Свет2626

«А пасля будынак склаўся як картачны домік»

11 верасня 2001 года адбыўся тэракт у Нью-Ёрку. «НН» размаўляе з беларускай, якая падчас тэракта знаходзілася ў вежах, але здолела ўратавацца.

10 гадоў таму ў Нью-Ёрку адбыўся адзін з найбуйнейшых тэрактаў у гісторыі свету — два самалёты, захопленыя тэрарыстамі, ўрэзаліся ў будынкі Сусветнага гандлёвага цэнтра. Тады ў Нью-Ёрку загінула 2606 чалавек. «НН» паразмаўляла з былой жыхаркай Беларусі Маргарытай Міхно, якая працавала ў адной з вежаў Сусветнага гандлёвага цэнтра і паспела выратавацца з 56-га паверха.

НН: Раскажыце, дзе вы знаходзіліся падчас тэракту? Чым запомніўся той дзень?

Маргарыта Міхно: Той дзень пачаўся для мяне вельмі рана — а сёмай раніцы я ўжо была ў машыне. Часам, летам, калі надвор’е было добрым, мы з мужам выходзілі з дому раней, і праз дваццаць хвілін ён высаджваў мяне ля Бэтэры-Танэл, што за 10 хвілінаў ад Сусветнага гандлёвага цэнтра, дзе я працавала ў Паўднёвай вежы. Плошча ля вежаў напоўнілася зранку людзьмі з газетамі і кавай — праца ў офісах пачыналася а дзявятай, але пасля восьмай знайсці месца ля фантана на плошчы было ўжо немагчыма. У той ранак я вырашыла не ісці на плошчу, хаця рабіла так заўжды, а пайсці да Гудзона — там спакойна, а ў мяне з сабой была цікавая кніга. На Гудзоне было сонечна і дзьмуў лёгкі ветрык, які, магчыма, і падняў мяне на 15 хвілін раней — я купіла банан і паднялася на 56-ы паверх. Гэта было а 8.45 — за пятнаццаць хвілін на ліфт было б ужо не ўбіцца, бо асноўная частка людзей прыходзіла да дзявятай. У офісе ў 8.45 была недзе чвэрць супрацоўнікаў. Я працавала тады ў кампаніі Морган Стэнлі — мы займалі дваццаць два паверхі, ад 56-га і вышэй.

НН: Што вы адчулі ў момант сутыкнення самалёта і будынка?

ММ: І вось у 8.45 я уключыла камп'ютар. І тут яно здарылася. Гук надзвычайнай магутнасці — я нават не паспела спалохацца, настолькі яно было нечакана. Першая думка — на верхніх паверхах нешта з электрычнасцю. Пабегла да акна, залезла на стол і ўбачыла, што дахі суседніх будынкаў пакрытыя аскепкамі, абломкамі і паперамі. Вельмі шмат паперы ў паветры — як быццам нехта высыпаў тону канфеці. Зразумела было адно — наверсе выбухнула нешта вельмі вялікае і трэба хутка ўцякаць.

НН: Як удалося ўратавацца?

ММ: Я і мой сусед Нэльсан ускочылі ў ліфт, які ішоў на 43-і паверх (гэта так званы «лакальны ліфт») Там мы і даведаліся, што на 73 паверсе выбух (глупства, аднак нехта ўжо паспеў пусціць чуткі). На 43-м паверсе знаходзіліся экспрэсы — «ліфты-накапляльнікі», у якім маглі ехаць да ста чалавек. Адразу пасля выбуху іх адключылі, і нам сказалі спускацца па лесвіцы — у мэтах бяспекі. Плыня людзей была агромнай — на верхніх паверхах людзі не рызыкнулі сесці у лакальныя ліфты. Лесвіцы вузкія — на два чалавекі, не болей. Ішлі павольна, моўчкі — пакуль праз гучную сувязь не аб’явілі, што «здарэнне» адбылося ў суседнім будынку і трэба вяртацца. Мы спыніліся, і пачалася такая нервозная атмасфера — пару хвілінаў мы не рухаліся. Адзінае жаданне ў мяне было — як мага хутчэй трапіць на вуліцу. Ніхто, прынамсі каля мяне, на рэкамендацыі не зрэагаваў і мы пачалі спускацца далей. Мы былі амаль унізе, калі раздаўся грукат, разоў у пяць мацнейшы за папярэдні. Цяпер мы не сумняваліся — у будынку закладзеныя бомбы — наступная можа выбухнуць у любы момант, дзе заўгодна. Пачалася паніка. Усе выхады на вуліцу, акрамя самага дальняга (які вёў у метро), былі зачыненыя — і машыніст падземкі крычаў, «гэта апошні цягнік — болей не будзе». Менавіта ў цягніку мы пачулі іншую версію — у будынак урэзаўся самалёт «Амэрыкан Эйрлайнз».

