Звесткі на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі аб колькасці вынесеных у краіне ў 1998–2010 гадах смяротных прыгавораў, прыгавораў да пажыццёвага зняволення і колькасці тых, каму расстрэл быў заменены на пажыццёвае зняволенне, — адпавядаюць рэчаіснасці.
Аб гэтым БелаПАН заявілі ў МУС. Пры гэтым суразмоўца агенцтва адзначыў, што, па-першае, няма сэнсу распаўсюджваць недакладную інфармацыю і, па-другое, што, хутчэй за ўсё, у падрыхтоўцы звестак было задзейнічана не толькі міліцэйскае ведамства, але і Міністэрства юстыцыі і Вярхоўны суд.

У той жа час пакуль не ўдалося дакладна ўстанавіць механізм фарміравання абнародаванага на сайце МУС спіса. З яго вынікае, што ў 1998–2010 гадах беларускія суды вынеслі 102 смяротныя прыгаворы. Да пажыццёвага зняволення былі прыгавораны 143 чалавекі. 156 асуджаным на смяротную кару гэтае пакаранне ў парадку памілавання было заменена на пажыццёвае зняволенне. Галоўныя пытанні пры абмеркаванні гэтых лічбаў у інтэрнэце выклікалі суадносіны прыгавораных да расстрэлу і памілаваных у асобна ўзятыя перыяды часу.

Зыходзячы з інфармацыі на сайце МУС атрымліваецца, што, напрыклад, калі ў 1998 годзе да смяротнай кары ў краіне былі прыгавораны 47 чалавек, а памілаваны 32, то ўжо ў 1999 годзе гэтыя лічбы — 13 і 27, у 2000-м — 4 і 24, 2001-м — 7 і 20, у 2002-м — 4 і 18. Далей тэндэнцыя прэваліравання колькасці смяротнікаў над колькасцю памілаваных значна менш яўная, але яна таксама ёсць, хаця і з меншымі абсалютнымі лічбамі.

Спецыялісты, у тым ліку прадстаўнікі праваахоўных органаў, скептычна ставяцца да абнародаванай МУС інфармацыі.
Аднак яны мяркуюць, што калі тлумачэнні гэтым лічбам ёсць, то асноўнае з іх заключаецца ў наступным. Значнае перавышэнне колькасці прыгавораных да смяротнай кары над колькасцю памілаваных у кожным канкрэтным годзе можа быць звязана з тым, што рашэнні аб памілаванні ў гэтым канкрэтным годзе прымаліся ў дачыненні да асоб, асуджаных да смяротнай кары раней. У такім выпадку аказваецца, што лёс смяротнікаў вырашаўся на працягу не трох з паловай месяцаў, як у выпадку з Дзмітрыем Канавалавым і Уладзіславам Кавалёвым, а на працягу некалькіх гадоў.

Аб тым, што, прынамсі, некаторыя звесткі з інфармацыі на сайце МУС адпавядаюць рэчаіснасці, сведчаць выказванні высокіх чыноўнікаў, зробленыя 10 гадоў таму. Напрыклад, у пачатку 2002 года тагачасны старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала паведаміў, што ў 2001 годзе ў Беларусі да выключнай меры пакарання былі прыгавораны 7 чалавек. Яшчэ 11 чалавек асуджаны на пажыццёвае зняволенне. Такія ж звесткі прыводзіць і МУС. А тры гады таму, паводле слоў Сукалы, смяротны прыгавор быў вынесены 13 асуджаным. Паводле інфармацыі МУС, такая колькасць смяротных прыгавораў вынесена ў 1999 годзе.

Цікавую заяву зрабіў у 2002 годзе на сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі юрфака БДУ тагачасны кіраўнік МУС Уладзімір Навумаў.
На яго думку, людзям, прыгавораным судамі да вышэйшай меры пакарання, можна было б прадаставіць права выбару: смяротная кара або пажыццёвае зняволенне.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?