У наступным годзе недалёка ад Камароўскага рынка ў Мінску плануюць адкрыць буйны гастрамол. Паводле памераў ён будзе супастаўны з вядомым маскоўскім фуд-молам «Дэпо». Комплекс ствараюць на тэрыторыі былых цэхаў завода вылічальнай тэхнікі, у квартале паміж вуліцамі Кульман, Куйбышава і Харужай. Акрамя рэстаранаў і харчовых корнераў, тут адкрыюць вялікі дзіцячы цэнтр і паркінг, паведамляе тэлеканал АНТ.

Завод вылічальнай тэхнікі, дзе ў савецкі час выпускалі ЭВМ «Мінск», у тым ліку машыны для кіравання савецкімі месяцаходамі, канчаткова пакінуў вуліцу Кульман у 2015 годзе. Пасля пераезду вытворчасці ў цэнтры горада засталіся пустыя офісы, склады і іншыя памяшканні.
Кампанія «МК Атмасфера Капітал» пачала паступова асвойваць гэтую тэрыторыю яшчэ ў 2010 годзе, калі з'явіўся гандлёвы цэнтр «Пасаж». Асноўныя будаўнічыя работы разгарнуліся ў 2017—2018 гадах пасля набыцця забудоўшчыкам заводскіх будынкаў.
Некаторыя карпусы апынуліся ў аварыйным стане, таму іх давялося знесці. Адзін са старых будынкаў удалося захаваць і ўключыць у новы праект. З 2022 года фінансаванне будаўніцтва падтрымлівае Белаграпрамбанк.
Цяпер тэрыторыя комплексу займае 85 тысяч квадратных метраў. Тут ужо працуюць чатыры бізнэс-цэнтры з офісамі і гандлёвымі галерэямі.
Асноўнай часткай новай прасторы для адпачынку стане гастрамол плошчай больш за 10 тысяч квадратных метраў. У ім размесцяць паўнавартасныя рэстараны, дзясяткі невялікіх корнераў з рознай ежай, а таксама сцэну для канцэртаў і вечаровых мерапрыемстваў.

Побач ужо працуе гастранамічны сквер «Маніфест», які ў цёплую пару года прыцягвае шмат наведвальнікаў. Аднак ён мае сезонны фармат. Новы крыты гастрамол дазволіць адпачываць і харчавацца ў гэтым месцы круглы год, незалежна ад надвор'я.
Комплекс разлічаны і на сем'і з дзецьмі. Побач з рэстараннай зонай адкрыюць дзіцячы цэнтр «Галактыка» плошчай больш за 7 тысяч квадратных метраў. Ён стане адным з найбуйнейшых у Беларусі. У цэнтры прадугледзяць розныя зоны: ад спакойных гульнявых пакояў для малых да атракцыёнаў і актыўных забаў для дзяцей старэйшага ўзросту.
Пасля запуску ўсяго комплексу ў наступным годзе транспартная нагрузка ў раёне Камароўскага рынку павінна павялічыцца. Каб зменшыць рызыку затораў на суседніх вуліцах, тут пабудуюць паркінг больш чым на 800 аўтамабіляў.
Зменіцца і арганізацыя руху па вуліцы Кульман: яна стане двухбаковай, а таксама тут з'явіцца разваротнае кола.
Асобна прадугледжаная магчымасць зараджаць электрамабілі. У гандлёвых і бізнэс-цэнтрах, а таксама жылых комплексах такую інфраструктуру развівае беларуская сетка BatteryFly, якая таксама атрымала падтрымку Белаграпрамбанка. Яе зарадныя станцыі абсталяваныя сістэмай, што аўтаматычна размяркоўвае даступную магутнасць паміж аўтамабілямі. Неабходны раз'ём кіроўцы змогуць загадзя забраніраваць праз мабільны дадатак.
У Мінску пачалі будаваць Казахстанскі квартал
У «Вялікім камені» пабудуюць стылёвы жылы комплекс. Вось якія цэны
Кальцавую лінію метро хутка пачнуць будаваць. Першы ўчастак звяжа «Парк Дружбы народаў» з Вяснянкай
«Газпрам Цэнтр» у Мінску збіраюцца дабудаваць да канца наступнага года
На беразе Камсамольскага возера нарэшце завяршаюць 15‑гадовы даўгабуд. Ужо ідзе запіс на закрыты старт продажаў
Каментары