НН: Ці бачылі вы, як абрынуліся будынкі?

ММ: А 9.15, на наступным прыпынку цягніка, я выйшла паглядзець, што адбылося — у двух агромністых будынках былі дзве гіганцкія дзіркі. Паліцыя перакрыла раён і не дазваляла набліжацца да будынкаў. Мы стаялі і глядзелі, як другая вежа складвалася як картачны дамок, хмара з пылу атачыла яго і стала рухацца ў наш бок — мы з крыкамі кінуліся ўцякаць і спыніліся толькі праз хвілін пятнаццаць, калі ўпэўніліся, што небяспека мінула. А яшчэ за пятнаццаць хвілін першая вежа гэтаксама склалася ў нас на вачах.

НН: Ад чаго залежыла магчымасць уратавацца?

ММ: Гэта залежыла ад паверха, на якім ты знаходзіўся. У першай вежы сутыкненне адбылося ў раёне дзевяностых паверхаў. Усе, хто знаходзіўся ніжэй, калі выхады на лесвіцу не былі заваленыя (а такое цалкам магло быць верагодным), мелі час каб спусціцца. Паўночная вежа абрынулася а 10.00. У нашай вежы сітуацыя была больш складанай — сутыкненне было нашмат ніжэйшым, і некаторыя людзі, якія ішлі з верхніх паверхаў, апынуліся на лесвіцы ў пункце ўдару якраз у момант сутыкнення.

НН: Ці адразу вы зразумелі, што гэта — тэракт?

ММ: Пасля першага ўдару ніхто бадай што не думаў пра тэрарызм. Зрэагаваць дапамаглі пастаянныя інструкцыі, што рабіць у выпадку экстрэннага здарэння. Асноўны ўпор рабіўся на тое, каб адразу пакінуць будынак па лесвіцы, пазбягаючы ліфтаў, якія ў выпадку пашкоджанняў могуць апынуцца пасткай. Гэта дапамагло нам выратавацца — нават тым, хто быў на верхніх паверхах. Пасля другога выбуху, аднак, ніхто ўжо не сумняваўся, што гэта быў акт тэрарызму.

На відэа — сутыкненне самалёта з Другой (Паўднёвай) вежай.

Каментары26

Чаму ўлады паказалі Бабарыку менавіта цяпер?5

Чаму ўлады паказалі Бабарыку менавіта цяпер?

Усе навіны →
Усе навіны

Гульні на Нацыянальным футбольным стадыёне хочуць запусціць матчам з Расіяй3

На цырымоніі ўручэння прэмій Лукашэнка з цяжкасцю гаварыў, але быў поўны казённага аптымізму25

Папулярную беларускую блогерку будуць судзіць за «распальванне варожасці»4

Вучоныя знайшлі «магістраль дыназаўраў» узростам 166 мільёнаў гадоў

Трымаеце ноўтбук увесь час падключаным? Гэта кепска для яго7

Чаму Трамп загаварыў пра Грэнландыю?30

За час паміж двума Калядамі 52 чалавекі загінулі падчас пажараў

«Вайна на парозе». Бондарава пабачыла ў беларускамоўных школах на вёсцы перашкоду для мілітарызацыі17

У цэнтры Гродна пабудуюць закрыты квартал таўнхаусаў3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чаму ўлады паказалі Бабарыку менавіта цяпер?5

Чаму ўлады паказалі Бабарыку менавіта цяпер?

Галоўнае
Усе навіны →