Без вызвалення палітзняволеных перамовы з уладай немагчымыя — такое адзінае меркаванне лідараў апазіцыйных партый і рухаў, якія абмеркавалі на сустрэчы 30 жніўня ў Мінску фармат магчымага дыялогу з уладамі.

Адным з удзельнікаў кансультацый быў лідар руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, які расказаў у інтэрв’ю БелаПАН: «У прынцыпе, мы абмяркоўвалі гэтыя рэчы і месяц, і два таму. У нас ёсць агульны падыход — пачаткам рэальнага дыялогу павінна быць вызваленне ўсіх без выключэння палітычных зняволеных. Гэта прадэманстравала б, што ўлада не гуляе ў палітычны тэатр, а спрабуе сапраўды весці новую ўнутраную палітыку, скіраваную на рэформы палітычныя і эканамічныя. Мы таксама зыходзім з таго, што павінны прайсці кансультацыі палітыкаў з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, з журналістамі і экспертамі — нам разам трэба выпрацаваць стратэгію, падыход да магчымага правядзення круглага стала».

«У нас няма нейкай эйфарыі, — заўважыў Мілінкевіч з нагоды заявы Лукашэнкі. — Мы не лічым, што дыялог абавязкова атрымаецца, але трэба быць аптымістам, калі незалежнасць краіны ў сур’ёзнай небяспецы.

Магчымы сур’ёзны фінансавы калапс, і таму мы ўсе адказныя за Беларусь».

На пытанне, ці не баіцца ён, што ўлада ў чарговы раз імітуе гатоўнасць да перамоў з апазіцыяй, лідар руху «За Свабоду» адказаў: «Бывае, што і ў імітацыі можна дамагчыся шмат чаго, калі імітацыя пераходзіць у рэальны працэс разрадкі. Такія прыклады ёсць у гісторыі Еўропы».

Паводле яго слоў, падчас сустрэчы палітыкаў вялікіх дыскусій не было, паколькі яны даўно абмяркоўваюць сітуацыю ў краіне і ў цэлым выпрацавалі адзіны падыход.

«Мы гаварылі таксама аб тым, — дадаў Мілінкевіч, — што вельмі важна, каб група, якая, магчыма, будзе весці такія перамовы, мела легітымнасць. Каб яна выказвала думку не толькі сваю, а як мага больш шырокага кола людзей».

Палітык не выключыў,

што выбары ў парламент у наступным годзе пройдуць па партыйных спісах,
і выказаў надзею, што прадстаўнікі дэмакратычных сіл змогуць прайсці ў Палату прадстаўнікоў і стаць рэальнай апазіцыяй сённяшняй уладзе.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?