— На пад’ездзе да станцыі «Кастрычніцкая», прыблізна метраў за 200, я пачуў хлапок, затым успышку — і тунэль пачала ахутвць вельмі густая заслона дыму.
Я тут жа паведаміў дыспетчару, што адбываецца задымленне. Паралельна са мной машыніст 9-га маршруту (цягнік якога знаходзіўся на станцыі) дакладаў, што адбыўся выбух. Мне, у сваю чаргу, дыспетчар сказаў прайсці станцыю «Кастрычніцкая» без прыпынку.

Вячаслаў Філатаў

Вячаслаў Філатаў

Заехаўшы на станцыю, я практычна спыніў цягнік, бо амаль нічога не было відаць. Дазвалялі ехаць тэхнічныя сродкі АРХ-АЛС (аўтаматычнае рэгуляванне хуткасці і аўтаматычная лакаматыўная сігналізацыя), якія паказваюць, што дарога вольная: не стаіць цягнік, рэйкі цэлыя і састаў можа прайсці.

— Пасажыры захваляваліся?

— Панікі ў вагонах узнікнуць не паспела. Пачалося толькі ажыўленне. Я не думаю, што праз дым хтосьці з пасажыраў нешта ўбачыў на станцыі «Кастрычніцкая».

Ужо на наступнай станцыі я павінен быў высадзіць пасажыраў.

Але ў сувязі з тым, што пачаліся мерапрыемствы па аказанні дапамогі людзям на станцыі «Кастрычніцкая», дыспетчар зняў высокае напружанне на шляхах.
Дарэчы, па атрыманні інфармацыі аб выбуху дыспетчар даў загад на ўсе станцыі і ўсім машыністам, каб у тунэлях ніхто не спыняўся. Толькі мне сказалі прайсці станцыю «Кастрычніцкая». А паколькі наперадзе на «Плошчы Перамогі» цягнік яшчэ высаджваў пасажыраў (потым дыспетчар даў яму загад ехаць на станцыю «Плошча Якуба Коласа», таму што яна была вольная), я не паспеў даехаць да прыпынку. Мы спыніліся ў крывой на горцы (ад станцыі «Кастрычніцкая» да станцыі «Плошча Перамогі» ідзе пад’ём). Не даехалі метраў 150. Калі б быў спуск на станцыю «Плошча Перамогі» мы б дакаціліся нават без высокага напружання. А так цягнік мог пакаціцца назад на «Кастрычніцкую», калі б не былі прынятыя меры: я паставіў цягнік на стаянкавы тормаз, гэта як у машыне ручны тормаз.

— І потым пачалі эвакуяваць людзей?

— Я ішоў дзейнічаў па і паведаміў дыспетчару, што спыніўся на такім і такім перагоне ў сувязі з адсутнасцю высокага напружання. Дыспетчар прыняў рашэнне высаджваць людзей і весці іх пешшу да «Плошчы Перамогі». Нам уключылі аварыйнае асвятленне, вентыляцыю, бо пах гару ад выбуху захоўваўся. А я ўключыў яшчэ святло фараў. Каб не ствараць паніку і гармідар у тунэлі, людзі высаджваліся пачынаючы з першага вагона. Я растлумачыў пасажырам, што для бяспекі трэба рухацца далей ад кантактнай рэйкі. Я паказаў ім, дзе яна размешчаная, як выглядае, і таксама сказаў не дакранацца да вядучых частак на самім цягніку.

Стараўся асабіста паведаміць гэта максімальнай колькасці чалавек, а не так, каб крычаць на ўвесь вагон. Дапамагалі мне двое грамадзян. А потым яшчэ на дапамогу прыйшоў машыніст цягніка, які спыніўся на станцыі «Плошча Перамогі» (рухаўся ў кірунку «Кастрычніцкай»), Павел Місачэнка і машыніст-інструктар Яўген Міхайлавіч Пуськоў. Таксама прыбылі ў дапамогу яшчэ міліцыянт і работнікі станцыі «Плошча Перамогі».

Калі вызваляўся першы вагон, я спрабаваў супакоіць людзей у іншых вагонах па гучнай сувязі. Казаў, каб не хваляваліся і ўсе выходзілі па чарзе. Панікі не было.

— А Вам ужо да гэтага часу паведамілі, што сапраўды адбылося на «Кастрычніцкай»?

— Толькі па перамовах дыспетчараў я зразумеў, што адбываецца. На эвакуацыю людзей пайшло больш за гадзіну. Сёння я працягваю працаваць на нашай лініі. Хоць яна і стаіць, але на працу мы (машыністы) ходзім: саставы прымаем і гатовыя ў любы момант выехаць.

— Што вынеслі з таго, што здарылася?

— Стаў больш уважлівы. Але страху няма. З’явілася асцярога, але ў добрым сэнсе слова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?