На беразе Камсамольскага возера нарэшце завяршаюць 15‑гадовы даўгабуд. Ужо ідзе запіс на закрыты старт продажаў
Каля 15 гадоў таму на беразе Камсамольскага возера пачалося будаўніцтва гатэльнага комплексу Hyatt. Гатэль планавалі адкрыць да чэмпіянату свету па хакеі, але не паспелі. Пасля працяглага перапынку недабудаваны гатэль вырашылі ператварыць у элітны жылы дом. Работы ішлі павольна, але, здаецца, працэс усё ж набліжаецца да лагічнага заканчэння. Актыўнасць на аб'екце заўважылі ў Threads, піша Realt.by.

«Яшчэ адзін дом прэміум-класа ў Мінску. Папярэдні запіс на закрыты старт продажаў ужо пачаўся», — піша карыстальніца Threads.
На кадрах, зробленых аўтаркай допісу, можна заўважыць, што вакол будынка прыбралі масіўную будаўнічую агароджу, пакінуўшы толькі лёгкую сетку па перыметры. Мяркуючы па ўсім, знешнія работы над фасадам фактычна закончаныя, засталося толькі ўпарадкаваць тэрыторыю.
Нагадаем, што гатэль Hyatt на Старавіленскім тракце будавала кампанія «Сыравінныя рэсурсы». Здаць аб'ект планавалася да 2014 года, аднак да вызначанага тэрміну завяршыць будаўніцтва не паспелі. У выніку гатэль, гатоўнасць якога складала 70%, набыла кампанія «СанБрыдж», звязаная з «БелВЭБ Капітал».
Згодна з пашпартам аб'екта, закончыць будаўніцтва жылога комплексу прэміум-класа планавалася яшчэ ў лютым. Цяпер усім, хто зацікаўлены ў набыцці кватэры, адказваюць, што продажы пачнуцца ў чацвёртым квартале гэтага года.

Клубны дом будзе мець 8 паверхаў, больш за 150 кватэр і падземную паркоўку. Зыходзячы з апісання комплексу на сайце, «асновай новага дома стануць тэхналогіі і логіка пяцізоркавага гатэля». Жыхарам абяцаюць «здзіўленне з першага кроку — тое, што ў пяцізоркавым гатэлі выклікае захапленне, тут стане часткай вашага жыцця».
У комплексе з'явяцца рэстаран аўтарскай кухні, СПА, басейн з панарамным шкленнем, фітнэс-зала, а таксама паслугі кансьержа, прыбірання, пральні і паркоўкі аўтамабіляў супрацоўнікамі комплексу (valet parking). Не забудуцца і пра кругласутачную ахову, сістэму відэаназірання і кантроль доступу.


Ва ўнутранай частцы комплексу размесціцца сад-атрыум, які стане прасторай выключна для жыхароў: з прадуманым ландшафтным дызайнам, зонамі для адпачынку і заняткаў ёгай.

Жылы комплекс, які будуецца, размешчаны ў вельмі цікавым месцы. Непасрэдна насупраць возера і Парку Перамогі, але ў той жа час недалёка ад цэнтра горада, Нямігі і будучай станцыі метро «Пярэспа».
У цэнтры Гомеля знеслі даўгабуд, які за 13 гадоў так нічым і не стаў
На месцы некалі планаванага ГЗЦ «Трайпла» будуюць тры шматпавярховікі
«Белую крэпасць» у двары ЖК «Аркадзія» знясуць. Гаспадар распавёў, чым скончылася яго барацьба
Частку парку каля гасцініцы «Беларусь» рыхтуюць да забудовы. Раней будаваць там забараняў Лукашэнка
Каментары