаронай Варшавы. Пасля двух гадоў зняволення ў Петрапаўлаўскай крэпасці Ваўжэцкі быў амніставаны імператарам Паўлам І і вярнуўся ў роднае гняздо, дзе пражыў да смерці ў 1816 годзе і быў пахаваны ў суседніх Відзах.

У беларускай краязнаўчай літаратуры пабудову захаванага драўлянага палацыка традыцыйна прыпісваюць самому Тамашу Ваўжэцкаму, аднак Раман Афтаназы са спасылкай на сямейныя сведчанні апошніх уладальнікаў удакладняе, што дом узвёў тагачасны гаспадар Станіслаў Ваўжэцкі.

Больш за тое, да 1939 года ў гаспадарчай частцы маёнтка захоўваўся яшчэ адзін унікальны мураваны будынак другой паловы XVIII стагоддзя з незвычайным пяцікалонным порцікам, які мясцовыя называлі «пякарняй». Паводле версіі Афтаназы, менавіта гэты мураваны дом разам з суседняй афіцынай быў першапачатковай рэзідэнцыяй Ваўжэцкіх, але праз слабыя падмуркі яго правы бок пачаў абвальвацца — сцяну давялося тэрмінова ўмацоўваць магутным контрфорсам з палявога каменю, а гаспадары перабраліся ў новы драўляны палац на ўзгорку над возерам Дворным.

Стары мураваны палац XVIII стагоддзя з пяцікалонным порцікам, вядомы як «пякарня», са сцяной, падпёртай каменным контрфорсам. Фота: Wikimedia Commons

У 1812 годзе сядзібу разрабавалі французскія войскі, але яна хутка аднавілася. У гэты час у Відзах-Лаўчынскіх гасцяваў малады Адам Міцкевіч, які прыязджаў сюды разам са сваім дзядзькам Маеўскім.

У сярэдзіне XIX стагоддзя дачка браслаўскага маршалка Міхала Ваўжэцкага Эмілія выйшла замуж за віленскага губернскага маршалка Тамаша Мінейку, і маёнтак плошчай каля трох тысяч гектараў перайшоў да роду Мінейкаў.

Новыя ўладальнікі знайшлі маёнтку нечаканае камерцыйнае прымяненне. Выкарыстоўваючы мясцовыя серавадародныя крыніцы, Мінейкі адкрылі тут адзін з першых на беларускіх землях бальнеялагічных курортаў пад назвай «Лазенкі», уладкаваны паводле заходнееўрапейскіх узораў.

У сярэдзіне XIX стагоддзя для кліентаў працавалі 60 лячэбных ваннаў, на беразе возера збудавалі купальні незвычайнай формы, а ў пейзажным парку плошчай пяць гектараў, дзе раслі дзясяткі экзатычных відаў дрэў — ад блакітных калючых елак і лжэтсуг да пурпуровалістай ляшчыны, — адпачывальнікам прапаноўвалі конныя прагулкі, гульні і катанне на лодках.

Дарэчы, у заходняй частцы гэтага парку за тэнісным кортам гаспадары ўладкавалі нават асобныя могілкі для сваіх улюбёных коней і сабак, пазначыўшы пахаванні валунамі і шэрагам з пяці дрэў шэрага арэха.

Да канца XIX стагоддзя курорт не вытрымаў канкурэнцыі і закрыўся, а пасля Другой сусветнай вайны ў былым панскім доме размясцілі спачатку дзіцячы дом, а затым вясковую школу. Пасля закрыцця школы будынак, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і знаходзіўся на балансе аддзела адукацыі Браслаўскага райвыканкама, доўгія гады пуставаў і разбураўся, пакуль не дачакаўся цяперашняга рамонту з газасілікатнымі блокамі і металічнымі трубамі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • ха
    06.11.2026
    любая рэстаўрацыя ў краіне так і абарачаецца. проста аб'ект недзяржаўны, вось і шастаюць з камерамі крытыкі
  • Ну
    06.11.2026
    Пра сядзібу цікава было чытаць. Перажыла яна шмат чаго за сваё жыццё, але незваротна зменіцца і стане гэтакім архітэктурным Франкенштэйнам у часы панавання манкуртаў на старадаўняй зямлі ліцьвінаў-беларусаў. Дык было б цікава пачытаць крыху пра таго варвара - новага ўладальніка сядзібы, каторы робіць такую "рэканструкцыю".

Цяпер чытаюць

А што будзе, калі вярнуцца ў Беларусь? Кажуць жа, што рэпрэсіі заканчваюцца3

А што будзе, калі вярнуцца ў Беларусь? Кажуць жа, што рэпрэсіі заканчваюцца

Усе навіны →
Усе навіны

Меланія Трамп напісала лісты Пуціну і Зяленскаму3

Ціханоўскі заявіў, што цяпер у кожным стрыме будзе ўключаць відэа з Мелказёравым па некалькі разоў45

Прыхільны Трампу прэзідэнт Парагвая пайшоў у адстаўку пасля краху аднаго з мясцовых банкаў1

Дэлегацыя Магілёўскай вобласці брала ўдзел у адкрыцці помніка «героям СВА» на Смаленшчыне10

У крымскім СІЗА загінула выкладчыца харкаўскай моўнай школы, якая прыехала да бацькоў4

Прарасійскага актывіста з Латвіі, які ваяваў з бел-чырвона-белым сцягам, у Расіі прымусілі падпісаць вайсковы кантракт і адправілі на вайну6

Акцёра Расэла Брэнда прызналі вінаватым у сэксуальных злачынствах3

«Джэй Дзі, каханенькі!» Тролінг Эль-Саеда на адрас Вэнса завірусіўся ў сацсетках26

Каля мяжы з Беларуссю Расія пабудуе яшчэ адну АЭС4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

А што будзе, калі вярнуцца ў Беларусь? Кажуць жа, што рэпрэсіі заканчваюцца3

А што будзе, калі вярнуцца ў Беларусь? Кажуць жа, што рэпрэсіі заканчваюцца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць